Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Siyosat


Аб'яднанне кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду.
НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ! АДКАЗНАСЦЬ! СВАБОДА!

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Toifa
Siyosat
Statistika
Postlar filtri


Віншуем Кацярыну з узнагародай тэлеканала «Белсат»!

Чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Кацярына Ваданосава стварае цудоўны праект «Нітка Зорка» — серыю выпускаў пра беларускую моду розных стагоддзяў. Некаторыя з гэтых выпускаў мы ўжо паказвалі вам у нашых сацсетках.

На святкаванні 17-годдзя «Белсата» Кацярына атрымала ўзнагароду «тэлевізійная асоба году» за цыкл праграмаў, які палюбіўся беларусам і стаў натхненнем для гледачоў.

«Гэты праект не задумваўся толькі як праграма пра адзенне на беларускім ютубе, але каб паказаць гісторыю Беларусі ў розных эпохах. Мода беларусаў залежала ад розных фактараў, у тым ліку ад палітычнай сітуацыі.

Мне важна было паказаць, як мода ўпісвалася ў нашу гісторыю, як яна змянялася, як насамрэч выглядалі нашы продкі ў розныя часы.

Мне было вельмі прыемна атрымаць узнагароду, і я ўдзячная ўсёй камандзе за вялікую працу, якую мы робім у праекце "Нітка Зорка"»
, — пракаментавала Кацярына Ваданосава.


Я веру, што Беларусь стане ганаровым членам еўрапейскай сям’і

Спікерка КР і чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Анжаліка Мельнікава выступіла на канферэнцыі высокага ўзроўню ў Еўрапейскім парламенце «High-Level Conference on Belarus: Standing with the People of Belarus».

«Будучыня дэмакратычнай Беларусі залежыць ад сітуацыі ў нашым рэгіёне, які стаў полем барацьбы паміж праеўрапейскімі краінамі і Расіяй, што спрабуе захоўваць кантроль над суседзямі. Гэта супрацьстаянне выходзіць за межы вайны супраць Украіны і ўключае падтрымку рэжыму Лукашэнкі і стварэнне крызісаў на межах ЕС.

На жаль, прарасійскія сілы, сёння маюць падтрымку часткі беларускага грамадства. Таму, нам важна дасягаць тых, хто паддаўся прапагандзе, і аслабляць падтрымку агрэсараў»
.

Анжаліка Мельнікава вылучыла асноўныя задачы, як гэта можна зрабіць:

– Падтрымка дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, каб яны сталі рухавікамі перамен. Важна будаўніцтва патэнцыялу дэмакратычных інстытутаў для мірнага пераходу.

– Барацьба з дэзінфармацыяй праз падтрымку незалежных СМІ і інавацыйных метадаў распаўсюджвання праўдзівай інфармацыі. Гэта таксама спрыяе фарміраванню еўрапейскіх каштоўнасцей у грамадстве.

– Захаванне суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці праз прасоўванне беларускай культуры, мовы і гісторыі як сродкаў супрацьстаяння імперыялізму.

– Развіццё прыватнага сектара, уключаючы праграмы падтрымкі бізнэсу, стыпендыі і інкубатары для будучага эканамічнага аднаўлення.

«Беларусь мае будучыню ў еўрапейскай сям’і. Нам патрэбны не толькі санкцыі супраць рэжыму, але і рэальная падтрымка беларусаў: больш стыпендый, праграм мабільнасці і стажыровак. Я веру, што Беларусь стане свабоднай і еўрапейскай», — падкрэсліла Анжаліка Мельнікава.


Беларусы павінны бачыць, што дзверы Еўропы для іх адчыненыя

Спікерка КР і чаліня фракцыі Анжаліка Мельнікава выступіла падчас чацвёртага пасяджэння кансультацыйнай групы «Беларусь—ЕС» з удзелам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай, чальцоў АПК Беларусі, Каардынацыйнай Рады і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама прадстаўнікоў Еўрасаюза.

