Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Политика


Афіцыйны тэлеграм-канал Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры. Пішам пра #магчымасці для творцаў, рэалізоўваем праекты, гуртуем супольнасці.
Для сувязі: instagram.com/resource_byculture
Канал пра дзейнасць Беларускай Рады культуры @radakultury

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Политика
Статистика
Фильтр публикаций


🎥 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: каманда стваральнікаў дакументальнага фільма пра палітвязня Сяргея Ціханоўскага.

Прэм’ера стужкі "Адзін з нас" адбылася на YouTube-канале “Настоящее время. Док”.

“Мы ўпэўненыя, што роля Сяргея Ціханоўскага ў абуджэнні грамадскай актыўнасці беларусаў дагэтуль недаацэненая. Менавіта пра гэта мы хацелі паразважаць у сваёй працы і — адпаведна — прапанаваць гэтыя развагі гледачам. Таксама імкнуліся паказаць рашучасць Сяргея, яго цвёрдасць і ўпэўненасць, падаецца, што менавіта гэтых якасцяў нам часам не хапае, — кажуць стваральнікі стужкі. — Нашая работа — гэта і доказ, што людзі за кратамі не забытыя. Што іх ахвярнасць не была дарэмнай. Што мы ўдзячныя ім. Што іх прыклад для нас вельмі важны”.

Разам з тым каманда праекта мае надзею, што “Адзін з нас” дапаможа яшчэ раз звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на пытанні беларускіх вязняў.

“Праца, якая вядзецца на дыпламатычным узроўні, вельмі важная, але не заўсёды яе сутнасць і мэты сягаюць свядомасці ўсяго грамадства. Магчыма, пры дапамозе фільма у нас атрымаецца зрабіць тэму палітычных вязняў у Беларусі больш вядомай у грамадскіх колах розных краін”, — мяркуюць удзельнікі творчай групы.

📱 Глядзець дакументальны фільм на YouTube

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца)


📱 Увага! Тызер!

🐇 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: стваральнікі анімацыйнай стужкі “Заяц” паводле верша Валера Маракова. Дзякуючы нашай праграме быў запісаны гук да гэтай кароткаметражкі.

9-хвілінны анімацыйны фільм задуманы як позірк у мінуўшчыну і разам з тым — яскравая паралель з сучаснымі беларускімі падзеямі. “Заяц”, натхнёны вершам беларускага паэта, расстралянага ў Чорную ноч, асвятляе сістэматычныя рэпрэсіі супраць беларускай літаратурнай эліты. На жаль, гэтая тэма застаецца актуальнай і сёння.

Праз сродкі анімацыі аўтары (з прычынаў бяспекі застаюцца ананімнымі) імкнуцца даць голас сучасным беларускім творцам, якія працягваюць прамаўляць, нягледзячы на цэнзуру, рэпрэсіі і выгнанне. Стужка паказвае і нашую супольную неперажытую траўму, актуальную для некалькіх пакаленняў беларусаў.

❕Сачыце за абвесткамі. Хутка “Заяц” распачне фестывальнае жыццё, а пасля — будзе даступны для бясплатнага прагляду.

🔗 Глядзець тызер

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца)


📚 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: гісторык Аляксей Бацюкоў і яго даследчая праца за межамі Беларусі.

Ужо пасля пераезду з краіны спадар Аляксей здолеў працягнуць свае даследаванні дзеля адкрыцця новых старонак беларускай гісторыі.

— Дзе б ні знаходзіліся навукоўцы, кім бы ні былі іх сучасныя чытачы, гэтыя працы вядуцца пра беларусаў і Беларусь, для беларусаў і для Беларусі. Праз пакаленні ўжо ніхто не будзе звяртаць увагі, гісторык фізічна знаходзіўся ў Менску ці ў Фрайбургу. Галоўнае — гэта тое, што ён адкрыў для навукі. — упэўнены Аляксей Бацюкоў. — Гістарычныя даследаванні ў сучасным беларускім грамадстве атрымалі асаблівы экзістэнцыйны статус, у сувязі з пераходным станам самога грамадства. Гісторыя разглядаецца як аўтарытэт, што легітымуе сучасныя практыкі і наратывы. Мяркую, што гісторыя шмат у чым ператварылася ў палітыку. А для таго каб палітыка вялася чыстымі рукамі, неабходна, каб гістарычная перспектыва для яе была сфармуляваная даставерна і навукова. Менавіта па гэтай прычыне, на маю думку, неабходна падтрымліваць працу даследчыкаў, бо яснасць таго шляху, якім мы ідзем, наўпрост залежыць ад яснага разумення ўсяго таго, што мы ўжо прайшлі.

