Рэвалюцыя-Рэакцыя-Эвалюцыя“Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто — і тады пераможаш.” У. Караткевіч.
6723. Шмат? Дастаткова? Мала?6723 — факт. Астатняе — нашае да яго стаўленне на падставе нашых чаканняў, ілюзіяў, досведу.У 2023 мы сабралі палітвязням больш за €574.000. Што вы адчувалі тады? Радасць, гонар, пачуццё еднасці? А ці памятаеце, што ахвяраванняў было крыху болей за 11.000? Калі б данацілі па €1, сабралі б толькі €11.000. Людзі з Беларусі таксама перадавалі грошы ў эміграцыю, каб тыя, хто ў бяспецы, ахвяравалі за іх. Таму ўявім, што кожны донар даваў €1 за сябе і €1 за сваяка з Беларусі: 22.000 “эўрагаласоў”.
“І што?”, запытаеце вы. “
Галоўнае, што грошы дайшлі да адрасатаў. Яшчэ й сабралі болей за расейцаў.” Слушна. Акрамя часткі пра расейцаў, бо гэта комплексы гавораць.
Але ці не лепей было б, калі б тыя ж €574.000 сабралі не 22, а 220 тысяч чалавек? Ці не азначала б гэта, што мы зразумелі: “
мы беглі марафон, быццам гэта спрынт, а каб дабегчы да пераможнага фінішу трэба нарэшце пачаць бегчы менавіта марафон”?
€574.000/22.000=€26.1 — праязны на месяц.
€574.000/220.000=€2.61 — кубак кавы.
22.000 чалавек заплацілі за праезд, а астатнія даехалі да важнай, але па большай частцы іміджавай перамогі бясплатна, п’ючы сваю каву…Дык то — дапамога палітвязням! А тут выбары ў нейкі КР. Рэжым супрацьстаіць жудасна! Пашпарт і твар паказваць трэба — за сябра не прагаласуеш. Ды й за сябе — страшна!
Не магло на гэтых выбарах быць больш за тыя ж 11.000. І то — калі б выбары асвятляліся не горш за марафон, калі б рэжым не чыніў перашкод значна больш, чым марафону, калі б мы ўсе за год зразумелі, што
ні прэзідэнтка-элект, ні АПК, ні КР самыя па сабе не здольныя вырашыць нашых праблемаў. Іх здольныя вырашыць толькі мы, беларусы. Дык чаму 11.000 данатаў — гонар і радасць, а 6723 галасы — ганьба?
Ці ўсё ж не ганьба? Ахвочыя да іміджавых перамог ужо паспяшаліся назваць гэтых 6723 асобы Героямі. Гэта дарэчна ў дачыненні да тых, хто галасаваў з Беларусі. Але агулам тут лепей пасуе іншы эпітэт:
Грамадзяне. Не па пашпарце, не па месцу паходжання.
Па самасвядомасці. Няма тут іміджавай перамогі, затое ёсць складаны працэс сталення грамадства.
Мы не лічым беларусаў тупымі. Мы супраць таго, каб беларусаў шкадавалі. Мы супраць таго, каб беларусы шкадавалі самі сябе. Гэта шлях у нябыт. Мы мяркуем, што
6723 чалавекі ўласным прыкладам паказалі, што ёсць эвалюцыя ад чалавека з пашпартам і сваім пунктам гледжання да грамадзяніна, які гатовы несці адказнасць за сябе, свой народ, сваю краіну.
Павел Лібер і ўсе датычныя да арганізацыі гэтых выбараў на нашых вачах зрабілі гісторыю. Магчыма праз 30 год пра іх будуць пісаць у падручніках па ўсім свеце, іхны досвед будуць вывучаць навукоўцы, бо яны — першапраходцы.
Яны штурхнулі эвалюцыю беларусаў наперад. Прэч ад “
мы цябе абралі — цяпер можна сядзець на канапе”, і насустрач да “
мы цябе абралі, бо нам патрэбныя інстытуты, а не асобы”.
І далі нам надзейныя сродкі, каб працягваць эвалюцыю да нацыі: выбары і Belarus ID.КПД ад самага свайго стварэння прапанавала менавіта гэтае. Мы дасягнулі першага чэкпоінту: кропкі эвалюцыйнага злому пасля рэакцыі. Шкада, што так шмат часу заняло, але мы вельмі ўсцешаныя, што беларусы здолелі дайсці, а таксама што ў КР-3 будуць тыя, хто будзе прадстаўляць нашае бачанне будучыні. А
наш наступны чэкпоінт апісваецца простай формулай:
Дыяспара Грамадзянаў + Самафінансаванне = Пратэсная Эканоміка.
Каб у ваяроў на дроны было не раз-пораз, а штомесяц. Каб бізнэсы беларускія памнажаліся і мацнелі. Каб ахвяры рэпрэсіяў мелі сталы фонд дапамогі. Каб палітыкі справаздачыліся не перад донарамі, а перад беларусамі. І каб мелі тыя палітыкі падтрымку беларусаў, таму што вырашаюць іхныя праблемы.Зычым КР-3 здольнасці да дамоваў і плённай празрыстай працы. А грамадзяне-беларусы яшчэ абавязкова прыйдуць на выбары. У значна большай колькасці. Бо ў 2020 у іх скралі голас. Цяпер яны сабе яго вяртаюць.
Жыве Беларусь!
#выбарыКР #меркаванне