🦒🍋
Жыве на свеце Лімонавая Жырафа. Колерам яна сапраўды нагадвае сакавіты жоўты лімон, а плямкі на яе шыі і тулаве малочна-шакаладныя. Пахне Жырафа карыцай і ваніллю. Але, нягледзячы на ўсю апетытнасць Жырафы, ніхто яе, вядома, не ясі. Па-першае, таму што Жырафа вельмі добрая. Яна ўсім усміхаецца і кожнаму зыча добрай раніцы і добрага дня. Па-другое, Жырафа вельмі вялікая. Ну ве-е-ельмі высокая! Да неба. Як такую з’еш?
У яснае надвор’е, калі аблокі на небе падымаюцца да самага сонца, росту Жырафы якраз хапае, каб, выцягнуўшы галаву, злізваць з іх узбітыя вяршкі. А вы што, не ведалі? Летнія аблокі якраз і складаюцца з салодкіх узбітых вяршкоў. Жырафа іх вельмі любіць.
У надвор’е пахмурнае, калі цяжкія шэрыя хмары шчыльнай коўдрай апускаюцца да самай зямлі, Жырафа зусім не сумуе. Яна проста падымае галаву над хмаркамі і ўсміхаецца сонейку, якое схавалася за імі. Гэтак і ходзіць Жырафа: нагамі і тулавам у волкім тумане, а шыяй і галавой — над каляровымі аблокамі.
Бывае так, што хто-небудзь засмуткуе па сонейку, калі таго доўга няма (такое часам здараецца, бо, урэшце, сонцу таксама патрэбныя вакацыі!). А Лімонавая Жырафа адразу адчувае, каму патрэбна дапамога, і спяшаецца туды.
Вось уяві, глядзіш ты сумна ў акно, а там усё мокрае і шэрае. Сядзіш сабе, тужыш. І, раптам у акенца да цябе яркім жоўтым праменьчыкам зазірае Лімонавая Жырафа!
— Ну што кіснеш? — пытае. — Залазь да мяне на шыю хутчэй!
І ты адчыняеш акно і караскаешся па паслужліва падстаўленай шыі Жырафы.
— Хапайся за рогі! — камандуе добрая Лімонавая Жырафа і пачынае падымаць галаву.
Спачатку ты ўзлятаеш па-над дрэвамі, потам над дахамі дамоў, антэнамі і галубамі, а потым і ўвогуле над хмарамі. Вынырваеш з глейкай волкасці аблокаў, а там… Чараўніцтва! Далікатна свеціць сонейка. Над табой сіняе-сіняе неба, па ім чайкі лётаюць і шары паветраныя. А пад табой аблокі ўсіх колераў: рудыя, бэзавыя, снежна-белыя і лімонавыя як Жырафа. І так табе добра і радасна робіцца! Нуда ўся кудысьці ідзе, ты заліваешся звонкім смехам. І Жырафа, і сонейка, і чайкі смяюцца разам з табой.
І калі Жырафа спускае цябе ўніз, гэтая радасць і цяпло застаюцца ўнутры. Жырафа ідзе далей, а ты зараз сам, як тая жырафа, асвятляеш сваёй усмешкай шэры свет — ідзеш па мокрай вуліцы і свецішся. А сумныя людзі, сустрэўшыся з табой, весялеюць і пачынаюць усміхацца таксама. Зухаватае сонца, злёгку рассунуўшы хмары, падміргвае табе зверху. І ўсё пахне карыцай і ваніллю.
А Лімонавая Жырафа блукае сабе недзе і ціха ўсміхаецца.
#на_роднай_мове #сказка_на_ночь #сказки_Эльги #иллюстрации #digital_art