Пры гэтым сваю эміграцыю з Беларусі даследчык успрымае не толькі як выпрабаванне, але і як выклік, адкрыццё магчымасцяў. Ён зазначае:

— Новыя крыніцы, новыя архівы, новае прафесійнае кола калегаў, што можа вывесці даследаванні на новы ўзровень і адкрыць не дасягальныя раней далягляды. І тое, што вядзе даследчыка ўсё яго жыццё, — прага новага, страсць да спасціжэння ісціны і бясконцая пяшчота да герменэўтыкі пазнання і пазнавання — для мяне з’яўляецца стымулам працягваць працу далёка ад Радзімы.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца)


🎄 Святы ўжо зусім блізка. Яны літаральна стаяць на парозе ды грукаюцца да нас з вамі ў шыбы. То шлем вам усім нашыя самыя цёплыя віншаванні.

☺️ З Калядамі і Новым Годам!

Хай гэтыя святочныя дні напоўняць вашыя сэрцы вераю ў цуды. Хай вашыя вочы заіскрацца радасцю, а дамы зазвіняць вясёлым смехам. Хай адбудуцца доўгачаканыя сустрэчы з блізкімі. Хай вернецца надзея і запануе любоў. Хай 2025 год падорыць натхненне, сілы і смеласць увасобіць у жыццё вашыя самыя нечаканыя творчыя задумкі. Хай беларуская культура жыве і шырыцца па ўсім свеце як сучасная, моцная і паспяховая.

😉 Дзякуем, што ў гэты няпросты для ўсіх беларусаў час вы застаяцеся з намі.

З пашанай, каманда Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры


✈️ Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: Кацярына Льдокава з партугальскага гурта Mova Dreva і яе выступленне з беларускімі музыкамі ў Варшаве.

Mova Dreva выконвае песні, натхнёныя старажытнымі беларускімі мелодыямі, а яго піяністка і вакалістка Кацярына Льдокава спявае па-беларуску.

— У Партугаліі мая музыка знаходзіць добры водгук. Я заўсёды тлумачу слухачам, што спяваю менавіта на беларускай мове, расказваю пра гісторыю і сэнс песень, пра беларускую традыцыйную культуру, — дзеліцца Кацярына. — Партугальцы часта знаходзяць паралелі паміж беларускай і партугальскай культурамі. У традыцыйных культурах розных народаў шмат агульнага, бо ўсё, звязанае з сэрцам і душой, зразумелае кожнаму чалавеку, незалежна ад месца яго жыхарства.

— Мяне вельмі ўзрадавала тое, што ў Варшаве мы змаглі сабраць публіку. Слухачы, якія падыходзілі пасля выступаў, былі вельмі шчырыя і душэўныя, — успамінае спявачка. — Варшава пакінула вельмі прыемнае ўражанне. Гэта цудоўны горад, і месцы, дзе мы выступалі, былі таксама вельмі гасціннымі. Для мяне было надзвычай важна сыграць музыку, натхнёную беларускімі мелодыямі і песнямі, менавіта з беларускімі музыкантамі для беларускіх слухачоў.

Сярод мараў-планаў Кацярыны — вярнуцца ў Польшчу і працягнуць супрацу з беларускімі музыкамі. Таксама ў ліку пажаданняў на будучыню выступленні ў іншых гарадах Польшчы або суседніх краінах. Напішыце нам, калі вы можаце дапамагчы Кацярыне зладзіць гастролі ці паспрыяць у пошуку канцэртных пляцовак.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🏞 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: інтэрнэт-праект alespushkin.com. Гэта каталог творчасці і жыццяпіс беларускага мастака Алеся Пушкіна, палітвязня, які трагічна загінуў у беларускай турме.

