Годна


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Новости и СМИ


Мы — каманда экспертак і экспертаў у пытанні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Усё будзе Годна!
Падрабязней на https://hodna.org/
Зваротная сувязь: @hodna_by

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Новости и СМИ
Статистика
Фильтр публикаций


Шэсць жанчын, без якіх немагчыма ўявіць беларускую гісторыю

Беларуская гісторыя багатая на выбітных жанчын, якія ўплывалі на палітыку, культуру і нацыянальную самасвядомасць. Яны змагаліся, стваралі і пакідалі пасля сябе спадчыну, якой мы ганарымся да сёння.

Рагнеда Полацкая (канец X ст.) – князёўна, якая адыграла ключавую ролю ў гісторыі Полацкага княства. Адмовіўшыся выйсці за кіеўскага князя Уладзіміра, яна стала ахвярай яго нападу: бацьку яе забілі, а саму ўзялі сілай. Нарадзіўшы сына Ізяслава, заснавальніка дынастыі полацкіх князёў, яна спрабавала адпомсціць Уладзіміру, але была адпраўленая ў высылку і стала манахіняй.

Ефрасіння Полацкая (каля 1104 – каля 1167) – князёўна, якая выбрала духоўны шлях, а не дынастычны шлюб. Як ігумення манастыра, яна развівала асвету, заснавала школы, бібліятэку і замовіла вядомы крыж у майстра Лазара Богшы. На схіле жыцця здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе і памерла. Кананізаваная і шануецца як нябесная апякунка Беларусі.

Бона Сфорца (1494–1557) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Жыгімонта Старога. Яна прынесла на беларускія землі рэнесансную культуру, еўрапейскія рэформы і новыя гаспадарчыя падыходы, ініцыявала аграрную рэформу, што спрыяла развіццю фальварка і павелічэнню прыбыткаў дзяржавы. Актыўна падтрымлівала гарадское самакіраванне, адукацыю і рамёствы.

Эмілія Плятэр (1806 – 1831) – шляхцянка, якая стала адной з кіраўніцаў паўстання 1830–1831 гг. супраць Расійскай імперыі. Арганізавала і ўзначаліла атрад паўстанцаў, удзельнічала ў баях. Паўстанне атрымала паразу, а сама Эмілія памерла ад хваробы. Яе называюць «беларускай Жаннай д’Арк».

Палута Бадунова (1885–1938) – палітычная дзяячка, рэвалюцыянерка, якая ў 1918 годзе стала народнай сакратаркай апекі ў Радзе БНР, займаючыся сацыяльнай палітыкай, адукацыяй і дапамогай бедным. Яна была адной з нямногіх жанчын у палітычнай эліце таго часу і паслядоўна адстойвала ідэю незалежнасці Беларусі. Падчас савецкіх рэпрэсій арыштаваная і расстраляная ў 1938 годзе.

Ларыса Геніюш (1910 – 1983) – паэтка і патрыётка, генеральная сакратарка Урада БНР, якая захоўвала архіў БНР. У 1948 годзе яе арыштавалі савецкія ўлады і адправілі ў лагеры ГУЛАГу. Пасля вызвалення яе так і не рэабілітавалі, але яна працягвала пісаць і заставалася адданай сваім перакананням. А яшчэ яна так і не прыняла савецкае грамадзянства.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee


Што такое першы падзел Рэчы Паспалітай і як ён адбыўся? Гэта было не аднамомантнае рашэнне, а расцягнуты на некалькі гадоў палітычны і ваенны ціск на дзяржаву, каб прымусіць яе адмовіцца ад 29% тэрыторыі. А краіна-агрэсар (здагадайцеся якая) паводзіць сябе сёння гэтаксама, як і 250 гадоў назад.

У XVIII стагоддзі Рэч Паспалітая была адной з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы. У 1771 годзе яна займала 718 тысяч км² – гэта больш, чым сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія. У пэўным сэнсе Рэч Паспалітая апярэдзіла свой час: у краіне ўсталявалася т.зв. шляхецкая дэмакратыя. Гэта была хоць і манархія, але выбарная (!), дзе ўлада караля не была абсалютнай і не перадавалася ў спадчыну.

Шчыра кажучы, у гэтым і была адна з галоўных праблем. Улада караля была слабая, бо яго выбіралі магнаты і шляхта, якія часта думалі толькі пра свае інтарэсы. Акрамя таго, існаваў механізм «ліберум вета» – права любога дэпутата Сейма заблакаваць любое рашэнне, што часта прыводзіла да паралічу ўлады. У такой сітуацыі краіна станавілася лёгкай здабычай для знешніх сіл.

