Нагадаем, улетку мы былі вымушаныя паведаміць, што брытанскія праваўладальнікі адмовіліся у падаўжэнні правоў на беларускае выданне серыі пра Гары Потэра, спасылаючыся на жорсткія санкцыі Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі як краіны-суагрэсара і прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні самой Роўлінг.
Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў, нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло, чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове.
Складаем высокія падзякі для Ірыны, Юрыя і асабліва Лёні Козікавых, якія навялі масты і пераканалі брытанскі бок па-новаму паглядзець на праблему. Шчыра ўдзячныя Таццяне Нядбай і ўсёй камандзе Беларускага ПЭНа за камунікацыю і непасрэдныя рашэнні, Англійскаму і Міжнароднаму ПЭН-цэнтру за імклівае падключэнне да справы і паспяховыя вынікі.
Дзякуем усім, хто шчыра прапаноўваў сваю дапамогу, а мы ёю не скарысталіся. Справа патрабавала цішыні і часу, выбачайце, калі гэта выглядала як ігнараванне. Гэта зусім не так.
Ёсць і кепскія навіны. Мы заключылі новы кантракт на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на нашых пляцоўках: у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме
knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon. Яшчэ горш,
іх ЗАБАРОНЕНА прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расіі. А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь. Спадзяёмся, што нягледзячы на гэтыя перашкоды, нашы чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні.
Мы ідзём ва-банк, амаль усе нашы фінанасавыя рэсурсы пойдуць на друк новых накладаў кніг пра Гары Потэра. Іншыя праекты, сярод якіх творы Рэя Брэдберы, Хорхе Луіса Борхеса, Рэбекі Кван, Айн Рэнд, Фрэнка Герберта і інш., адкладаюцца да лепшых часоў. Мы не атрымліваем ніякіх уліванняў (па-за конкурсам «Шуфлядка») ад нашых грантаразмеркавальных структур.
Калі ў вас ёсць фінансавыя магчымасці, падтрымайце нас на
Patreon i
Zrzutka. Альбо проста купляйце нашы кнігі і далучайцеся да чытання! Гэта найлепшае прызнанне нашай працы.