Беларуска – пра тое, што адбываецца ў ЗША пасля прыходу Трампа
▪ З прыходам Трампа палярызацыя ў грамадстве дасягнула піку. Яго палітыка пабудавана на пошуку ворага: віна за ўсе праблемы ўскладаецца на эмігрантаў, ЛГБТК-супольнасць, лібералаў. Гэта падзяляе людзей, і нават у сем’ях і сяброўскіх колах з’яўляюцца канфлікты: «Ты галасаваў за Трампа – мы больш не сябры».
▪ Сярод ліберальна настроеных людзей пануе адчуванне нестабільнасці. Адзін дзень здаецца, што ўсё коціцца ў бездань і краіна ператвараецца ў фашысцкую дыктатуру, а назаўтра з’яўляецца надзея, што дэмакратыя выстаіць.
▪ Пратэстаў у Амерыцы цяпер няшмат. Гэта можна растлумачыць даверам да сістэмы: амерыканцы, у адрозненне ад беларусаў, з дзяцінства вучацца верыць у дэмакратыю і ў тое, што правасуддзе працуе. Нават нягледзячы на тое, што робіць Трамп, многія перакананыя, што яго можна спыніць законным шляхам.
▪ Паводле статыстыкі, рэйтынг Дэмакратычнай партыі істотна знізіўся. Людзі не бачаць выразнай палітычнай барацьбы. Рэспубліканцы дзейнічаюць гучна і агрэсіўна: Трамп кідае абразы, грукае кулаком па стале. І гэта працуе – людзям важна бачыць дзеянні.
▪ На гэтым фоне дэмакраты выглядаюць млява. Людзям патрэбны лідар, хочацца ўпэўненага, гучнага і натхняльнага голасу. Такіх людзей у Дэмакратычнай партыі мала.
▪ Напрыклад, калі Трамп выступаў у Кангрэсе, дэмакратычныя кангрэсвумен проста апранулі ружовае. Рэакцыя грамадства была красамоўнай: «Сур’ёзна? Вы змагаецеся з фашызмам ружовым колерам?»
▪ Магчыма, Трамп стане тым каталізатарам, які прымусіць дэмакратаў змяніцца. Калі яны не хочуць канчаткова страціць пазіцыі, ім давядзецца выйсці са сваёй «зоны камфорту» і перагледзець палітыку.