🏰 Hrodna 11:27


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Edutainment


Калі стрэлкі гадзінніка паказваюць 11:27, публікуем цікавосткі з гісторыі Гродна.
Калі вам падабаецца наш канал, калі ласка, падаруйце нам кубачак кавы: https://www.buymeacoffee.com/hrodna1127
Зваротная сувязь: hrodna1127@gmail.com

Related channels  |  Similar channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Edutainment
Statistics
Posts filter


📺 Роўна год таму – 3 лістапада 2023 года на нашым YouTube-канале было апублікава першае відэа. Вядома, што яно было прымеркавана да Дня святога Губерта, а мы распавялі пра альтэрнатыўныя даты святкавання Дня горада.

🎥 За год мы апублікавалі больш за 50 відэа прысвечаных гісторыі нашага горада. Стварылі адзін спецпраект у жанры краязнаўчага-хуліганства "Байкі нёманскага дна".

📈 Колькасць падпісчыкаў складае амаль 4 тыс. чалавек, а агульная колькасць праглядаў дасягае амаль 280 тыс. Таксама, не так даўно, YouTube дазволіў нам манетызаваць нашыя відэа, а сталыя гледачы хутка атрымаюць магчымасць стаць нашымі спонсарамі😏.

Вядома, у параўнанні з буйнымі каналамі гэтыя лічбы не такія захапляльныя, але ж тымі невялікімі рэсурсамі, якімі ствараецца кантэнт на канал – лічым, што даволі добрыя вынікі да першых нарадзінаў нашага YouTube.

😎 Спадзяемся, што наступны год будзе больш плённым і актыўным з новымі відэа і праектамі. Але не будзем загадваць, час пакажа.

🎁 Ну а вы можаце павіншаваць нас падпіскай, праглядам, падабайкай і каментам пад нашымі відэа. Ці падорыць нам кубачак кавы на Buymeacoffee.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


🦌 3 лістапада – дзень святога Губерта. Многія лічаць гэтага святога заступнікам і апекуном Гродна, а сённяшнюю дату - неафіцыйным днём горада. Алень Святога Губерта з’яўляецца галоўным сімвалам горада. У ранейшыя, больш ліберальныя часы, у гэты дзень праходзілі шматлікія выставы, канферэнцыі, творчыя вечары. А ў міжваенны перыяд, калі Гродна ўваходзіў у склад Польшчы, гродзенцы менавіта 3 лістапада адзначалі Дзень горада.

🤔 Сама традыцыя атаесамлення выявы аленя на гербе Гродна з аленем з легенды пра святога Губерта - даволі позняя. Відаць, яе ўвёў Юзаф Ядкоўскі толькі каля 100 год таму. Летась мы, дарэчы, узгадвалі, што ёсць альтэрнатыўная версія, маўляў, алень на гербе зусім не Губерта, а Яўстафія. Яна мае сваіх прыхільнікаў. Але калі наогул пачаць пералічаць умоўных “святых з аленямі”, дык трэба ўзгадаць яшчэ і Пракопа Багемскага (!) і нават Амерыка Венгерскага (!!!).

🎉 Канал Hrodna 1127 шчыра віншуе ўсіх гродзенцаў з днём Святога Губерта. Няхай ён надалей апякае наш горад і яго жыхароў.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


👀 Газета “Гродзенская праўда” мае польскія карані?

👉 2 кастрычніка 1944 года гродзенскія чыноўнікі прынялі рашэнне “Аб выданні абласной газеты” - “Гродзенская праўда”. Але насамрэч газета выходзіла з лістапада 1939 года, толькі тады яе выдавалі ў Беластоку пад назвай “Вызвалены Беласток”. Падчас Другой сусветнай вайны, з 1943 па 1944 год, газету спрабавалі выдаваць падпольна пад назвай “Беластоцкая праўда” і толькі пасля вызвалення Гродна ад нямецкіх войскаў газету пачалі выдаваць у Гродне пад звыклай нам назвай.

