Беларускія падкасты


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian


Пра падкасты па-беларуску: звесткі пра іх, навіны пра новыя выпускі.
Беларускамоўных падкастаў пакуль не шмат, то ў якасці выключэння тут можа з'яўляцца інфармацыя і пра рускамоўныя – але абавязкова звязаныя з Беларуссю.
by.podcasts@gmail.com

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Statistics
Posts filter


Вітаю! Сёння раскажу пра падкаст, размоўны (ці ток-шоў) фармат якога не так часта сустракаецца ў беларускамоўным падкастынгу.

Што я маю на ўвазе? Большасць беларускіх падкастаў вядуцца ці ў фармаце лекцыі (вядоўцы ці аўтары сцэнарыяў такіх падкастаў – спецыялісты ў нейкай сферы, напрыклад, гісторыі ці літаратуры), ці ў фармаце інтэрв'ю (калі такія спецыялісты ці дасведчаныя людзі запрашаюцца ў якасці гасцей). А вось размоўных падкастаў-гутарак (ці папросту “балбаталак”), калі мы быццам бы падслухоўваем размову сяброў, якія не прэтэндуюць на экспертнасць, – усё яшчэ мала. А між тым гэта адзін з самых папулярных фарматаў у сусветным падкастынгу, то варта падцягвацца і нам.

Дык вось, гаворка пойдзе пра падкаст "Забі зяпу". Яго маладыя аўтары і вядоўцы, Даша і Ўладзь, размаўляюць на тэмы, якія могуць хваляваць самых звычайных беларусаў (і не толькі), і якія так натуральна абмяркоўваць разам са сваімі сябрамі. Што такое талент і як разысціся з сябрам? Як сепаравацца ад бацькоў і як абараняць свае асабістыя граніцы? Чаму думкі пра талент могуць перашкаджаць і як жыць з пачуццём сораму?

Самі Даша і Ўладзь называюць сябе падлеткамі – цяпер яны студэнты, а да таго разам вучыліся ў Ліцэі БДУ ў Менску. Зімой гэтага года яны пачалі размаўляць на роднай мове і ўжо ў красавіку ў іх з’явіўся падкаст “Забі зяпу”, а яшчэ аднайменныя тэлеграм-канал і профіль у Інстаграме – і ўсё па-беларуску.

Не ведаю, як вам, а мне такія падлеткі падабаюцца – разважлівыя, шчырыя, свядомыя, часам іранічныя і вельмі смяшлівыя. А можа гэта ўжо і не падлеткі ўвогуле, а цалкам сабе дарослыя людзі?)

Даша і Ўладзь запісалі 10 выпускаў у 1 сезоне “Забі зяпу” і дасягнулі добрых вынікаў. Як самі яны сказалі ў апошнім эпізодзе, аўдыторыя іх падкаста – больш за 2 тыс. чалавек. Раю і вам далучыцца да яе) Як мінімум пазнаёміцца з “Забі зяпу” і ведаць, што такі падкаст у нас існуе.

Слухаць “Забі зяпу” на ўсіх пляцоўках - https://pc.st/be/1620347025




Вітанкі! Канал вяртаецца да жыцця пасля летніх вакацый 🙌
За гэты час накапілася нямала свежых цікавых беларускіх падкастаў, з якімі варта пазнаёміцца.

Пачну з крутога падкаста на беларускай мове "Тэхнавука" - пра тэхналогіі, навуку і космас!
З апісання падкаста: "Кантэнт для тых, хто цікавіцца сучаснасцю і будучым навукі і тэхналогій. І хоча цікавіцца гэтым па-беларуску".

Тут вы пачуеце пра апошнія навіны міжнароднай касмічнай станцыі, пра перыпетыі Ілана Маска пры куплі Твітара, пра ўдалыя крыпта-стартапы і няўдачы амерыканскай астранаўтыкі, пра дасягненні сучаснай медыцыны і касякі iPhone, пра штучны інтэлект і мастацкія нейрасеткі, ад якіх пячэ.
Усяго і не пералічыш!

Цікава нават гуманітарыям, да якіх я прылічваю сябе, а што ўжо казаць пра аматараў тэхнічных навук. Мой 9-гадовы сын, які марыць стаць навукоўцам, літаральна прыліп да смартфона, калі я яму ўключыла "Тэхнавуку" 😃

Аўтар падкаста - колішні журналіст, а цяпер праграміст Віталь Аляхновіч @stopthatnoise. Хочацца шчыра падзякаваць яму за такі важны і цікавы праект, які ён робіць! Будзем спадзявацца, у Віталя хопіць імпэту працягнуць справу і рэгулярна посціць новыя эпізоды падкаста.

