НАВУМЧЫК


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Новости и СМИ


Сяргей Навумчык, рэдактар Радыё Свабода. Галоўны канал: @radiosvaboda


Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Новости и СМИ
Статистика
Фильтр публикаций


Ёсьць папулярны сёньня выраз у дачыненьні да рэалій РФ - “глыбінны народ” (sic! -- удаклядняю, паняцьце не навуковае, а публіцыстычнае). Гэта людзі, для якіх нейкае элементарнае палітычнае паняцьце, зразумелае чэскаму ці англійскаму школьніку (скажам, рэгулярная зьмяняемасьць улады) — невядомае, незразумелае, і галоўнае — не ў сферы іх мінімальнай цікавасьці. У сілу розных прычынаў — выхаваньня, умоваў жыцьця, інтэлектуальных здольнасьцяў.

Гэта называецца — адсутнасьць палітычнай культуры.

Па-нармальнаму, такія людзі не павінны былі б быць дапушчаныя да ўдзелу ў галасаваньні. Ня маюць яны права вырашаць нават свой уласны лёс, ня кажучы пра лёс сваіх дзяцей-унукаў ці лёс народа (а расейцы, да таго ж, імкнуцца вырашаць лёсы і іншых народаў).

У Беларусі гэты ўзровень вызначаецца яшчэ адной якасьцю. А менавіта — неўспрыманьнем нацыянальных каштоўнасьцяў, найперш — беларускай мовы.

Якраз такія ў 1994 і прагаласавалі за Лукашэнку. Падпісаўшы тым самым сваім дзецям-унукам прысуд на дзесяцігодзьдзі пакутлівага існаваньня.

Многія зь іх ужо ў магілах, але ці нашмат зьменшылася ўдзельная колькасьць такога “глыбіннага народу”? Мяркуючы па ўспрыманьні спрадвечнага ворага Беларусі як “брата” — не нашмат. І баюся, што на сапраўды дэмакратычных і свабодных выбарах атрымалі б мы вельмі і вельмі непрыемны сюрпрыз.

Вось чаму (і гэтага не разумеюць заходнія палітыкі) выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці ў Беларусі падаецца куды больш важным, чым дапільноўваньне дэмакратычных выбарчых поацэдураў. Асабліва пасьля дзесяцігодзьдзяў татальнай (і ў школе, і праз СМІ, паўсюль) расейска-імперскай прамыўкі мазгоў.


Ці падтрымліваеце Вы сілавы варыянт зьмены ўлады ў Беларусі?
Опрос
  •   Так
  •   Не
  •   Ня маю адназначнага адказу
1123 голосов


І яшчэ вельмі важна, што ў супрацьстаяньні з фашыстамі ў 2020 спадар Валер Сахашчык быў на баку народа.


ПРА ВАЛЕРЫЯ САХАШЧЫКА
Адразу скажу, што я не знаёмы асабіста з Валерыем Сахашчыкам, толькі чуў пра яго добрае ад людзей, не давяраць словам якіх у мяне няма ніякіх падстаў.

Таму пішу пра свае адчуваньні, скажам гэтак, з адлегласьці. Адучуваньні, скажу адразу, добрыя.

Адносна сытуацыі вакол Сахашчык-Пазьняк... Не, пра гэта пазьней. Спачатку агульнае.

Думаю, што зьяўленьне на беларускім палітычным полі такога чалавека, як падпалкоўнік Валерый Сахашчык — калі не галоўная, дык адна з асноўных падзеяў апошняга часу. Мне падаецца, гэта цалкам натуральна. Гэта і павінна было адбыцца ў сытуацыі, калі актыўная, палітызаваная частка грамадзтва пераацэньвае тактыку лідэраў пратэсту 2020 (калі там увогуле была тактыка) і сам мірны характар пратэстаў (лічу, што можна было зьмясьціць Лукашэнку і мірным шляхам, але гэта асобная тэма). Другая (а можа быць, і першая прычына) — вайна Расеі супраць Украіны.

Сахашчык ня мае палітычнага бэкграўнду, але ва ўзаемадачыненьнях з прадстаўнікамі Ўкраіны гэта якраз можа быць плюсам: ён нідзе не зрабіў ніякіх заяваў, якія маглі б быць перашкодай для кантактаў з афіцыйным Кіевам.

