Дакладная праграма перадач на сённяшнюю раніцу (26.09.2026)Мы доўга рыхтаваліся да гэтай восеньскай раніцы, каб вы маглі паслухаць наступныя перадачы:
10:00 Маша і Тамаш. Тэставы ранішні эфір Машы Лапо і Тамаша Мінчонка. У гасцях — медыямастак Максім Тымінько, які жыве ў Амстэрдаме і завітаў у Варшаву на пару дзён. Тыдзень таму Максім зладзіў акцыю A Piercussion Piece, пра якую і распавядзе. Таксама ён вядомы праектам, у якім 50 мастакоў спявалі хорам тэорыі фізікі пад фартэпіяна і тэрменвокс.
11:30 Нейкая паўза, якую мы запоўнім ці то звычайным эфірам Літрадыё, ці то паспрабуем зладзіць прамыя ўключэнні з вамі, з нашымі слухачамі і слухачкамі.
12:00 Ісціна нідзе. Ужо знаёмыя вам Паліна Казарава, Мікіта Адашчык і Максім Кудрэвіч абмяркуюць, падаецца, самы бэстсэллерскі бэстсэллер апошняга года. Калі не здагадаліся, што за ён, адказ будзе ў жывым эфіры.
13:00 Ці крыху пазней — новы выпуск падкаста "Адкуль бяруцца кнігі" з пісьменніцай Юляй Арцёмавай. Яна распавядзе, чаму не можа не пісаць, нягледзячы на пакуты, як шукае голас для кожнага тэкста і ці магчыма ператварыць самацэнзуру ў мастацкі прыём, калі пішаш пра рэальных людзей.
Звярніце ўвагу, што час варшаўскі.
Сябры, мы заўважылі, што скарбонка Літрадыё амаль апусцела, там засталося літаральна 400 злотых. Калі вам падабаецца, што мы робім і вы можаце нас падтрымаць, не стрымлівайце сябе, зрабіце гэта проста
зараз. Нагадваем, што адзінай крыніцай нашага фінансавання з'яўляюцца вашы данаты. Мы проста не можам марнаваць час у пошуках грантаў, бо хочам аддаць увесь наш час літаратуры, літрадыё, падрыхтоўцы новых эфіраў і публікацый на сайце. Дзякуй, што застаецеся з намі!
Сайт |
Ютуб