🌟 Да 100-гадовага юбілею. 🌟
Іван НавуменкаІван Навуменка — знакаміты празаік, вядомы літаратуразнавец. Народны пісьменнік Беларусі (1995). Акадэмік АН БССР (1980). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978). Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна на Гомельшчыне. Вучыўся ў Васілевіцкай сярэдняй школе. За адзін год экстэрнам здаў экзамены за два класы. Марыў паступіць у інстытут, аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна. Удзельнічаў у падпольнай барацьбе з акупантамі, быў партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. З 1943 года — у дзейнай арміі. Ваяваў на 1-м Прыбалтыйскім, Ленінградскім, 3-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. Быў двойчы паранены.
Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў у раённым і абласным друку, а ў 1951—1952 гг. — у рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Звязда». Завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ (1950), потым навучаўся ў аспірантуры пры гэтай жа навучальнай установе. У 1953—1958 гадах — загадчык аддзела прозы часопіса «Маладосць». З 1958 года выкладаў у БДУ, дзе быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры (1972—1973). З 1973 па 1982 год — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1982—1991 гадах — віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 па 2002 год — саветнік Прэзідыума НАН Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання (1985—1990).
Не стала пісьменніка 26 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». Першы яго зборнік апавяданняў «Сямнаццатай вясной» выйшаў у 1957 годзе. У наступныя гады выдаў шматлікія зборнікі аповесцей і апавяданняў. Аўтар раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974) і інш. Стварыў трылогію «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997).
Напісаў літаратуразнаўчыя даследаванні пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, З.Бядулі, К.Чорнага і інш.
Выйшлі Зборы твораў у шасці (1981—1984) і дзесяці (2012—2017) тамах.
У 2011 годзе ў гонар народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме №36 па вуліцы К.Маркса, у 2023 годзе імя Івана Навуменкі нададзена вуліцы ў Мінску.
Творчасць І.Навуменкі вывучаецца ў сярэдніх і старшых класах. Апавяданне «Настаўнік чарчэння» разглядаецца на ўроках беларускай літаратуры ў VII класе. У спісы дадатковага чытання ўваходзяць аповесць «Дзяцінства» (VI клас) і апавяданне «Жуль Верн» (VII клас). Дарэчы, гэтыя два творы ўключаны ў
новую кнігу «Іван Навуменка. Зборнік твораў», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне».
У №1 «Беларускай мовы і літаратуры» да 100-годдзя пісьменніка змешчаны сцэнарый пазакласнага мерапрыемства А.Д.Вайцахоўскай «Іван Навуменка: пісьменнік свайго пакалення». За ўсе гады на старонках часопіса змешчана больш дзясятка распрацовак урокаў і навучальных матэрыялаў, сярод якіх навейшыя: «Паказ лёсу моладзі ў гады вайны ў апавяданні І.Навуменкі “Сямнаццатай вясной” (урок у ХІ класе)» Н.П.Саланевіч (2020, №2), «Вобраз Апалінарыя Феакціставіча ў апавяданні Івана Навуменкі “Настаўнік чарчэння” (урок у VII класе)» Т.М.Самарцавай (2021, №10), «Апавяданне I.Навуменкі “Настаўнік чарчэння” (тэставае заданне для вучняў VII класа)» С.У.Несцяровіча (2021, №12), «Рабочы аркуш да апавядання І.Навуменкі “Сямнаццатай вясной” (XI клас)» Н.Г.Казакевіч-Альшанец (2024, №2), «Падагульненне i сістэматызацыя вывучанага па тэме “Дзеепрыслоўе” з выкарыстаннем твора I.Навуменкі “Жуль Верн” (інтэграваны ўрок у VII класе)» Н.В.Бушыла (2025, №1), «Творчасць Івана Навуменкі: крыжаванка» Л.М.Балуевай (2020, №3) і некаторыя іншыя.
Івану Навуменку ў часопісе прысвечаны таксама публікацыі ранейшага часу даследчыкаў і метадыстаў В.В.Шура, У.А.Навумовіча, Н.Б.Рашэтнікавай, В.У.Праскаловіч, выкладчыкаў і настаўнікаў В.М.Белавус, Т.А.Федзюковай, М.І.Навумчыка і інш.
Выява: каляровы партрэт Івана Навуменкі, змешчаны ў часопісе №2 за 2020 год. Аўтар А.Прынькова.