«Ужо няраз зазначалася, што суджэньні нашыя могуць быць памылковыя г. ё. не адпавядаць сапраўднасьці, хоць чалавек імкнецца ўсьцяж пазнаць праўду, бо патрабуе яе для жыцьця. Чым болей чалавек пазнае, тым болей ён узброяны ў жыцьцёвым змаганьні, тым бліжэй да праўды. Што-ж такое праўда? Гэтым пытаньнем займаецца тэорыя пазнаньня — адна з філёзофічных навук. Вось-жа праўда ёсьць згоднасьць нашае думкі (мысьле ньня) з тым, што і як ёсьць. Пазнаньне праўды зьяўляецца заданьнем кожнай навукі. Аднак і пазнаньне нашае ёсьць адноснае (рэлятыўнае). Бо пазнаем мы толькі пры помачы нашых чуцьцяў, праз ворганы ня зусім дасканалыя, як мы пераканаліся пры разглядзе аддзелу аб наіўным рэалізьме. Рэшту, тое што чуцьцям чалавека ня прыступна, ён дадумываецца на аснове прыдбаных пазнаньняў. Ужо Джон Лёкк (1637—1704) выказаў думку, што нічога няма ў розуме чалавека, пакуль ня была ў яго чуцьцях. (Nihil est in intellectu, quod non fuerit in sensu).
Гэтую самую думку выказываў і Давід Юм, ангельскі філёзаф (1711 — 1776). Праўда — паняцьце да пэўнай меры суб‘ектыўнае. На падставе здабытых прадстаўленьняў з акружаючага нас сьвету, мы творым агульныя паняцьці , якія ўзьнікаюць дзякуючы індукцыі або дэдукцыі, аналізу або сынтэзу, абстракцыі й ассыміляцыі. Агульнае паняцьце мы можам акрэсьліць, як думку аб усіх прадметах пэўнае клясы наагул. Словы рака, сабака, рожа — ёсьць агульныя паняцьці. Калі мы кажам рака, то ня маем на думцы ані Нёману, ані Рэйну, ані іншае ракі, але раку наагул. У агульных паняцьцях разрозьніваем засяг і зьмест. Засягам агульнага паняцьця назавём усе прадметы, якія падпадаюць пад гэтае паняньце. Зьместам агульнага паняцьця — ўсе рысы, адзнакі, якія ўласьцівы ўсім прадметам данага засягу.»
Мікола Ільяшэвіч
«Кароткі нарыс псыхолёгіі /Мысьленьне»
1932 г.
#беларуская_думка
#філасофія