У нас лясная старана –
Ласі прыходзяць у гароды,
I ад світання да цямна
Снуюць птушыныя чароды.
Буслы на ліпах гнёзды ўюць,
Гадуюць буслянят чубатых
I кожны год амаль нясуць
Праз коміны дзяцей у хаты.
Зямляк мой працаваць мастак
Сякерай, плугам і пілою
I лайдакоў не любіць так,
Як лес не любіць сухастою.
Нам давялося на вяку –
Навалы край наш не мінулі,
У кожным дрэве ці суку
Сядзяць заржаўленыя кулі.
Лес зелянее за акном.
Жыве народ у ім што трэба.
Ідзі да нас, як у свой дом,
А калі вораг – як у крэпасць!
Алег Салтук
https://vm.tiktok.com/ZMr2SdgnC