Пасля разбурэння Сабора ў Варшаве прытулкам некаторых ківотаў, абразоў і мазаікі стаў Баранавіцкі Сабор Пакрова Багародзіцы. Гэта адбылося дзякуючы намаганням сенатара польскага Сейма Аляксея Назарэўскага. Ягоны калега, кандыдат у паслы Сейма Васіль Рагуля наступным чынам характарызаваў спадара Аляксея:
А. Назарэўскі — чалавек прабеглы, беларус расейскай культуры, не рызыкаваў востра выступаць супроць
палякаў, але стараўся ладзіць з польскім элемэнтам як у
Сэнаце, так і ў акрузе. Ён умела мог выкарыстоўваць слабасьці польскіх урадаўцаў. Сэнатару Багдановічу, для выступленьня з трыбуны, патрэбны былі канкрэтныя дадзеныя адносна недаплачаных урадам сумаў з асыгнаваньняў
на праваслаўную царкву. Назарэўскі запрапанаваў Клюбу
выдаць да ягонае дыспазыцыі 500 злотых для атрыманьня
дакладных і падрабязных дадзеных аб расходаваньні асыгнаванае сумы. ён іх і атрымаў ад дырэктара веравызнаньняў Патоцкага. Ён, карыстаючыся знаёмствам з савецкім
агэнтам у Данцыгу, нейкім Курляндзкім, перакінуў у Саветы Кахановіча. Знаёмства з немцамі дало яму пасьля магчымасьць перакінуць у Нямеччыну пасла Сабалеўскага.
Шмат дарагіх, з мастацкага боку, рэчаў ён атрымаў для баранавіцкай царквы з разбуранага ў Варшаве праваслаўнага
сабору.
Нажаль, пасля пажару ў будынку, дзе знаходзіліся варшаўскія святыні (імаверна, падпал) ацалелі толькі мазаікі, якія сёння заслужана з’яўляюцца перлінай баранавіцкага Сабора.
Што тычацца Назарэўскага: дабрадзея арыштавалі ў 1940 годзе па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, пакаранне адбываў у Марыінску (Сіблаг). Вызвалены ў верасні 1941 года. У 1942 годзе арыштаваны паўторна, быў накіраваны ў той жа лагер. Далейшы лёс невядомы.