Анжаліка Мельнікава прадставіла пяць ключавых кірункаў, на якіх ЕС і беларускія дэмакратычныя сілы павінны засяродзіцца для доўгатэрміновых стратэгій пабудовы свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі:

Умацаванне дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці

Толькі сістэма моцных і эфектыўных дэмакратычных інстытутаў можа стаць процівагай аўтарытарнай уладзе. Важна падтрымліваць грамадзянскія арганізацыі як ключавую сілу перамен. Мы маем інструменты для ацэнкі патрэбаў і распрацоўкі рэкамендацый на высокім узроўні, і гэтыя рэкамендацыі павінны быць рэалізаваныя. Неабходна абапірацца на досвед арганізацый, якія працуюць з патрэбамі людзей унутры краіны.

Барацьба з дэзынфармацыяй і падтрымка незалежных медыя

Патрэбна распрацаваць эфектыўныя механізмы супрацьстаяння прапагандзе рэжыму і знешняй дэзынфармацыі. Падтрымка незалежных медыя — гэта інвестыцыі ў надзейную інфармацыю і еўрапейскія каштоўнасці, а не ўплыў ідэалогіі «рускага свету».

Абарона суверэнітэту і ідэнтычнасці

Расійскі ўплыў уяўляе пагрозу культурнаму і палітычнаму суверэнітэту Беларусі. Наша мова, гісторыя, музыка і літаратура — гэта не толькі спадчына, але і сродак барацьбы супраць імперыялізму Крамля.

Еўрасаюз — голас будучыні для Беларусі

Беларусы павінны бачыць падтрымку Еўропы. Важныя не толькі санкцыі супраць рэжыму, але і дапамога людзям: падтрымка рэпрэсаваных, больш магчымасцяў для адукацыі і прафесійнага росту. Больш Еўропы для Беларусі — гэта шлях да дэмакратыі і незалежнасці.

Дарожная карта пераходнага перыяду

Неабходна таксама прасоўваць праграму рэформаў: канстытуцыйныя змены, свабодныя выбары, празрыстую прававую сістэму.


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Зычу, каб здзейснілася асноўная мара беларусаў

Чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» і прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў «Да Волі» Алег Кулеша павіншаваў дзяцей беларускіх палітвязняў на Навагодняй ялінцы ў Музеі Вольнай Беларусі.

«Частка дзяцей, на жаль, чакае сваіх бацькоў з-за кратаў, частка была вымушана пераехаць сюды разам з бацькамі. Цяпер яны праходзяць сацыялізацыю ў новым грамадстве, але варта заўсёды заставацца беларусамі».

Цалкам віншаванне ад Алега Кулешы глядзіце ў відэа.


Усё будзе добра

Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Павел Латушка павіншаваў дзяцей беларускіх палітвязняў з наступаючым Новым годам на навагодняй ялінцы ў Музеі Вольнай Беларусі.

Святочнае мерапрыемства было арганізавана Музеем Вольнай Беларусі і НАУ пры садзейнічанні Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі», тэатральных калектываў «Прыехалі» і «Дзея Другая», фундацыі «Тутака», а таксама пры падтрымцы Генеральнага прадстаўніцтва Фландрыі ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі. Кіраўнік прадстаўніцтва, Матыяс Дэ Мур, асабіста прыняў удзел у святкаванні.

Павел Латушка падзяліўся з беларускімі дзецьмі сваімі ўспамінамі пра найлепшы падарунак у дзяцінстве:

«Для мяне, як для маленькага хлопчыка, Новы год быў адным з галоўных дзён: святкаванне, казачная і неверагодная атмасфера. Чаканне таго, што ўсё зменіцца, што будзе добра і пазітыўна.

Памятаю, як калісьці мне падарылі фарбы гуаш — шэсць колераў. І гэта быў самы найлепшы падарунак, які я калі-небудзь атрымліваў. Я вельмі любіў маляваць. Тады мы малявалі на вокнах Дзеда Мароза, яліначку, Снягурачку і шмат іншага.


