Posłuchaj, to do ciebie


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Music


Канал Вячаслава Радзівонава пра польскую музыку

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Music
Statistics
Posts filter


Калі падводзіў вынікі мінулага году, то адзначыў у сьпісе найлепшых рэлізаў альбом гурта Terrific Sunday і напісаў, што „Wzloty bez upadków” — гэта моцнае вяртаньне з зачынам на новыя посьпехі. Але вяртаньне апынулася кароткім. Сёньня музыкі апублікавалі зварот да прыхільнікаў, у якім абвесьцілі, што сканчаюць сваю дзейнасьць:

«Пасьля 12 гадоў дзейнасьці пад шыльдай Terrific Sunday мы прыйшлі да высновы, што гэты альбом — апошняя спроба „заваяваньня“ слухача, бо калі не з гэтым рэпертуарам, то ні зь якім. Празь некалькі месяцаў пасьля прэм’еры высьветлілася, што няма тых вынікаў, колькасьці слухачоў ці посьпеху, на якія мы разьлічвалі, на якія спадзяваліся. Таму мы прынялі рашэньне, што 2025 год будзе апошнім годам дзейнасьці гурта. Нам шкада, мы нават адчуваем злосьць, але вырашылі, што ня можам рабіць шчасьлівымі сябе ці слухачоў празь сілу».


Яшчэ адзін гурт, які рабіў добрую музыку, але ня здолеў жыць зь яе дапамогай…

Разьвітацца з Terrific Sunday можна будзе ў межах сакавіцкага тура, канцэрты адбудуцца ў Катавіцах, Кракаве, Познані, Варшаве, Уроцлаве, Гдыні і Торуні. У сталіцы музыкі граюць 22 сакавіка ў клюбе Chmury, пляцоўка маленькая, таму ня стаў марнаваць час і ўжо купіў квіток.


Звычайна няма нагоды ўзгадваць «Эўравізыю», але ў гэты раз варта напісаць. У польскі фінал у гэтым годзе трапілі Sw@da × Niczos зь песьняй „Lusterka”. Гэты падляшскі праект складаецца з польска-калумбійскага дыджэя Віктара Шчыгеля і сьпявачкі Нікі Юрчук. Адметны ён ня толькі цікавым спалучэньнем сучаснае танцавальнае музыкі з фальклорнымі элемэнтамі, але і тым, што тэксты песень напісаныя пераважна на падляшскае мове (гаворцы беларусаў Беласточчыны). Сама Ніка, у тым ліку, цудоўна сьпявае і размаўляе па-беларуску.

Мінулы год быў вельмі прадуктыўным для музыкаў. Яны вельмі шмат выступалі, пра іх пісала і беларуская, і польская прэса. А ўвосень выйшаў альбом #INDAWOODS, які я ўключыў у сьпіс найлепшых беларускіх альбомаў мінулага году. Крута, што цяпер пра Sw@da × Niczos даведаюцца яшчэ больш людзей. Фінал адбудзецца 14 лютага.

Дарэчы, год таму ў польскім фінале «Эўравізыі» быў беларус Pan Savyan зь мемнай песьняй „W Kolorku Amaretto”. Хай ён і не перамог, але ўдзел у конкурсе паўплываў на ягоную папулярнасьць. Паглядзіце на лічбы праглядаў на YouTube!


Учора зьявіўся анонс вялікага канцэрта Kult у Варшаве. Ён адбудзецца ў межах штогадовай Trasy Pomarańczowej. Увогуле нельга сказаць, што гурт выступае рэдка, нават бясплатных выступаў дастаткова. Але падзея важная, пляцоўка вялізарная, таму я вырашыў купіць квіток. Значыць зьявілася нагода распавесьці, чаму гэты канал называецца так, як называецца.

„Posłuchaj to do ciebie” — гэта назва другога альбому Kult, які быў выдадзены ў 1987 годзе. Ці варта казаць, што гэта культавы альбом? :) Часы былі цікавыя, гісторыя PRL падыходзіла да канца, вецер перамен дзьмуў усё мацней. Казік з кампаніяй у сваіх песьнях актыўна падымалі сацыяльныя тэмы, а таксама экспэрымэнтавалі з гукам.

