Зусім хутка (а 3-яй ночы па Мінску) пачнецца 97-ая цырымонія ўзнагароджвання "Оскарамі", а значыць, самы час распавесці, што я думаю пра фільмы-намінанты:
🏆
Канклаў (
Conclave) — фільм пра пошукі новага Папы Рымскага сярод неідэальных кардыналаў, а таксама пра пошук і страту веры, а таксама пра правы меншасцяў, а таксама яшчэ шмат пра што, з-за чаго фільм губляе ў напружанасці і цэльнасці. Тым не менш, "Канклаў" мае ўсе шансы ўзяць сёння галоўную ўзнагароду, а Ральф Файнс — статуэтку за лепшую мужчынскую ролю (каб яшчэ акадэмікі ведалі, што ён яе раней не атрымліваў, і галасавалі сумленна)
🏆
Зусім незнаёмы (
A Complete Unknown) — дбайны ды ахайны баёпік пра тое, як Боб Дылан рос-рос і дарос да электрычнасці ў сваёй творчасці. Можа, занадта тут усё дбайна і ахайна для такога персанажа, як Дылан, але музыка, канешне, добрая, і Шаламэ грае на ўзроўні (за што таксама можа атрымаць узнагароду — але ж гэта будзе хутчэй сенсацыя).
🏆
Эмілія Пэрэз (
Emilia Pérez) — скандальная стужка француза Жака Адыяра, які зняў фільм пра мексіканскага лідара картэля, што здзейсніў трансгендэрны пераход. Адыяр не падумаў дазнацца ў мексіканцаў, як яны на самой справе жывуць і што пра гэтыя рэчы (картэлі) думаюць, таму атрымаў шмат крытыкі. Але калі казаць толькі пра фільм, гэта даволі арыгінальны мюзікл, і Зое Сальдана амаль напэўна атрымае сёння "Оскар" за жаночую ролю другога плана.
🏆
Анора (
Anora) — індзі-стужка пра стрыпцізёршу Анору, якая паверыла ў каханне і гісторыю Папялушкі роўна тады, калі не варта было. Фільм сабраў ужо шмат важных узнагарод і мае хіба што найбольшыя шансы на "Оскар", але для мяне ён так і застанецца несвоечасовым і занадта гратэскным (больш пра гэта пісала
тут).
🏆
Злая (
Wicked) — класічны мюзікл пра краіну ОЗ па класічнаму мюзіклу з Брадвея, добра пастаўлены і сыграны, але жадання паглядзець другі раз у мяне не з'явілася. У Галівудзе любяць мюзіклы, але тут, мяркую, галоўны "Оскар" не свеціць.
🏆
Дзюна 2 (
Dune: Part Two) — другая частка эпічнай сагі пра Пола Атрэйдаса, якую не захочуць узнагароджваць за тое, што ўжо бачылі ў першай частцы. Мне дык і ўвогуле цяжка ўспрымаць такія фільмы асобна адно ад аднога, таму просто кажу Вільнёву "дзякуй" і чакаю наступнага фільма.
🏆
Бруталіст (
The Brutalist) — фільма-сага, фільм-элегія, фільм пра жыццё і выбары ў эміграцыі — калі вы самі эмігравалі, вельмі раю паглядзець. Тры з паловай гадзіны экраннага часу ў кінатэатры зусім не адчуліся — ці то з-за антракту, які афіцыйна ёсць пасярэдзіне фільма, ці з-за добра размеркаванага тэмпу, які не дае стужцы спыніцца занадта надоўга ці ўбегчы занадта хутка. Зараз "Бруталіст" — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на "Оскар" за лепшы фільм.
🏆
Я ўсё яшчэ тут (
I'm Still Here) — стужка пра дыктатарскі рэжым і рэпрэсіі ў Бразіліі. Яе яшчэ не паглядзела, таму што фільма пакуль што няма ні ў лічбы, ні ў кіно, але з апошніх станоўчых водгукаў, напрыклад, можна адзначыць захапленне Скарсэзэ. Таксама нешта ды кажа намінацыя Фернанды Торэс на "Оскар" за лепшую жаночую ролю. Фільм наўрад ці атрымае галоўную статуэтку, але калі з'явіцца ў сеціве, безумоўна, буду глядзець.
🏆
Хлопцы з Нікеля (
Nickel Boys) — сапраўды цікава знятая карціна пра чорнаскурага хлопца Элвуда, які па волі лёсу пападае ў папраўчую школу (дзе вучняў маглі і забіць, катуючы). Мы глядзім на свет то вачыма Элвуда, то вачыма яго сябра, то бачым нейкія думкі, успаміны, сны. Як на мяне, такія стужкі і павінны браць "лепшы фільм", але ў рэальнасці добра, калі акадэмікі яе ўвогуле паглядзяць — занадта яна незвычайная, сумная і сацыяльная.
🏆
Субстанцыя (
The Substance) — яркі, злы жахлівік пра адносіны жанчын да саміх сябе і адносіны жанчын і злога свету. Для бодзі-хорара атрымаць намінацыю на "Оскар" за лепшы фільм — гэта ўжо поспех, але сапраўдная перамога "Субстанцыі", пэўна, у атрыманай любові гледачоў. Больш пра яе пісала
тут.
Такі ў нас на сёння расклад — заўтра абмяркуем, як вам пераможцы і як прайшла цырымонія (а я ж буду глядзець, і сама не ведаю, навошта). Go, Kieran Culkin!
Постэр: Olly Gibbs#оскар