Слухаць падкаст "Тэхнавука" на ўсіх платформах тут.


Файная навіна для ўсіх аматараў падкастаў у Беларусі. Студыя teamteam арганізоўвае падкаст-пляцоўку на фестывалі Vulitsa Ezha ў Батанічным садзе 18-19 чэрвеня.
Там можна будзе пазнаёміцца з падкастамі, паспрабаваць запісаць свой, паслухаць спікераў і папрысутнічаць на адкрытым запісе некаторых падкастаў.

Лекцыі будуць праходзіць 2 дні. Адзначым тыя, якія анансаваны па-беларуску:
- Дзяніса Трацюка (падкаст-лабараторыя "Цэх-162", Брэст) – пра тое, як запусціць падкаст з дапамогай таго, што ёсць "пад рукой";
- серыя лекцый аўтаркі падкаста “Так склалася гістарычна” Ганны Дзягель і яе гасцей Таццяны Даўгач і Сяргея Емельянава – пра цікавосткі з гісторыі Беларусі;
- Улада Кароткага (падкаст "Забі зяпу") – пра беларускія падкасты і аўдыёкнігі на Яндэкс Музыцы.
Іншыя лекцыі – на карцінках вышэй.

Важна: калі вы хочаце паспрабаваць запісаць свой падкаст на фэсце, запоўніце форму на сайце teamteam.

Відэа ўсіх лекцый можна будзе пасля знайсці на сайце студыі і яе Youtube-канале.


Сёння раскажу пра падкаст VANDRA – ад аднайменнага беларускага праекта па павышэнні турыстычнай граматнасці. Магчыма, вы былі сярод тых, хто рабіў перадзамову на ілюстраваную скрэтч-карту Беларусі вясной 2020 года, то вам будзе цікава даведацца, што менавіта аўтар карты і запісвае гэты падкаст.

Тэма падкаста VANDRA – турызм у Беларусі. Аўтар размаўляе са сваімі гасцямі ці расказвае сам пра спадчыну, прыроду нашай краіны, а таксама пра людзей, якія маюць дачыненне да развіцця турызму.

Тэмы выпускаў не банальныя, а ўжо выйшла іх 8. Напрыклад, пра аднаўленне беларускіх сядзіб, рэвіталізацыю вёсак, вандроўкі аўтаспынам, драўляную архітэктуру Беларусі і іншыя.

Асобна адзначу трэці выпуск, пра літаратурны турызм, у якім няма гасцей, але замест іх – пісьменнікі, паэты і іх творы, якія натхняюць на падарожжы па Беларусі. У аўтара падкаста атрымалася некалькі літаратурных маршрутаў: Палессе, Ганцавіцкі, Стаўпецкі і Валожынскі раёны.

Асаблівы таксама і сёмы выпуск, пра палескія гісторыі – “гасцямі” тут з'яўляюцца тутэйшыя, мясцовыя жыхары вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы. Вёскі акружаны лясамі і балотамі, таму маюць свой унікальны сусвет – і гэта ў літаральным сэнсе чутно ў запісе.

Мова падкаста – руская і беларуская. Радуе, што выпускаў на роднай мове стала больш (калі быць дакладнай, роўна палова на сённяшні дзень).

Слухаць VANDRA на ўсіх платформах – https://pc.st/be/1601282132


Навінка гэтага году – падкаст ад 34 і МТС “Шляхецкія сем’i Беларусi”.

Падкаст прысвечаны шляхецкім родам, якія калісьці жылі на тэрыторыі Беларусі, а таксама вялізнаму культурнаму пласту, які гэтыя сем'і пакінулі па сабе. Аўтары падкаста спрабуюць разабрацца, чым былі знакамітыя самыя вядомыя шляхецкія сем'і – і якая матэрыяльная спадчына дасталася нам ад кожнай з іх.

Ужо выйшла 4 выпускі – пра Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх і Тызенгаўзаў. Кожны выпуск дасяжны на дзвюх мовах – беларускай і рускай.

Падкаст створаны ў фармаце невялічкага расповеда-лекцыі, працягласць аднаго выпуска да 15 хвілін.

Ну і зноў жа, як і ў выпадку з іншым падкастам ад 34mag “Гісторыя беларускага мастацтва”, трэба адзначыць якасныя гук і саўнд-дызайн запісу.