Тут і панк, і рэгі, і джаз, і нешта падобнае на кабарэ. Тут вялікія песьні, якія добра апісваюць тую (а часам і цяперашнюю) Польшчу: „Polska”, „Wódka”, „Hej, czy nie wiecie”. Тут яшчэ малады высокі голас Казіка і той самы гук олдскульных сынтэзатараў (Roland Juno-60?).

Нягледзячы на эклектычнасьць, альбом „Posłuchaj to do ciebie” пасьлядоўны па структуры і мае выразны мэсэдж. Раю хаця б разок у яго паглыбіцца.

P.S. Цікава, але песьня „Posłuchaj to do ciebie” выйшла на першым альбоме „Kult”.


Калі пішаш у канал раз на паўгады, то трэба хаця б вынікі году падвесьці. Ён для польскіх музыкаў, на мой погляд, выйшаў ня самы яскравы. Але цікавых рэлізаў хапала. Я склаў свой топ польскіх альбомаў 2024-га і трошку распавяду пра лідараў.

Нумар адзін для мяне — гурт Kryształ са сваім другім альбомам „Poświaty”. Змрочная халодная хваля, якая па атмасфэры мяжуе ледзь не з блэк-мэталам (зрэшты, паглядзіце на тое, як напісана назва гурта на вокладцы альбома). Татальная мітрэнга і перадсьмяротныя танцы!

Пра новы рэліз KARAŚ/ROGUCKI я пісаў нават тут. Альбом таксама зусім нярадасны па настроі. Ну што зрабіць, калі я люблю такую музыку. Рады, што пасьпеў пабачыць іх жыўцом, бо праект спыніў сваё існаваньне. Затое іншыя гурты гэтых музыкаў — The Dumplings і Coma — адрадзіліся.

Познаньскі квартэт Terrific Sunday зусім не навічок, нават намінаваўся на Fryderyka у 2016 годзе. Але апошнія пяць гадоў гурт не падаваў прыкметаў жыцьця, пакуль у гэтым не выдаў вельмі моцны інды-рокавы альбом „Wzloty bez upadków” з процьмаю кранальных балад і энергічных баявічкоў. Моцнае вяртаньне з зачынам на новыя посьпехі.

1. Kryształ „Poświaty”
2. KARAŚ/ROGUCKI „Atlas Iskier”
3. Terrific Sunday „Wzloty bez upadków”
4. !BEN „!ROZJAZDY”
5. Hauntologist „Hollow”
6. JAVVA „P​ícaros”
7. Hoszpital „Kowerkot”
8. Dom Zły „Ku pogrzebaniu serc”
9. Heima „Świat z tektury” (EP)
10. Coals „Sanatorium”

А гурт году для мяне — маладыя варшавякі Metro. Я тройчы быў на іх выступах у гэтым годзе, і кожны раз атрымліваў неймавернае задавальненьне. Юнацкі драйв, энэргічны альт-рок з элемэнтамі пост-панка і вельмі гітовыя мэлёдыі. У мінулыя два гады яны выпусьцілі два крутых міньёны, а ў гэтым адзначыліся двума новымі сінгламі. Пакуль Metro мала вядомыя, але ядро аўдыторыі ўжо сфармавалі і маюць солд-аўты ў Chmury. Чакаем на навінкі і прарыў (хоць гэта няпроста ў Польшчы)!

P.S. Яшчэ зрабіў для вас адмысловы плэй-ліст з найбольш цікавымі трэкамі году


Ура! Coma абвесьціла тры jedyne i ostatnie канцэрты ў Варшаве (18 кастрычніка), Ўроцлаве (20 кастрычніка) і Катавіцах (24 кастрычніка). Чамусьці няма роднае для гурта Лодзі, але гэта іх справы, вядома ж. Будуць яшчэ тры канцэрты на фэстывалях улетку, але мне як раз хацелася паўнавартасны сольнік, ды каб у Варшаве. Усё будзе!

Квіткі
зьявяцца заўтра, 28 чэрвеня, а 12-й.


