У Беларусі знайшлі рэдкую птушку. У апошні раз у нас яе бачылі больш за 100 гадоў таму
Гаворка ідзе пра караткапальцага паўзунка. Птушку ў старым парку горада Высокае, на захадзе Брэсцкай вобласці, выявіў бёрдвотчар Яўген Місіюк,
распавядае тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
У Еўропе пражываюць два віды паўзункоў. Звычайны сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, а вось караткапальцага ў апошні раз бачылі больш за 100 гадоў таму. Як піша «Дзікая прырода побач», адрозніць іх няпроста — птушачкі выглядаюць практычна аднолькава. Самы надзейны спосаб — гэта фатаграфія або галасавы запіс.
Яўген, у сваю чаргу, звярнуў увагу на доўгую дзюбу, западозрыў, што гэта караткапальцы паўзунок, і, як аказалася, меў рацыю.