Стваральнікі сайта — прыхільнікі творчасці мастака, а іх праект — даніна памяці пра выбітнага беларуса.

— У нас ужо атрымалася сабраць шмат унікальных матэрыялаў, у тым ліку — малавядомыя жывапісныя працы Віцебскага перыяду мастака, — распавядаюць аўтары праекта. — Зробленыя фотаздымкі работ, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях за межамі Беларусі. Таксама мы атрымалі фотаздымкі, успаміны і іншыя прыватныя матэрыялы.

Стваральнікі alespushkin.com спадзяюцца, што фанстаронка мастака будзе папаўняцца новымі матэрыяламі. З дапамогай адмысловага інструмента можна ў рэжыме інкогніта перадаць на захаванне і для размяшчэння ў межах праекта матэрыялы — фотаздымкі, выявы работ, аўдыя- і відэафайлы. Так з цягам часу сціплы аматарскі архіў станецца сапраўды прадстаўнічым зборам.

Наступным крокам развіцця праекту яго ініцыятары бачаць падрыхтоўку да друку памятнага выдання пра Алеся Пушкіна з увагай на візуальную спадчыну мастака. Для гэтага яны звяртаюцца да ўсіх, хто мае фотаздымкі або ўспаміны пра творцу, а таксама фотаздымкі яго прац, даслаць гэтыя матэрыялы ў архіў праз пошту alespushkin@proton.me або інкогніта праз форму высылкі матэрыялаў на старонцы (у раздзеле "звязацца з камандай"). Таксама на наступны год запланаваная даследчая стыпендыя для мастацтвазнаўцы. Мяркуецца, што ангажаванне ў гэтую справу адмыслоўцы дапаможа працягнуць працу і падрыхтаваць якаснае выданне пра Алеся Пушкіна. Калі вы бачыце сябе аўтарам такой кнігі і гатовыя працаваць над даследаваннем — звяртайцеся да каманды праекта па ўказаным вышэй адрасе.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🖥 sekktor.online — платформа, дзе акумулююца #магчымасці для беларускіх адмыслоўцаў і збіраецца афіша культурніцкіх падзей, паўстала пры падтрымцы #ArtPowerBelarus.

Дзякуючы суфінансаванню ад ArtPower Belarus каманда змагла прайсці стартавы этап распрацоўкі платформы: прадумаць структуру агулам, крокі запуску асобных яе частак і выпусціць MVP (мінімальна жыццяздольны прадукт) — сайт sekktor.online з ключавымі рубыкамі.

— Паколькі мы навічкі як у медыяменеджменце, так і ў прадуктовай распрацоўцы, то, каб прайсці праз старт, вывучаем шмат новых аспектаў: выбар тэхналогій, прыярытызацый па функцыянале, планаванне ўстойлівасці платформы, а даследаванне патрэб карыстальнікаў доўжыцца пастаянна, — кажа менеджарка праекта Кацярына Раманчык. — Зараз маем разгалінаваны прататып, а на сайце sekktor.online ёсць магчымасць карыстальнікам зарэгістравацца, каб далей самастойна публікаваць свае івэнты, праекты ці вакансіі, зручна захоўваць абраныя оўпэнколы і іншае. Асобным сервісам, у працяг дзейнасці Тэлеграм-каналу @sekktor, бачым агрэгацыю міжнародных магчымасцяў: грантаў, рэзідэнцый, конкурсаў і інш.

Што натхняе каманду шукаць і рухацца далей па гэтым складаным шляху?

— Найперш — пацверджанні, што пошук інфармацыі як пра магчымасці, так і пра івэнты беларускай культурніцкай афішы, вымагае шмат часу і сіл, што ў моманце цяжка ўбачыць увесь выбар, а на мета-ўзроўні — ацаніць стан беларускай культуры ў сённяшнім яе глабальным існаванні, — разважае Кацярына. — З пазіцыі людзей, занятых у беларускай культуры прафесійна, ёсць мноства “белых плямаў” у нашым культурніцкім медыяполі. Закрываючы іх, мы перакананыя, можна зрабіць мацнейшымі як асобных творцаў, так і цэлыя галіны дзейнасці. Усё гэта задачы, у якія суперцікава занурацца 🙂

❕ Тэлеграм-канал @sekktor цяпер мае статус “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Будзьце асцярожныя, клапаціцеся пра бяспеку сваіх паводзінаў у сеціве.