📝 У савецкія часы ў газеце працавалі вядомыя творцы з Гродна і не толькі. Там друкаваліся пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк і Вольга Іпатава, паэты Міхась Васілёк, Юрка Голуб, Данута Бічэль-Загнетава, а таксама літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч і іншыя.

🏢 Першапачаткова рэдакцыя газеты размяшчалася ў будынку на вуліцы Савецкая, 8. У 1980-х гадах рэдакцыя пераехала ў новы будынак на Антонава, 25. Побач размяшчалася гродзенская абласная друкарня, пра гісторыю якой мы распавядалі ў адным з нашых відэа: https://www.youtube.com/watch?v=c_JG0aVzQkE

🖌 Вось як пісьменнік Васіль Быкаў узгадваў пра тое, як патрапіў на працу ў рэдакцыю газеты:

У Горадні якраз непадалёк ад нашай майстэрні была рэдакцыя абласной газэты «Гродзенская праўда». Часам у піўнушцы на рагу дзьвюх вуліцаў мы сустракаліся зь некаторымі яе газэтчыкамі. Тады ў рэдакцыі працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнік былой царскай арміі, ён таксама заходзіў туды — выпіць з палучкі піва. Калі-нікалі мы размаўлялі, той распавядаў шмат цікавага з свае царскай службы. Аднойчы ў хвіліну п’янаватай добрасьці ён і сказаў мне, што ня шкодзіла б падумаць пра сваю будучыню, і тым зачапіў нейкія чульлівыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас частку тыражу пачынаюць выпускаць па-беларуску. Зайдзіце ў сакратарыят, можа, будзе патрэба. Дзён праз колькі я сапраўды зайшоў у сакратарыят, дзе мяне спаткала Ганна Iльлінічна Цыпіна, старая газэтчыца, прапанавала напісаць заяву па-беларуску. I, як мне здалося, паколькі не знайшла ў ёй занадта памылак, прыняла мяне на працу карэктарам беларускага выданьня. Трохі папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят.


Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


📆 1 лістапада 1941 года акупацыйныя ўлады аб’явілі аб стварэнні ў Гродне двух гетта. Згодна прыказу нямецкіх уладаў, перасяленне яўрэеў адбывалася 2 лістапада 1941 года з 12 па 18 гадзіну.

🏠 Гетта №1 размяшчалася ў цэнтры горада і было агароджана калючым дротам. Вышыня агароджы дасягала двух метраў. За дротам апынулася цэнтральная частка горада (вуліцы Замкавая, Вялікая Траецкая, Віленская, Савецкая).

👉 Гетта ліквідавалі вясной 1943 года. За час правядзення нямецкай палітыкі Халакоста было знішчана каля 29 тысяч гродзенскіх яўрэяў.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


📆 1 лістапада 1928 года нарадзіўся Барыс Клейн – легендарны выкладчык гродзенскага гістфака, нонканфарміст.

📚 У сферы ягоных навуковых інтарэсаў, перадусім быў лёс паўстанцаў Кастуся Каліноўскага (1863-64 гг.) і гісторыя Заходняй Беларусі. Актыўна выступаў супраць знішчэння помнікаў архітэктуры ў Заходняй Беларусі. Разам з вядомымі пісьменнікамі Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым стваралі “Гарадзенскі трохкутнік” – нефармальны інтэлектуальны цэнтр цэлага рэгіёну.

👉 За крытыку палітычнага курсу КПСС, асуджэнне ўвода войск у Чэхаславакію, а таксама адмовы прыняць удзел у антыізраільскай кампаніі савецкай прэсы Клейна пазбавілі вучонай ступені, звання ды працы. Статус вучонага яму вярнулі толькі праз восем гадоў.

🧐 Сабралі некалькі ўспамінаў Васіля Быкава пра Барыса Клейна:

“Але часам я сустракаўся (пераважна ў кампаніі Карпюка) з выкладчыкам мэдыцынскага інстытуту дацэнтам Клейнам. Барыс чытаў будучым мэдыкам гісторыю КПСС, быў эрудзіраваны навуковец, ведаў літаратуру і філязофію”


Пра ўвод войскаў у Чэхаславакію:
“Раніцай, як заўжды, скіраваў у рэдакцыю і на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклівы, на чымсь засяроджаны і толькі буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялі. Танкі ў Празе...»”.


