🇧🇾 У заключны сёлета Адзіны дзень інфармавання Андрэй Садоўскі агучыў кароткія вынікі развіцця раёна:
– 2024 год быў паспяховым для Дзятлаўскага раёна, было рэалізавана нямала праектаў, многія перайшлі ў этап завяршэння. Сёлета восем мільёнаў рублёў свабодных астаткаў было ўкладзена ў сацыяльную сферу (15 % бюджэту раёна). Выканалі рамонт Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, завяршаем другі пускавы комплекс капітальнага рамонту сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, на яго з раённага бюджэту было выдзелена 1,3 мільёна рублёў. Шмат робіцца ў сферы аховы здароўя: на сёння адрамантаваны ўсе аддзяленні раённай бальніцы, ужо ў снежні на Дзятлаўшчыне з’явіцца перасоўны ФАП, а ў першым паўгоддзі наступнага года – рэнтген-кабінет з новым абсталяваннем і новы мамограф, які дазволіць праводзіць усе даследаванні на месцы. На сёння вядуцца работы на 10 аб’ектах будаўніцтва, у ліку якіх – Новаяльнянская бальніца. Паспяхова скончана будаўніцтва 30-кватэрнага дома ў Дзятлаве, завяршаецца перапланіроўка інтэрната пад арэнднае жыллё ў Казлоўшчыне. Капітальны рамонт сёлета рэалізуецца ў васьмі шматкватэрных дамах (больш за дзевяць тысяч квадратных метраў жылля), адрамантаваны каля 15 вуліц райцэнтра і пасёлкаў. Поўным ходам ідуць рамонтныя работы ў будучым фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Дзятлаве. Сёлета прыбыткова спрацавалі як прамысловы, так і сельскагаспадарчы сектар эканомікі, а значыць грунтоўныя праекты ў сацыяльнай сферы, запланаваныя на наступны год, атрымаюць фінансавую падтрымку і будуць паспяхова рэалізаваны.