Нам асабліва важна ў гэтыя святочныя дні праяўляць салідарнасць і падтрымку адзін да аднаго, асабліва да дзетак, якія ня маюць магчымасці атрымаць цяпло ад сваіх бацькоў, прыходзіць да іх з цёплым сэрцам. Давайце рабіць у гэтыя дні знакі, няхай сабе і сімвалічныя, узаемнай увагі і падтрымкі.

Зычу, каб усе вашыя цёплыя жаданні споўніліся, каб з вамі заўсёды былі родныя і блізкія. Я перакананы, што ў 2025 годзе ўсё напэўна будзе добра. Са святам!»
— павіншаваў Павел Латушка.


Беларускі бізнес у эміграцыі гатовы садзейнічаць дэмакратызацыі Беларусі

Чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Алесь Міхалевіч распавёў на секцыі «Суверэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь» падчас стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША» пра ролю прыватнага сектара ў дэмакратычным пераходзе ў Беларусі:

«Прыватны сектар у Беларусі з’яўляецца рухавіком грамадскіх перамен, спрыяючы незалежнасці, інавацыям і павазе да чалавечай годнасці. У перыяд з 2010 па 2020 гады яго ўплыў значна ўзрос: амаль палова працоўнага насельніцтва перайшла на працу ў прыватныя прадпрыемствы. Такая атмасфера садзейнічала распаўсюджванню дэмакратычных каштоўнасцей, такіх як самастойнасць, адкрытасць і справядлівасць.

Ключавую ролю ў пратэстах 2020 года адыграла беларуская ІТ-індустрыя, якая адстойвала дэмакратыю і асуджала гвалт. Аднак рэпрэсіі з боку рэжыму і вымушаная эміграцыя бізнесу, асабліва ў ІТ-сектары, нанеслі сур’ёзныя эканамічныя страты Беларусі».


Бізнес беларусаў за мяжой захоўвае сувязь з нацыянальнай ідэнтычнасцю

«Рэжым імкнецца пакараць тых, хто спрыяў развіццю прадпрымальніцтва і дэмакратыі, абмяжоўваючы рэпрэсіі ў тым ліку супраць Imaguru і абвяшчаючы яго "экстрэмісцкай" арганізацыяй. Гэта накіравана на знішчэнне хаба Imaguru, які больш за дзесяць гадоў спрыяў інавацыям у Беларусі.

Нягледзячы на рэпрэсіі, прыватны сектар застаецца важнай прасторай для незалежнага мыслення ў Беларусі. Кампаніі ў выгнанні працягваюць захоўваць сувязь з беларускай ідэнтычнасцю. Многія з іх гатовыя вярнуцца пры паляпшэнні сітуацыі, каб садзейнічаць дэмакратызацыі Беларусі».


Прыватны сектар можа стаць магутнай сілай для дэмакратызацыі

«У 2025 годзе важна вызначыць агульныя мэты і скаардынаваныя планы. Падтрымка беларускага бізнесу — як унутры краіны, так і за яе межамі — можа стаць каталізатарам доўгатэрміновых перамен, садзейнічаючы распаўсюджванню дэмакратычных каштоўнасцей у грамадстве. Захаванне і інтэграцыя беларускіх бізнесаў у глабальныя рынкі могуць зрабіць прыватны сектар магутнай сілай для дэмакратычнай трансфармацыі ў Беларусі», — адзначыў Алесь Міхалевіч.


Разам мы можам зрабіць так, каб барацьба за дэмакратыю ў Беларусі не была марнай

Спікерка Каардынацыйнай Рады і чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Анжаліка Мельнікава разам з лідаркай дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай і намеснікам кіраўніцы АПК Паўлам Латушкам узяла ўдзел у першай панэльнай дыскусіі «Суверэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь» падчас стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША».

