СЬВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ: «За гэтыя месяцы мы як нацыя зрабілі больш, чым за апошнія 26 гадоў».
Ну, пра тое, што адбывалася апошнія 26 гадоў, шаноўная спадарыня Сьвятлана можа проста ня ведаць, але прызнаюся, што і я ў жніўні 2020-га быў амаль згодны са сваім сябрам Сяргеем Абламейкам, які канстатаваў, што палітычнае фармаваньне беларускай нацыі завершанае.
Бо 12 красавіка 1995, калі дэпутатаў БНФ, зьбілі ў парлямэнце за Сьцяг і «Пагоню», падтрымаць нас выйшлі некалькі сотняў. У жніўні ж 2020-га сотні тысяч выйшлі пад нацыянальным сьцягам — выйшлі самі, пры тым што «электаральныя лідэры», мякка кажучы, не імкнуліся ўздымаць гэты сьцяг.
Але падзеі апошніх месяцаў паказваюць, што аптымістычная канстатацыя была пасьпешнай.
Бо палітычная сьпеласьць нацыі, акрамя іншага, вызначаецца здольнасьцю самастойна вырашаць свой лёс. Часам могуць быць тэхнічныя пасярэднікі, але — ня больш чым тэхнічныя. Апошняе і, што галоўнае — вызначальнае слова мусіць быць за самой нацыяй.
Ці сасьпела нацыя — будзе пацьверджана ці абвергнута ў залежнасьці ад таго, ці зробіць нацыя ўрокі з гісторыі. З 1920-га, калі Масква патапіла ў крыві БНР. З Рыскага міру 1921 г., калі Беларусь падзялілі з удзелам Масквы. З 1941-га, калі Масква аддала Беларусь на зьнішчэньне Гітлеру. З 1944-га, калі нацысцкая акупацыя была зьмененая бальшавіцкай. З 1950-80, калі Масква выкачвала зь Беларусі рэсурсы. З 1986-га, калі Масква хлусіла пра Чарнобыль, а пазьней сабраныя на "суботніках«у БССР мільёны былі пералічаныя ў фонд... Мінатамэнэрга СССР. З 1994-га, калі Масква прасунула на трон свайго стаўленіка. З 1996-га, калі кіраўніцтва ВС-13 пад уплывам Масквы села за перамовы з Лукашэнкам — і Лукашэнка быў Масквой выцягнуты з імпічмэнту, у якім ужо стаяў адной нагой. Нарэшце, самы апошні ўрок — жнівень 2021-га, калі ўратаваўся Лукашэнк менавіта з падтрымкай Масквы.
Вось апошняе паўтару: менавіта Пуцін, менавіта Крэмль, менавіта Расея ў жніўні 2020-га ўратавалі Лукашэнку. І Масква застаецца ці не адзінай сталіцай на тэрыторыі эўрапейскага кантынэнту, якая абыякава ўспрымае катаваньні і рэпрэсіі ў Беларусі.
І калі пасьля ўсяго гэтага нацыя пагодзіцца на Маскву як ключавую фігуру ў вырашэньні яе лёсу, і зноў пасадзіць сябе на шыю прамаскоўскага ўладара (на што Захад можа заплюшчыць вочы) — значыць, урокі засталіся ня вывучанымі, памылкі — не асэнсаванымі, і пра завяршэньне фармаваньне нацыі гаварыць зарана. Бо нават самы «дэмакратычны», але прарасейскі лідэр рана ці позна накіруе ОМОН на людзей зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, і ізноў будуць катаваць за беларускую мову, паколькі беларускасьць і расейская імперскасьць — катэгорыі несумяшчальныя.
І калі нацыя згодная заставацца пад Масквой — значыць, наперадзе ізноў праца, палітычная, асьветніцкая, якой многія з нас займаюцца ўжо 30 гадоў, а некаторыя і значна болей. І для якіх лета 2020-га, як пісалі летась у ліпені мае калегі па Апазыцыі БНФ у ВС-12 — толькі эпізод у змаганьні за Беларусь.
Змаганьні, якое, бясспрэчна, будзе пераможным. Бо, як пісаў іншы мой сябра, Уладзя Арлоў — «Бо іначай проста ня варта жыць».