Узаемная незадаволенасць бабулі і 10-гадовай унучкі
У бот «Тлумача» прыйшло такое пытанне:
10-гадовая дачка не ладзіць з бабуляй. Бабуля надта хвалюецца, што і калі падумаюць людзі, ды чапляецца да дзіцяці з заўвагамі часта па дробязях: не стой там, не спявай, не смейся так гучна, не еш зашмат. Дзіця ў адказ ужо проста зрываецца і пастаянна кажа: «Адстань!». Ці варта спрабаваць неяк перавучыць бабулю ў поглядах на жыццё або як прымірыць гэтыя два пакаленні? 🙏
Адказвае Васіль Пронь:
Хутчэй за ўсё, трэба спрабаваць размаўляць і з бабуляй, і з дачкой. У любым выпадку варта падтрымліваць бок дачкі і пры гэтым спрабаваць канструктыўна вырашыць пытанне.
Так, ёсць складанасць, што людзі ва ўзросце не надта часта могуць і жадаюць змяняцца. Але выхаванне дачкі ў першую чаргу — ваша адказнасць. Таму вы, як бацькі, маеце права настойваць, каб бабуля менш патрабавала ад вашай дачкі.
Важна адзначыць: не проста стаўце бабулі ўмовы, але і прапаноўвайце альтэрнатыўныя варыянты, як яна ў дачыненні да ўнучкі можа рэалізаваць свой клопат.
Напрыклад, прапануйце нешта зрабіць або нечаму навучыць, пазаймацца чым-небудзь разам — пераключыць на іншы кірунак узаемнасці з унучкай, калі гэта магчыма. Калі не, то хутчэй мінімізаваць такія завышаныя патрабаванні. Гэтая справа тычыцца вас і бабулі, а не з’яўляецца задачай 10-гадовай дачкі.
Далей разгледзім, што можна абмеркаваць з дачкой:
🔸 Што гэта такі варыянт з боку бабулі паказаць сваю любоў і клопат.
🔸 Што не трэба заўвагі, з якімі нязгодная, прымаць на свой рахунак і хвалявацца.
🔸 Што «ты ў нас адзіная, самая дарагая і файная, ты можаш абіраць тыя паводзіны, якія бяспечныя для цябе і не парушаюць межы іншых людзей. Калі ўзнікнуць якія-небудзь сумневы, запытай у нас, у бацькоў».
🔸 «Паспрабуй прапанаваць у адказ на заўвагу бабулі далучыцца да цябе — пагуляць або паспяваць з табой разам. Тады, можа быць, у яе ўздымецца настрой, і яна менш захоча рабіць заўвагі». Ідэя ў тым, каб дачка таксама магла пашукаць магчымыя сферы ўзаемадзеяння з бабуляй, а не сыходзіла ў ігнараванне (магчыма, бабуля чапляецца з той прычыны, што ўнучка яе ігнаруе).
🔸 Таксама можна прапанаваць дачцэ, калі ўжо зусім няма сіл трываць, адказваць у больш мяккай форме, называючы свае эмоцыі, а не пасылаць і грубіць.
Такім чынам, будзе карысна пашукаць сферы магчымага ўзаемадзеяння, супольныя актыўнасці. Таму што, хутчэй за ўсё, бабуля хоча быць важнай для ўнучкі, але не ведае як — ды робіць як можа. Пры гэтым, захоўваючы ўсеагульную павагу да бабулі, вы не мусіце рабіць дзіця зручным для яе, прыціскаючы індывідуальнасць чалавека, які расце і фармуецца.
Калі вы таксама жадаеце разабраць сваю сітуацыю з псіхолагам і педагогам Васілём Пронем, пішыце @tlumachme_bot.
🙌
TLUMACH