Кшыштаф Драбікоўскі (ён жа Хрыстафор) сёньня выклаў у Facebook скан судовага рашэньня па справе аб аўтарскіх правах на назву гурта Batushka. У паперы пазначана, што «раскольніку» Барталамею Крысюку забаронена выкарыстоўваць назву Batushka (ці «Батюшка») і што ўсе правы належаць Хрыстафору. Я калісьці пісаў пра гісторыю гурта і таго, як адзін юрлівы ўдзельнік вырашыў зарабіць на новае зьяве ў сусьветнай мэтал-музыцы. Цяпер жа гісторыя з нэймінгам павінна скончыцца, як і сусьветныя туры Крысюка, ахаха. Будзем чакаць на новы альбом сапраўднага Бацюшкі!


У пятніцу выйшаў альбом „!ROZJAZDY” дагэтуль невядомага мне маладога музыкі !BEN. Я мог прайсьці міма яго, як яшчэ міма дзясяткаў і соцень штоднёвых рэлізаў, але чамусьці ўключыў і не пашкадаваў. Хлопец стварае музыку на межах панка, шугейза і альтэрнатывы 90-х, а ў тэкстах рэфлексуе пра маладосьць і каханьне, дэпрэсыю і невядомую будучыню.

«Я вельмі спяшаўся запісаць гэты альбом, таму што адчуваў набліжэнне канца. Ня ведаў толькі да якога канца. […] Мне толькі што споўнілася 24 гады, я не магу сказаць, які гэта быў дзень, але раптам хтосьці адключыў мой наіўны хлапечы буфер. У мяне было моцнае пачуццё, што перыяд майго шчанюковага дзяцінства падыходзіць да канца. Я быў ужо не падлеткам, а маладым дарослым», — кажа ў прадмове да альбома !BEN.

І гэта так пераклікаецца з маім улюбёным мінулагоднім бэнгерам «Детство» ад такіх жа маладых хлопцаў, але зь Беларусі, «стой!стреляют». Настрой, вайб і нават музыка… І так і цягне паразважаць пра глябалізацыю і пра тое, што ніякія фізычныя межы не спыняюць агульнае адчуваньне часу і месца чалавека ў ім. Але хай пра гэтую мэтафізыку разважаюць тыя, у каго гэта лепей атрымліваецца. Я пакуль проста яшчэ раз уключу „!ROZJAZD”.


Я нават ня буду ў чарговы раз апраўдвацца, што закінуў канал, проста паведамляю. У праекта KARAŚ/ROGUCKI выйшаў новы альбом Atlas Iskier, і ён мне падабаецца!

Хто ня ведае, гэта гурт, які стварылі Пётр Рагуцкі, фронтмэн ужо неіснуючага гурта Coma (але мы памятаем, што ў гэтым годзе яны дадуць некалькі канцэртаў) і ўвогуле адна з галоўных асобаў у польскай музыцы апошняга часу, і малады таленавіты музыка Куба Карась. Яны робяць небанальную поп-музыку, натхнёную рамантызмам у музыцы 80-х.

Гэта трэці альбом за пяць гадоў працы. Ён працягвае рэтра-лінію ў гучаньні і тэму каханьня ў тэкстах. Але цяпер каханьне ня лечыць і не ратуе. Цяпер усё даволі змрочна па настроі, хоць і з кропелькаю аптымізма. „Mogę wyobrazić sobie, że kiedy zamykam oczy wszystko się kończy. Lecz na pewno wiem, że nie skończy się źle…”

Тур з новай праграмай пачынаецца сёньня. У Варшаве — канцэрт 22 сакавіка ў Stodoła.


Закінуў я канал, хоць не закінуў слухаць музыку, ў тым ліку польскую. Пад канец году напішу нешта пра вынікі, а пакуль не магу прайсьці міма радаснай навіны.

Перад нядаўнімі выбарамі гурт Coma паабяцаў даць некалькі канцэртаў, калі будзе рэкордная яўка. І музыкі стрымалі слова! Сёньня яны паведамілі, што ў другой палове 2024-га нас чакаюць прыкладна пяць выступаў.

