cybulinka


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Познавательное


Забаўляльны й пазнавальны кантэнт
Адмін @sabaczka

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Статистика
Фильтр публикаций


Песьні вядомых музыкаў сталі больш павольнымі з гадамі

Тэмп зьяўляецца важным парамэтрам у музыцы, з дапамогай якога можна перадаваць разнастайныя эмоцый. Таму, калі тэмп кампазыцый музыкаў будзе мяняцца зь цягам часу, то будзе мяняцца й эфэкт ад праслухоўваньня.

Каб спраўдзіць гэта, дасьледнікі ўзялі набор з 1.2 млн кампазыцый, для якіх быў пазначаны тэмп. Потым з набору выкрасьлілі аўтараў, чыя карʼера цягнулася менш за 20 гадоў, а дыскаграфія налічвала менш за 3 альбомы. Адбракавалі таксама й тых, хто хавае дату свайго нараджэньня, альбо нарадзіўся да 1955 году.

Далей аўтары выкарысталі «штучны інтэлект», каб ацаніць, ці быў зьвязаны ўзрост артыстаў з тэмпам іхных песьняў. Аказалася, што ў пачатку карʼеры музыкі выдавалі песьні зь сярэднім тэмпам 120 удараў у хвіліну. Калі артыстам было каля 30 гадоў, тэмп узрастаў да 123, а потым падаў на 2 удары за дзесяцігодзьдзе.


Прэпараты для пахудзеньня павысілі разумовыя здольнасьці пацыентаў

У нядаўна апублікаваным дасьледаваньні навукоўцы паведамілі пра імаверную сувязь сэмаглютыду (прэпарат Ozempіc, Wegovy) з паляпшэньнем кагнітыўных функцый пацыентаў з дыябэтам 2 тыпу, а таксама са зьніжэньнем нікатынавай залежнасьці. Высьветлілася гэта падчас аналізу мэдычных зьвестак больш за 20 000 людзей з дыябэтам, якім выпісвалі сэмаглютыд і стандартныя лекі.

Хаця рэтраспэктыўны характар дасьледаваньня ня можа паказваць на дакладную сувязь, дацкая кампанія вытворца сэмаглютыду ўжо ладзіць выпрабаваньні рэчыва ў якасьці сродку ад хваробы Альцгаймэра. Вынікі чакаюцца цягам колькіх гадоў.


Навукоўцы вызначылі расьліну, якую можна ўзяць на Марс

Мяркуючы па ўсім, чалавецтва ў будучыні паспрабуе калянізаваць Марс, таму кітайскія дасьледнікі пастанавілі адшукаць расьліну, якую б можна было ўзяць на чырвоную плянэту. У выніку кандыдатам стаў звычайны мох Syntrіchіa canіnervіs, які можна сустрэць не ў самых прыязных куточках Зямлі: пустэльні й высокія горы.

У сваіх досьледах аўтары гадавалі мох у вельмі экстрэмальных умовах і ён даволі добра пачуваўся. Напрыклад, на расьліну пакідалі на 5 гадоў пры тэмпэратуры -44С і апраменьвалі дозамі радыяцыі ў 2000 вышэй за сьмяротныя для чалавека.

Таксама каманда зьмясьціла S. canіnervіs у адмысловую камэру з частковай імітацыяй марсіянскіх умоваў, дзе мох выжыў цягам тыдня.


Самы раньні продак усяго жывога быў падобны на мікроба, і жыў неўзабаве пасьля ўтварэньня Зямлі

Дасьледчая каманда прааналізавала геномы 700 сучасных мікробаў, каб высьветліць, якія гены ўзьніклі падчас эвалюцыі раней. Такі падыход дазволіў зрабіць пэўныя высновы наконт апошняга агульнага продка ўсяго жывога на Зямлі.

Аказалася, што гэты продак, імаверна, быў падобны на сучасных мікробаў, меў вялікі геном, які кадаваў каля 2 600 бялкоў, а таксама харчаваўся вадародам і вуглякіслым газам.

