cybulinka.


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Edutainment


Пішу цікавосткі пра рознае.
Ваш @sabaczka


Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Edutainment
Statistics
Posts filter


Дайджэст 22

🧅Амэрыканскія дасьледнікі мяркуюць, што існуе генэтычна абумоўленая ўнівэрсальная сыстэма невэрбальнай камунікацыі. Гэта спраўдзілі ў простых досьледах зь дзецьмі 3-12 гадоў (мовы: 🇬🇧 і 🇹🇷). Спачатку дзяцей прасілі з дапамогай жэстаў і словаў паказаць дзеяньне, напрыклад, бег у дом. А потым іх прасілі зрабіць тое самае, але толькі жэстамі. Аўтары заўважылі, што ў першым выпадку жэсты адрозьніваліся ў залежнасьці ад мовы, на якой гаварылі дзеці, а вось у другім выпадку, калі тлумачыць дзеяньне трэба было без словаў, жэсты былі амаль аднолькавымі.

🧅Скандал у сусьветнавядомых унівэрсытэтах. Пасьля таго як хамас сваім нападам на Ізраіль справакаваў абвастрэньне канфлікту ў Газе, у некаторых амэрыканскіх унівэрсытэтах распачаліся дэманстрацыі, на якіх часта гучалі антысэміцкія заклікі. У выніку прэзыдэнтак трох вядомых установаў выклікалі ў Кангрэс, дзе спыталі, ці парушаюць правілы й кодэксы іхных унівэрсытэтаў заклікі да генацыду яўрэяў. Аднак цямнага адказу не прагучала. Пасьля таго, як відэа з допытам разьляцелася па сеціве, спонсары Пэнсільванскага ўнівэрсытэту адклікалі гранты на суму $100 млн і запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнткі Ліз Мэгіл. Затрымацца на пасадзе не дапамагло нават відэа з выбачэньнямі тлумачэньнямі. А вось прэзыдэнтка Гарвардзкага ўнівэрсытэту Клёдын Ґей пакуль проста выбачылася за спрэчны выступ.

🧅Кампанія па генэтычнаму тэставаньню 23andMe пацьвердзіла кастрычніцкую ўцечку дадзеных. Паведамляецца, што хакеры атрымалі доступ да 14 000 уліковых запісаў з дадзенымі пра магчымых сваякоў, але непасрэдна генэтычныя зьвесткі засталіся некранутымі. Агулам былі скрадзеныя дадзеныя 6.9 млн чалавек. 23AndMe робіць разнастайныя дасьледаваньні на аснове ДНК, найбольш папулярнымі сталі аналізы паходжаньня й магчымых сваякоў.

🧅Утропы за Вялікабрытаніяй Злучаныя Штаты дазволілі CRІSPR-тэрапію спадчынных захворваньняў. Адмысловы прэпарат на базе ствалавых клетак пацыентаў можна будзе прымяняць з 12 гадоў.

🧅Hubble зноў працуе. Ад 8 сьнежня інжынэры пачалі паступова ўключаць сыстэмы абсэрваторыі, таксама адзначаецца, што ўсе гіраскопы працуюць звычайна 🤞


Звычайнае абсьледаваньне на апараце МРТ ператварылася ў сапраўдны баявік

У справаздачы па непажаданых выпадках для FDA падрабязна апісваецца незвычайны выпадак з 57-гадовай пацыенткай. Жанчына мусіла прайсьці сканаваньне на апараце МРТ і, відаць, адчувала небясьпеку, бо таемна пранесла туды пісталет. У выніку пісталет пачаў прыцягвацца магнітным полем і стрэліў пацыентцы ў правую ягадзіцу.

На шчасьце, раненьне было невялікім, таму лекар аказаў дапамогу на месцы. Таксама паведамляецца, што падчас стандартнай праверкі перад абсьледаваньнем, у пацыенткі спыталі наконт наяўнасьці мэталічных прадметаў і зброі, але яна адказала адмоўна.

Праз тое, што магніт апарата заўсёды ўключаны, уваходзіць у кабінэт з мэталічнымі прадметамі катэгарычна забаронена. Апісана шмат выпадкаў, калі людзі траўмаваліся й гінулі ад інвалідных вазкоў, кіслародных балёнаў і мэталічных анальных стымулятараў.