«Гэта не перазагрузка гурта, у нас няма канцэртных плянаў на наступныя гады, у нас няма плянаў на новыя альбомы, кожны з нас вядзе сваю ўласную артыстычную дзейнасьць. Гурта як актыўнага творцы не існуе. Але гэта не адмяняе таго факту, што ў 2024 годзе будзе прыемна аддацца ўспамінам, недахопу рок-эмоцый ня будзе», — кажуць музыкі.

Падрабязнасьці будуць у наступным красавіку. Спадзяюся, што атрымаецца трапіць на канцэрт хоць дзе. Лічу, што Coma — адзін з найбольш яскравых рок-гуртоў у гісторыі польскае музыкі! Я толькі аднойчы змог пабачыць Coma жыўцом. У 2019 годзе гурт спыніў дзейнасьць.


Асацыяцыя вытворцаў аўдыёвідэапрадукцыі (Związek Producentów Audio Video) падсумавала вынікі першага паўгодзьдзя і падрыхтавала сьпісы найбольш папулярных рэлізаў у Польшчы. У іх улічваліся продажы як на фізічных носьбітах, так і на стрымінгавых пляцоўках.

На першым месцы апынуўся рэпер Kuban з новым альбомам „Spokój”, за ім ідуць альбомы Давіда Падсядла „Lata dwudzieste”, Sanah „Sanah śpiewa poezyje”, Avi „Mały książę” і Club2020 з „Club2020”.

Топ на стрымінгавых пляцоўках амаль нічым не адрозьніваецца: на першым месцы апошні альбом Давіда Падсядла, а за ім усё тыя ж Kuban, „Club2020” і два альбомы Sanah — „Uczta” і „Sanah śpiewa poezyje”.

Аднак найбольш цікавым апынуўся топ-5 вінілаў. Тут у лідэрах бокс-сэт „XLI” гурта Kult, які кожны квартал папаўняецца яшчэ адной часткай. Далей ідуць Depeche Mode („Memento Mori”), Metallica („72 Seasons”), а таксама польскія прог-рокеры Riverside („ID. Entity”) і усюдыісны Давіда Падсядла з дэбютнай плытай 2013 году „Comfort and Happines”.


Даўно не пісаў непасрэдна пра польскую музыку. Не сказаць, што шмат цікавага ў гэтым годзе. Але што-нішто зь нядаўняга спадабалася. Вось мой топ-3 нядаўніх рэлізаў.

Другі альбом гурта ZwidyNigdy nie będę taki, jak bym chciał”. Гурт грае інды з элемэнтамі эма і нават мат-рока. Гэта даволі лёгкая, але небанальная музыка. Мяне вельмі ўразіла вялікая колькасьць аўдыторыі старэйшага школьнага ўзросту на прэзэнтацыі альбома ў Варшаве. Добра, што хоць частка сучаснай моладзі выбірае не рэп :)

Яшчэ адзін варшаўскі гурт Metro выпусьціў сваю аднайменную іпішку „Metro”. Пра гурт можна нават сказаць, што ён з адной музычнай плыні разам са Zwidy. Тут, праўда, больш ухіл у шугейз і пост-панк, але ўсё даволі лёгка, без перагружаных гітар ці празьмерна сумных мэлёдый. Дарэчы, ўжо ў суботу можна паглядзець гурт жыўцом.

Кракаўскі музыка adaś. стрэліў у тым годзе з трэкам „dessous”. Дзякуючы яму ўжо мае добрую статыстку на стрымінгах, але яшчэ не траснфармаваў гэтыя лічбы ў сапраўдны посьпех. Магчыма, ў гэтым дапаможа новы EP „historia kolejnej znajomości.”. Усе песьні на ім прысьвечаны адносінам, якія заўжды канчаюцца разрывам. Так і альбом адкрывае эйфарычны баявічок z Tobą, але пад канец настрой песень значна мяняецца.


Часам у мяне пытаюць: як сачыць за анонсамі канцэртаў у Польшчы? Насамрэч, гэта складанае пытаньне. Я ня ведаю добрых сайтаў з падрабязнай афішай. Але я выпрацаваў для сябе дзейны мэханізм, зь якім гатовы падзяліцца.