Яшчэ каманда знайшла 19 «старажытных» генаў CRISPR-Cas9, якія сучасныя бактэрыі выкарыстоўваюць для барацьбы з фагамі, а людзі пабудавалі на іх аснове біяінжынэрную тэхналёгію.

Хаця раней меркавалася, што агульны продак усяго жывога жыў каля 3.8 млрд гадоў таму, новы аналіз адсунуў гэтую дату да 4.2 млрд гадоў. То бок, усяго колькі сотняў мільёнаў гадоў пасьля ўтварэньня Зямлі пайшло на тое, каб на ёй зьявіўся складаны вузавы арганізм.


🧅 Сёлета 30 траўня марсаход Curіosіty упершыню знайшоў на паверхні плянэты крышталічную серку. Прытым адкрыцьцё здарылася выпадкова: марсаход проста наехаў на пляскаты камень даўжынёй каля 15 см. Раней серку знаходзілі толькі ў складзе мінэралаў.

🧅 Нямецкія лекары паведамілі пра другога «бэрлінскага пацыента», якому ўдалося пазбавіцца ВІЧ-інфэкцыі. Мужчына дазнаўся пра дыягназ у 2009 годзе, потым у 2015 выявіўся яшчэ і лейкоз, які патрабаваў трансьплянтацыі ствалавых вузаў у дадатак да хіміятэрапіі. Як і ў выпадку зь першым «бэрлінскім пацыентам» донарам стаў чалавек з двума варыянтамі рэцэптару CCR5. Нармальная вэрсія такога рэцэптару дазваляе вірусу трапіць у вузы, а мутантная – не. Паведамляецца, што мужчына спыніў рэтравірусную тэрапію ў 2018 годзе, і з таго часу аніякіх прыкмет інфэкцыі ў яго няма.

🧅 Мэтааналіз 45 публікацый паказаў, што баўленьне часу на прыродзе зьніжае сымптомы псыхічных разладаў у дарослых пацыентаў. Аўтары мяркуюць, што для эфэкту дастаткова й 10 хвілінаў на сьвежым паветры.


Самая сухая пустэльня на Зямлі пакрылася кветкамі сярод зімы

Упершыню за 10 гадоў пустэльня Атакама пакрылася белымі й фіялетавымі адценьнямі кветак. Рэдкае цьвіценьне стала магчымым праз вялікую колькасьць ападкаў на поўначы Чылі восеньню. Гэта абудзіла мясцовыя віды расьлін, якія могуць заставацца ў стане пакою да 15 гадоў.

Звычайна пустэльныя кветкі пачынаюць красаваць вясною, калі ў пэрыяд з чэрвеня па жнівень выпала каля 15 мм ападкаў, аднак атмасфэрная зьява Эль-Ніньнё можа крыху парушыць балянс, і дажджы пройдуць у сакавіку. Толькі ў такіх выпадках варта чакаць зімовага цьвіценьня пустэльні. Мінулы раз такое назіралася ў 2015 годзе.

Аднак прыгажосьць зьвязаная й з пэўнымі праблемамі. Напрыклад, за хуткай рэакцыяй расьлін на дождж не пасьпяваюць вусякі-апыляльнікі. У выніку новае насеньне можа не сфармавацца, што адабʼецца на біяразнастайнасьці Атакамы. І, відаць, цяперака адбываецца акурат такі сцэнар, бо адмыслоўцы не заўважылі хоць якіх апыляльнікаў.


Калаўроткі выкарысталі скрадзеныя ў бактэрый гены для абароны ад інфэкцыі

Паводле новага дасьледаваньня, група малюсенькіх прэснаводных жывёлаў навучылася абараняць сябе ад інфэкцый «процімікробнымі» генамі скрадзенымі ў бактэрый.

Навукоўцы заўважылі, што калі калаўроткі (Rotіfera) зазнаюць грыбковую інфэкцыю, у іх уключаюцца сотні генаў, якія яны набылі ў працэсе кантактаваньня з бактэрыямі й іншымі мікробамі. Праз тое, што некаторыя з гэтых генаў адказваюць за сынтэз антыбіётыкаў, арганізм калаўротак пачынае прадукаваць антымікробныя рэчывы.