Слухаць “Шляхецкія сем’і Беларусі” на ўсіх платформах – https://pc.st/1607077327


Пасля доўгага перапынку вяртаюся ў канал. І пачну з цытаты з аднаго з апошніх выпускаў падкаста, пра які раскажу сёння: “Думаў доўга, ці маю права зараз, калі вайна навокал, да цябе з байкамі працягваць звяртацца. І адказ мне Скарына падказаў: кніжкі свае ён выдаваў у часы крывавай вайны, калі Расея з ВКЛ ваявала, калі Полацк улюблёны двойчы спалены быў. Пра вайну тую шмат хто і думаць забыўся, а кніжкі жывуць. Трэба тут, праўда, прызнаць, што і агрэсараў на зямлі меней не становіцца, якія кніжак не чытаюць. Тым не меней буду працягваць тое, што магу”.

Так сказаў аўтар і вядоўца падкаста “Беларускія байкі” спадар Алесь – прафесар ЕГУ Аляксандар Калбаска. Адгукаюцца ўва мне гэтыя словы, то і я буду працягваць рабіць тое, што магу – расказваць вам пра беларускія падкасты і прасоўваць беларускую мову ў гэтай сферы. І апошняе ў гэты няпросты час стала нават яшчэ больш важна.

Дык вось, пра “Беларускія байкі”. Гэта не проста падкаст, гэта аўдыёпаведамленні-расповеды беларускага дзядулі для сваёй далёкай унучкі (ці, як ён сам называе яе - унука), якая жыве разам са сваімі бацькамі ў Італіі. І гэта не мастацкая выдумка, а сапраўдная мэта спадара Алеся, якую ён вырашыў сумясціць з такой файнай і кранальнай ідэяй для запісу падкаста.

Але падкаст будзе цікавы не выключна ўнучцы аўтара, дый не толькі дзецям. Я б сказала, нават наадварот – “Беларускія байкі” разлічаныя ўсё ж на больш старэйшую аўдыторыю. Дзеці меншыя (на маё меркаванне, да гадоў 8) не ўсё змогуць зразумець, дый сканцэнтравацца на аўдыёкантэнце такога кшталту ім будзе яшчэ не па сілах. А вось вялікім дзеткам і дарослым – самае тое.

У “Беларускіх байках” ідзе гаворка пра сусветна вядомыя, малавядомыя ці невядомыя факты і гісторыі для тых, хто хоча даведацца больш пра Беларусь, каго цікавіць мова беларуская. Спадар Алесь знаёміць сваю ўнучку, а заадно нас, слухачоў, з мясцінамі, асобамі, прадметамі ўнікальнымі, якія так ці іначай звязаныя з нашай краінай.

Для прыкладу, ёсць тут выпускі пра святога Мікалая і рушнікі, Купалінку і батлейку, піва і дранікі, Хаіма Суціна і Язэпа Драздовіча. Шмат выпускаў прысвечана першадрукару Францішку Скарыну і яго шляхам. Усяго выйшла на сённяшні дзень 32 выпускі, а ў апошніх двух можна больш даведацца пра тое, як аўтару падкаста прыйшла ідэя запісваць гэты падкаст і як байкі ягоныя ствараюцца.

Слухайце “Беларускія байкі ” на ўсіх платформах - https://we.fo/1604421680


Добрая навіна! Пасля запуску новай версіі сэрвіса Podcast.ru у ім з’явілася беларускамоўная версія!

Podcast.ru – гэта сэрвіс, які аўтаматычна генеруе спасылкі на падкаст на ўсе ключавыя падкаст-платформы, у тым ліку «Яндэкс.Музыку» і ВК.

Самыя важныя змены ў новай версіі:

✔️ Вядома, гэта найперш магчымасць праглядаць спасылкі на падкасты па-беларуску. Для гэтага трэба выкарыстоўваць кароткі ўніверсальны адрас pc.st. Асаблівасці:
👉 Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то мова ў pc.st будзе вызначацца аўтаматычна як беларуская (з магчымасцю пераключыць на іншую).
👉 Калі вы знаходзіцеся за межамі Беларусі, то трэба каб у URL-адрасе сэрвіса была пазначана мова - https://pc.st/be/

✔️ Увогуле сэрвіс перакладзены на восем моў: англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, беларускую, украінскую і казахскую.

✔️ Можна ствараць спасылкі на асобныя эпізоды падкаста і слухаць іх у плэеры сэрвіса.

✔️ Плэер на сэрвісе падтрымлівае таймкоды з апісаннем эпізодаў.

✔️ У раздзеле «Пра падкаст» ёсць аўтаспасылка — калі выкарыстоўваць яе, то на смартфонах аўтаматычна адкрыецца мабільная праграма для падкаста (Apple Podcasts або Google Podcasts).