“Часам сустракаўся з Барысам Клейнам, калі той ня быў заняты ў інстытуце. Клейн меў даволі глыбокі аналітычны розум, быў дасьведчаны ў палітыцы. Ды і ў культуры таксама. (Распавядаў, як некалі вучыўся ў адной клясе з Раланам Быкавым, цяпер лёс зьвёў яго з другім Быкавым.) Менш цікавіўся беларускай літаратурай, але гэта — як каму наканавана.

Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелі трохі, і я пайшоў яго праводзіць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалі да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлі ў адзін канец, затым у другі. Было ўжо цёмна, людзей на вуліцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намі выніклі трое, заступілі дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелі, чаму яны перагарадзілі нам вузкі шлях, як тут жа атрымалі па удары ў твары — я і Барыс. У таго адразу ўпалі пад ногі акуляры, я здушана крыкнуў: «У чым справа?». I зноў атрымалі — другі раз. Тады мы закрычалі — на ўсю вуліцу. Адзін таропка перайшоў на другі бок, дзе ўжо стаяў трэці зь іх групы. Астатні раптам наблізіўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, ціха сказаў «Простите, ребята!» і пайшоў да тых двух”.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


🗓 Што адбывалася ў Гродне 31 кастрычніка ў розныя гады?

Паглядзелі на гэтую дату цягам трох эпох: царскай, польскай і савецкай.

📌 31 кастрычніка 1905 года

У гpодзенскім кафедpальным сабоpы адбыўся падзячны малебен у гонар маніфеста 17 кастрычніка (гэтым маніфестам цар Мікалай II даў заканадаўчыя кампетэнцыі Дзяржаўнай думе, бо ў Расіі тады ўжо панавала рэвалюцыйная смута).

Ля сабора, на Саборнай плошчы і на вул. Саборнай сабралося 3–5 тыс. жыхароў, якім губернатар прачытаў маніфест. Калі ён адправіўся дадому, дык натоўп, які яго суправаджаў, стаў патрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў. Губернатар адмовіў, паабяцаўшы тэлеграфаваць пра іх патрабаванні генерал-губернатару і давесці атрыманы адказ.

У 19 гадзін каля турмы збіраецца дэманстрацыя. Са сцягамі і спяваннем рэвалюцыйных песень яна праходзіць увесь вечар па вуліцах горада.

📌 31 кастрычніка 1931 года

Прайшло традыцыйнае для міжваеннага Гродна паляўнічае свята Святога Губерта.

📌 31 кастрычніка 1983 года

Старшынёй абласнога выканаўчага камітэта стаў Дзмітрый Арцыменя. Праз 10 гадоў яго заб’юць на парозе ўласнага дома - і справа ніколі не будзе раскрытая.

Больш цікавостак пра розныя даты ў гісторыі Гродна можна знайсці ў кнізе Вячаслава Шведа “Летапіс Гродна (1005 – 1995 гг.)”

Карцінка ў тэму (амаль што) з сайта oldgrodno.by

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


📅 28 кастрычніка 1845 года ў Гродне нарадзіўся фізік і прафесар Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Жыгімонт Урублеўскі.

💧Навуковец вядомы тым, што разам з Каралем Альшэўскім атрымаў вадкі кісларод. Эксперымент навукоўцаў прызналі самым важным адкрыццём у фізіцы за тры гады. Урублеўскі атрымаў стыпендыю і заняўся спробамі здабыць вадкі вадарод. Але фізік не паспеў гэта здзейсніць.

🔥 У 1888 годзе малюючы схемы для свайго артыкула, Урублеўскі перакуліў чарцёжную дошку, а тая перавярнула газавую лямпу, якая стаяла побач. Навуковец, абліты палаючай газай, яшчэ здолеў выйсці на вуліцу, дзе яго патушылі студэнты. Плошча апёкаў была такая вялікая, што праз пэўны час Урублеўскі памёр.