🚌 Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: кінарэжысёр Максім Швед і яго леташняя вандроўка ў Швецыю і Нідэрланды.

У Швецыі рэжысёр удзельнічаў у арганізацыі культурніцкіх мерапрыемстваў для беларускай дыяспары і прэзентаваў свае кінапрацы, а ў Нідэрландах — наладжваў прафесійныя сувязі з сусветнымі кінематаграфістамі падчас фэсту дакументальнага кіно IDFA.

— Гэта была вельмі плённая вандроўка. Апроч мноства знаёмстваў, сустрэч, я атрымаў цалкам новы досвед. Мяне запрасілі на падкаст, а таксама напісалі артыкул пра беларускую павестку ў шведскай штодзённай газеце Svenska Dagbladet, — распавядае Максім Швед. — Але галоўнае: я атрымаў водгукі ад удзячных беларускіх і замежных гледачоў. Гэта заўсёды натхняе не апускаць рук і працягваць ствараць дакументальнае кіно.

🎧 Слухаць падкаст з удзелам Максіма Шведа (па-англійску)

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


✈️ Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч. Яны зладзілі сапраўдны тур па гарадах Еўропы.

Падчас сустрэч з беларусамі ў Празе, Рызе і Капенгагене Наста і Святлана прэзентавалі паэтычна-мастацкую кнігу “Побач” ды праводзілі майстар-класы па тэхніцы трафарэта, у якой стораная кніга.

— Для нас грант ArtPower Belarus стаўся ўнікальнай магчымасцю наведаць новыя краіны, пашырыць далягляд, пабачыць, як многа беларусаў, зацікаўленых сваёй культурай, ёсць па ўсім свеце, — дзеліцца Наста Кудасава. — Безумоўна, спатканне з такімі людзьмі натхняе і надае сіл працаваць далей. Але галоўнае: кніга "Побач" змагла трапіць да большай колькасці чытачоў, а для любога аўтара самая вялікая радасць разумець, што зробленае табой мае сэнс і плён.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


📸 Каго мы падтрымалі грантам мабільнасці #ArtPowerBelarus: аўтарка фотапраекта New Home Project Юлія Шаблоўская і яе вандроўка ў Марцін, Славакія. Тут прайшла выстаўка і майстар-класы ў межах фэсту аматарскай фатаграфіі AMFO.

“Калі я ўпершыню прамовіла “New Home Project”, гэта прагучала як назва фірмы, што займаецца праектаваннем і будаўніцтвам дамоў. А менавіта гэта наша каманда і збіралася рабіць: будаваць новы свет з дапамогай фотаздымкаў і дзяліцца гэтым досведам, — распавядае Юлія Шаблоўская. — На той момант (канец 2021 – пачатак 2022 года) тэма беларускіх палітычных уцекачоў ужо адышла на другі план у польскіх навінах, я набыла некалькі аднаразовых камер і завезла іх у варшаўскі прытулак для беларусаў, арганізаваны польскім фондам “Humanosh”. Дарослыя сталі маімі суразмоўцамі, а дзеці – суаўтарамі фотарэпартажу”.

Так з’явілася задумка рэгулярных сустрэч з дзецьмі і падлеткамі, якія перажылі міграцыю. Паступова праект пачаў жыць сваім жыццём: вось ужо два гады запар у яго межах праходзяць майстар-класы і выставы.

“Ужо падчас фэсту ў Славакіі для мяне было шокам убачыць усе здымкі з розных этапаў праекта ў адным пакоі. Я не задумвалася, колькі працы ўкладзена, колькі людзей дапамагала і колькі ўдзельнікаў прыйшло на заняткі, — дзеліцца Юлія. — Пажартавала, што магу апісаць кожны кадр з майстар-класаў: месца і час, дзе ён быў зроблены (хоць аўтара, напэўна, не заўсёды запомню). Гэта быў мой асабісты момант гонару. Я шмат чаму навучылася за гэты час, але самае важнае: адна ўсё не зробіш. Таму варта ствараць моцную каманду, каб далей ісці разам”.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


Репост из: Беларуская Рада культуры
ArtPower Belarus працягне падтрымліваць незалежную беларускую культуру.