Аўтары мяркуюць, што калаўроткі могуць даць пэўныя падказкі для пошуку новых прэпаратаў ад грыбковых і мікробных інфэкцый чалавека.


Навукоўцы выявілі малекулу РНК, якая рэгулюе старэньне вузаў, і выключылі яе

Група дасьледнікаў экспэрымэнтальна выявіла новы мэханізм рэгуляваньня старэньня вузаў, які можа стаць падмуркам для новых мэтадаў лячэньня зьвязаных са старэньнем захворваньняў.

У досьледах было выяўлена, што інактывацыя пэўнай некадавальнай РНК – SNORA13, спрыяе дзяленьню вузаў у сытуацыях, калі яны гэты працэс мусілі скончыць, напрыклад, пры пэўных мутацыях.

Малекулы некадавальных РНК не ўдзельнічаюць у сынтэзе бялкоў, а SNORA13, як лічылася раней, у асноўным выконвала функцыі, зьвязаныя з хімічным мадыфікаваньнем іншых РНК, аднак цяпер высьветлілася, што яна яшчэ запавольвае стварэньне рыбасом – структур, якія й сынтэзуюць бялкі.

Аўтары тлумачаць, што пэўныя нэгатыўныя фактары могуць парушыць працэс утварэньня рыбасом, а гэта ўжо падштурхне вузу запускаць працэсы старэньня (спыніцца дзяленьне). Але калі навукоўцы штучна выдалілі згаданую вышэй РНК, у вузах працягвалася ўтварэньне новых рыбасом не гледзячы на стрэс і іншыя фактары. Што праўда, маніпуляцыя яшчэ выключыла кантроля якасьці сабраных рыбасом, таму іх стала больш і ня ўсе будуць спраўна выконваць свае функцыі, але працэс дзяленьня не спыніўся.


Нерэгулярны рэжым сну павысіў рызыку разьвіцьця дыябэту 2 тыпу

Каманда навукоўцаў ацанілі сон больш за 84 000 чалавек цягам 7 дзён, а потым 7.5 году назіралі за іхнімі паказьнікамі здароўя. Аказалася, што нерэгулярная працягласьць сну была зьвязаная з рызыкай разьвіцьця дыябэту 2 тыпу. Найбольш выразным такі эфэкт быў у людзей з максымальна нерэгулярным рэжымам сну: там рызыка павялічвалася на 34% і захоўвалася пасьля ўліку дадатковых фактараў.

Сярэдні век удзельнікаў і ўдзельніц дасьледаваньня складаў 62 гады, усе яны не мелі дыягнаставанага дыябэту. Аднак рабіць нейкія высновы пакуль рана, бо аўтары выкарысталі занадта кароткі пэрыяд ацэнкі рэжыму сну.


На пляжы ў Новай Зэляндыі знайшлі цела незвычайнага кіта Mesoplodon traversіі. Адмыслоўцы дагэтуль не сустракалі гэтых марскіх сысуноў жывымі: усе зьвесткі атрыманыя з парэшткаў і выкінутых на бераг трох цел. Паведамляецца, што заолягі даслалі на генэтычнае дасьледаваньне ўзоры тканак загінулай жывёлы, каб спраўдзіць відавую прыналежнасьць. Вынікамі абяцаюць падзяліцца, а цела пакуль захоўваюць у лядоўні.


Перавагі вэґетарыянскай дыеты зьвязалі з ґенэтыкай

Паводле новага дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, калі гаворка ідзе пра перавагі вэґетарыянскай дыеты, нашыя ґены граюць важную ролю.

Дасьледчая каманда вылучыла зь вялікай выбаркі 2 300 чалавек, якія прытрымліваліся строгага вэґетарыянства, каб вывучыць сувязі паміж ґенамі і карысьць дыеты для здароўя.