👉 У гонар навукоўца ў гродзенскім Фарным касцёле размешчана памятная дошка, а таксама названы кратар на Месяцы.

P.S. Урублеўскі быў не толькі фізікам, але і паспеў стаць удзельнікам антыцарскага паўстання ў 1863 годзе за што адсядзеў пяць гадоў у зняволенні. Выратавала яго тое, што яму было ўсяго 18 гадоў, яго бацькі былі верныя ўладзе і тое, што ён не ўдзельнічаў непасрэдна ў баях супраць царскіх войскаў.


💰 Збіраць старыя гродзенскія фота - дарагое задавальненне!

Вось якая выдатна фотачка ўчора ўвечары пайшла з аўкцыёну за 71 еўра! Першая сусветная вайна, відавочна фота з таго ж альбому, як і папярэдняе, што нехта набыў за яшчэ большыя грошы - 102 еўра.

Што бачым на гэтым здымку? Унікальны ракурс на Свята-Пакроўскі сабор. Яго заўсёды здымалі з боку вуліцы Ажэшкі, што лагічна, а тут - з адваротнага боку. У правай частцы фота пасярэдзіне дрэвы - там зараз былы Дом афіцэраў. Злева ад царквы таксама на месцы дрэваў сёння быў бы бачны корпус ГрДУ. Фота суперкаштоўнае і нам застаецца спадзявацца, што набыў яго ўсё ж нейкі гродзенец.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


📌 Гродна, вуліца Маставая, пачатак XX ст. Каля 1901-1908 гг.

Старога Моста яшчэ няма. Дарога спускаецца да бровара, а справа плот казармаў (цяпер будынак вядомы як БІП) перакрывае выезд на будучы мост (яго хутка пачнуць будаваць і адкрыюць у 1908 г.).

На гары, нязменна цягам стагоддзяў, стаіць бернардынскі касцёл і кляштар.

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


😎 Ну што, хто памятае загадкавы надпіс "Кёль петух", якім быў размаляваны ўвесь горад Гродна ў 1990-я гады?

📺 У заключным відэа першага сезона серыі "Байкі нёманскага дна" наш дэтэктыў паспрабаваў разабрацца і падзяліцца інфармацыяй, якую ён знайшоў пра таго самага "Кёля": https://www.youtube.com/watch?v=E7N_lQcS8EU

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


👉 Ужо сёння ўвечары (у 19:00 па гарадзенскім часе) на нашым YouTube канале выйдзе заключнае відэа з серыі краязнаўчага-хуліганства "Байкі нёманскага дна".

😎 Прысвечана яно будзе адной з найгалоўнейшых таямніц 90-х гадоў — надпісам "Кёль петух", якімі быў распісаны амаль увесь горад. Ці атрымаецца ў нашага дэтэктыва разгадаць гэтую таямніцу?

📺 Глядзіце сёння на нашым YouTube канале: https://www.youtube.com/@Hrodna1127

☺️ Таксама нагадаем, што вы можаце падтрымаць нашу працу кубачкам кавы на Buymeacoffee.

Telegram | YouTube | Instagram


▫️ Трошкі з найноўшай гісторыі Гродна

🛒 Маленькая крамка на вуліцы Мікалаева, пасярод прыватнага сектара. У мінулым - прамтаварная, а зараз крама будаўнічых матэрыялаў. У пачатку 90-х былі праблемы з пастаўкамі алкаголю, спірт “Роял” быў дарагім. Гродзенец Сяргей у Facebook узгадвае, як яго бабуля па нейкіх сваіх каналах даведвалася, куды і калі будзе прывоз прадукцыі і брала з сабой малога Сяргея і ягонага дзядзьку ў якасці цяглавай сілы. Спірту бралі шмат - некалькі скрынь за раз. Тавар потым перапрадавалі на мінірынку каля ўніверсама “Брэст”.