Увесну 2025 года ArtPower Belarus, маштабная праграма, што фінансуецца Еўразвязам, працягне працу па спрыянні захаванню і развіццю незалежнай беларускай культуры. Абапіраючыся на добрыя вынікі, атрыманыя цягам рэалізацыі першай эдыцыі ArtPower Belarus (2022 - 2024), Еўракамісія прыняла рашэнне прадоўжыць праграму.

Асноўны фармат працы ArtPower Belarus — наўпроставая падтрымка беларускіх творцаў і дзеячаў культуры ў распрацоўцы і рэалізацыі іх праектаў праз конкурс грантавых заявак. Удзельнічаць змогуць як сталыя, так і зусім новыя культурніцкія ініцыятывы, а таксама асобныя творцы. Механізм конкурснага адбору і ўсе дэталі праграмы будуць абвешчаныя пасля афіцыйнага запуску ArtPower Belarus увесну 2025 года.

Праграма працягне рэалізоўвацца сумесна Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры. Падчас цяперашняй эдыцыі ArtPower Belarus, якая набліжаецца да завяршэння, прафінансаваныя 83 творчыя праекты беларусаў па абодва бакі мяжы і вылучаныя 57 грантаў мабільнасці, якімі скарыстаўся 231 чалавек.

Азнаёміцца з падтрыманымі праектамі можна тут.


Репост из: Беларуская Рада культуры
Запрашаем на прэзентацыю вынікаў даследавання “Поле незалежнай беларускай культуры 2024: актары, выклікі, будучыня”.

Калі? 12 снежня а 16:00 (CET) / 17:00 (EET)
Дзе? online (Zoom)
Увага! Для ўдзелу абавязковая рэгістрацыя

Беларускі культурны ландшафт моцна змяніўся за апошнія гады. Праз жорсткія рэпрэсіі, што застаюцца адным з ключавых фактараў, НДА, актыўныя ў сферы, цалкам або часткова перанеслі сваю дзейнасць за межы Беларусі. У эміграцыі з'явілася вялікая колькасць новых ініцыятыў, творчых калектываў, арганізацый рознай ступені ўстойлівасці і інстытуцыяналізацыі. Адбываюцца працэсы яднання дзеля большых супольных справаў. Разам з тым для беларусаў культура перастае быць забаўкай, а становіцца рысай ідэнтычнасці. Праблемы культуры цяпер роўныя актуальнаму палітычнаму парадку дня, салідарнасці, праблемам грамадзянскай супольнасці.

Усе гэтыя працэсы вартыя фіксацыі і вывучэння як адметныя рысы нашага часу.

Даследаванне, што будзе прадстаўленае падчас прэзентацыі, праводзілася ў кастрычніку – лістападзе 2024 г. і сталася працягам працы, выкананай напрыканцы 2023 года.

* На замову Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ў межах праграмы #ArtPowerBelarus.


📣 Праект “Беларускія магістраты”, які рэалізуецца ў межах Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры, дзеліцца навінамі і запрашае на заўтрашні стрым!

На сёння актыўныя 2️⃣ магістраты: спартовы клуб “Волат” і Беларуская школа ў Варшаве.

👀 Што ў іх новага?

▫️ у штаце Беларускай школы ў Варшаве цяпер афіцыйна працуюць 15 настаўнікаў;
▫️днямі выйшаў трэці нумар часопіса “Буслянка”. Сачыць за ім можна тут, таксама школа рыхтуе ютуб-праграму для дзяцей пра навакольны свет (хутка будуць навіны!);
▫️школка і яе супрацоўнікі растуць і прафесійна развіваюцца: запусцілі онлайн-заняткі па гісторыі Беларусі, зладзілі запуск некалькіх анлайн-курсаў для дзяцей і дарослых (ангельская мова, матэмытака, прыродазнаўства, клясычны правапіс), узялі ўдзел у настаўніцкім форуме "Адукацыя ў Беларусі і эміграцыі"