Прагляд тэлевізара й кіно нэгатыўна адбіліся на фантазыі людзей

Аўтары новага дасьледаваньня пацьвердзілі, што чытаньне спрыяе разьвіцьцю фантазыі, а прагляд тэлевізара й кіно – не. Мяркуецца, што нэгатыўны ўплыў у апошнім выпадку зьвязаны з тым, што па ТБ і ў кіно мы бачым гатовыя вобразы, а вось падчас чытаньня, калі гэта не штосьці вельмі спэцыфічнае, нашыя мазґі актывуюць свае здольнасьці мысьленнай візуалізацыі.

Агулам фантазыя грае важную ролю ў разьвіцьці асобы чалавека й уплывае ня толькі на творчасьць, але й эмпатыю ды здольнасьць плянаваць. Таму фантазыю важна разьвіваць у дзяцей, у тым ліку з дапамогай кніг.

Дасьледаваньне ладзілася з удзелам больш за 200 маладых людзей, якім паказвалі фільмы й тэксты, а потым прасілі ўявіць і параўнаць аб’екты ці пэрсанажаў. Прытым тут аўтары не выкарыстоўвалі дадатковых апаратаў для вымярэньня мазґавой актыўнасьці, а наўпрост адсочвалі час🤷‍♂️

Вынікі паказалі, што пасьля чытаньня тэкстаў удзельнікі хутчэй і больш дакладнана давалі рады заданьню, чым пасьля прагляду фільмаў. Таксама гэта можа сьведчыць пра тое, што для стварэньня вобразу ў мазґах выкарыстоўваецца ня толькі зрок.


😴💡Сон палепшыў запамінаньне й дадаў ілжывых успамінаў

Псыхолягі зь Ёркскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі высьветлілі, што сон пасьля актыўнага завучваньня станоўча ўплывае на запамінаньне, але існуе рызыка фармаваньня памылковых успамінаў.

Аўтары прапанавалі 488 ахвотнікам запомніць сьпіс блізкіх па сэнсу словаў, а потым аднавіць яго па памяці праз 12 гадзін. Пры гэтым некаторым удзельнікам дазволілі паспаць пасьля завучваньня сьпісу.

Вынікі паказалі, што тыя, хто меў магчымасьць прыдрамнуць у прамежкавы пэрыяд, агулам паказвалі лепшыя вынікі ў запамінаньні. Але ўдзельнікі гэтай групы часьцей дадавалі ў выніковы сьпіс тое, чаго не было.

Напрыклад, калі першапачаткова ў сьпісе былі словы «мэдсястра, больніца й хірургія», людзі часьцей прыпляталі туды яшчэ і «лекара», калі аднаўлялі сьпіс па памяці. Прытым такіх памылак было больш вечарам.

Аўтары мяркуюць, што эвалюцыйна нашая памяць разьвівалася не дзеля дакладнага запамінаньня падзеяў, а дзеля аднаўленьня іх сутнасьці.


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
Альгарытм навучылі беспамылкова вызначаць вытворцу чырвонага віна

Глыбокі аналіз чырвоных він Бардо раскрывае таямніцы іхняй унікальнасьці, якая залежыць ад месца вырошчваньня вінаграду. Швайцарскія дасьледнікі скарысталіся мэтадамі машыннага навучаньня, каб прааналізаваць хімічны склад 80 чырвоных він, зробленых у пэрыяд з 1990 па 2007 год у знакамітым рэгіёне Францыі.

Падыход уключаў выпарэньне віна, падзел сухой сумесі на кампанэнты й стварэньне храматаграм для кожнага ўзору. Альгарытм навучалі ня толькі на храматаграмах, але й на зьвестках пра паходжаньне й вытворцу віна. У выніку шматразовых праверак выявілася, што альгарытм пасьпяхова вызначаў шато (вытворцу) у 100% выпадкаў, а вось год толькі ў 50%.