Расія лічыла Рэч Паспалітую сферай свайго ўплыву і ўмешвалася ў яе палітыку пад выглядам «абароны правоў праваслаўных» (як і зараз апраўдвае сваю агрэсію супраць Украіны «абаронай рускамоўных»). Яна падтрымлівала прарасійскіх магнатаў і кантралявала караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якога сама ж і пасадзіла на трон, і нават увяла свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, каб стварыць «ДНР» і «ЛНР» таго часу: Слуцкую і Торуньскую канфедэрацыі. У адказ на расійскую палітыку частка шляхты падняла Барскую Канфедэрацыю – антырасійскае паўстанне, але сілы былі няроўныя – расійскія войскі задушылі супраціў.

У той жа час Прусія і Аўстрыя таксама глядзелі на ўсход, жадаючы павялічыць свае тэрыторыі. Перамовы паміж расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй доўжыліся некалькі месяцаў. 5 жніўня 1772 года ў Санкт-Пецярбургу была падпісаная трохбаковая дамова пра падзел. Пасля гэтага тры дзяржавы накіравалі свае войскі, каб канчаткова замацаваць кантроль над захопленымі тэрыторыямі.

Улады Рэчы Паспалітай спрабавалі адмовіцца прызнаваць гэтае рашэнне, былі нават спробы звярнуцца па дапамогу да заходнееўрапейскіх краін, але саюзнікі Францыя і Англія не хацелі ўмешвацца. Таму ў 1773 годзе расійскія, прускія і аўстрыйскія войскі занялі Варшаву і запатрабавалі ад Сейма зацвердзіць падзел. Каб прымусіць дэпутатаў прыняць гэтае рашэнне, расія арганізавала стварэнне марыянетачнай групоўкі, якая дамаглася склікання так званага Падзельнага сойма.

Шляхта, якая спрабавала супраціўляцца, сутыкнулася з ваенным і палітычным ціскам. Аднак гэта не спыніла працэсу – пад ціскам сойм афіцыйна зацвердзіў падзел дзяржавы. Толькі тры дэпутаты выступілі супраць. Рэч Паспалітая згубіла 211 тыс. км² тэрыторыі (29%) і 4,5 млн насельніцтва (36%).


3 сакавіка 1067 года адбылася бітва на Нямізе – у ёй удзельнічалі войскі князёў Яраславічаў і полацкага князя Усяслава Брачыславіча. У летапісах паведамлялася, што Усяслаў быў разбіты і збег у Полацк. А яшчэ ў летапісах разам з гэтай бітвай упершыню згадваецца горад Мінск ❤️

Але гэта толькі першае ўзгадванне. Летась вучоныя, якія правялі радыёвугляродны аналіз дрэва з валоў Мінскага замчышча, заявілі, што ўзрост беларускай сталіцы не менш за 1150 гадоў. Раскопкі працягваюцца, ужо была знойдзеная манета, якой 1250 гадоў, таму магчыма ў хуткім часе мы даведаемся, што Мінск яшчэ больш стары, чым нам падаецца!


Барская канфедэрацыя: як нашыя продкі змагаліся супраць «ДНР» XVIII стагоддзя

Расійскі ўплыў на Рэч Паспалітую ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў вельмі моцным: масква ўмешвалася ва ўнутраныя справы, навязала свайго караля – Станіслава Аўгуста Панятоўскага – і праз яго спрабавала цалкам кантраляваць краіну.

Расія, падтрымліваючы рэлігійныя меншасці (праваслаўных і пратэстантаў), фактычна навязвала шляхце новыя законы, якія разбуралі традыцыйны парадак. Гэта выклікала абурэнне, бо шляхта лічыла, што так масква спрабуе зрабіць Рэч Паспалітую яшчэ больш залежнай.

У 1767 годзе расійская імперыя ўвяла ў Рэч Паспалітую 20-тысячнае войска. Пад прыкрыццём войскаў расія стварыла свае «канфедэрацыі» (Торуньскую і Слуцкую), якія нібыта падтрымлівалі закон і парадак, але насамрэч дзейнічалі на карысць масквы. Фактычна, гэта былі марыянетачныя структуры, створаныя для таго, каб знішчыць сапраўдны супраціў. Знаёма, так?

У кастрычніку 1767 пад ціскам расіі Сейм пераглядаў рашэнні Сейма ад 1764 года. Для таго, каб рашэнні былі прынятыя на карысць прарасійскіх сілаў, маскоўскія салдаты выкралі некаторых сенатараў. Іх без суда выслалі ў расію. Запалоханы Сейм паддаўся ціску і прыняў расійскія ўмовы.

