Паляўнічы на вершы


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Books


Нататнік беларускай літаратуры.
Цёплы і ўтульны.

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Books
Statistics
Posts filter


Луг вывярнуў кажух
Сушыць пасля дажджу.
Апала неба
Хмарай ускаламачаннай.
Даўно яно было.
А я дасюль гляджу
На свет
Праз прызбу
Хаты матчынай.


Я кінуў жменю слоў жывых
У сэрца, зраненае болем,
Але яно адвергла іх...
І я засеяў зернем поле.


Нават самыя светлыя і пяшчотныя словы не могуць выказаць усёй паўнаты пачуццяў, якія абуджае мамін вобраз. Хто сагрэў цябе сваім сэрцам? Мама. Хто адкрыў табе свет, поўны хараства і таямніц? Мама. Хто яшчэ ўмее так, як яна, ціха тужыць у адзіноце, чакаючы дзяцей, радавацца імі, аддаваць апошняе, дараваць за няўвагу?.. І як бы ні пасталелі і як бы далёка ні ад'ехалі дзеці ад роднай мясціны, яна застаецца для іх тою ж матуляю – добрай, ласкаваю, чулаю.


Перакладаю шэпт дажджу,
пагляд вачэй,
трымценне гаю...
Кранаю,
слухаю,
гляджу,
я не пішу – перакладаю.

Алесь Разанаў


Чалавек змалку павінен любіць Радзіму і ў сэрцы сваім праносіць вобразы яе праз усё жыццё сваё, павінен змалку чуць і казаць пяшчотныя словы пра яе. Нам Бацькаўшчына – Беларусь. А з чаго яна пачынаецца? Для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца індывідуальна – з таго запаветнага кутка, той мясціны, дзе ён убачыў свет, дзе сказаў першае слова, ступіў першы крок. "Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка", "Бацькаўшчыны не купляюць і не прадаюць", "Ідзі ў родны край, там – і пад елкаю рай", "Кожнаму дразду жаль па свайму гнязду". Гэта – беларускія народныя прыказкі. У іх, праўдзівых і помных, – багатая мудрасць, вялікая духоўная энергія.

Родны кут, родная старонка, родная зямля... Якія святыя паняцці! Як бацька, і маці. Чалавеку заўсёды было ўласціва пачуццё роднасці з той зямлёю, на якой ён нарадзіўся і якая яго ўскарміла, узгадавала. Пра гэта ж казаў і славуты Францішак Скарына, разважаючы спярша пра тое, што і звяры знаюць ямы свае, птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы чуюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае...

Пра нашу Бацькаўшчыну можна гаварыць доўга, ды важна сказаць галоўнае: з часоў старажытных яе паважалі ў свеце; на працягу многіх стагоддзяў тут паўнакроўна пульсавала жыццё, развіваліся рамёствы, багацелі гаспадарка і культура; цягам стагоддзяў старажытная беларуская мова мела статус дзяржаўнай (на ёй друкаваўся "Статут Вялікага княства Літоўскага"), захоўваліся, шанаваліся добрыя традыцыі...

Васіль Жуковіч


З прадзедаў, з дзедаў,
З бацькі і з маці,
З роду праз род,
З учора ў сёння,
З сёння ў заўтра,
З плыні ў плынь,
З думкі ў думку,
Нязведаным тропам...

Іду ад сябе да сябе.

Валеры Дубоўскі


Голасам моцы, ціха і важна
Гром пракаціўся ўгары.
Луг адазваўся грому працяжна,
Лес адгукнуўся стары.
Гай страсянуўся, дрогнула поле,
Долы той гук паняслі.
Ў гэтым раскаце чуецца воля,
Чуецца радасць зямлі.
Ў грукаце гэтым многа ёсць сілы,
Чуецца моц і прастор...
Першыя громы! Сэрцу вы мілы,
Люб мне ваш смех паміж гор.
Міл майму сэрцу гоман далёкі,
Водгук вясёлы і шум.
Гром ты магутны, гром адзінокі!
Колькі ўскатурхаў ты дум!
Моцна мяне ты клічаш на волю –
Цяжка без волі мне тут.
Кланяйся, громе, роднаму полю,
Родны вітай ты мой кут!

