Новы альбом сьпявачкі Pola Rise (яна ж Паўліна Мілаш) можа і не стане звышпапулярным, але атрымае пэўны посьпех. Hikikomori — гэта канцэптуальная праца, якая складаецца ня толькі з музычнай часткі, але і з кнігі, якая выйшла адначасова з альбомам. І тэкст, і песьні прысьвечаныя тэме адзіноты і сацыяльнай ізаляцыі, што зразумела з назвы. Пра кнігу нічога не скажу, але музычная частка вельмі якасная. Гэта задуменная поп-музыка з прыгожымі мэлёдыямі і небанальнымі аранжыроўкамі. Сваім нардычным электронным саўндам плытка нагадвае працы Susanne Sundfør ці іншага польскага праекту BOKKA. Я ўжо сустракаў у польскай прэсе выказваньні, што гэты альбом можа стаць пэўнай тэрапіяй для тых, хто, як і лірычны герой твора, захрас у хікікаморы. Паслухайце і падзяліцеся эмоцыямі.