Такое дасьледаваньне падкрэсьлівае ролю геаграфіі, клімату й тэхналёгій вінаробства ў фармаваньні ўнікальных характарыстык він. У доўгатэрміновай пэрспэктыве падобныя альгарытмы могуць стаць эфэктыўным сродкам для праверкі віна на сапраўднасьць.


Таксычныя камэнтары дэматывавалі вікіпэдыстаў

Аўтары новага дасьледаваньня зьвязалі зьніжэньне актыўнасьці карыстальнікаў вікіпэдыі з таксычнай атмасфэрай у суполцы.

Вікіпэдыя, найбуйнейшы энцыкляпэдычны праект, запаўняецца й рэдагуецца ахвотнікамі, якіх часта называюць вікіпэдыстамі. Таксама любы інтэрнэт-карыстальнік можа рэдагаваць інфармацыю ў любым артыкуле, што нэгатыўна адбілася на рэпутацыі праекту, але ён дагэтуль застаецца важнай даведачнай крыніцай.

Цяпер дасьледнікі вывучылі, як на актыўнасьць вікіпэдыстаў уплываюць нэгатыўныя камэнтары на ўласных старонках.

Аналіз камэнтароў ладзіўся на найбольш актыўных моўных рэдакцыях вікіпэдыі (ангельская, француская, гішпанская, італьянская, расейская) і з дапамогай адмысловага альгарытму, які й выяўляў таксычныя камэнтары. Агулам назьбіралася 57 млн камэнтароў за апошнія 20 гадоў.

У выніку выявілася, што вікіпэдысты з нэгатыўнымі камэнтарамі на сваіх старонках мелі зьніжаную актыўнасьць. Прытым гэткі эфэкт найбольш выразна назіраўся ў выпадках з новымі карыстальнікамі. Напрыклад, калі першы ці другі ўнёсак у праект суправаджаўся нэгатыўнымі водгукамі, то імавернасьць таго, што карыстальнік працягне справу зьніжалася амаль у 2 разы ў параўнаньні з тымі, каму не пакідалі камэнтароў.

А вы рабілі праўкі/ стваралі артыкулы на беларускіх вікіпэдыях?

✍️ - так
🌚 - не


Ультрагук пасьпяхова выкарысталі для дастаўкі вакцыны

Новы мэтад не пашкоджвае скуру й пазбаўляе ад неабходнасьці выкарыстаньня іголак.

Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту спачатку зьмяшалі малекулы вакцыны з адмысловымі бялкамі чашападобнай формы, а потым атрыманую сумесь нанесьлі на мышыную скуру й паўтары хвіліны ўзьдзейнічалі на ўсё гэта ўльтрагукам.

Такім чынам ультрагук пачаў прасоўваць сумесь праз верхнія слаі скуры, дзе бялковыя малекулы пачалі ўтвараць бурбалкі, якія дапамагалі вакцыне трапіць яшчэ глыбей.

У выніку аказалася, што з ультрагукам у арганізм трапіла прыблізна ў 700 разоў менш малекул вакцыны, чым пры выкарыстаньні шпрыца, але грызуны мелі больш антыцел. Такі эфэкт можа быць зьвязаны з тым, што ў скуры агулам больш імунных клетак, чымся ў цягліцах, але дасьледнікі яшчэ ўдакладняюць гэта.


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
Лябараторныя мышы зь нюансамі далі рады люстраному тэсту

Дасьледнікі зладзілі грызунам рознай афарбоўкі клясычны люстраны тэст, толькі адным жывёлам плямы наносіліся кантраснай фарбай, а іншым – наадварот. У выніку шматлікія мышы, апынуўшыся перад люстрам, спрабавалі пазбавіцца ад плямы. З чаго аўтары зрабілі выснову, што мышы з большага пазнаюць сябе ў адлюстраваньні.

Аднак такія паводзіны паказвалі ня ўсе грызуны, а толькі тыя, што раней узаемадзейнічалі зь люстрам і гадаваліся разам зь іншымі мышамі падобнай афарбоўкі. Яшчэ высьветлілася, што каб грызуны пазналі сваё адлюстраваньне, пляма на футры мусіла быць вялікай і кантраснай. Гэта сьведчыла пра тое, што жывёлы не адчувалі скурай саму фарбу, а спадзяваліся выключна на зрок.