Якуб Колас


Галубок буркуе,
Зязюля кукуе,
Сарока стракоча,
А бацян клякоча.
Усе птушкі мову маюць,
Мовай роднай размаўляюць,
Мілагучнаю, сваёй, –
Гэтак, як і мы з табой.

Ценькае сінічка:
"Дзе мая сястрычка?"
Цёхкае салоўка:
"Дзе мая сяброўка?"
Ластаўка шчабеча:
"Дзе мая малеча?"
Кукуе зязюлька:
"Дзе мая матулька?"

Усе птушкі мову маюць,
Мовай роднай размаўляюць,
Мілагучнаю, сваёй, –
Гэтак, як і мы з табой.

Васіль Жуковіч


– Варвара, што будзеш: шарлотку ці сала?
– Сала-сала-сала-сала!
Наш чалавек!


Гэта многа – слухаць вечнасць,
Піць зямлі гаючы пах.
Любавацца Шляхам Млечным
І любіць няпросты шлях.
Мне ісці ім да знямогі,
Мне таптаць яго жарству.
На скразных вятрах эпохі
Я не пасынкам жыву.
І святло не згасла ў хаце,
У радзіннай старане,
І Радзіма разам з маці
Спадзяюцца на мяне.

Алесь Пісьмянкоў


А ўсё ж дзяржаўная абяцанка шчаслівай будучыні для людзей прыгрэўная. Асабліва – будучыні далёкай. Ведаеш, што не спраўдзіцца, але ж калі тое будзе... Дык і падбухторваеш сябе жыць, нават вітаміны з водарасцяў п'еш, каб у часе дацягнуць да мяжы абяцанкаў, пераканацца, што нават міражоў нямашака.

Сяргей Рублеўскі


Родны край Беларусі,
Ты мне любы да болю!
Я цябе не зракуся
Нізашто і ніколі!
Толькі гляну навокал,
На пагоркі, лагчыны, –
Колькі радасці сокаў
П'ю з знаёмай карціны!
А як думка наўецца,
Што кране цябе вораг, –
Цяжка сэрца заб'ецца,
Гнеў успыхне, як порах.
Чуў я, хмыкалі людзі:
"З'едзь адсюль за паўсвета –
Дык і край свой забудзеш,
Ім не будзеш сагрэты".
Толькі з гэтым змірыцца
Я павек не згаджуся:
Маёй сілы крыніца –
Родны край Беларусі.

Ніл Гілевіч


Даражыце жыццём – аднойчы
Сэрца вырвецца з цішыні:
І сярод красавіцкай ночы –
Белы твар ад бальнічнай сцяны.
Здрыганецца душа ў бяссонні.
Сон прытуліш да жару грудзей...
Ох, які ты балючы сёння,
Ураджайны на стрэсы дзень!
Даражыце жыццём... у вокны
Палыхне, як жар, святло...
І такой цішыні навокал,
Колькі помню сябе, не было.

Валянціна Аколава


Ёсць выслоўі, у якіх з гадамі не зазнаеш аніякага сумнення, а толькі тое ці іншае пацвярджэнне.

Напрыклад: жыццё – тэатр, усе людзі ў ім – акторы.
Адна бабулька перад смерцю наказала блізкім: "Вось вам прыпасёныя грошы – купіце новую абстаноўку. У нас такая годная, прывечаная сям'я, людзі прыйдуць развітацца, а ў хаце абы-што, ламачча старадаўняе. Трэба абнавіць мэблю – і сценку, і мяккі куток купіць...".

Адмысловыя дэкарацыі на апошні выхад. Роля запатрабавала.