Іншы Сяргей у той жа галіне ў Facebook узгадвае, што краму ў народзе называлі “Беленькая”. А Вікторыя ўзгадала, што нейкі час крама была прадуктовай (сапраўды, у пачатку 2010-х такое было). Іншая карыстальніца, Алена, памятае, што побач раней стаяў драўляны аптэчны кіёск зялёнага колеру.

❓ А вы памятаеце такія маленькія крамкі ў розных раёнах Гродна? У вас ёсць звязаныя з імі ўспаміны? Пішыце ў каментарыях!


Фота: Яндэкс Карты

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


🗞 Фрагмент газеты Nowe życie ад 12 жніўня 1928 года. У ім напісана, што магістратам Гродна і Беластока паступілі прапановы аб адкрыцці трамвайнага руху ў гарадах.

👉 "Трамваі ў Гародні і Беластоку. Да магістратаў шэрага вялікіх правінцыйных гарадоў, як Гародня і Беласток, паступілі прапановы ад бельгійскага трамвайнага таварыства аб укараненні электрычнага трамвайнага транспарту".

📺 Калі хочаце больш падрабязна даведацца пра гісторыю электратранспарта ў Гродне, то на гэтую тэму ў нас было адно з нашых відэа: https://youtu.be/IoEL_zfzguI

Крыніца: Facebook

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


😎 Каму будзе прысвечаны апошні выпуск серыі "Байкі нёманскага дна"?
Poll
  •   Лютэк
  •   Кёль Петух
  •   Свістун
  •   Міхельсон
100 votes


😎 Працягваем супрацоўніцтва з сяброўскім праектам "Палявая пошта". Бо ведаем, як вы любіце старыя паштоўкі з выявамі нашага горада!

Гэтым разам мы прааналізавалі яшчэ адзін від на старое Гродна з левага берагу. Але тут і часы крыху пазнейшыя (Першая сусветная), і фатограф крыху інакш накіраваў аб'ектыў - і ўжо зусім іншая гісторыя атрымалася! Паглядзець, пачытаць і параўнаць з сучаснасцю можна тут:

📌 https://teletype.in/@poshtabel/345AnAGSbks

💪 Абавязкова падпішыцеся на @poshtabel — ну бо дзе вы яшчэ знойдзеце столькі старых паштовак з гарадамі і мястэчкамі Беларусі?


👉 Першы сезон краязнаўчага хуліганства пад назвай "Байкі нёманскага дна" хутка скончыцца, але мы яшчэ не разгледзелі справу №7. Відэаплёнка кудысьці таямніча знікла, але мы знайшлі і публікуем адну са спраў нашага партфоліа. Дарэчы, нашы пастаянныя гледачы заўважылі гэта і пыталіся ў каментарыях пра справу №7.

📺 І вось сёння наш дэтэктыў будзе разглядаць справу пра чараўніка Максіма Знака, якога спалілі на месцы сучаснай Савецкай плошчы. Ці праўда, што праз некалькі стагоддзяў пасля смерці ён апраўдаў сябе? Усе падрабязнасці ў відэа: https://youtu.be/z0lwQX4P5_8

😎 Наступны выпуск будзе заключным у гэтым сезоне. Таму ў каментарыях можаце напісаць свае ідэі на тэму: каму будзе прысвечаны апошні выпуск.

P.S. Дарэчы, мы як быццам не заўважылі гэтага і нават не згадалі, але дзякуючы нашым падпісчыкам наш канал атрымаў права на манетызацыю. Цяпер вы можаце нас падтрымаць праз кнопку "Спонсарства" пад любым нашым відэа. Таксама спонсары змогуць першымі ўбачыць апошні выпуск з серыі "Байкі нёманскага дна".

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


Video is unavailable for watching
Show in Telegram
🎻 17 кастрычніка 1990 года быў створаны Гродзенскі камерны аркестр, які неўзабаве пераўтварыўся ў знакамітую сёння "Гродзенскую капэлу"

🎶 Аркестр заклалі энтузіясты - выкладчыкі музычных школ і музычнай вучэльні на чале з дырыжорам Аронам Гендэльманам. Ён і быў першым дырыжорам аркестра з кастрычніка 1990 года па кастрычнік 1991 года.