Мне даслалі інтэрвію Сахашчыка часопісу «Спецназ» недзе 6-7 гадовай даўніны і, прызнацца, я з трывогай чакаў фразаў, уласьцівых афіцэрам майго пакаленьня, якія пачалі службу яшчэ ў СССР — «Такую страну развалили!», «Растянули Союз по национальным квартирам, а кто подумал об армии?», «Мы были мощной армией и нас все боялись».

Нічога падобнага. Цьвярозая ацэнка і гісторыі, і арміі. Так, ацэнка ваеннага чалавека, лексіка дэсантніка (дэсантнікі вылучаюцца з ваеннага асяродзьдзя, гэта заўсёды была «элітная» група).

Пра «традиции русскогго офицерства», што многіх абурыла. 99,99% афіцэраў у найлепшыя гады Беларусі (1991-1993) выхоўваліся ў арміі на «традицыях русского офитцерства», бо афіцэры-актывісты БЗВ былі з войска звольненыя па загаду людзей з атачэньня Кебіча (на жаль, Шушкевіч іх не абараніў, а магчымасьцяў дэпутатаў БНФ не хапала). У гады Лукашэнкі пра што-небудзь беларускае ў войску ўвогуле гаворкі няма.

Давайце будзем ўспрымаць і людзей, і падзеі ў рэальным кантэксьце. Скажам, нам у школе, ва ўнівэрсытэце ўвогуле не казалі пра БНР. Мае веды пра ВКЛ і БНР у момант, калі я стаў дэпутатам Апазыцыі БНФ, можна было ўмясьціць на старонку тэксту (праз два, а то і праз тры інтэрвалы). Кожны з нас — прадукт выхаваньня. Пытаньне ў тым, ці здольны чалавек вярнуцца да гістарычных каранёў.

Прыгадваецца, як адна дэпутатка, праціўніца БНФ, прыйшла на паседжаньне нашай дэпутацкай групы, каб зблізку паглядзець на прадстаўнікоў руху, які не ўспрымала (бо брала інфармацыю з афіцыйных СМІ). Стаўленьне яе да нас было, мякка кажучы, скептычным. Даволі хутка яе стаўленьне да БНФ і Пазьняка зьмянілася, і праз год Галіна Сямдзянава ўпісала сваё імя ў Гісторыю, унёсшы на Сэсію Незалежнасьці Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Людзі мяняюцца. Не заўсёды мяняюцца да лепшага, але калі зьмяніліся да лепшага — я лічу, што такія зьмены вартыя і разуменьня, і падтрымкі.

Што датычыць дыскусій адносна выказваньняў Сахашчыка пра Пазьняка і Пазьняка пра Сахашчыка, дык мне падаецца, што іх размовы перад форумам у Вільні а ні ў якай ступені не закраналі тэмы стварэньня «кабінэту» і ўдзелу ў ім Сахашчыка. Думаю, ім было пра што паразмаўляць і бяз гэтай тэмы. Прыкметна, што сёньня, праз тры дні пасьля форуму, Пазьняк падтрымаў Сахашчыка (я ўжо прачытаў камэнтары, што, значыць, ён падтрымаў і «кабінэт» — мне падаецца, адно з другога не вынікае).

Слушна, што Сахашчык адразу патлумачыў эскіз сваіх узаемаадносін з журналістамі — што, між іншым, абвяргае ацэнкі яго як чалавека з прамалінейным мысьленьнем і недасьведчанага ў грамадзкіх справах.

Мэта журналіста — выцягнуць з чалавека паболей, і гэта правільна. Гэта ў інтарэсах грамадзтва, у нашым выпадку — беларускага грамадзтва. Але ў інтарэсах беларускага грамадзтва і, даруйце за пафас інтарэсах Беларусі — каб чалавек, які займаецца тым, чым займаецца Сахашчык, гаварыў як меней. Па розных прычынах.У тым ліку — у інтарэсах бясьпекі, і сваёй, і сваіх паплечнікаў.


Наконт заявы Кіева пра 13 000 тысяч вайскоўцаў ў Беларусі, якія падпісалі згоду браць удзел у вайне з Украінай.