«Я была сярод сотняў тысяч беларусаў на вуліцах Мінска ў жніўні 2020 года. Сёння яны альбо ў выгнанні, альбо ў турмах, альбо забітыя. Мы не перагарнулі гэтую старонку. Я ўсё яшчэ веру, я ведаю, што разам мы можам зрабіць так, каб барацьба за дэмакратыю ў Беларусі не была марнай. І свабодныя выбары яшчэ наперадзе».

Анжаліка Мельнікава падчас выступлення закранула тэму так званых «выбараў» ў Беларусі, якія Лукашэнка плануе правесці 26 студзеня 2025 года. Падрабязней чытайце ў картках.


Падтрымка звароту Літвы ўмацуе намаганні па забеспячэнні адказнасці Лукашэнкі

2 снежня 2024 года беларуская сітуацыя ўпершыню была агучана на 23-й сесіі Асамблеі дзяржаў-удзельніц Міжнароднага крымінальнага суда падчас адмысловага сайд-івэнта «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі з боку дзяржаў-удзельніц», які быў арганізаваны праваабарончай арганізацыяй REDRESS, Цэнтрам глабальнай справядлівасці і правоў чалавека M.A.R.A., пры ўдзеле Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Павел Латушка выступіў на мерапрыемстве з прывітальным словам:

«Прайшло чатыры з паловай гады з таго часу, як Беларусь стала арэнай масавых зверстваў. Чатыры гады цяжкіх міжнародных злачынстваў, такіх як масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, адвольныя заключэнні і забойствы. Усе гэтыя зверствы адбываюцца ва ўмовах поўнай беспакаранасці для злачынцаў.

Рэжым у Мінску стварыў неверагодна эфектыўную машыну для масавага пераследу і рэпрэсій супраць тых, каго яны лічаць «нелаяльнымі». Створаная атмасфера страху, тэрору і пераследаў вымусіла каля 300,000 чалавек пакінуць сваю Радзіму. Гэта азначае, што кожны трыццаты жыхар пакінуў Беларусь. У іх проста не заставалася іншага выбару. Мы разглядаем усіх гэтых людзей як ахвяр злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавечнасці».


Рэжым працягвае пераследаваць беларусаў і за мяжой

«Беларусы за мяжой і ў выгнанні падвяргаюцца запалохванню і пагрозам гвалтам; ціску і крымінальнаму пераследу іх сваякоў і сяброў; судоваму пераследу, а менавіта: крымінальным справам, ініцыяваным па палітычных матывах, завочным судовым працэсам без выканання належных працэдур, канфіскацыі маёмасці; пазбаўленню іншых фундаментальных правоў.

Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў сукупнасці ўяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу, здзейсненае высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму за межамі краіны супраць беларусаў у выгнанні.

30 верасня Літва стала першай краінай, якая, прытрымліваючыся ідэалаў міжнароднага правасуддзя, скарысталася сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадала ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыю з трансгранічнымі злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі».


Далучэнне іншых дзяржаў-удзельніц да звароту мае вялікае значэнне

«Мы заклікаем нашых партнёраў — асабліва Польшчу і Латвію, якія далі прытулак большасці беларускіх бежанцаў, — падтрымаць зварот Літвы, умацаваць гэтыя намаганні па забеспячэнні адказнасці. І я шчыра веру, што сённяшняя выдатная экспертная дыскусія прадаставіць удзельнікам пераканаўчыя аргументы», — заявіў Павел Латушка.


Калі Украіна пераможа, беларусам таксама стане лягчэй дыхаць

Чалец «Каманды Латушкі і Руху "За Свабоду"» Ігар Сігоў падзяліўся сваімі думкамі ў інтэрв'ю для выдання «Салідарнасць» пра будучыню беларусаў:

«Самае складанае зараз — зразумець, што тое, пра што мы марылі, не адбылося ні праз год, ні нават праз чатыры. Людзі стамляюцца. Я называю гэта стратаю веры ў тое, што ўсё будзе добра. Але рана ці позна ўсё заканчваецца: і дрэннае, і добрае.