✔️ сачыць за падзеямі ў школе: Facebook | Instagram

▪️ужо працуе новы філіял клуба “Волат” у Варшаве (Kowieńska, 12/20, школа № 127), тут праходзяць трэніроўкі па каратэ і агульнай фізічнай падрыхтоўцы для дзяцей 6–16 гадоў;
▪️у клубе развіваюцца новыя кірункі працы: вывучэнне англійскай мовы, трэніроўкі па боксе і ММА для дзяцей ад 7 гадоў, падлеткаў і дарослых;
▪️выхаванцы і выхаванкі “Волата” ўзялі ўдзел у гарадскіх, рэгіянальных і міжнародных спаборніцтвах у Польшчы і Славакіі;
▪️“Волат” ладзіць традыцыйныя сустрэчы-тэставанні фізічнай падрыхтоўкі для спартсменаў ва ўзросце ад 6 да 40 гадоў.

✔️ сачыць за падзеямі ў клубе: Instagram | Facebook


☃️ Чакаеце Калядаў? Давайце чакаць і рыхтавацца да свята разам!

Яшчэ ёсць колькі тыдняў, каб паспець зрабіць усё самае важнае. Упрыгожыць ёлку 🎄агеньчыкамі і цацкамі, купіць падарункі і загадаць самыя запаветныя жаданні.

У якасці лога ўсю зіму мы будзем выкарыстоўваць фрагмент каляднай паштоўкі, якую калісьці стварыў беларускі мастак і дызайнер, культуролаг і мастацтвазнаўца, паэт і мысляр Міхал Анемпадыстаў.

📌 Калі вы — мастак і хочаце, каб на нашым лога з’явілася вашая работа, — пішыце на resource@byculture.org.

❗️Памятайце, што Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры — частка экстрэмісцкага фармавання. Беражыце сябе, клапаціцеся пра ўласную бяспеку ў сеціве.


🔥 Сабралі гарачыя #магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры.

Больш абвестак пра навучальныя праграмы, арт-рэзідэнцыі і адкрытыя колы – на канале @sekktor. sekktor цяпер мае ўласны сайт, з яго дапамогай стала яшчэ прасцей арыентавацца ў свеце магчымасцяў.

▫️ “Дом творцаў” ладзіць конкурс заявак на стыпендыю. Запрашаюць беларускіх артыстаў любых кірункаў і іх праекты, якія немагчыма рэалізаваць у Беларусі або няма магчымасці для яго рэалізацыі за мяжой.

❕ Дэдлайн: 28.11 (сёння) да 23.59
Даведацца больш

▪️ Інстутыт імя Гётэ запрашае на онлайн-прэзентацыю праграмы стажыровак для беларусаў і беларусак MOST IV. Падчас сустрэчы можна даведацца пра магчымасці праекта, умовы ўдзелу, a таксама задаць пытанні.

Калі? 17 снежня 2024 а 18:00 (Менск)
Патрэбная рэгістрацыя (да 16 снежня ўключна)
Даведацца больш

▫️ Cross Culture Programme прапануе беларускім прафесіяналам і прафесіяналкам стажыроўку ў арганізацыях Германіі і іншых краін-партнёраў цягам 2-3 месяцаў. Пасля атрымання стыпендыі ўдзельнікаў размяркуюць на месца, адпаведнае досведу і сферы інтарэсаў.

Даведацца больш і падаць заяўку
Дэдлайн: 5 снежня


💥 Дасылаем нашыя самыя сардэчныя віншаванні беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Ганне Янкуце з нагоды атрымання ІІ месца прэміі імя Ежы Гедройця!

Адметна, што гэтай высокай узнагародай адзначаны раман пра наш час, у якім лірычная гераіня, беларуская эмігрантка, спрабуе знайсці сваё месца ў новай краіне. “Час пустазелля” — кніга-рэфлексія пра наш час, пра лёсы беларусаў, якія апынуліся ў выгнанні і намацваюць жыццё на новай глебе. Гэта кніга-тэрапія, праз чытанне якой можна — услед за гераіняй — перастварыць уласнае ўспрыманне сябе і свету навокал.