Дзякуй стваральнікам сэрвіса за новую версію! Трэба цяпер памяняць усе спасылкі ў гэтым канале 😃


Падкаст, пра які напішу сёння, незвычайны, і хутчэй нагадвае аўдыёкнігу – выхад кожнай главы якой адцягнуты ў часе. Гаворка ідзе пра “Пімкі” – атмасферны мастацкі падкаст па аднайменнай кнізе Кірыла Стаселькі.

“Пімкі” – гэта кніга невялікіх гісторый-казак, у якіх пераплятаюцца беларуская міфалогія і фальклор, выдумка і гісторыя. Яны невялікія і яркія, я б нават сказала сакавітыя. Кожная гісторыя доўжыцца каля 5 хвілін.

Кніга «Пімкі» выйшла ў свет у 2020 годзе. Дзеля гэтага Кірыл Стаселька зладзіў цэлы рэаліці-праект у сацсетках, у якім дзяліўся ходам краўндфандынгавай кампаніі па выданню кнігі, асаблівасцямі выдавецкага працэсу. Падкаст стаў часткай этапу прамоцыі кнігі.

Агучыла “Пімкі” купалаўка Крысціна Дробыш, і гэта было выдатнае рашэнне. Ужо толькі з-за голасу Крысціны я рэкамендую пазнаёміцца з падкастам. Сама акторка падзялілася сваімі ўражаннямі ад кнігі: "Я не адразу змагла напоўніцу паглыбіцца ва ўвесь смак кнігі. Але калі перада мной сталі ўплываць тыя сімвалы, паралелі і адсылкі (магчыма толькі мае асабістыя), я зачаравалася. Гэта як быццам я чытаю грэцкую сусветна вядомую міфалогію, толькі гэта сваё роднае. Пра нас. І ў той жа час такое невядомае".

На сённяшні момант апублікаваная большая частка аповедаў-эпізодаў “Пімак” – слухаць іх можна, на маю думку, у любой паслядоўнасці.

Слухаць падкаст “Пімкі” на ўсіх платформах тут - https://podcast.ru/1589235818


Вітанкі, сёння раскажу пра падкаст, які будзе цікавы тым, хто ў розных сэнсах любіць рабіць нешта сваімі рукамі – ад творчых прац і твораў мастацтва да ўласнага малога бізнэсу. Падкаст так і называецца – “СВАІМІ РУКАМІ”.

Фармат
падкаста: інтэрв’ю. Гэта размовы з творчымі людзьмі пра тое, як яны ператвараюць свае ідэі, захапленні і хобі ў працу. І вучацца зарабляць гэтым на жыццё. Сярод герояў “СВАІМІ РУКАМІ” ўжо былі мастачка, садоўніца-фларыстка, ілюстратарка, фатографка, вышывальшчыца, стваральніца крамы для вязання.

Аўтарка падкаста шукае разам са сваімі гасцямі адказы на пытанні:
• Чаму яны абралі менавіта тую сферу, у якой працуюць?
• Як здолелі ператварыць хобі ў бізнэс?
• Якімі спосабамі прасоўвання карыстаюцца і дзе шукаюць кліентаў?
• Наколькі рэальна зарабляць на жыццё выключна творчасцю?
• З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца ў сваёй працы?

Мова падкаста: аўтарка – беларуская, госці размаўляюць (пакуль) пераважна на рускай.


Слухаць “СВАІМІ РУКАМІ” на ўсіх платформах - https://podcast.ru/1547513227


Рубрыка #размова

7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад стваральнікаў падкастаў, пра якія ідзе гаворка ў канале.

Сённяшняя размова са стваральніцай падкаста “Так склалася гістарычна” Ганнай Дзягель.


- Калі вы даведаліся пра падкасты і вырашылі рабіць свой?

Пра падкасты я ведала даўно. Пэўна першае знаёмства было з праектам Радыё Арзамас. Але я не глыбока пагрузілася ў гэтую тэму, было больш звыкла слухаць фонам падкасты і інтэрв'ю на Ютубе.

- Дзе вы атрымлівалі веды пра тое, як рабіць падкасты?

Выпадкова мне трапілася на вочы рэклама лабараторыі падкастаў з Брэсту Цэх-162. У іх быў бясплатны курс па запуску падкастаў. Вось адтуль асноўныя веды і ўзяла. А яшчэ пабывала госцем у падкасце і пабачыла, як гэта выглядае з іншага боку. Аказалася, у цэлым усё не так складана.

- Як тэхнічна вырашылі пытанне запісу падкаста?