Высьветлілася, што ў большасьці вэґетарыянцаў узровень халестэрыну быў ніжэйшым, чымся ў невэґетарыянцаў. Прытым тэндэнцыя захоўвалася для розных парамэтраў: агульны, кепскі і добры халестэрын. У пэрспэктыве гэта можа станоўча адбіцца на здароўі сэрца.

І на гэтым, відаць, перавагі скончыліся, бо далей у вэґетарыянцаў выявіўся паніжаны ўзровень вітаміну D і высокія паказьнікі трыгліцэрыдаў. Вітамін D, як вядома, спрыяе добраму стану костак і імуннай сыстэмы, а ягоны недахоп мае пэўныя клінічныя наступствы. А вось высокая канцэнтрацыя трыгліцэрыдаў (тлушчоў) у крыві можа павялічыць рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў.

Калі навукоўцы ўключылі ў аналіз ґенэтычны складнік, яны пабачылі, што пры наяўнасьці пэўных варыянтаў ґену, зьвязанага з мэтабалізмам кальцыю ў арґанізьме (MMAA), у людзей назіраліся розныя паказьнікі здароўя. Напрыклад, у бальшыні вэґетарыянцаў адбывалася зьніжэньне ўзроўня кальцыю, аднак у людзей з варыянтам MMAA назіралася адваротная сытуацыя.

Агулам гэта можа спрыяць здароўю зубоў і костак, але надмер Ca стане прычынаю камянёў у нырках і праблем з сэрцава-судзіннаю сыстэмаю.


Ракі з зыркай афарбоўкай аддалі перавагу норам, а не свабоднаму плаваньню

Існуе распаўсюджанае меркаваньне, што некаторыя віды жывёлаў выкарыстоўваюць зыркую афарбоўку для пошуку сабе пары, але гэта можа быць не зусім так. Вось, напрыклад, дасьледнікі вывучылі 400 відаў прэснаводных ракаў, і заўважылі, што найбольшая разнастайнасьць у афарбоўках уласьцівая відам, што жывуць у норах і рэдка адтуль вылазяць. Такія ракі маглі пахваліцца шырокай палітраю колераў: блакітны, фіялетавы, чырвоны й аранжавы. А вось ракі, якія звычайна проста плаваюць у вадзе найчасьцей проста шэрыя ці рудыя.

Такія вынікі паказваюць на тое, што зыркія колеры не заўсёды зьяўляюцца адаптацыяй, а могуць быць простай эвалюцыйнай выпадковасьцю.


🧅 У водах каля Кейптаўну знайшлі шалёных цюленяў. Паведамленьні пра агрэсыўныя паводзіны марскіх сысуноў пачалі зьяўляцца даўно, а ў чэрвені адзін цюлень нават пакусаў людзей. Пасьля гэтага адмыслоўцы злавілі 4 цюленяў і вірус шаленства выявіўся ў трох зь іх. На дадзены момант вірус знайшоўся ў 9 жывёл, у людзей выпадкаў інфікаваньня не назіралася.

🧅 Паводле апублікаванага ў пятніцу дасьледаваньня, кнігі і фільмы ў будучыні могуць стаць прадказальнымі і аднастайнымі, калі стваральнікі пачнуць актыўна выкарыстоўваць «штучны інтэлект». Для досьледаў аўтары паклікалі 300 чалавек, якія мусілі пісаць аповеды на вызначаныя тэмы. Толькі адным трэба было цалкам самастойна стварыць твор, а іншым дазволілі карыстацца ChatGPT для ґенэрацыі ад 3 да 5 ідэй. Вынікі ацэньвалі ўласна аўтары/ аўтаркі, а таксама незалежныя крытыкі. Выявілася, што выкарыстаньне ШІ пайшло на карысьць на індывідуальным узроўні: +10% якасьці, +22% захапляльнасьці. Аднак на калектыўным узроўні ШІ-творы выглядалі вельмі падобна.


Прызнаньне вядомых людзей у тым, што яны маюць панічны разлад павысіла ў 9 разоў колькасьць новых дыягназаў

Навукоўцы з Паўднёвай Карэі ў сваім агульнанацыянальным дасьледаваньні вывілі павышэньне ўзроўню выяўленьня панічнага разладу па ўсёй краіне пасьля таго, як тры вядомыя пэрсоны прызналіся, што маюць панічныя атакі.