Наступны аналіз мазґавой актыўнасьці паказаў наяўнасьць у гіпакампе мышэй пэўнай папуляцыі нэўронаў, якія актываваліся ў моманты пазнаваньня сябе. Таму навукоўцы пастанавілі, што для фармаваньня такіх нэўронаў і, як вынік, самасьвядомасьці, грызунам патрэбная сацыялізацыя.


Сабакі эфэктыўней за катоў перадухіляюць дэмэнцыю

Японскія навукоўцы зладзілі анкетаваньне 11 194 чалавек сталага веку, у якім цікавіліся наяўнасьцю хатніх гадаванцаў. Усе атрыманыя зьвесткі былі суаднесеныя з дадзенымі аб дэмэнцыі з адмысловай праграмы.

Агулам 8.3% ад выбаркі былі гаспадарамі сабак, а 6.3% мелі дома катоў. Цягам чатырохгадовага назіраньня, дэмэнцыя выявілася ў 5% удзельнікаў:

🐕
3.6% цяперашнія ўладальнікі сабак,
5.1% раней альбо ніколі не мелі сабак,

🐈
4.5% цяперашнія ўладальнікі катоў
5.0% раней альбо ніколі не мелі катоў.

Найніжэйшымі адносіны шанцаў на дэмэнцыю былі ў фізычна актыўных гаспадароў сабак (0.37), потым ішлі гаспадары сабак без сацыяльнай ізаляцыі (0.41).

Свае вынікі аўтары тлумачаць тым, што ўладальнікі сабак часьцей шпацыруюць і гутараць зь іншымі людзьмі, а гэта дадатковая фізычная й сацыяльная актыўнасьць. Аднак у дасьледаваньні навукоўцы не ўлічвалі псыхалягічныя моманты, збольшага засяродзіўшыся толькі на фізычнай актыўнасьці ды час назіраньня быў даволі кароткім.


Вітаньне зь незнаёмцамі можа павысіць узровень шчасьця

Суполка псыхолягаў з Турэччыны й Вялікабрытаніі зладзілі дасьледаваньне, у якім выявілі, што простае вітаньне зь незнаёмцамі можа павысіць задаволенасьць жыцьцём.

Аўтары даслалі людзям 63 407 адмысловых анкет, дзе трэба было прыгадаць нядаўнія выпадкі гутарак зь незнаёмцамі, а таксама ацаніць свой узровень шчасьця й задаволенасьці жыцьцём.

Такім чынам выявілася цікавая тэндэнцыя: тыя людзі, якія часта камунікавалі зь незнаёмцамі (вітаньні, размовы) часьцей адзначалі больш высокі ўзровень задаволенасьці жыцьцём.

Аўтары мяркуюць, што рэгулярная камунікацыя зь незнаёмымі людзьмі можа прывесьці да пачуцьця сацыяльнай прыналежнасьці, асабліва гэта будзе карысным тым, хто адчувае адзіноту.

❗️Раней САЗ прызнала адзіноту глябальнай праблемай сучаснага грамадзтва. У арганізацыі мяркуюць, што пачуцьцё адзіноты наносіць такую ж шкоду арганізму, як і 15 цыгарэт за дзень. Але інтравэртам хвалявацца няма чаго, бо тут пад адзінотай разумеюць сацыяльную ізаляванасьць, калі ў чалавека ёсьць патрэба ў сацыяльных кантактах, але няма з кім.


Музычны густ можа раскрыць маральныя каштоўнасьці чалавека

Міжнародная каманда навукоўцаў зладзілі досьлед з удзелам 1400 чалавек, якіх папрасілі запоўніць псыхамэтрычныя анкеты для выяўленьня маральных каштоўнасьцей і падзяліцца сваімі ўлюбёнымі музыкамі.

Дасьледнікі расклалі на акустычныя й лірычныя складнікі 5 папулярных песьняў ад кожнага выканаўцы й падключылі да выяўленьня карэляцыі альгарытм машыннага навучаньня.