Найцяжэй тым, хто прайшоў праз катаванні, Акрэсціна, гвалт і турмы. Вось ім трэба дапамагаць — і мы з жонкай стараемся гэта рабіць па магчымасці. Знаходзім сэнс у нашым "сёння": так, эміграцыя, але трэба жыць, рухацца, нешта рабіць. Проста сесці, уткнуцца ў сцяну і плакацца — гэта нікога не ўратуе».


Але будзе і новае кола

«Калі Лукашэнка толькі стаў прэзідэнтам у 1994 годзе, кола людзей, якія яму супрацьстаялі, было невялікім. Пазней беларусы пачалі разумець, і кола пашыралася. У 2020 годзе ўзнікла вялікае кола людзей, якое ён быў вымушаны задушыць.

Апошняе кола, ведаеце, ужо ператвараецца ў велізарнае мора. Не думаю, што гэта адбудзецца адразу пасля чарговых так званых "прэзідэнцкіх выбараў", але ў Беларусі абавязкова будзе вясна».


Улада баіцца і працягвае запалохваць беларусаў

«Рэжым хоча запалохаць людзей перад выбарамі, у тым ліку з прафілактычнай мэтай. Але ж улада сама баіцца. Лукашэнка баіцца нават тых, хто побач, нават сваіх сілавікоў. У яго манія пераследу, таму ён увесь час ператасоўвае іх.

Свой ілюзорны "спакой" у краіне ён утрымлівае толькі сілай — амонам і міліцыяй. Яго "дажынкі", карцінкі і прапаганда працуюць толькі ад страху.

Лукашэнка, можа, і хацеў бы неяк вярнуць мінулае, каб яму зноў крычалі "Бацька!" з радасцю. Але ён разумее, што зараз гэта магчыма толькі пад жорсткім прымусам».

Хочацца, каб гэта хутчэй скончылася перамогай Украіны

«Тэрыторыі Украіны нельга аддаваць Расіі. Я супраць гэтага, хоць і не ўкраінец. Я разумею, што гэта няправільна. Калі Украіна пераможа, беларусам таксама стане лягчэй дыхаць».


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Што агульнага ў японскіх выспах і беларускім Палессі?

Чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Кацярына Ваданосава ў праграме «Нітка зорка» распавяла пра тое, як пляценне адыграла важную ролю ў беларускай гісторыі і культуры.

«Спачатку людзі навучыліся плесці, прычым з раслінных валокнаў, а ўжо потым дадумаліся да шыцця, вязання і вышыўкі. Нашы беларускія продкі ведалі сотні спосабаў пляцення: на калодачцы, на бутэльцы, на назе. Нітку маглі прывязваць да чаго заўгодна — нават да дрэва або плота».

Цікавы спосаб пляцення з дапамогай дрэва, які быў папулярны на Палессі і японскіх выспах, можна ўбачыць у відэа.


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Салідарнасць для беларусаў — магутны інструмент, які дазволіць перамагчы

Чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» і старшыня камісіі па сацыяльнай палітыцы КР 3-ага склікання Вольга Вялічка выступіла на акцыі ў Вільні, прысвечанай падтрымцы палітвязня Васіля Верамейчыка:

«Я хачу вам прывесці словы сямігадовага хлопчыка: "У жыцці галоўнае — гэта любоў. Але любоў можа быць абаронена сілай."

Пасля тых падзей, якія здарыліся з Васілём Верамейчыкам, перад дэмакратычнымі сіламі стаяць новыя выклікі і вельмі складаныя задачы. Безумоўна, вельмі важна прызнаць ветэранаў і былых добраахвотнікаў з іх сем’ямі прыярытэтнай групай. Але яшчэ больш важна пасля гэтага зрабіць так, каб гэтыя людзі адчувалі сябе прызнанымі не толькі ў беларускім грамадстве, але і на ўзроўні тых грамадстваў, дзе яны пражываюць.

Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць літоўскае грамадства і літоўскі ўрад. Мы заклікаем у бліжэйшы час прыкласці ўсе намаганні, каб распрацаваць надзейныя механізмы, якія б гарантавалі, што тое, што здарылася са спадаром Васілём, больш не паўтарыцца».