Але ўсё ж беларуская, польская і ўкраінская шляхта не хацела гэтага трываць і 29 лютага 1768 года стварыла Барскую канфедэрацыю, каб бараніць незалежнасць сваёй дзяржавы. Яна хутка перарасла ў сапраўдную вайну супраць расійскіх войскаў і каралеўскага ўрада.

Паўстанцы вялі жорсткія баі, але сілы былі няроўныя: расійская армія мела больш салдатаў, гарматаў і рэсурсаў. Канфедэраты спадзяваліся на падтрымку Турцыі і Францыі, але саюзнікі не здолелі моцна дапамагчы. У выніку многія канфедэраты загінулі або трапілі ў палон, а сам рух быў заціснуты.

Барская канфедэрацыя не змагла перамагчы, і ў 1772 годзе адбыўся Першы падзел Рэчы Паспалітай. Расія, Аўстрыя і Прусія падзялілі паміж сабой частку беларускіх, украінскіх і польскіх земляў. Гэта стала пачаткам канца дзяржавы: праз некалькі дзесяцігоддзяў Рэч Паспалітая зусім знікне з мапы Еўропы.

Гісторыя Барскай канфедэрацыі паказвае, што нашыя продкі заўсёды змагаліся за свабоду, а масква не толькі знішчала паўстанні сілай, але і спрабавала разбурыць супраціў знутры. Гэта важны ўрок, які застаецца актуальным і сёння.


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
Стары Магілёў ажыў!
У гэтым відэа Сяргей Дзямʼянаў ажывіў старыя фотаздымкі горада – атрымалася кароткае, але вельмі атмасфернае відэа ❤️


“Лепш размаўляць на добрай рускай мове, чым на дрэннай беларускай”🗣️

У Беларусі такая сітуацыя, што шмат людзей не размаўляюць па-беларуску ад нараджэння. Вучацца па кніжках, але ж вучацца!

Як вучаць мовы? Спачатку па кніжках, а пасля пачынаюць размаўляць, нават калі дрэнна. Чаму так шмат беларусаў і беларусак вывучыла англійскую, ці польскую, ці яшчэ нейкую раней за беларускую? У тым ліку, таму што прыходзілася размаўляць.

Баіцеся памылак? Дык а хто іх не робіць. У любой мове, нават носьбіты памыляюцца. Вас нехта груба паправіў? Але нават калі вашая беларуская мова будзе ідэальнай ці, наадварот, вы не будзеце на ёй размаўляць, гэта не выратуе. З чалавекам, які хоча даць няпрошаную параду ці сказаць нешта брыдкае, вы можаце сутыкнуцца заўсёды.

Беларуская мова – адна з адзнак нашай незалежнасці і ўнікальнасці. Менавіта на старабеларускай мове была надрукаваная першая Біблія ва Усходняй Еўропе. На ёй напісаны Статут ВКЛ. І зараз мы можам размаўляць па-беларуску, даследаваць нашую мову і развіваць яе.


Прапагандысцкія наратывы ў мультфільме “Маша і Мядзведзь”⬇️

Чаму лепш ствараць уласныя наратывы, чым спажываць чужыя? Тлумачым на прыкладзе папулярнага мультфільма.

📌 Мядзведзь як алегорыя Расіі. У мультфільме Мядзведзь — моцны, добры і цярплівы герой, які настаўляе Машу. Ён выступае як фігура «старэйшага брата», які ўсё даруе і клапоціцца пра меншых.

📌 Адсылкі да савецкай культуры і настальгія па СССР.

📌 Ідэя “вялікай і добрай Расіі” праз міжнародныя эпізоды. У гэтых серыях часта назіраецца аднолькавы патэрн: Маша выглядае разумнейшай або больш спрытнай за мясцовых герояў.

Ці з’яўляецца гэта мэтанакіраванай прапагандай?

Гэта спрэчнае пытанне. Мультфільм можа проста адлюстроўваць асаблівасці расійскай культуры і мыслення. Аднак некаторыя яго элементы (асабліва вобраз Машы, мядзведзя і адсылкі да СССР) сапраўды могуць фарміраваць пэўныя ўстаноўкі ў дзіцячай аўдыторыі.

Стаўце рэакцыі, калі цікава падрабязней паразважаць на такую тэму✨


Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка другая)

Працягваем першы пост і распавядаем пра іншыя даты з беларускай і сусветнай гісторыі, якія ў нашай галаве могуць зусім не спалучацца як штосьці, што адбывалася ў адзін год.