1. Шмат для каго стане сюрпрызам, што Last.fm яшчэ жывы і хтосьці ім карыстаецца (магчыма, вы ўвогуле чуеце пра яго ўпершыню зараз). Але афіша там ледзь не найлепшая сярод усіх магчымых сэрвісаў. На старонцы Events вы можаце выбраць горад і паглядзець, якія мерапрыемствы там будуць. І іх там будзе багата!

2. Facebook. Яго ўвогуле ў Польшчы вельмі любяць. Паглядвайце за падзеямі побач, падпісвайцеся на музыкаў і арганізатараў канцэртаў (напрыклад, WiniaryBookings). Усе арганізатары анансуюць падзеі першымі. Ну, і найбольш актуальная інфармацыя пра любы канцэрт будзе менавіта на Facebook.

3. Глядзіце сайты апэратараў квіткоў. Вось некаторыя з папулярных: Eventim, Going, Ticketmaster, Bilety24, eBilet, GoOut. Там можна знайсьці мерапрыемствы, якія не трапіліся вышэй.

Бонусам будзе парада не адкладаць куплю квіткоў. У Польшчы солдаўты — звычайная справа. А яшчэ для вялікіх канцэртаў практыкуецца дынамічны прайс, калі кошт квіткоў зьмяняецца ў адпаведнасьці з попытам. Таму квіткі даражэюць удвая-ўтрая (хоць часам кошт вяртаецца да пачатковага ці можна нават стаць меншым у дзень канцэрта). Але гэта тычыцца, у першую чаргу, мерапрыемстваў на стадыёнах. Калі размова пра клюбы, то рэдка калі атрымаецца купіць квіток у апошні момант. Ёсьць сэрвісы, дзе можна знайсьці квіткі з рук, напрыклад, AleBilet ці Ticketswap, але заўжды ёсьць верагоднасьць напароцца на махляроў. Хутчэй за ўсё, грошы вы не згубіце, але і на канцэрт не трапіце.


Напэўна, галоўная навіна польскага шоў-бізнэсу апошняга часу! Прэса абмяркоўвае гісторыю, як жыхары дому ў варшаўскім раёне Павісьле скардзяцца на шум дзяцей у садку, які зьявіўся ў іх на першым паверсе. Сярод завадатараў… адзін з найбольш уплывовых мэтал-музыкаў краіны, фронтмэн гурта Behemoth, Адам Дарскі, больш вядомы як Нергал. У сваёй скарзе ў адміністрацыю раёна ён напісаў, што яго раніцай абуджаюць крыкі дзяцей, а таксама абураўся кінутымі ў пад'езьдзе бруднымі пялюшкамі. «Калі б нехта з нас пачаў разводзіць коз або стварыў сабачы прытулак, у суседзяў узніклі б праблемы», — цытуюць скаргу Нергала ўладальнікі садку. Я, як бацька 10-месячнай малечы і чалавек, які жыве ў кватэры з вокнамі на дзіцячую пляцоўку, магу спытаць: «У чым не мае рацыі пан Нергал?» :)

Дарэчы, ніякага садку ў старой камяніцы не мусіла быць. Але нехта выкупіў кватэру на першым паверсе і зрабіў такую ўстанову там, а сваю дзялянку ў закрытым дворыку аддаў пад гульні дзяцей. Уяўляю, як разносяцца дзіцячыя крыкі ў гэтым двары-калодзежы. Цяпер разьбіраецца ў справе суд.

Як кажа мой сябра Саша Ч., напішыце ў камэнтах, а ці хацелі б вы жыць у будынку зь дзіцячым садком? Ці можа вы бы хацелі жыць побач з зоркай мэтал-музыкі? 😆

P.S. За навіну дзякуй сябру Стасу А., у якога ёсьць цікавы канал пра польскі лад жыцьця. Падпішыцеся, мо ён стане часьцей нешта пісаць 😊