Я б больш паверыў гэтай інфармацыі, калі б было заяўлена толькі, што ў РБ у вайскоўцаў зьбіраюць такія подпісы — сярод 13 тысяч ня можа ня быць уцечкі інфармацыі (ды нават не ўцечцы — кожны трэці раскажа жонцы, кожная другая жонка скажа сяброўцы, і г.д.).

Але дакладная лічба — яе могуць ведаць толькі некалькі вышэйшых афіцэраў. І калі ў Кіева ёсьць «крот» на такім узроўні, у мяне пытаньне: чаму тады напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі быў для Кіева поўнай нечаканасьцю?

Я нават не пра тое, што пра такую магчымасьць гадоў 7-8 таму казаў Пазьняк, а ў апошнія тыдні перад вайной гэта абмяркоўвалася аналітыкамі (хаця, пераважна, са скепсісам). Я менавіта пра сыстэму працы і прыярытэтаў украінскай выведкі.

Альбо заява пра 13 тыс. — сьвядомая дэзінфармацыя? Тады гэта даволі грубая праца.

Зрэшты, калі перад заявай яе аўтар ўзяў на грудзь дзьве-тры чаркі добрай горілкі — тады зразумела, і па-чалавечы ў нечым апраўдана.


У “Нашай Ніве” быў апублікаваны матэрыял, у якім мне былі прыпісаныя словы пра Занона Пазьняка і Валерыя Сахашчыка, якіх я ніколі не казаў (яны належаць іншаму). На маю просьбу, тэкст выпраўлены.


ЧАЁК ДЛЯ ЛУКАШЭНКІ, альбо " ЎДЗЯЧНАСЬЦЬ«. Вядома, што кар’ерным штуршком для Лукашэнкі быў ягоны выступ на нарадзе па фэрмэрству перад Гарбачовым у канцы 80-х. Але на такую нараду трэба было яшчэ патрапіць.

У сваёй кнізе «Дзевяноста чацьверты» цытую падрабязны расповед непасрэднага ўдзельніка падзеяў, былога 1-га сакратара Магілёўскага абкаму Васіля Лявонава, тут жа дам сьціслы пераказ (а то папракаюць, што пішу ў сацсетках занадта даўгія тэксты — а моладзь вялікія тэксты не чытае).

У сярэдзіне 80-х на Магілёўшчыне за кожным маладым кіраўніком адстаючай гаспадаркі быў замацаваны абласны начальнік, які мусіў яму дапамагаць. Над дырэктарам саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну А. Лукашэнкам шэфства было даручана не каму-небудзь, а першаму намесьніку старшыні аблвыканкаму і адначасна начальніку абласнога аграпрамысловага ўпраўленьня Яўсею Карнееву. Магчымасьці ў яго былі ў маштабах вобласьці бязьмежныя — у выніку саўгас рэгулярна атрымліваў грошы, тэхніку, угнаеньні, будматэрыялы і г.д. (вось гэтак Лукашэнка"выводзіў" саўгас у «перадавыя»)

Мала таго: Карнееў узяў з сабой Лукашэнку на нараду ў Маскву, дзе мусіў прысутнічаць і генсек Гарбачоў (у свой час — сакратар ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы).

Трэба было паказаць Маскве, што ў Беларусі «расьцяць кадры» — і «кадра» падштурхнулі на трыбуну.

«Кадр» выступіў, Гарбачоў нават уступіў зь ім у дыялёг, пахваліў — і «пацан пошёл к успеху».

І вось дэталь: па дарозе ў Маскву (ехалі цягніком) Лукашэнка бегаў да праваднікоў па чаёк для Карнеевав, частаваў высокага начальніка гарэлачкай-сальцам.

А калі з Масквы вярталіся — ужо Лукашэнка патрабаваўад Карнеева, каб той прыносіў чаёк. Сальца, праўда, пры сабе ў першага намесьніка старшыні аблвыканкаму для Лукашэнкі не было.