Вынікі паказалі, што спалучэньне лірычных і акустычных характарыстык музычных твораў перасягаюць базавую дэмаграфічную інфармацыю ў прадказаньні маральных якасьцяў чалавека. Напрыклад, вышыня гука й ягоны тэмбр аказаліся важнымі індыкатарамі клапатлівасьці й пачуцьця справядлівасьці, а вось сэнс і эмоцыі ў тэкстах эфэктыўна прадказвалі такія рысы, як вернасьць і шчырасьць.

400 0 10 3 32

На белай акуле з выгрызенымі вантробамі знайшлі ДНК касатак

У кастрычніку на бераг Аўстраліі вынесла вялікую белую акулу (Carcharodon carcharias) з выедзенымі вантробамі, пры гэтым галава й плаўнікі рыбы засталіся некранутымі. Гэты быў першы такі выпадак у краіне.

Адмыслоўцы адразу западозрылі касатак, бо раней іх лавілі за прыгатаваньнем сасімі зь белых акул ля берагоў Паўднёвай Афрыкі. Цяпер стала вядома, што аналіз паказаў наяўнасьць ДНК касаткі на парэштках з аўстралійскага пляжу.

Найбольшую гастранамічную цікавасьць для касатак уяўляе вялікая, тлустая печань акулы, таму яны эфэктыўна атакуюць зьнізу й выядаюць толькі гэты орган.


Энтамалягічны варыянт пытаньня пра курыцу й яйцо гучыць так: што зьявілася раней – атрута ці джала? І цяпер ёсьць адказ

Пад атрутай у заалёгіі разумеюць сумесь розных таксычных рэчываў (бялкі й фэрмэнты), асноўнымі задачамі якіх зьяўляецца абарона й здабываньне ежы. Атрута звычайна трапляе праз раны, напрыклад, ад іклаў, аднак у пчол пракол робіцца джалам.

Калі нямецкія навукоўцы прааналізавалі атруты трох відаў пчол (1 меданосны, 2 дзікіх), то знайшлі ажно 12 відаў бялкоў, агульных для гэтых балонкакрылых.

Потым адбыўся генэтычны аналіз, з дапамогай якога й удалося адшукаць гены, адказныя за сынтэз тых атрутных бялкоў. Аказалася, што яны зь мінімальнымі адрозьненьнямі сустракаюцца ў 32 відаў вусякоў, прытым ня ўсе зь іх маюць джала.

Гэта дазволіла адсачыць эвалюцыю атруты ў балонкакрылых (Hymenoptera). У выніку згаданыя генэтычныя варыяцыі знайшліся ва ўсіх прадстаўнікоў атраду, што сьведчыць пра наяўнасьць агульнага продка. То бок, спачатку зьявілася атрута, а потым джала.


Кафэін западозрылі ў нэгатыўным уплыве на плястычнасьць мазґоў

Штодзённае спажываньне вялікай колькасьці кафэіну можа запаволіць здольнасьць мазґоў запамінаць і апрацоўваць новую інфармацыю. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія прааналізавалі вынікі двух невялікіх дасьледаваньняў.

Калі кафэін трапляе ў арганізм, ён хутка пачынае блякаваць адэназін – сыгнальнае злучэньне, якое адказвае ў тым ліку й за пачуцьцё аспаласьці ў вызначаны час. Таму кафэін мае рэпутацыю рэчыва, якое надае бадзёрасьці.

Аднак адэназін яшчэ ўплывае на доўгатэрміновае патэнцыяваньне (LTP), якое наўпрост зьвязанае з утварэньнем сувязяў паміж нэўронамі. Апошняе грае ключавую ролю ва ўспрыманьні мазґамі новай інфармацыі й адаптацыі зь цягам часу.

Навукоўцы ў першым дасьледаваньні параўналі асацыянаваныя з навучаньнем і запамінаньнем мазґавыя сыгналы аматараў кавы й тых, хто яе не спажывае. Вынікі аўтараў зьдзівілі, бо яны супярэчылі папулярнаму меркаваньню, што кафэін спрыяе плястычнасьці мазґоў.

У другім досьледзе ўдзельнікі прайшлі праз працэдуру транскраніяльнай магнітнай стымуляцыі мазґоў (TMS), каб прывесьці іх у гатовы да навучаньня стан. А навукоўцы потым параўналі актыўнасьць LTP. Аказалася, што мазґі людзей, якія практычна не спажывалі кафэіну былі больш падрыхтаванымі да ўспрыманьня новай інфармацыі, чым мазґі аматараў кафэіну.