Падчас акцыі Вольга Вялічка агучыла зварот лідара фракцыі Паўла Латушкі:

«Беларускія героі змагаюцца за незалежнасць Украіны. Яны — героі як для Украіны, так і для нас, беларусаў. Нам важна дамагацца таго, каб іх унёсак у перамогу і бяспеку Еўропы атрымліваў належнае стаўленне з боку тых краін, дзе яны вымушаныя знаходзіцца. Але мы павінны таксама разумець, хто з'яўляецца першапрычынай усіх гэтых сітуацый, у тым ліку той, якая здарылася з Васілём Верамейчыкам.

Першапрычына — гэта жудасны рэжым, які з'яўляецца хаўруснікам агрэсіўнай Расіі, якая ажыццяўляе агрэсію супраць Украіны. Гэта той рэжым, асабіста дыктатар, які вядзе барацьбу супраць добраахвотнікаў і беларускіх падраздзяленняў, а таксама супраць усіх актывістаў і беларускага грамадства, якое не здаецца і працягвае барацьбу за дэмакратыю.

Пытанне легалізацыі беларусаў — гэта вострае пытанне, асабліва з улікам колькасці беларусаў, якіх рэжым дэпартаваў перадусім на тэрыторыі суседніх краін».


Што важна зрабіць у гэтай сітуацыі?

«Па-першае, узнімаць пытанне пра належнае стаўленне да беларусаў перад адпаведнымі міністэрствамі, якія займаюцца легалізацыяй замежнікаў».

У бліжэйшы час адбудзецца сустрэча лідара фракцыі Паўла Латушкі з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы, на якой будуць абмяркоўвацца гэтыя пытанні.

«Па-другое, мы павінны асабліва стаяць на абароне інтарэсаў беларускіх добраахвотнікаў, якія рызыкавалі і рызыкуюць сваім жыццём дзеля свабоды ўсёй Еўропы. Але трэба разумець, што часта гэтыя пытанні не могуць быць вырашаны публічна. Гэтая праца з нашага боку вядзецца. Пытанне — у гатоўнасці партнёраў пачуць нас і рэалізаваць нашы чаканні.

Па-трэцяе, узнімаць пытанні аб абмене на ваеннапалонных, якіх утрымлівае Украіна. Гэта адзін з патэнцыйных варыянтаў абмену.

Трэба працаваць і ў іншых напрамках. Мы павінны змагацца за лёс кожнага і кожнай, бо для нас беларус — беларусу беларус. Салідарнасць для нас — магутны інструмент, які дазволіць перамагчы».


Падтрымка беларусаў на Форуме Усходняга партнёрства

Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве АПК Беларусі, чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Уладзімір Астапенка выступіў на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Вене. Ён адзначыў неабходнасць і далей адрозніваць беларускі народ ад нелегітымнай улады ў Беларусі, падтрымліваць інстытуты, створаныя дэмакратычнымі сіламі, а таксама спрыяць узмацненню кантактаў беларусаў з еўрапейскімі партнёрамі.

Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя, асобны раздзел якой прысвечаны падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл. Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае заахвочваць мабільнасць беларускіх студэнтаў і навукоўцаў, а таксама рэалізацыю культурніцкіх і адукацыйных праграм.

«Мы заклікаем паскорыць распрацоўку сумесных дзеянняў, накіраваных на спыненне рэпрэсій, забеспячэнне вызвалення і рэабілітацыі беларускіх палітвязняў, а таксама падтрымку руху краіны да дэмакратычнай цэласнасці, распрацаваных у супрацоўніцтве з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі суб’ектамі», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі Форуму прапануюць міжнародным партнёрам засноўваць новыя фарматы супрацоўніцтва, улічваючы дасягненні дэмакратычных сіл у межах Кансультатыўнай групы «Беларусь — ЕС», Кантактнай групы Рады Еўропы, а таксама Стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША».