Аўтары вывучылі статыстычныя зьвесткі з 2004 па 2021 гады, і заўважылі, што ўзровень выяўленьня захворваньня вырас амаль у 9 разоў, прытым рост пачаўся адразу пасьля публічнага прызнаньня трох вядомых у краіне людзей. У той жа час заявы зорак пра наяўнасьць у іх абсэсыўна-кампульсыўнага разладу не мелі такога эфэкту.

Аўтары мяркуюць, што такія вынікі сьведчаць пра важную ролю зорак і інфлюенсераў у пераадоленьні грамадзкай стыгматызацыі псыхічных разладаў.


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
Пры наяўнасьці выбару ежу чайкі ўсё адно аддаюць перавагу морапрадуктам

Дасьледнікі вывучалі выратаваных пасьля падзеньня з дахаў птушанят чайкі Larus argentatus. Іх разьмеркавалі на дзьве групы паводле дыеты: першая харчавалася марскімі прадуктамі, а другая – тыповай гарадзкой ежай (хлеб і каціны корм).

Раз на колькі дзён паддосьледным птушанятам прапаноўвалі на выбар 4 стравы, але птушкі заўсёды аддавалі перавагу звычайнай рыбе, незалежна ад дыеты, на якой яны гадаваліся.

Такім чынам, хаця чайкі лічацца непажаданымі жыхарамі гарадоў (выварочваюць сьметніцы, атакуюць людзей), яны ня будуць харчавацца даступнай чалавечай ежай пры наяўнасьць рыбы побач.

Птушанят потым выпусьцілі на волю.


Жадаеце быць у курсе самых свежых навін і цікавых фактаў аб штучным інтэлекце? 🧐⁣⁣⠀
⁣⁣Далучайцеся да Telegram-каналу BELAI, дзе вы даведаецеся пра сучасныя тэхналогіі AI іх уплыў на наша жыццё і будучыню. ⁣⁣⠀
⁣⁣⠀
Будзьце ў курсе сучасных інавацый і перспектыў, якія адкрываюцца перад намі дзякуючы развіццю штучнага інтэлекту. ⁣⁣⠀
⁣⁣⠀
Далучайцеся да BELAI ужо сёння і станьце часткай захапляльнага свету тэхналогій!

https://t.me/+_4jQGiY9AksxNGEy


Заолягі паслухалі біцьцё сэрца кажаноў падчас палёту

Вячэрніцы (Nyctalus) сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі Эўропы й селяцца непадалёк ад чалавека, але пра гэтых кажаноў дагэтуль вядома мала. Таму дасьледнікі пастанавілі ацаніць, колькі энэргіі жывёлам неабходна для выжываньня й якія стратэгіі эканоміі яны выкарыстоўваюць.

Як і ў людзей, частата сэрцавых скарачэньняў у кажаноў можа выкарыстоўвацца для ацэнкі энэргазатрат, таму каманда пачапіла на некаторых самцоў вячэрніц адмысловыя прылады для маніторынгу біцьця сэрца (0.8 г кожная) і пачала сачыць за імі. Праз тое, што дадзеныя маглі перадавацца толькі на невялікай адлегласьці, навукоўцам давялося літаральна лётаць разам з кажанамі ноччу на самалёце.

Апрача таго, што сэрцы самцоў скарачаліся з частатой 900 удараў за хвіліну, аўтары высьветлілі яшчэ й тое, што летам вячэрніцы спажывалі на 42% больш энэргіі, чымся ўвесну. Тлумачыцца гэта тым, што самцы амаль не выкарыстоўваюць кароткую сьпячку летам, бо ім трэба быць гатовымі да размнажэньня. Таксама аўтары кажуць, што для аднаўленьня запасаў энэргіі, кожная жывёліна мусіць зьесьці каля 33 хрушчоў ці 2 500 камароў за ноч.