Раім прачытаць 📚 на паперы | у лічбе

Мы вельмі ўсцешаныя, што дзякуючы праграме #ArtPowerBelarus і гранту мабільнасці, атрымальніцай якога з’яўляецца Ганна Янкута, раман “Час пустазелля” знайшоў дарогу да новых чытачоў. Таксама падчас вандроўкі Ганна змагла працягнуць працу над сваім новым праектам — даследаваннем лёсаў беларускіх эмігрантаў у Паўднёвай Амерыцы.

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
🔈 Каго мы падтрымалі: оперная спявачка і выкладчыца вакалу Дар’я Новік.

Дзякуючы праграме мабільнасці #ArtPowerBelarus Дар’я зарганізавала тур па гарадах Польшчы і Літвы, дзе зладзіла серыю майстар-класаў па гукавой імправізацыі. Прыпынкамі ў вандроўцы сталіся Вільня, Беласток, Познань і Гданьск.

— На сустрэчы прыходзілі абсалютна розныя людзі! Аматары, прафесіяналы, спевакі, акторы, студэнты і нават тыя, хто ніколі ў жыцці не спяваў. Хтосьці хацеў разняволіцца, хтосьці — палепшыць свае навыкі і паглыбіць веды, а хтосьці — для тэрапіі, бо такія майстар-класы маюць тэрапеўтычны характар, — дзеліцца ўражаннямі Дар’я. — Мая галоўная задача — вяртаць ідэнтычнасьць, якую мы ўсе часам губляем у шалёным рытме жыцця ў мегаполісах. Хачу, каб людзі зноў пачалі ўспрымаць спеў як норму, а не як падарунак, дадзены выбраным. І каб карысталіся спеўнымі тэхнікамі з мэтай супакоіцца, палепшыць настрой і свой псіхалагічны стан.

Дар’я распавядае, што падарожжа было натхняльным і для яе самой як для прафесіяналкі. У выніку з’явілася задумка новага праекта. Было месца і для рэфлексій:

— Гэтая вандроўка паказала мне, што людзям вельмі не хапае такіх сустрэч! Удзельнікі не хацелі сыходзіць, хацелі далей спяваць, гутарыць, дзяліцца эмоцыямі. Гэта дарагога каштуе, бо сапраўды чалавеку патрэбен чалавек.

Відэа: 📱 darya_novik_vokal

✔️ Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца)


✈️ Каго мы падтрымалі: куратарка і мастацтвазнаўца Вольга Кліп. Яе вандроўка на кірмаш Art Basel Paris сталася магчымай дзякуючы праграме мабільнасці #ArtPowerBelarus.

Тыдзень інтэнсіўнага прагляду, наведвання выставаў і вывучэння рынку. Падчас паездкі ўдалося ахапіць шмат: два плённыя дні на Art Basel, 3️⃣ іншыя мастацкія кірмашы і каля 1️⃣0️⃣ выставаў. Безумоўна, такі вынік уражвае!

“Гэтая вандроўка — канцэнтраванае знаёмства з актуальнымі трэндамі і ўніверсітэцкі год гісторыі мастацтва за лічаныя дні, — дзеліцца Вольга, — Арт Базэль — апора рынкавых адносін у мастацтве. Назіраць за тым, як на кірмашы задаюцца трэнды і ўздымаюцца новыя імёны, важна для разумення механізмаў працы рынку. Цікава, як галерэі дэманструюць мастакоў, якіх у гэты ж час можна ўбачыць на буйных інстытуцыйных выставах. Чарговы раз я пераканалася: кошт мастацтва шмат у чым фармуецца дзякуючы маркетынгу. Напрыклад, галерэя Лары Гагасяна можа ператварыць таленавіты, але не ўнікальны жывапіс у звышпрыбытковы аб'ект”.

Ці знойдзе беларускі мастак сваё месца на такой маштабнай падзеі?