Дасьледаваньні мелі маленькія выбаркі, што стала іх галоўным абмежаваньнем, аднак яны могуць стаць пачаткам новага й больш дасканалага вывучэньня кафэіну.

495 0 17 3 34

Тэлескоп Hubble перавялі ў бясьпечны рэжым праз праблемы з гіраскопам

Шэраг праблем з абсталяваньнем распачаўся яшчэ 19 лістапада, калі адзін з гіраскопаў перастаў працаваць. Інжынэры далі рады з праблемай, але яна паўтарылася 21 лістапада, а ўжо 23 чысла тэлескоп прыпыніў навуковыя назіраньні на нявызначаны тэрмін.

Агулам на тэлескопе было ўсталявана 6 гіраскопаў, адказных за арыентацыю ў прасторы, але ў працаздольным стане заставалася толькі палова зь іх. Паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, касьмічная абсэрваторыя будзе нармальна працаваць і з адным гіраскопам, таму асаблівай пагрозы для працягнутай да 2026 году місыі няма.

У той жа час аднавіліся й абмеркаваньні магчымага тэхнічнага абслугоўваньня абсэрваторыі прыватнай кампаніяй. Тым больш, што NASA разам з SpaceX летась вывучалі такую магчымасьць, але вынікаў пакуль аніякіх не апублікавалі.

Дарэчы, гіраскопы ўжо даводзілася мяняць падчас апошняга тэхнічнага абслугоўваньня ў 2009 годзе.


Першыя за 100 гадоў ківі нарадзіліся ў дзікай прыродзе

Невялікія й пухнатыя ківі сталі адным з самых пазнавальных сымбаляў Новай Зэляндыі, але прадстаўнікоў віду Apteryx рэдка можна пабачыць у прыродзе, а ў ваколіцах Ўэлінгтана іх не было 100 гадоў.

Таму быў распачаты адмысловы праект па вяртаньні ківі ў натуральнае асяродзьдзе. Так, у 2022 годзе недалёка ад сталіцы выпусьцілі 11 выгадаваных у няволі птушак. Сёлета ў дзікую прыроду адпусьцілі яшчэ 52 птушкі, а цягам 5 гадоў плянуецца выпусьціць яшчэ 200 асобінаў.

Цяпер стала вядома, што першыя ківі ўжо прынесьлі патомства (на фота).


Дайджэст 21

🧅Новазэляндзкі экспэрымэнт па забароне цыгарэт апынуўся пад пагрозай. Новая правацэнтрысцкая кааліцыя Новай Зэляндыі плянуе адмяніць закон аб барацьбе з курэньнем, які высока ацанілі навукоўцы й мэдыкі. Паводле яго, у бліжэйшыя гады плянавалася забараніць продаж тытунёвых вырабаў людзям, якія нарадзіліся пасьля 2008 году. Меркавалася, што такія меры дапамогуць скараціць колькасьць курцоў у краіне да 5% (2025 г.). Аднак лідэры новай кааліцыі абвесьцілі, што адменяць закон, а «тытунёвыя» даходы скарыстаюць для зьніжэньня іншых падаткаў. Такі крок ужо назвалі перамогай тытунёвых кампаній.

🧅Першы выпадак сьвінога грыпу ў Вялікабрытаніі. Мужчына перанёс хваробу ў лёгкай форме з тыповымі для грыпу сымптомамі й ужо ачуняў. Аднак расьсьледаваньне працягваецца, бо выявілася, што брытанскі H1N2 генэтычна адрозны ад астатніх выпадкаў (іх па сьвеце прыблізна 50, большы распаўсюд атрымаў H1N1). Адмыслоўцы мяркуюць, што пацыент падчапіў вірус ад сьвіней, але не выключаюць, што H1N2 можа перадавацца ад чалавека, таму яны ўважліва сочаць за сытуацыяй.