503 0 21 9 18

Мяне, як чалавека з сучаснай Беларусі, мала які абсурд можа зьдзівіць. Але «разагрэў» перад unplugged-канцэртам Lady Pank у суботу запомніцца мне на ўсё жыцьцё. На працягу амаль паўгадзіны перад публікай у палацы спорту Torwar выступаў… прадстаўнік мясцовага МНС, які распавядаў пра прафіляктыку пажараў і працу з газавымі катламі. Увесь гэты час ён манатонна чытаў лекцыю, спасылаючыся на розныя артыкулы нейкіх законаў з дакладнымі датамі пачатку іх дзеяньня і г.д. Мы жартавалі, што не хапае толькі пажарных апавяшчальнікаў, сьмяяліся і згадвалі менскую нацбібліятэку, пакуль гэты відны афіцэр не дастаў той самы апавяшчальнік і не ўключыў яшчэ на двух вялізных экранах рэкляму пра іх. Шматтысячны натоўп выглядаў разгубленым і ня ведаў, як на гэта рэагаваць, але напрыканцы зладзіў іранічныя авацыі. Такі вось «разагрэў» атрымаў гурт узамен за падтрымку горада ў арганізацыі выступу.

461 0 11 1 23



У Польшчы ёсьць ўзнагарода Fryderyki, якая ўручаецца з 1995 году, і за гэты час стала галоўнай прэміяй краіны ў галіне музыкі. Статуэткі атрымліваюць ня толькі поп-выканаўцы, але і джазавыя і сымфанічныя музыкі, мэталісты, аўтары саўнтдтрэкаў і г.д. Так што ўсё сапраўды глябальна.

Заўчора ў Глівіцах абвесьцілі чарговых пераможцаў. Сьпіс гіганцкі, таму зраблю кароткі агляд толькі папулярных накірункаў. Найлепшымі музыкамі мінулага году сталі Sanah i Mrozu. Зузанна ўжо не Юрчак, а Грабоўска (дзіўна, чаму не ўзяла падвойнае прозьвішча, што вельмі распаўсюджана ў Польшчы) атрымала таксама ўзнагароду за найлепшы паэтычны альбом. Трыюмф Mrozu для мяне выглядае нечаканым. Ну, я яшчэ шмат чаго не разумею тут, таму прабачце :) Лукаш Мруз узяў пяць статуэтак, у тым ліку за найлепшыя альбом („Złote bloki”) і песьню году („Za daleko”). Калі каротка, то гэта такая прыфанкованая дыска-поп-музыка, натхнёная шэрагам музыкаў розных часоў: ад Чэслава Немана да Weeknd.

У Brodka дзьве ўзнагароды: за найлепшы альтэрнатыўны альбом („Sadza”) і кліп на загалоўную песьню (ён круты, гэта праўда). Найлепшы электронны альбом у Skalpel („Origins”), хіп-хоп-альбом — у Szczyl і Magiera („8171”), рок-альбом — у Dezerter („1986 Co będzie jutro?”), метал-альбом — у Behemoth („Opvs Contra Natvram”). Знакамітыя мэталісты нават выступілі на цырымоніі, разбавіўшы амаль цалкам папсовы склад музыкаў. Дарэчы, паглядзець запіс Fryderyki 2023 можна на юцюбе.

P.S. Давід Падсядла зь сямі намінацый перамог толькі ў дзьвюх: як найлепшы кампазытар, сумесна з Кубай Галіньскім, і за найлепшы канцэртны запіс („Leśna Muzyka”). Найлепшым артыстам году ён стаў толькі аднойчы, у 2014-м, хаця за гэты час стаў галоўнай зоркай краіны. Парадокс.


Я амаль ня слухаю тое, што зараз называюць рэпам. Пераважная большасьць цяперашняга папулярнага рэпчыку — гэта аднастайная папса пабудаваная на прадказальных музычных хадах і плюгкіх тэкстах для дзяцей малодшкага школьнага ўзросту. Гэта настолькі глябалізаваная і штучная зьява, што адрозьніць «рэпераў» з ЗША, Францыі ці Польшчы можна толькі па мове (калі разьбераце ўвогуле, што яны там кажуць). Вядома, ёсьць наватары і проста цікавы выключэньні, і гэта хоць неяк ратуе стыль.