У абкладны дождж сцішана, нерухома, нібы агаломшаныя, стаяць пад цуркамі імклівых кропляў антылопы, алені, буйвалы, каровы... Мусіць, слухаюць, як расце трава...


Муж храпе – і жонка зноў і зноў прачынаецца, пакуль, раздражнёная, не сыходзіць у асобны пакой на вузенькую канапку.

Палюбоўніца ўважае гэты храп за мілагучча доўгачаканага сумоўя. І таксама сыходзіць, толькі на кухню. Гатуе сярод ночы гарбату, паліць і скрушна думае пра звужанасць лёсу.

А ён храпе. Такое ў яго захворванне.


Народзе мой! Стагоддзямі твой лёс
Не ты, не сам – другія вырашалі.
Якой ты долі хочаш – не пыталі,
З тваіх крывавых смеючыся слёз.
Тваіх сыноў найлепшых з году ў год,
Як на крыжы Ісуса, распіналі,
На шыбеніцах вешалі, ссылалі
На катаргу – на змор, на грызь сухот.
А ўсе твае прыродныя дары,
Усе багацці-скарбы заграбалі
Сабе – нязваныя гаспадары.
Тваю душу, як грушу, абіралі.
На дом уласны на сваім двары –
Апошнюю надзею адбіралі.
Апошнюю надзею адбіралі, –
Маўляў, канай, бязмоўны і сляпы!
Чыноўнікі, асветнікі, папы –
Адзіным крыкам-хорам горла дралі,
Адно і тое ўсцяж таўклі-малолі,
Даводзячы, што ты – зусім не ты,
Ты – проста выдумка, ты – гук пусты,
Цябе няма і не было ніколі!
Тады й знашоўся, між усіх адных,
Хто не прадаў сумленне за спакусы;
Свабоды рыцар, праўды пабрацім,
Ён гнеўна грымнуў: "Пачакайце, хлусы!
Зарана каркаеце! Паглядзім
Яшчэ, што скажуць самі беларусы!.."

Ніл Гілевіч


Толькі крывадушнікі адразу, лёгка адказваюць на жаночае пытанне: ты мяне кахаеш? Яно ж заўсёды недарэчнае. Калі кахаеш, няма патрэбы пра гэта казаць: пацалуеш, прылашчыш... Калі не – сумуешся: і чаму яна змушае да няшчырасці?


Давай з табой на развітанне
Дап'ём салодкае віно,
Успомнім першае спатканне
І ўсё, што канула даўно.
Як разам салаўінай ноччу
Збівалі срэбную расу,
Як я шаптаў, што не сурочу
Тваю дзявочую красу.
Ты ўпершыню назвала: "Любы",
Як толькі маладзік зайшоў,
Твае асмужаныя губы
Я, не шукаючы, знайшоў.
Так праляцела паўстагоддзя,
Нібыта ў нямым кіно.
Давай цяпер у поўнай згодзе
Дап'ём салодкае віно.

Сяргей Грахоўскі


БОГ НАМ МОВУ ДАЎ, ЧУЕЦЕ, ЛЮДЗІ?

Бог нам мову даў, чуеце, людзі?
Каб на ёй мы маглі гаварыць.
І ў халодны зімовы студзень
Цеплыню ўсім навокал дарыць.

Ён нам мову даў, ведаеш, сябра?
Каб мы разам жылі на зямлі,
І каб шлі мы са Словам і з праўдай,
І каб сэрца сваё збераглі.

Госпад мову даў, бачыш ты, дружа?
Шмат чаго на ёй можна сказаць.
Апісаць і цюльпаны, і ружу
І пачуцці свае перадаць.

Бог нам мову даў, верыш, народзе?
Таму будзьма яе шанаваць.
Не дазволім, каб нейкі там злодзей
Мову родную змог адабраць!

20 last posts shown.

306

subscribers
Channel statistics