“Творчасць мастакоў з Беларусі традыцыйна знаходзіць сваё месца ў міжнародным кантэксце, і некаторыя паспяхова працуюць на інстытуцыйным узроўні. Я не сустракала прац сучасных беларускіх мастакоў на Арт Базэль, але бачыла іх на іншых кірмашах падчас Арт Базэль. Лічу, што для мастака пагоня за трэндамі — памылковы шлях, і калі ён нават будзе плённым, то нядоўга. У мастацтве трэба быць сумленным і перш за ўсё перад самім сабой. І яшчэ патрэбны маркетынг, то бок знайсці сабе як мінімум аднаго крытыка, аднаго куратара, аднаго галерыста і двух калекцыянераў, як казаў Джэры Сольц”, — рэзюмуе Вольга.

Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, знойдзеце ў адмысловай галерэі (дапаўняецца).


🔈 Каго мы падтрымалі грантам #ArtPowerBelarus: альбом "Пазначаныя жоўтым".

Музычны зборнік сёння прэзентаваны праваабарончым цэнтрам "Вясна" і творцамі, якія працавалі над праектам. Гэта аўтарка ідэі і менеджарка Крысціна Дробыш, аўтар тэкстаў і рэпер Аngst, музыка і рэжысёр Арцём Ставер, праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук. Да запісу далучыліся акторы і музыкі, сярод якіх — Андрэй Новік, а таксама былыя палітзняволеныя Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям. З прычынаў бяспекі імёны ўсіх удзельнікаў не называюць.

У альбом увайшло 6 трэкаў, кожны з якіх апісвае важны момант ці аспект жыцця палітзняволенага Беларусі: затрыманне — умовы — суд — лісты — пасля вызвалення — дзеці.

“Для мяне ў гэтым праекце найважнейшым элементам з’яўляецца дакументальная праўда, — кажа Крысціна Дробыш. — Музычная частка вельмі моцная, але ж і яна дакументальная. Калі разбіраць складнікі інструменталу, то там бачыцца паўнавартасная драматургія. Тэксты будуюцца на аповедах, інтэрв’ю, прыватных размовах з палітвязнямі і іхнымі сваякамі. Таксама выкарыстоўваюцца запісы рэальных людзей. Такі сабе музычны вербацім”.

Што было самым складаным у працэсе працы? Запытваемся ў каманды.

“Усё. От рэальна ўсё. Чытанне кіламетраў тэкстаў, збіранне каманды. Начныя запісы, мантаж, — кажа Крысціна Дробыш. — Прасцей сказаць, што было простым — заварыць чарговую каву, каб далей ісці працаваць у максімальнай уключанасці”.

“Мне ж было складана адпачатку намаляваць у сябе ў галаве, якой мусіць быць музыка. Потым — якія трэба мастацкія прыёмы ўжыць, хацелася выкарыстаць паболей розных інструментаў”, — разважае Арцём Ставер.

🔗 Слухаць альбом на: Youtube i Soundcloud

❕Больш прыкладаў праектаў, падтрыманых ArtPower Belarus, у адмысловай галерэі (дапаўняецца)


📱 Серыя адукацыйных відэа “Пра гэта не раскажуць у школе” ад праекта “Васьміног” даступная цалкам.

Аўтары ролікаў — Каця Барушка і Яўген Шапчыц — ставілі сабе на мэце шукаць нечаканыя і яскравыя факты пра Беларусь, каб бязлітасна здзіўляць імі гледачоў. Падаецца, літаральна ў кожным відэа гэтая мэта была дасягнутая. Не верыце? Праверце самі 😉

На YouTube-канале “Васьмінога” можна паглядзець усе 15 ролікаў. Над кожным з выпускаў працавала каманда журналістаў разам з вядомымі дзеячамі культуры.

Сярод кансультантаў: Наталля Бібікава, Ілля Бажко, Дзяніс Марціновіч, Тарас Тарналіцкі і многія іншыя. Для стварэння некаторых відэа аўтары выкарыстоўвалі візуалізацыі штучнага інтэлекту.

Кінематограф, фатаграфія, цэнзураваная літаратура, паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, гісторыя беларускай мовы і нават лайфхакі, якія дапамогуць вучыцца эфектыўней… Пасля прагляду ролікаў вашыя веды і веды вашых дзяцей стануць заўважна глыбейшымі ў кожнай з гэтых тэмаў.

👁 Глядзець відэа

* Распрацоўка канцэпцыі і беларусацэнтрычнасць праекта: @radakultury.

Показано 20 последних публикаций.