Сярод такіх для мяне — варшаўскі дуэт Lordofon. У 2020 годзе музыкі выпусьцілі дэбютны альбом Koło з магутным гітом Grawitacja. Гурт гучна стрэліў, але апошні час ад яго навінаў не было, пакуль на днях не зьявіўся новы сінгл Pętla. У ім усё тое, за што Lordofon палюбіліся мне і іншым слухачам: умелае спалучэньне індзі-музыкі, хіп-хопу, поп-мэлёдый і небанальнай лірыкі. Гурт ужо анансаваў рэліз новага альбому ўлетку гэтага году. Чакаем!


Новы альбом сьпявачкі Pola Rise (яна ж Паўліна Мілаш) можа і не стане звышпапулярным, але атрымае пэўны посьпех. Hikikomori — гэта канцэптуальная праца, якая складаецца ня толькі з музычнай часткі, але і з кнігі, якая выйшла адначасова з альбомам. І тэкст, і песьні прысьвечаныя тэме адзіноты і сацыяльнай ізаляцыі, што зразумела з назвы. Пра кнігу нічога не скажу, але музычная частка вельмі якасная. Гэта задуменная поп-музыка з прыгожымі мэлёдыямі і небанальнымі аранжыроўкамі. Сваім нардычным электронным саўндам плытка нагадвае працы Susanne Sundfør ці іншага польскага праекту BOKKA. Я ўжо сустракаў у польскай прэсе выказваньні, што гэты альбом можа стаць пэўнай тэрапіяй для тых, хто, як і лірычны герой твора, захрас у хікікаморы. Паслухайце і падзяліцеся эмоцыямі.


Сёньня выйшлі альбомы адразу ў двух вэтэранаў польскага року — Myslovitz і Farben Lehre.

Myslovitz адзначаюць 30-годзьдзе дзейнасьці, але не сказаць, што гурт перажывае добрыя часы. Пасьля адходу да сольнай дзейнасьці Артура Роека ў 2012 годзе вакалістам стаў Міхал Кавалёнак, але і ён празь нейкі час вырашыў пакінуць гурт. З 2019 году фронтмэнам зьяўляецца Матэўш Пажыменса, якому было сем гадоў, калі Myslovitz выпусьцілі свой першы альбом. Нягледзячы на пературбацыі Myslovitz актыўна выступаюць, а цяпер выдалі і новы альбом, праца над якім вялася, між іншым, на студыі Abbey Road. На Wszystkie narkotyki świata хапае добрых мэлёдый, якасных аранжыровак, але мяне ён пакуль не зачапіў. Магчыма, трэба паслухаць яшчэ пару разоў.

З Farben Lehre усё прасьцей. Войцэх Войда зь сябрамі ўжо 37 гадоў робіць прыкладна аднолькавую музыку — вясёлы панк-рок, пад які файна прыгаць на фэстывалі ці піць піва зь сябрамі ў бары. На альбоме Na zdrowie (праўда, назва шмат пра што кажа? :) усё, што падабаецца ў Farben Lehre: хваля пога-баявікоў зьмяняецца мернымі рэгі-песенькамі ці ўласнай акустычнай вэрсіяй „Bella ciao”.


У Pidżama Porno ёсьць песьня Chłopcy idą na wojnę. Яна была прэзэнтаваная на альбоме „Marchef w butonierce” у 2001 годзе, увайшла ў зборнік „Pidżamówka”, прысьвечаны 35-годзьдзю гурта, а таксама вярнулася ў канцэртны рэпэртуар гурта ў мінулым годзе. Пераказваць зьмест няма сэнсу, але нават з назвы зразумела пра што гэта песьня. Яна наўпрост пераклікаецца са знакамітым антываенным гімнам «Дзе кветкі?» (беларускамоўную вэрсыю якога, дарэчы, надоечы зрабіў Лявон Вольскі), але Грабаж дадаў уласьцівай яму іроніі і шчырасьці.

Але зараз недастаткова быць проста за мір ва ўсім сьвеце, і як раз Pidżama Porno гэта добра разумеюць. Пра тое і апошні выдадзены на дадзены момант сінгл гурта „Buczy”, і ўкраінскія сьцягі падчас выступаў, і канкрэтныя словы са сцэны, і дапамога па-за сцэнай.

20 last posts shown.