Пройдзе пару гадоў, і Лукашэнка выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у ВС-12 у той самай акрузе, дзе балатаваўся... Карнееў. І, як вядома, пераможа свайго колішняга благадзецеля.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Перад выбарамі Лукашэнка паб’е мэханізатара, але 1-шы сакратар абкаму Лявонаў распарадзіцца пракуратуры спыніць крымінальную справу. А ў 1998 Лукашэнка загадае на міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, які пасьмеў усумніцца ў ягонай кампэтэнтнасьці, начапіць кайданкі — прама ў кабінэце, пад тэлекамэрамі. І адправіць яго за краты на некалькі гадоў.

Пра «удзячнасьць» Лукашэнкі ў дачыненьні да Віктара Ганчара, Дзьмітрыя Булахава, Юрыя Захаранкі, Аляксандра Фядуты, думаю, нагадваць залішне.

Але найбольш паказальна Лукашэнка «аддзячыў» народу, які аднойчы яму паверыў.


У ліпені 1994 я прапанаваў калегам па Апазыцыі БНФ увесьці на 100 дзён мараторый на крытыку новаабранага прэзыдэнта (гэта клясычная традыцыя, але не абавязковая). Прапанова была прынятая, і хаця зь першага дня Лукашэнка пачаў такое, што… але мы вытрымалі. Вытрымка – не апошняе ў палітыцы.

Магчыма, добра было б даць гэтыя 100 дзён «аб’яднанаму пераходнаму кабінэту». Ва ўсякім разе, такі мараторый на крытыку я на сябе ўскладаю.


За 30 гадоў, якія спадар Валер Цапкала праводзіць у беларускім публічным полі, «беларускі дзяржаўны дзеяч» (як ён пазначаны ў Вікіпэдыі) мог бы вымавіць хоць адну фразу на дзяржаўнай беларускай мове. За два гады, якія спадарыня Вераніка Цапкала прэтэндуе на дэмакратычнае лідэрства, тое ж самае магла б зрабіць і яна.

Вядома, што пасьля т.зв. «рэфэрэндуму» 1995 г. беларуская мова выціскалася з усіх сфэраў жыцьця, і вырасла пакаленьне, якое ня ведае значэньня некаторых беларускіх слоў. І таму разумею тых, хто не навучаны беларускай мове, але імкнецца ёй авалодаць. Мы бачым такія прыклады сярод публічных асобаў, і на шчасьце, іх усё болей. Перакананы — усё ў іх атрымаецца, было б жаданьне.

Але паказное ігнараваньне беларускай мовы менавіта ў цяперашнім яе стане, калі ў Беларусі вымаўленае беларускае слова можа быць падставай для рэпрэсій — гэта дэмарш.

Гэта тычыцца, дарэчы, усіх, хто тым ці іншым чынам апэлюе да беларускага народу. У іншым выпадку даводзіцца меркаваць, што імі кіруюць зусім ня клопаты пра лёс беларускага народу, а нейкія іншыя інтарэсы.


НЕКАТОРЫЯ АСПЭКТЫ МІЖНАРОДНАГА ПРЫЗНАНЬНЯ ЎРАДАЎ У ВЫГНАНЬНІ

Дазволіў бы сабе выказаць некалькі меркаваньняў, якія,магчыма, каму-небудзь будуць цікавыя ў гэтыя аж занадта цёплыя жнівеньскія дні. Выказаць у чыста тэарэтычным пляне.

Уявім сабе чалавека, які, як лічыцца, быў абраны прэзыдэнтам, але быў вымушаны пакінуць сваю краіну, не пасьпеўшы з тых ці іншых прычынаў уступіць у пасаду. І, адпаведна, прызначыць урад. Такія выпадкі час ад часу здараюцца.

І ён стаіць перад выбарам: прымаць ці не прымаць прысягу, прызначаць урад ці не?

Першая праблема, якой ён будзе кіравацца — гэта міжнароднае прызнаньне.

Перад кіраўнікамі краінаў, у сваю чаргу, узьнікла б дылема: прызнаваць ягоныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ці не. Тое ж тычыцца і прызначанага ім ураду (ураду ў выгнаньні, «экзыльнага ўраду»), калі такі будзе сфармаваны.