Новаўвядзенне рэжыму па кантролі за беларусамі

З 1 лістапада ў Беларусі стала абавязковым аснашчэнне таксі і аўтобусаў камерамі відэаназірання. Таксама перавозчыкі павінны прайсці рэгістрацыю ў спецыяльным рэестры. Чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Міхаіл Кірылюк распавёў выданню «DW», што бачыць у гэтых мерах інструмент для кантролю:

«Асноўная мэта такіх камер — сачэнне за палітычнымі праціўнікамі Лукашэнкі. Акрамя таго, з-за новых правілаў многія перавозчыкі не паспелі перарэгістравацца, што прывяло да скарачэння іх колькасці і росту цэн. Гэта выклікала хвалю крытыкі ў СМІ і сацсетках. Аднак абмяркоўваць пытанні сачэння для беларусаў можа быць небяспечна.

Сёння беларусы абураныя не толькі падаражаннем паездак на таксі, але і самой сістэмай, якая ставіць іх пад пастаяннае назіранне».


Відэаназіранне пад выглядам барацьбы са злачыннасцю

«Улады тлумачаць увядзенне камер так званым клопатам пра бяспеку і барацьбой са злачыннасцю. Аднак гэта не апраўдвае абмежавання правоў большасці грамадзян:

Законы павінны абараняць правы законапаслухмяных людзей, а барацьбой са злачынцамі павінна займацца міліцыя. Але ў Беларусі гэтая сістэма скажоная: заканадаўства залежыць не ад меркавання грамадства, а ад інтарэсаў Лукашэнкі, які сам эканамічна падпарадкаваны Крамлю. Такая каланіяльная мадэль кіравання стварае механізм татальнага кантролю за грамадзянамі».


Кантроль цэн як новы спосаб заробку

«Праблемы выкліканы не толькі сачэннем, але і ўмяшаннем дзяржавы ў эканоміку. Цэнамі на таксі незадаволены ўсе: для кіроўцаў яны занадта нізкія, для пасажыраў — занадта высокія. Гэты парадокс тлумачыцца бюракратычным умяшаннем:

Між пасажырам і кіроўцам уклінеўся дзяржаўны апарат, які забірае сабе львіную долю. У выніку нязручна ўсім — і спажыўцам, і прадпрымальнікам. А фінансавую выгаду атрымлівае адміністрацыя Лукашэнкі.

З новымі мерамі звычайная паездка на таксі ператворыцца не толькі ў дарагую паслугу, але і ў чарговы інструмент сачэння».


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Супольнасць людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі, заклікае па дапамогу

Чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Алег Кулеша прадстаўляе Беларускую Асацыяцыю Палітвязняў «ДА ВОЛІ», якая дапамагае тым, хто сутыкнуўся з пераследам, рэпрэсіямі і турмамі рэжыму Лукашэнкі. Сярод праектаў, накіраваных на падтрымку ёсць:

«Зямля» — аплочваюцца страхоўкі і аказваецца фінансавая дапамога ўцекачам.

«Прытулак» — забяспечваецца дзейнасць Уроцлаўскага прытулку.

«Ялінка» — набываюцца падарункі для дзяцей палітвязняў.

«Мы верым, што наша праца будзе развівацца і пашырацца. Запрашаем вас падтрымаць нас!»

Пералічыць сродкі можа на гэты рахунак
:

ASSOCIATION OF BELARUSIAN POLITICAL PRISONERS
Aleje Jerozolimskie 89 / 43, 02-001 Warszawa, Polska
KRS 0001110553, NIP 7011212005

PLN: PL 86 102 049 000 000 880 236 937 995

€: PL 18 102 049 000 000 850 236 938 008

$: PL 82 102 049 000 000 870 236 938 019

Пры жаданні можна пазначыць на які непасрэдна з праектаў ідзе ахвяраванне.