Я пайшла простым шляхам: арэндую студыю з апаратурай. Гук манціруюць мне там жа. Якасць добрая, хацелкі выкананыя, час зэканомлены )

- На якой пляцоўцы ў вашага падкаста найбольш слухачоў?

На сёння больш за ўсе праглядаў на Ютубе (але там улічваюцца нават самыя кароткія прагляды, таму гэта не зусім рэлевантна). Потым ідуць Apple падкасты (42% усіх праслухоўванняў), а потым усе астатнія праграмы.

- Як знаходзіце аўдыторыю для вашага падкаста?

Першыя слухачы, канешне, сябры і знаёмыя. Потым з'явілася крыху невядомых мне людзей. Я спрабавала таргетаваную рэкламу, але гэта фіяска (альбо я проста не ўмею). Найбольшы плён даў узаемны піяр з іншымі падкастамі, сходнымі па тэматыцы інстаграм-акаўнтамі і г.д. Таму ўзаемадапамога – нашае ўсё!

- За што вы любіце падкасты?

Я люблю падкасты за тое, што можна рабіць нейкія аўтаматычныя рэчы: прыбірацца, афармляць спіс літаратуры, ехаць у транспарце ці стаяць на прыпынку – і пры гэтым праводзіць час з карысцю, у прыемнай кампаніі разумных людзей.

- Якія падкасты слухаеце самі і можаце парэкамендаваць іншым?

З беларускіх:
"Bellit". Тут мне падабаюцца агляды на сучасную беларускую літаратуру і сусветныя навінкі. Адразу хочацца ўсё пачытаць. А калі не будзе часу, то ўсё адно атрымаеш уяўленне пра гэтыя кнігі.
"Белліт пад піва" – тут дзяўчаты чытаюць і абмяркоўваюць, здавалася б, вядомыя творы, здавалася б, вядомай са школы літаратуры, але пад нечаканым градусам (ну, пад піва ж ;) ).

З расійскіх "Закат империи" пра Расійскую імперыю канца 19 – пач. 20 ст, і праекты Арзамас: "Отвечают сирийские мистики" пра сірыйскіх хрысціян-містыкаў, "От хора до хардкора" – пра музыку і іншыя.

❗️Бонус! Я не утрымалася, каб задаць Ганне восьмае пытанне, пра яе досвед працы з Patreon. Вось што яна адказала:

- Амаль ад самага пачатку стварэння падкасту я завяла старонку на Patreon. Выставіла амаль стандартныя налады (цяпер іх крыху змяніла). І, пасля таго як я расказала пра іcнаванне такога спосабу падтрымкі ў падкасце і сацсетках, туды пачалі дадавацца гэтыя святыя людзі! Для мяне кожны новы патрон – маленькі цуд. І кожны патрон, які застаўся пасля спісання грошаў, яшчэ большы цуд ) Зараз у мяне 19 патронаў.


#падкаст_па_беларуску

Вітаю, даўно не чуліся! А мне ёсць, пра што вам расказаць – пра даволі свежанькі падкаст "Кніжная шафа" на літаратурныя і калякніжныя тэмы.

Падкаст называецца гэтак жа, як і невялічкая кнігарня на Грушаўцы ў Мінску, у якой працуюць дзве вядучыя падкаста – абедзьве Насты. Адна з Наст вам ужо знаёмая па падкасту Bellit, пра які я пісала раней.

З апісання падкаста: «У падкасце вас чакаюць разнастайныя кніжныя гісторыі, звязаныя з нашай чытацкай практыкай і наведвальнікамі кнігарні. Будзем расказваць, чым жыве «Кніжная Шафа», раіць кнігі і адказваць на вашы пытанні”.

Дадам, што ў першым выпуску дзяўчаты расказалі, як пачалі працаваць у кнігарні, і што цікавага можна там знайсці. А ў пакуль што апошнім, пятым, выпуску можна пачуць яшчэ адну, трэцюю, Насту, стваральніцу кнігарні “Кніжная шафа”, якая распавяла пра асаблівасці кніжнага бізнесу ў нашай краіне.

Файная асаблівасць падкаста ў тым, што запісваецца ён наўпрост у кнігарні, і часам можна пачуць, як у яе заходзяць наведвальнікі 😊 Якасць гуку пры гэтым добрая, асбаліва пачынаючы з трэцяга выпуска.

Шчыра раю вам пазнаёміцца з “Кніжнай шафай” і падтрымаць падкаст сваімі праслухоўваннямі і водгукамі!