У выпадку прызнаньня першы крок, які абавязаныя зрабіць гэтыя краіны — адклікаць амбасадараў з краіны, якую быў вымушаны пакінуць прызнаны прэзыдэнт і ўручыць даверчыя граматы гэтаму прызнанаму прэзыдэнту. Іншымі словамі, акрэдытаваць пры ім сваіх амбасадараў.

Адпаведна, толькі зь ім падпісваць двухбаковыя дамовы, успрымаць толькі ім прынятыя ўказы. Канешне, у гэтым выпадку аналагічным чынам павінны ўспрымацца і прызначаныя ім міністры, калі такія прызначэньні адбудуцца. Канкрэтна, да прыкладу, павінны быць замарожаныя адукацыйныя праграмы, пакуль ня будзе згоды міністра асьветы ў выгнаньні, ці кантракты на пастаўку медабсталяваньня павінны падпісвацца толькі з міністрам аховы здароў’я ў выгнаньні і ці прызначанымі ім пэрсонамі ў структуры экзыльнага міністэрства. І гэтак — па ўсіх галінах і па ўсёй структуры выканаўчай улады аж да мясцовай.

Асобная тэма — вайсковае ведамства. Строга кажучы, у выпадку прызнаньня экзыльнага прэзыдэнта і прызначанага ім экзыльнага міністра абароны вайсковыя фармаваньні на тэрыторыі краіны павінны разглядацца як незаконныя ўзброеныя фармаваньні. З адпаведным да іх стаўленьнем.

І гэта — толькі невялікая частка складанасьцяў, якія паўстаюць перад кіраўнікамі краінаў у выпадку прызнаньня прэзыдэнта ў выгнаньні ці ўраду ў выгнаньні.

А вось у выпадку, калі прэзыдэнт у выгнаньні прыняў прысягу, прызначыў урад, але ні ён, ні ягоны ўрад не прызнаны — праблемы пачынаюцца ўжо ў іх.

Найперш гэта — рэзкае, па-просту рэактыўнае зьніжэньне ўзроўню міжнародных сустрэчаў. Пра прэзыдэнтаў і прэм’ераў можна забыцца.

Бо прэзыдэнт краіны ня можа прымаць непрызнанага прэзыдэнта іншай, акрамя хіба толькі ў сябе дома і пажадана — патаемна ад прэсы. Тое ж тычыцца і прэм’ер-міністра.

Максымум, на што можа разьлічваць такі непрызнаны прэзыдэнт (ці прызначаны ім непрызнаны прэм’ер), і што, найхутчэй, будзе ім гарантавана — сустрэча на ўзроўні намесьніка міністра замежных спраў ці начальніка ўпраўленьня МЗС (бо МЗС не павінен упускаць магчымасьць атрымаць інфармацыю непасрэдна ад такіх пэрсонаў) і кіраўніка парлямэнцкай міжнароднай камісіі (па той жа прычыне).

Ну і гэтак далей.


ЯШЧЭ РАЗ ПРА ПЭЛАСІ І ТАЙВАНЬ. І ЯКОЕ ДАЧЫНЕНЬНЕ ГЭТА МАЕ ДА БЕЛАРУСІ. Пачытаў я зьдзеклівыя камэнтары — «Ну, і дзе ваш напад Кітаю на Тайвань пасьля візыту Пэласі? Дзе вайна Кітаю з ЗША?».

Бачу, што «кліпавае мысьленьне» (усё павінна адбывацца хутка, пажадана за хвіліну) замацоўваецца ў нас усё мацней.

Пекін, як выглядае, пасьля візыту Пэласі зрабіў выбар, і гэты выбар — ваеннае вырашэньне «праблемы Тайваню». Абсалютна ясна, што такі спосаб патрабуе комплекснай падрыхтоўкі, з улікам канцэнтрацыі ваенна-марскіх сілаў іншых гульцоў у рэгіёне (з’езд КПК у лістападзе — асобны фактар, да гэтага Сі ня будзе рабіць рэзкіх рухаў). Канешне, калі Кітай пачне ваенныя дзеяньні (фактычна, яны ўжо пачатыя, бо манеўры — гэта неабходны іх этап), Кітай будзе імкнуцца запазьбегчы непасрэднага ваеннага сутыкненьня з ЗША — але тут ужо ніхто ня можа даць ніякіх гарантый.