Video oldindan ko‘rish uchun mavjud emas
Telegram'da ko‘rish
Стратэгічны дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Украінай

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава выступіла на трэцім беларуска-ўкраінскім форуме імя Астрожскіх у Кіеве з прапановай стварэння дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўрадам Украіны:

«У нас ёсць эксперты па бяспецы, сацыяльнай палітыцы, культуры і ў іншых сферах. Мы можам стварыць аналаг стратэгічнага дыялогу з Украінай, падобны да таго, які мы ўжо вядзем з ЗША, Канадай і Еўрапейскім звязам.

Па выніках сёлетняга форуму я прапаную падпісаць мемарандум, каб ва Украіне дэмакратычныя сілы Беларусі ўспрымалі як легітымных прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.

У такіх мемарандумаме і дакументах стратэгічнага дыялогу мы запішам і гарантыі бяспекі, і пытанні вываду з тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў і ядзернай зброі, а таксама ўдзел дэмакратычных сілаў у магчымых мірных перамовах па Украіне».


Мы заклікаем увесь свет не прызнаваць «выбары» ў Беларусі ў 2025 годзе

«Лукашэнка, як міжнародны злачынца, увогуле не можа праводзіць "выбары". Існуе міжнароднае права, ёсць справы, якія ён учыніў на міжнародным узроўні: саўдзел у агрэсіі, злачынствы супраць чалавечнасці і іншыя правапарушэнні. Доказы ягоных злачынстваў перададзены Літвой у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Я заклікаю ўсіх нашых партнёраў, нацыянальныя парламенты і міжнародныя арганізацыі не прызнаваць гэтыя "выбары". Дыктатар не мае права іх праводзіць».


Санкцыі на расійскую эканоміку могуць уплываць на рэжым Лукашэнкі мацней, чым на беларускую

Чалец фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Міхаіл Кірылюк патлумачыў журналістам «Белсату», якія крокі павінны быць зроблены для аслаблення Расіі і рэжыму Лукашэнкі:

«Першы крок — павелічэнне і паскарэнне паставак зброі ва Украіну. На гэта трэба звяртаць увагу і выкарыстоўваць. Можа здавацца, што беларускія палітыкі нібыта не маюць маральнага права ўмешвацца ў гэтае пытанне. Я мяркую, што яны маюць гэтае права і абавязак, бо гэтае пытанне ўплывае на лёс беларусаў у Беларусі. Лёс беларусаў у Беларусі можа быць значна лепшым, калі нашу краіну не будуць выкарыстоўваць для расійскай вайны.

Другі крок — заклікі да ўвядзення новых перашкод для продажу расійскай нафты і газу. Гэта можа ўключаць як паніжэнне коштаў на расійскія энерганосьбіты, так і поўнае эмбарга. Голас беларускіх палітыкаў таксама можа быць важным у гэтым напрамку, бо, магчыма, калі палітыкі, якія прымаюць рашэнні, пачуюць сінхронную пазіцыю Беларусі і Украіны, то для іх будзе прасцей прыняць такое рашэнне.

Трэці крок — ліквідацыя прабелаў, якія дазваляюць Расіі абыходзіць санкцыі праз Беларусь. Неабходнасць працаваць над санкцыямі ў адносінах да Расіі выклікана тым, што ступень падтрымання Расіяй Лукашэнкі значна большая за ўнёсак любой галіны беларускай эканомікі ў трываласць рэжыму.

Чацвёрты крок — сектаральныя санкцыі. Тут важна адзначыць, што менавіта яны зменшаць магчымасці для абыходу санкцый. Таксама неабходна ўвесці санкцыі ў дачыненні да банкаўскіх сістэм Расіі і Беларусі, якія б ускладнялі разлікі, асабліва за тавары падвойнага прызначэння ці камплектуючыя для іх. У выніку гэта павінна запаволіць здольнасць Расіі весці вайну.

Такія меры могуць быць успрыняты беларусамі як жорсткія, але любая эканамічная санкцыя значна таннейшая за рэальныя вайсковыя дзеянні. Спыненне санкцый не толькі не завершыць вайну Расіі супраць Украіны, але, наадварот, створыць умовы для далейшага распаўсюджання вайны ў Еўропе».

16 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.