Слухаць “Кніжную шафу” на ўсіх платформах - https://podcast.ru/1593852520


Спадарства, існуе чат для беларускіх падкасцераў. Да яго могуць далучацца тыя, хто ўжо стварае ці плануе ствараць падкасты (на любой мове), а таксама тыя, хто яшчэ толькі думае, ці ўвязвацца ў гэтую цікавую справу 😉
Спасылка на чацік - https://t.me/padcast_supolka


#падкаст_па_беларуску

Гэтай восенню з’явілася 3 новых беларускіх падкаста пра літаратуру! (лістапад яшчэ не скончыўся, то можа гэта не выніковая лічба?:)) Расказваю сёння пра адзін з іх – “Белліт пад піва”.

Калі сцісла – у гэтым падкасце тры дзяўчыны, Наста Хлеб, Соф'я і Тоня, “абмяркоўваюць нетыповыя творы з беларускай літаратуры, жартуюць і п'юць піва”. Ужо выйшла 7 эпізодаў, рэспект падкасту за рэгулярнасць 👏

Якія ж творы абмяркоўваюць дзяўчаты? Не ведаю, наколькі іх можна назваць нетыповымі – магчыма, большасць з іх не праходзяць у школе. Але яны дакладна не сучасныя, пераважна з 20 ст. Прывяду адразу прыклады: “Голы зьвер” Міхася Зарэцкага (1926), “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя (1929), “Сказ пра Лысую гару” Францішка Вядзьмака-Лысагорскага” (1980), “Хам” Элізы Ажэшкі (1888), “Сівая легенда” Ул. Караткевіча (1960) і іншыя.

Абмеркаванні гэтых сапраўды годных (пацвярджаю) твораў вельмі жывыя і нязмушаныя. Адчуванні ад праслухоўвання – бы знаходзішся ў гэтай шумнай кампаніі сам(а). Напэўна, калі слухаць падкаст разам з сапраўдным півам – эфект прысутнасці будзе яшчэ большым)

Увогуле, цэнзуры і асаблівага мантажу ў падкасце няма – можна пачуць і лаянкавыя словы, і словы-паразіты, і абмеркаванні “дарослых” тэм. Пазнака “18+” у падкасце – гэта не толькі таму, што там прысутнічае піва. ❗️То разам з дзецьмі яго слухаць не рэкамендую.

Яшчэ хачу адзначыць, што сюжэты твораў вядучыя абмяркоўваюць даволі падрабязна, могуць быць спойлеры. Мяне такое не бянтэжыць і не адбівае ахвоту знайсці кнігі, якіх я не ведала раней. Калі ў вас інакш – то лепш спярша творы прачытаць.

Слухаць «Белліт пад піва» на ўсіх платформах - https://podcast.ru/1585368464


Файна, што па-беларуску з’яўляюцца не толькі сур’ёзныя падкасты. Ці кажа вам пра штосьці слова Marvel? Калі так, то вы будзеце прыемна здзіўлены – існуе беларускамоўны «Кукумба_Падкаст» пра гік-культуру і кіно па-беларуску.

Спяшаюся звярнуцца да тых, хто мае цьмяныя ўяўленні пра сусвет Marvel (а менавіта да такіх адносілася і я да нядаўняга часу) – цалкам магчыма, што вам прыйдуцца даспадобы фільмы і серыялы, якія абмяркоўваюць вядучыя падкаста. Ці, як мінімум, вы даведаецеся больш пра захапленні вашых дзяцей-падлеткаў 😏

Вернемся да падкаста. Гэта размова “скептыка і спажыўца масавай культуры” Волі і “трушнага гіка ды фаната сусвету Marvel” Лёшы. Воля прадстаўляе каманду праекта “Кукумба” , якая займаецца стварэннем кантэнту па-беларуску: фільмаў, серыялаў і анімэ з агучкай ці субцітрамі. Лёша – заснавальнік беларускамоўнага Тэлеграм-канала пра кіно “Ружовая купіна”.

Пакуль выйшла ўсяго два выпускі, першы пра серыял “ВандаВіжн” , другі – пра “Сокал і Зімовы Салдат” . Абодва серыялы можна знайсці на сайце Кукумбы (“ВандаВіжн” ёсць нават у агучцы – паглядзела 2 серыі і была прыемна здзіўлена, не думала што мяне зможа зацікавіць кантэнт на такую тэму).

Рэкамендую для тых, хто не ў тэме, перад праслухоўваннем “Кукумба-падкаста” паглядзець хаця б адну серыю з названых серыялаў – каб уяўляць, пра што ідзе гаворка. Слухаць падкаст тады стане адназначна цікавей. Спасылкі я дала па тэксту вышэй.