Асабіста мяне ўзрост прымушае падыходзіць да праблемаў выключна прагматычна. Мне застаецца гадоў 20 жыцьця, да сьветлых часоў, калі «усе людзі на планеце — браты і сёстры», я не дажыву, мая сьціплая мара — убачыць зьнішчэньне рэжыму Лукашэнкі. Яно немагчымае без зьнішчэньня рэжыму Пуціна. Пакуль будзе пуцінскі рэжым — будзе і Лукашэнка. Пры гэтым, пад «пуцінскім рэжымам» я разумею нават ня столькі самога Пуціна, колькі гэбэшна-імперскую сыстэму. Саму Расейскую Імпэрыю, калі хочаце.

А найбольш рэальны спосаб зьнішчыць імпэрыю — гэта перамога Ўкраіны.

Адсюль, усё, што на карысьць гэтай перамогі — на карысьць Беларусі.

Усё, што адцягвае ўвагу ад барацьбы Ўкраіны з агрэсарам, што замінае яе перамозе — не на карысьць Беларусі.

Вось такі ў мяне «вузканацыянальны падыход».


Нэнсі Пэласі (спікер Кангрэсу ЗША) ляціць у Азію. У выпадку, калі яна ажыцьцявіць свой намер наведаць і Тайвань, а кітайцы - сваю пагрозу адказаць сілавым спосабам, пачнецца вайсковае ўжо не халоднае, а гарачае супрацьстаяньне ЗША і Кітаю.

Гэта ўжо рэальная Трэцяя сусьветная вайна.

Увага міжнароднай супольнасьці сфакусуецца на гэтым рэгіёне, агрэсія Расеі супраць Украіны адыдзе на другі план, а да Беларусі нікому ня будзе ніякай справы.

Акрамя таго, хто не пакідаў яе па-за ўдушлівай уаагай ні на хвіліну — Масквы.


Гэтаму фота – роўна 30 гадоў. Так мы адзначылі гадавіну Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, якая была важным крокам да Незалежнасьці. Веру, што хай ня мы, удзельнікі гэтага шэсьця, дык сёньняшнія маладыя пераможна пройдуць пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі па цэнтральным праспэкце ў вольнай, дэмакратычнай і незалежнай краіне. Жыве Беларусь!


Пра імперскія амбіцыі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі “дэмакратычнай”, як лічылі на Захадзе, Расеі было сказана на нашай зь Зянонам Пазьняком і Вячаславам Чарнавілам сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, у сакавіку 1996. Крайні зьлева - Дзьмітро Панамарчук.


Украінскія вайскоўцы дэманструюць рашучую і разам з тым філігранную працу, зьнішчыўшы за два тыдні амаль два дзясяткі расейскіх сховішчаў зброі. За тыдзень Украіна не згубіла ніводнага квадратнага метру сваёй тэрыторыі.

Пуцін адказвае на гэта ракетнымі ўдарамі па мірным насельніцтве, па безабаронных людзях, генацыдам на акупаваных тэрыторыях, кідаючы ў пекла ўсё новыя тысячы расейскіх салдат.

У пачатку вайны я прагназавпў, што ахвяры ніяк не паўплываюць на падтрымку вайны грамадзянамі Расеі. Многім такая ацэнка здавалася памылковай.

Масква даўно ўжо не паведамляе пра колькасьць ахвяраў з расейскага боку. Паводле Кіева, лічба імкліва набліжаецца да 40 000.

І тым ня менш, большасьць расейцаў падтрымлівае вайну.

Колькі расейцаў мусіць быць забіта, каб расейскі народ узьняўся і зрынуў дыктатара? 400 000? Чатыры мільёны?

Мой адказ — і нават пры 40 мільёнах ахвяраў расейскі народ не зварухнецца. Занадта ўжо моцныя — імперскія — “скрепы” сьціскаюць ягоную сьвядомасьць.


Міф, што “народ напугали мовай», пачаў гучаць недзе ў пачатку 2000-х, калі рэаліі забыліся. Пагартайце газэты пачатку 90-х — пра “насильственную белорусизацию» пісалі толькі адкрыта шавіністычныя выданьні, кшталту “Славянского набата”.