Калі войскі Рэчы Паспалітай утрымлівалі Маскву, дзесьці ў Англіі Шэкспір пісаў свае апошнія творы. А ІІІ Статут ВКЛ выдавалі якраз тады, калі Брытанія знішчыла іспанскую Непераможную Армаду!

Першая частка тут.


Падзеі, якія адбываліся адначасова, але якія ў нашай галаве часта адчуваюцца як максімальна далёкія (частка першая)

У вас было калісьці такое, што вы даведваецеся пра нейкую дату з беларускай і сусветнай гісторыі, і не можаце ўявіць, што гэта сапраўды адбылося ў адныя і тыя ж гады? Напрыклад, крыж Еўфрасінні Полацкай і Нотр-Дам дэ Пары з’явіліся на свет з розніцай у два гады!

А вось яшчэ некалькі такіх прыкладаў, ад якіх дух захоплівае ❤️

Другая частка тут.


У лютым 1940 года пачаліся масавыя дэпартацыі беларусаў з Заходняй Беларусі. Савецкія ўлады праводзілі высылкі, каб ліквідаваць «варожыя элементы» і трансфармаваць грамадства пад ідэалогію СССР.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе НКУС выяўляў нелаяльныя групы: чыноўнікаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыю, заможных сялянаў. Савецкая ўлада бачыла ў іх перашкоду для саветызацыі рэгіёна. Вынікам стала першая хваля дэпартацый, якая пачалася ў ноч з 9 на 10 лютага 1940 года.

Людзей будзілі сярод ночы, давалі некалькі хвілінаў на збор рэчаў і грузілі ў таварныя вагоны. Паводле ацэнак, толькі ў лютым было дэпартавана каля 50 тысячаў чалавек, многія не дажылі да месца прызначэння праз холад (маразы дасягалі -42℃) і хваробы. Наступныя хвалі высылкі прайшлі ў красавіку і чэрвені 1940 года. Агулам было дэпартавана больш за 120 тысяч чалавек.

У красавіку дэпартавалі сем’і вайскоўцаў, паліцыянтаў, інтэлігенцыі. У чэрвені – уцекачоў з цэнтральнай Польшчы. Іх лічылі нелаяльнымі і высялялі ў спецпасяленні Сібіры і Казахстана. Умовы былі нечалавечымі: цяжкая праца, холад, голад і адсутнасць медыцынскай дапамогі.

Дэпартацыі былі часткай шырэйшага плана палітычнай і этнічнай трансфармацыі Беларусі: разам з высяленнем «небяспечных» групаў СССР адначасова засяляў Зах. Беларусь лаяльнымі савецкімі грамадзянамі, у тым ліку партыйнымі кадрамі, рабочымі і вайскоўцамі з іншых частак СССР.

Савецкія ўлады праводзілі «класавае ачышчэнне», пазбаўляючыся ад заможных сялянаў, прадпрымальнікаў і іншых прадстаўнікоў старога грамадскага парадку, якія маглі стаць цэнтрам супраціву. За сухімі лічбамі статыстыкі хаваюцца смерці, разбурэнне жыцця і пакуты сотняў тысячаў беларусаў.


24 лютага 1935 года нарадзіўся адзін з найвыбітнейшых беларускіх паэтаў, чыя творчасць пранізаная любоўю да роднай мовы, зямлі і народа – Рыгор Барадулін.

Яго літаратурная спадчына надзвычай шырокая: ад вершаў і баладаў да перакладаў сусветнай класікі. Ён быў адзіным беларускім паэтам, які атрымаў званне Народнага паэта Беларусі ў незалежнай краіне (1992), а таксама лаўрэатам шматлікіх прэстыжных прэмій.

Паэзія Рыгора Барадуліна – гэта арганічнае спалучэнне народнай мудрасці, глыбокага лірызму і вострай грамадзянскай пазіцыі. Ён умеў спалучаць традыцыйную форму з сучаснымі мастацкімі пошукамі, дзякуючы чаму ягоныя вершы гучаць адначасова і класічна, і надзвычай свежа.

Асаблівае месца ў творчасці паэта займае тэма нацыянальнай свядомасці. Ён быў адным з тых, хто захоўваў і развіваў беларускую мову ў часы, калі яна сутыкалася з уціскам і русіфікацыяй. Ягоныя вершы і эсэ прасякнутыя любоўю да Беларусі, болем за яе лёс і шчырай надзеяй на адраджэнне беларускай духоўнасці.