Навукоўцы выявілі агульны для цяжарнасьці й раку мэханізм імуннай сыстэмы

Дасьледчая каманда засяродзілася на вывучэньні цяжарнасьці, каб зразумець, чаму некаторыя віды рака могуць пасьпяхова абыходзіць імунную абарону й свабодна разьвівацца. Высьветлілася, што існуе агульны мэханізм (B7-H4), які падаўляе імунную сыстэму як пры цяжарнасьці, так і пры раку. Толькі ў першым выпадку ён дапамагае захаваць плод, а ў другім дазваляе пухлінам расьці. Прытым рэгуляваньнем такога мэханізму «займаецца» гармон праґестэрон.

Для досьледаў дасьледнікі выкарыстоўвалі мышэй з ракам малочнай залозы й узоры тканак чалавека. Яны штучна блякавалі сыгналы праґестэрону, што ў выніку запаволіла разьвіцьцё пухліны й актывавала імунны адказ. Што праўда, эфэкт быў ня моцна выразным, таму каманда спадзяецца на далейшыя дасьледаваньні мэханізму.


Гарбатыя кіты былі больш шчасьлівымі падчас пандэміі COVID-19

Высьветлілі гэта навукоўцы, якія сачылі за папуляцыяй гарбатых кітоў Megaptera novaeangliae каля ўсходняга ўзьбярэжжа Аўстраліі. Для гэтага выкарыстоўвалі ня толькі здымкі зь бесьпілётнікаў [што дазваляе ацаніць запасы энэргіі, неабходнай для працяглых міграцый], але й аналіз ўзораў скуры й тлучшу, каб вызначыць экспрэсыю ґенаў і ўзроўні гармонаў, зьвязаных са стрэсам.

У выніку лябараторных аналізаў стала вядома, што ўзровень картызолу ў кітоў у 2021 годзе быў значна ніжэйшым, чымся ў 2020. То бок, кіты агулам адчувалі менш стрэсу.

Каманда мяркуе, што гэта пазытыўная рэакцыя на скарачэньне колькасьці шкодных рэчываў у марскіх экасыстэмах. Таксама сваю ролю тут мог адыграць і пачатак Эль-Ніньнё.


🧅 Каманда амэрыканскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Джэні Шэрстан знайшла шмат небясьпечных мэталяў у гігіенічных тампонах. Усяго было прааналізавана 60 узораў сродкаў розных вытворцаў з Эўропы, Вялікай Брытаніі й ЗША. У выніку мэталі ў розных канцэнтрацыях знайшліся ва ўсіх узорах. Сярод знойдзенага быў аршэнік (мышʼяк), цынк, волава, кадм і ванад. Паводле розных ацэнак, тампонамі карыстаюцца 43-86% жанчын у залежнасьці ад краіны, аднак гэта першае дасьледаваньне, у якім ацэньваецца канцэнтрацыя небясьпечных рэчываў.

🧅 Міжнароднае агенцтва па дасьледаваньні раку назвала тальк імаверным канцэрагенам, а акрыланітрыл – адназначным канцэрагенам. Тальк уяўляе сабою мінэрал з клясы сылікатаў, які выкарыстоўваюць у касьмэтычных сродках, леках і прадуктах харчаваньня. Акрыланітрыл – лятучае арганічнае злучэньне – выкарыстоўваецца для вытворчасьці полімэраў, зь якіх потым робяць плястмасы, вопратку й будаўнічыя матэрыялы.

На сёньня маюцца абмежаваныя дадзеныя пра сувязь тальку з ракам яечнікаў (досьледы на жывёлах і вузавых культурах), а вось для акрыланітрыла знайшліся пераканаўчыя сувязі з ракам лёгкіх і абмежаваныя – з ракам мачавіку.

🧅 У трапічных лясох Паўднёвай Амэрыкі дасьледнікі знайшлі тры новых віды расьлін, блізкіх да Theobroma cacao, з пладоў каторай робяць какаву. Такое адкрыцьцё дае надзею на тое, што ў будучыні чалавецтва не застанецца без чакаляды праз зьмены клімату.

Показано 20 последних публикаций.