Галоўнымі фактарамі на выбарах 1994 былі цяжкая эканамічная сітуацыя, традыцыйная доя пэрыядаў трансфармацыі (адсуль і жаданьне вярнуцца “назад в СССР” - людзі імгненна забыліся, як было ў тым СССР), і карупцыя ў атачэньні Кебіча (на чым і згуляў Лукашэнка, адразу ж пасьля прыходу да ўлады ўзьняўшы ўзровень карупцыі на парадак).

Але галоўнае, паўтару — нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнай культуры. Ні ў якой іншай краіне чалавек, які супраць Незалежнасьці, не перамог бы.


Мы не павінны забывацца, што калі б ў пачатку 90-х Украіна не была вымушаная саступіць неверагодна моцнаму ціску Захаду (найперш ЗША) і аддаць сваю ядзерную зброю Расеі — цяперашняй вайны не было б. Не было б і 2014 году, не было б ні Крыму, ні Данбасу.

Ключавыя словы тут — ціск Захаду.

Вось чаму (дакладней, таксама і з гэтай прычыны) Захад абавязаны абараняць Украіну. А для ЗША і Вялікабрытаніі, якія падпісалі Будапэшцкі Мэмарандум, гэта яшчэ і прававы абавязак, як бы там ні гуляліся некаторыя амэрыканскія і брытанскія “прававеды” са словам “гарантыі”.


Заява дэпутата Лукашэнкі ў верасьні 1993, фота - з выбарчага плакату 1994.


Вось чаму я застаюся праціўнікам прэзыдэнцтва і прыхільнікам парламенцкай рэспублікі.

Вось чаму небясьпечна гучыць заклік “Мы патрабуем прэзыдэнцкіх выбараў як найхутчэй”. Пасьля падзеньня рэжыму трэба некалькі гадоў максымальнага дзяржаўнага спрыяньня разьвіцьцю нацыянальнай адукацыі, культуры,
кнігадруку, дзяржаўнай нацыянальнай асьветы праз СМІ (калі хочаце — так, прапаганды, бо на вайне вядзецца прапаганда супраць ворага, а вораг у галовах людзей замацаваўся трывала - «русский мир». Патрэбнае інтэнсіўнае “раззамбіраваньне”).

Патрэбны этап, які мусіў адбыцца пасьля 1991, але не адбыўся, і прывёў да трагічных вынікаў.

Паважаю ўсіх, хто пачаў часьцей ўжываць беларускую мову, чытаць беларускіх аўтараў, вывучаць нацыянальную гісторыю.

Гэта —правільны шлях.

Вось у гэтым рэчышчы — нацыянальнага будаўніцтва — і бачыцца падмурак нязрушнасьці Беларусі як незалежнай краіны.


Набліжаецца чарговая (28-я ўжо) гадавіна выбараў-1994, і зноў будуць спрэчкі — як, чаму, хто вінаваты і г.д.

Мой адказ такі: усё вызначыла нізкая нацыянальная сьвядомасьць большасьці насельніцтва і жаданьне “каб было, як у СССР”.

Папуліст можа перамагчы ў любой краіне, у тым ліку і суседніх з намі. Але ні ў Літве, ні ў Польшчы, нідзе ня мог і ня можа перамагчы той, хто выступае супраць незалежнасьці краіны.

Ня тое сумна, што Незалежнасьць была дасягнутая намаганьнямі 30-50 тысяч прыхільнікаў БНФ у Менску і рэгіёнах (0,5% насельніцтва) — рэвалюцыю заўсёды робіць актыўная меншасьць (у 1989 у Чэхаславакіі на плошчы было 150 тысяч, гэта 1%}. Дрэнна тое, што бодьшасьць насельніцтва цягам 1991-1993 так і не ўсьвядоміла важнасьці існаваньня сувэрэннай дзяржавы.

За некалькі гадоў адноснай дэмакратыі (1991-1993) нацыянальныя сілы зрабілі неверагодныя высілкі, каб каштоўнасьць Незалежнасьці ўсьвядомілі як мага больш людзей — але гэта было цяжка ва ўмовах манапалізацыі СМІ Кебічам, які ўжо ў 1992 “раскаяўся” у тым, што ў 91-м падтрымаў Незалежнасьць.