Жадаю падкасту не губляць імпэту, працягваць запісваць выпускі, удасканальваць іх якасць. Магчыма, не спыняцца выключна на навінках ад Marvel, але расказваць і пра іншыя фільмы, якія можна паглядзець па-беларуску 😉

Слухаць “Кукумба_Падкаст” на ўсіх платформах тут - https://podcast.ru/1560884858


#падкаст_па_беларуску

Адзін з новых падкастаў, які цешыць сваёй актыўнасцю і рэгулярнасцю выхадаў новых выпускаў – “Так склалася гістарычна”.

З апісання падкаста: “Падкаст, заснаваны на рэальных падзеях. Проста гаворым пра складаныя ўніверсітэцкія тэмы з разумнымі людзьмі”.

У прынцыпе, усё так і ёсць. Стваральніца і вядучая падкаста, Ганна Дзягель, запрашае беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў і размаўляе з імі на выбраныя тэмы. Пакуль выглядае на тое, што тэмы абіраюцца ў храналагічным парадку. Пачаўся падкаст з выпуска пра першыя беларускія дзяржавы, а апошні на сёння, чацвёрты выпуск – пра найвышэйшае саслоў'е ВКЛ.

Ці атрымаліся размовы простымі – думаю, у кожнага слухача будзе сваё меркаванне на гэты конт. Мне, прызнаюся шчыра, не заўсёды ўдавалася паспяваць за ходам думак разумных гасцей Ганны. Але тым не менш слухаць падкаст было цікава. Гэта я рабіла падчас прыгатавання вячэры – гэты руцінны занятак у кампаніі інтэлігентных людзей падаўся мне знаачна больш прыемным 😏

Працягласць выпускаў розніцца – ад амаль гадзіны (першы выпуск) да прыкладна 30 хвілін (чацвёрты).

Хачу звярнуць увагу на якасць запісу – файны гук, сучасны джынгл.

Слухаць “Так склалася гістарычна” на ўсіх платформах – https://podcast.ru/1584542781


Беларускія падкасты жывуць! Толькі за апошні тыдзень я даведалася пра з'яўленне 3 новых падкастаў па-беларуску. І гэта ў мяне яшчэ ёсць немалы спіс тых, пра якія я ведала раней і яшчэ не расказала тут.

А пакуль рыхтую агляды, то апублікую допіс пра тое, аб чым мяне прасілі раней – ШТО такое ПАДКАСТЫ, і ЯК іх лепш СЛУХАЦЬ. Бо ў Беларусі па-ранейшаму шмат людзей, якія амаль не знаёмыя з падкастамі. Калі ведаеце такіх – дасылайце ім спасылку на гэты пост.
Давайце развіваць беларускую падкаст-культуру разам!

Ёсць артыкул па-беларуску пра падкасты, вытрымкамі з якога і падзялюся з вамі:

📌 Падкасты нагадваюць праграмы на радыё.

📌 Калі абагульніць, то падкасты – гэта як Youtube, толькі ў аўдыё-фармаце.

📌 iPod + broadcast («радыёвяшчанне») = podcast

📌 Асноўныя адрозненні падкастаў ад радыё: падкасты слухаюць у інтэрнэце, з пачатку, яны выходзяць у запісу.

📌 У ЗША падкасты слухае кожны другі, кожны 5 расіянін знаёмы з падкастамі. У Беларусі гэты трэнд толькі пачынаецца.

📌 Падкасты любяць за тое, што іх можна слухаць, калі вочы і рукі занятыя; яны дазваляюць праводзіць час, які звычайна траціцца на руціну, з карысцю.

👉Як слухаць падкасты?

✔️ Зручней за ўсё падпісвацца на любімыя падкасты у нейкім мабільным дадатку. У iPhone ёсць штатны дадатак «Падкасты». У Android – Google Podcasts.

✔️ Слухаюць падкасты таксама на Яндекс.Музыка, у ВК. Існуе шмат іншых дадаткаў – Castbox, Overcast і інш.


Рубрыка #размова

7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад стваральнікаў падкастаў, пра якія ідзе гаворка ў канале.

Сённяшняя размова з таямнічымі стваральнікамі падкаста “Гісторыя Беларусі”.

- Калі вы даведаліся пра падкасты і вырашылі рабіць свой?

Ведалі пра падкасты даўно. Апошнія гады гэты трэнд актыўна набірае абароты.
Падкаст “Гісторыя Беларусі” мы вырашылі рабіць восенню 2020-га.

- Дзе вы атрымлівалі веды пра тое, як рабіць падкасты?

