Мы вельмі замарочыліся над такой (як некаму можа здацца, малазначнай) часткай гульні як уласныя назвы. Паколькі сваёй беларусізацыяй Герояў
МТГ «RэЗэрвацыЯ» замахнулася закласці нейкі падмурак (а мо нават нават і нейкую традыцыю 🙂 ) беларускіх перакладаў свету Might & Magic, да адаптацыі ўласных назваў мы падышлі з тымі самымі сур’ёзнасцю і занудлівасцю, як раней да пытання найменняў істот. На наша шчасце, знайшлося
інтэрвію з Грэгары Фултанам (Gregory Fulton), распрацоўшчыкам Герояў 3, якое праліла святло на шмат якія цьмянасці і дадало разумення што да чога. Праца над назвамі яшчэ незавершана, аднак большая частка работы ўжо зроблена.
Сваёй беларусізацыі кампаній мы яшчэ не зрабілі (і пакуль за яе нават не браліся 😀 ), а таму прапануем усім ахвочым ацаніць работу суполкі
łokar, нашых калег па перакладчыцкім цэху, якія на падставе нашых напрацовак па назвах дарабілі свой
пераклад сюжэтных кампаній «Адраджэнне Эрафіі» і «Клінок Армагедону». Усе заўвагі і прапановы, як заўсёды, на пошту або ў Telegram.
Што да самой беларусізацыі
Герояў мяча і магіі 3 (Heroes of Might and Magic III), яна дапоўнена і абноўлена ‒ абеларушчыны ўсе элементы графічнага інтэрфейсу, заменены шрыфты, перакладзены жыццяпісы герояў і папраўлена нямала дробязей у самім перакладзе. Беларусізацыя
HoTA таксама абноўлена ‒ цяпер яна ўніверсальная, без прывязкі да канкрэтнай версіі гульні.
У наступным месяцы мы плануем поўнасцю дарабіць беларусізацыю класічных Герояў 3, а
łokar ‒ прадставіць свой пераклад сюжэтных кампаній дапаўнення «Подых Смерці».