Яго творчасць і сёння застаецца жывой, бо яна знаходзіць водгук у сэрцах людзей, якія шануюць роднае слова і нацыянальную культуру. Рыгор Барадулін – гэта чалавек, які сваімі радкамі ўзвёў беларускую мову да сапраўднага мастацтва.

Адзін з апошніх вершаў Рыгора Барадуліна, які ён напісаў 10 лютага 2014 года, актуальны як ніколі.

«Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан праз вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Украіна».


Чаму 23 лютага – не беларускае свята?

Свята 23 лютага, вядомае як «Дзень абаронцы Айчыны» або раней «Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога Флоту», мае выключна савецкія і расійскія карані. Яно ўзнікла ў 1922 годзе як дзень гадавіны ўтварэння Чырвонай арміі.

Але для беларусаў 23 лютага не нясе нацыянальнага сэнсу, бо Чырвоная армія ў гэты перыяд не абараняла беларускія інтарэсы, а, наадварот, удзельнічала ў знішчэнні БНР і ўсталяванні савецкай улады. У лютым 1919 года Савецкая Расія не вызваляла Беларусь, а ўсталёўвала свой кантроль, які суправаджаўся рэпрэсіямі.

Пасля Другой сусветнай вайны 23 лютага замацавалася ў СССР як афіцыйнае свята, якое было часткай савецкай ідэалогіі. Прапаганда выкарыстоўвала яго для гераізацыі савецкай арміі, у тым ліку апраўдваючы акупацыю краінаў Усходняй Еўропы. Лагічна, што пасля распаду СССР амаль усе былыя савецкія рэспублікі адмовіліся ад гэтага.

Для беларускай ваеннай традыцыі значна важнейшай датай з’яўляецца, напрыклад, 8 верасня, калі адбылася бітва пад Воршай у 1514 годзе – тады войскі ВКЛ перамаглі Маскоўскае войска. Ці 15 ліпеня – у гадавіну Грунвальдскай бітвы. Або 27 лістапада 1920, калі пачалася беларуска-савецкая вайна, якую мы ведаем як Слуцкі збройны чын.

Беларусам важна памятаць сваё, а не працягваць святкаваць дату, звязаную з гісторыяй іншай дзяржавы, якая нішчыла ўсё беларускае.


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
“Слова маё – гэта меч у баі”
Новы кліп ад каманды Годна і Nochy да Міжнароднага дня роднай мовы🔥

Беларуская мова – гэта нашая сіла, наш гонар і наш выбар. Яе спрабуюць заглушыць, але яна ўсё роўна гучыць. Яе крытыкуюць, але яна натхняе. Нам кажуць "лепш на рускай", але мы ўсё роўна гаворым па-беларуску – бо гэта наша!

Гэта не проста песня. Гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца, саромецца або маўчаць.

Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя каментары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня. Але гэта не гісторыя пра хейт – гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсць і нас не спыніць.

Беларуская мова гучала, гучыць і будзе гучаць! І ніхто нас не зломіць🤍

📢 Глядзіце кліп, дзяліцеся ім і давайце разам гучаць яшчэ мацней!

Падтрымаць працу Годна данатам можна тут:
patreon.com/hodnaby
buymeacoffee.com/hodna

🎥 Відэа на YouTube

За дапамогу са здымкамі дзякуем студыі ў Варшаве і шчыра раім для выкарыстання пад вашыя патрэбы.


🔥 Заўтра – прэм’ера новага яркага відэа да Дня роднай мовы! 🔥

Каманда Годна і гурт NOCHY стварылі сумесны ролік на важную тэму. Гэта гук пакалення, заклік да тых, хто любіць, хто вагаецца і хто яшчэ не знайшоў шлях да мовы.

Ці лёгка размаўляць па-беларуску сёння? Ці варта бараніць свае словы ад насмешак? З чым сутыкаюцца тыя, хто пачынае размаўляць па-беларуску?

"Мова мая – найсвятлейшая песня, што цемру бязлітасна знішчыць!"
Гэтыя радкі пра гучную, смелую і непахісную беларускую мову. Пра тых, хто няспынна нясе яе далей – нягледзячы ні на што.

Не прапусціце! Заўтра – гучны старт!
Далучайцеся, глядзіце, дзяліцеся – няхай наш голас гучыць як мацней!

Прэм’ера на нашым YouTube

За дапамогу са здымкамі дзякуем студыі ў Варшаве і шчыра раім для выкарыстання пад вашыя патрэбы.

#ДзеньРоднайМовы #БеларускаяМова #ПаБеларуску

Показано 14 последних публикаций.