Сёння існуе мноства інтэрнэт-крыніц, дзе можна знайсці неабходную інфармацыю – артыкулы, відэа на youtube (у асноўным, на ангельскай мове, але ёсць матэрыялы і на рускай).
Асноўныя крыніцы, якімі карысталіся:
а) матэрыялы нашага падкаст хосцінг-правайдара Buzzsprout,
б) блог Стэлы Васільевай.

*Намі распрацаваны курс «Як стварыць свой падкаст» для жадаючых стварыць падкаст на б е л а р у с к а й мове, дзе мы дзелімся сваім досведам і гатовы дапамагчы зацікаўленым.

- Як тэхнічна вы вырашылі пытанне запісу падкаста?

Пасля запісу пілотных эпізодаў падкаста на аматарскім узроўні і іх аналізу наша каманда прыняла рашэнне змяніць фармат. Запіс, мантаж, галасы – цяпер усё робіцца прафесіяналамі сваёй справы. Тыя, хто чытаюць гэты тэкст у момант публікацыі ў тг-канале “Беларускія падкасты”, яшчэ маюць магчымасць паслухаць і параўнаць: 1-9 эпізоды - аматарскія, 10-14 эпізоды – прафесійныя. Пазней плануем перазапісаць першыя 9 эпізодаў у новым фармаце – аматарскую версію пачуць ужо не атрымаецца)

- На якой пляцоўцы ў вашага падкаста найбольш слухачоў?

Падкаст Гісторыя Беларусі можна знайсці на 37 пляцоўках.
Нашы слухачы аддаюць перавагу:
Apple Podcasts - 33%
CastBox - 16%
Сайт на хостынг-пляцоўцы - 14%
Yandex music - 11%

- Як знаходзіце аўдыторыю для вашага падкаста?

1) Арганічныя слухачы з падкаст-пляцовак.
2) Размяшчаем інфармацыю пра падкаст ў розных сацыяльных сетках - fb, instagram, tiktok, vk, ok, twitter.

- За што вы любіце падкасты?

1) Гэта радыё, якое ствараеш сам – слухаеш толькі тое, што хочаш і калі хочаш;
2) Падкасты дазваляюць ствараць настрой, атрымліваць інфармацыю і новыя веды паралельна з іншай актыўнасцю – у трэнажорнай зале, на прабежцы, ці займаючыся хатнімі справамі;
3) На сёння гэта рэсурс, амаль свабодны ад рэкламнага спаму;
4) Гэта фармат, які можа стварыць кожны.

- Якія падкасты слухаеце самі і можаце парэкамендаваць іншым?

Мы б хацелі параіць кожнаму захоўваць сваю індывідуальнасць і ствараць сваё радыё.
А падтрымаць хацелі б зусім новы падкаст на беларускай мове пра гісторыю Беларусі "Так склалася гістарычна" і пажадаць аўтарцы натхнення і знайсці сваіх удзячных слухачоў.


#падкаст_па_беларуску

Пра рэгіёны Беларусі ёсць яшчэ адзін падкаст – “Глыбінны народ”. Ва ўсялякім выпадку так апісалі яго стваральнікі: “гэта падкаст пра тое, як і чым жывуць беларускія рэгіёны і што ім, або нам з імі рабіць. Чым жыве “несталіца”, якія ў іх праблемы і ў чым яны наадварот – крутыя”.

Аднак, паслухаўшы 4 апошнія выпускі, я засумнявалася, ці актуальнае апісанне. Бо тэмы, якія падымае вядучы падкаста Яўген Меркіс, я б назвала важнымі для ўсёй краіны, а не толькі рэгіёнаў. Гэта і турыстычная сфера, і гісторыка-культурная спадчына, і сацыялогія.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што сярод ранейшых выпускаў падкаста былі і пра рэгіёны – Магілёў, Гомель, Гродна і Віцебск. І, магчыма, падобныя выпускі яшчэ будуць у будучым. Але апісанне я б крыху выправіла ўсё роўна:)

Тым не менш падкаст атрымаўся годны. Імпаніруе, што спадар Яўген добра арыентуецца ў тэме размовы (у выпусках, якія я слухала), і задае цікавыя пытанні.

Фармат падкаста – інтэрв’ю з дасведчанымі ў сваіх сферах спецыялістамі.
Працягласць выпускаў ад 30 да 50 хвілін.

Слухаць падкаст на ўсіх пляцоўках - https://podcast.ru/1560887596


Юмару ў гэтым канале дакладна не хапае, бо беларускія падкасты спрэс сур'ёзныя) То лавіце жарт ад файнага канала "Па-беларуску"! https://t.me/pabielarusku/84

20 last posts shown.

582

subscribers
Channel statistics