🎵 Упершыню калектыў выступіў перад слухачамі 15 лютага 1991 года ў Музеі гісторыі рэлігіі (тады ён яшчэ быў у манастыры на Давыда Гарадзенскага).

🎼 У лістападзе 1991 аркестр узначаліў нязменны з таго часу кіраўнік Уладзімір Борматаў. А ў красавіку аркестр стаў дзяржаўным прадпрыемствам і атрымаў назву "Гродзенская капэла" - у гонар Гродзенскай капэлы Тызенгаўза, якая існавала ў 1765-1780 гадах у якасці яго прыдворнага аркестра і распалася пасля яго адстаўкі. Вось так капэла ў пэўным сэнсе вярнулася ў Гродна праз больш чым 200 гадоў.

На відэа - фрагмент праграмы беларускага тэлебачання з цыклу "Край", 1993 год. Капэла яшчэ толькі пачынае свой шлях. І Гродна зусім іншы, чым зараз...

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


🤯 Вось такое надзвычай цікавае фота Гродна часоў Першай сусветнай учора пайшло з аўкцыёну Ebay за... 102 еўра!

За яго змагаліся адразу некалькі даволі вядомых калекцыянераў старых гродзенскіх фота, у тым ліку легендарны Фелікс Варашыльскі. Ну і мы, рэдактары @hrodna1127 таксама пастараліся. Але цана шалёная, нейкі аматар перабіў усіх.

Яно і зразумела - фота адзінае ў сваім родзе, вельмі якаснае і атмасфернае, з выдатнай кампазіцыяй, мы б сказалі, што проста мастацкае. Ацаніце самі. І напішыце ў каментарыях, як яно вам.

Калі вы хочаце дапамагчы нам у выкупе такіх старых здымкаў і вяртанні іх у Гродна - далучайцеся да нас на Buymeacoffee ☕️


Telegram | YouTube | Instagram


👊 Вы чулі нешта пра стрытфайтараў у Гродне канца 1990-х гадоў? Гістарычна-детэктыўнае агенцтва "Юрыдыка" наткнулася на цікавую справу.

🥊 У новым выпуску наш дэтэктыў паспрабуе ўспомніць і разабрацца, хто ў 1990-я гады ладзіў у горадзе вулічныя бойкі і хто выходзіў з іх пераможцам.

📺 Усе падрабязнасці ў відэа: https://youtu.be/dCLOdlVEL-0

Telegram | YouTube | Instagram | Buymeacoffee


📷 Гродна ў 1941 годзе

Так ужо склалася, што агромністая колькасць фотаздымкаў старога Гродна - гэта фота часоў войнаў. Знакамітыя віды на знішчаны Стары мост або чыгуначны мост - ці не самыя папулярныя выявы горада першай паловы XX ст.

Гэты здымак зрабіў нейкі немец, які ў чэрвені 1941 года ехаў праз Гродна. Ён спускаўся па сённяшняй вуліцы Гарнавых, павярнуў галаву налева, убачыў францішканскі касцёл і кляштар сярод руін - і вырашыў сфатаграфаваць. Праз 83 гады здымак выставілі на аўкцыён.

👉 Калі вы хочаце часцей бачыць такія рэдкія фота, дапамажыце аўтарам канала выкупляць іх на аўкцыёнах. Мы будзем вышукваць і набываць цікавыя і рэдкія фота Гродна, каб пазней, калі прыйдзе адпаведны час, паказаць нашу калекцыю гродзенцам або наогул перадаць у музей. Тое-сёе мы ўжо выкупілі за свае сродкі, але будзем удзячныя за дапамогу!

Падтрымаць нас, як заўсёды, можна на ☕️ Buymeacoffee ☕️


Telegram | YouTube | Instagram

20 last posts shown.