І тым ня менш — быў створаны падмурак дзяржаўнасьці (уласнае войска, уласная мытня і памежная служба, уласная грашовая сыстэма), Беларусь заявіла пра сябе на міжнароднай арэне як краіна, якая крочыць у сям’ю
цывілізаваных народаў, адчыняліся беларускія школы, выходзілі беларускія кніжкі, вярталіся зь нябыту імёны белускіх патрыётаў.

Толькі гэта не цікавіла большасьць насельніцтва і не ўспрымалася ніякім дасягненьнем. Яны палівалі брудам БНФ і «эту вашу независимость» — тое, што Незалежнасьць ратуе іх дзяцей і ўнукаў ад гібелі ў “гарачых кропках”, (пра што мы ўвесь час казалі) было занадта складана для іх разуменьня.

Літоўцы ва ўмовах эканамічнай блакады Крамля правялі дзьве зімы ў халодных кватэрах — абы захаваць незалежнасьць. У беларусаў сытуацыя ў 1991-1994 была непараўнальна лепшае (і ня трэба экстапаліраваць расейскія пужалкі пра “ліхія 90-я” на Беларусь. Не было ў нас такога разгула крыміналу, як у РФ, і масавага голаду не было. Жылі - так, не багата (як заўсёды і бывае ў пераломны час, гэта прайшлі тая ж Літва, і Подьшча, і іншыя краіны).

Патрабавалася яшчэ 5-6 гадоў парламннцкай дэмакратыі — і ніякія лукашэнкі ўжо не маглі б вярнуць краіну ў расейскае стойла.

І тут узьнікае пытаньне пра адказнасьць палітыкаў. “Маладыя ваўкі” вырашылі згуляць на настальгічных пачуцьцях — Незалежнасьць і нацыянальныя каштоўнасьці ў якасьці пастулатаў яны не ўспрымалі (“Суверенитет не есть икона, на которую нужно молиться» — Булахаў). Гэта супала з інтарэсамі спецслужбаў РФ, якія ўжо пачыналі весьці адрозную ад Крамля гульню і паставілі на афіцэра памежных войскаў КГБ, у свой час камісаванага з прычыны псіхічнага нездароў’я і таму кіруемага.

Нягледзячы на супраціў БНФ, было ўведзена прэзыдэнцтва. І ўжо
ніякія камбінацыі, ніякія кааліцыі не маглі прадухіліць абраньне насельніцтвам “нашыва Сашы”, які паабяцаў ўсё вярнуць “как в СССР”.

Маладыя павінны ведаць, а мае равесьнікі ўзгадаць, што ўвесь 1993 год па дзяржаўных СМІ (і ў Менску, і ў рэгіёнах) ішла шалёная прапаганда супраць Незалежнасьці, за саюз з Расеяй, і перад выбарамі 1994 яна дасягнула піку.

Фактычна, дзяржСМІ працавалі на Лукашэнку, на ягоныя ідэі саюзу з Расеяй, якія ён дэкляраваў значна больш гучна і энэргічна, чым Кебіч (“Я готов на коленях ползти в Россию»).

На выбарах 1994 той, хто выступаў (ці выступіў бы) з пазыцыі Незалежнасьці і нацвянальных каштоўнасьцяў, ня меў ніякага шанцу. Толькі — за аднаўленьне СССР, мінімальна - за “дружбу с великой Россией, без которой нам не прожить».

Ці сёньня ўсьведамляе большасьць насельніцтва (хаця б 50% плюс адзін голас) Незалежнасьць як каштоўнасьць? Сумняюся, што 28 гадоў лукашызму гэтаму спрыялі. А калі ўлічыць, што сучаснасьць ставіць знак роўнасьці паміж Незалежнасьцю і анты-расейскаімпэрскасьцю — баюся, што сёньня ў выпадку нават свабодных прэзыдэнцкіх выбараў (да якіх заклікаюць некаторыя) людзства ізноў прагаласуе за Лукашэнку 2.0 — прарасейскага і антынацыянальнага (што і паказаў пачатак прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га).

Показано 20 последних публикаций.