🧅Доўгатэрміновае ўжываньне лекаў ад СДУГ зьвязалі з павелічэньнем рызыкі сэрцава-судзінных захворваньняў. Швэдзкія навукоўцы выявілі павышаную рызыку сэрцава-судзінных захворваньня пры доўгатэрміновым ужываньні лекаў ад сындрому дэфіцыту ўвагі з гіпэрактыўнасьцю. Пэўныя асацыяцыі з разнастайнымі прэпаратамі й дозамі былі зьвязаныя з разьвіцьцём гіпэртэнзыі й праблем з артэрыямі. Прытым найбольш выразна эфэкт праяўляўся пры прыёме стымулятараў.


Стрыманы чых парваў трахею брытанца

Лекары зь Вялікабрытаніі апісалі незвычайны выпадак разрыву трахеі (дыхніцы) у маладога чалавека. Паводле словаў пацыента, ён адчуў невыносны боль у шыі адразу пасьля спробы стрымаць чых закрыўшы рукамі нос і рот. У лякарні мэдыкі заўважылі павелічэньне аб’ёму шыі й зрабілі пацыенту кампутэрную тамаграфію, якая й выявіла разрыў дыхніцы памерам 2х2х5 мм. Аднак апэрацыя маладому чалавеку не спатрэбілася.

Раней адмыслоўцы апісалі выпадкі разрыву горла ў выніку стрыманага чыху, аднак з траўмаваньнем дыхніцы выпадкаў не было.


Сьляды канабісу знайшлі ў чалавечых парэштках 17 стагодзьдзя

Малекулы лекавых расьлін могуць быць знойдзеныя з дапамогай таксыкалягічнага аналізу нават праз стагодзьдзі пасьля сьмерці чалавека. Дасьледніца Ґея Джардана разам калегамі зь Міланскага ўнівэрсытэту паказала гэта сваёй працай.

Навукоўцы спачатку ўзялі ўзоры костак з парэшткаў 9 чалавек, якія былі пахаваныя ў склепе адной міланскай больніцы ў 17 ст., а потым здрабнілі іх і зладзілі таксыкалягічны аналіз, што дазволіла вылучыць і ідэнтыфікаваць пэўныя злучэньні.

У выніку малекулы псыхаактыўных складнікаў канапель выявіліся ў сьцягніцах мужчыны й жанчыны сярэдняга веку, пахаваных паміж 1638 і 1697 годам. Прытым аніякіх запісаў пра канабіс у захаваных мэдычных дакумэнтах не знайшлося. Таму аўтары прыйшлі да высновы, што людзі спажывалі каноплі ў межах самалячэньня.

Дасьледаваньне адметнае тым, што падобны падыход выяўленьня пэўных рэчываў упершыню прымянілі ў археалёгіі.


Антарктычныя пінгвіны сьпяць тысячы разоў на дзень

Драмаць па некалькі разоў на дзень – звычайная зьява для птушак, асабліва падчас выседжваньня яец. Напрыклад, для галубоў цалкам нармальна цягам дня засынаць шмат разоў на 10 сэкунд. Але антарктычным пінгвінам Pygoscelis antarcticus удалося давесьці такі рэжым сну да крайнасьці: 10 000 драманьняў па 4 сэкунды кожнае.

У сэзон гнездаваньня самцы антарктычных пінгвінаў выседжваюць яйцы, пакуль самкі выпраўляюцца на працяглыя пошукі ежы. Увесь гэты час самцам даводзіцца быць асабліва пільнымі, бо побач шмат іншых марскіх птушак, якія не супраць паласавацца яйцамі. Але як пінгвіны захоўваюць кругласутачную пільнасьць?

Адказаць на гэтае пытаньне паспрабавалі францускія навукоўцы, якія прычапілі на 14 пінгвінаў адмысловыя чуйнікі для маніторынгу мазґавой актыўнасьці. Назіралі за птушкамі 11 дзён, а потым вывучылі атрыманыя зьвесткі.

Аказалася, што антарктычныя пінгвіны сьпяць прыблізна 11 гадзін на дзень, але разьбіваюць іх на больш чым 10 000 кароткіх сноў па 4 сэкунды кожны. Такія «мікрасны» раўнамерна разьмеркаваныя цягам усіх сутак.

20 last posts shown.