Zhubleny Lichtaryk


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Kitoblar


архіў. абранае
@zhl13 сюды можна пісаць.
ну калі раптам што🙃

Связанные каналы

Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Statistika
Postlar filtri


Ноч лістапада сыпле на землю зорамі,
Быццам бы мала таго, што ўсе дрэвы голыя.
Хутка апошняя скоціцца белай зданьню.
Я... я так і ня змог загадаць жаданьне.

Неба чарнее, надвор'е трымціць пустэчаю.
Высахлы ліст апускаецца мне на плечы.
Мякка кране - адчуваю, што ў гэтым дотыку
Болей пяшчоты за ўсё чалавецтва ўвогуле.

Вецер заціх, бо працягваць ужо ня ў стане.
Я супыніўся насупраць наканаваньня.
Мёртвае лісьце глядзіць на мяне з дакорам:
Зоры упалі, ці ты не хацеў да зораў?


Я бачу, як шчасьце павольна зьнікае ў прасторы.
Малекулы шчасьця зьліваюцца з рэдкім паветрам.
Я дыхаю гэтым, і не дастае кісларода.
Заплюшчваю вочы, бо гэтак прасьцей мне паверыць,
Што я магу стаць такім самым вялікім як неба,
Уздыхам адным увабраць усё шчасьце навокал.
Я ведаю пэўна, што заўтра ад шчасьця асьлепну.
А ноччу наступнай памру ад самоты.


Праз шчыльныя ды каляровыя мроі
Праскочыць ланцуг недарэчных разваг:
Наколькі бязглузда гуляць у герояў,
Калі вершы пішуць, хто перамог.

Навошта жаданьне зрабіцца ахвярай
Нам дорыць салодкі прываблівы смак?
Чаму замест шчасьця мы выбіраем
Ірвацца наперад, дзе шчасьця няма?

Калі ад імкненьня пакінуць надзею,
Што дойдзеш аднойчы, куды так хацеў,
Калі ад каханьня пакінуць надзею,
Што зможаш калісьці зноў узьляцець,

Калі ад сусьвету, дзе была так добра,
Пакінуць адное надзею на цуд -
Яна не заменіць сабою нічога,
Ня дась забыцьця, каб унікнуць пакут.

І ў сэрцы пустым палымнее надзея,
Што выпрабаваньні ня будуць дарма.

Праз мроі праскочыць дурная ідэя,
Каб зьнішчыць яе.
Дагала.


Сьвітанак. Нясьмелыя першыя промні
Фарбуюць туман у ружовы сацін.
Я гэтакі вечны гаротны вандроўнік,
Што болей за пекла баіцца сысьці,

Згубіць мімалётнае шчасьце, і подых
Зьбіваецца з рытму, і цісьне ў грудзях.
Я болей за вырай люблю непагоду,
Што мне не дазволіць адправіцца ў шлях.

У шэпце дажджу непазьбежнасьць растаньня
Растане, і ў сьвеце памерам з пакой
Ужо немагчыма згубіцца каханьню,
І больш не патрэбна шукаць новы дом.

Але сёньня сонца ўздымаецца ўгору.
З азначанай сьцежкі зьнікае туман.
То дзякуй за ўсё, што рабілі з табою.
Кажу "да сустрэчы", а маю "бывай".


Не праходзіць цягучая чорная стома.
Не прачнуцца, ня здолець змагацца.
Я быў думаў мяне прыгнятае праца.
А мяне прыгнятае адсутнасьць дому.

У мяне дома сёньня апошні сьнег.
Раптам я адчуваю дрыготкі холад
Сярод кветак белых ды пахкіх зёлак.
І губляюся зноў у сьне.

У мяне дома сёньня ідзе вайна.
І мне сьніцца, як полымя смажыць вуліцы.
І я зноў не магу прачнуцца.
Я ня ведаю, ці то мая віна.

У мяне дома час запаволіў рух,
І бясконцая ноч паказала сутнасьць.
Абудзіцца ды выйсьці бы ёй насупраць,
Але зноў не адолець зімовай скрухі.


Ад людзей, ад пачвараў, ад штучнага - прэч.
Я іду да гары, там дзе зоры ды сонца.
Хваляваньні, пачуцьці ня вартыя плеч,
Каб цягнуць за сабой цераз шлях у бясконцасьць.

Вецер робіцца моцным, а сьцежка страмчэй.
Але гэта ня важна, калі маеш мэту.
Колькі б не засталося трымацца яшчэ,
Карацей з кожным крокам адлегласьць да неба.

А наверсе пад самым скляпеньнем нябёс
Б'е з-пад дрэва крыніца чароўнай прыроды.
Кажуць, што не магчыма даведацца лёс.
Але ўсё ж углядаюся нішкам у воду

У спадзеве дазнацца, што станецца перш,
Калі я да падгор'я вярнуся ізнову:
Я натхёны жыцьцём напішу новы верш
Або ўрэшце забуду апошнія словы?

Я гляджу на адбітак уласных вачэй,
Што ў імклівым струмені дрыжаць без спалоху.
І шукаю адказ, што настане хутчэй:
Я вярнуся дамоў ці забуду дарогу?


я іду туды
дзе няма
дзе няма бяды
бяды

там я бачу сон
бачу сон
што згарэў мой дом
стома

вецер разьнясе
попел
па ўсім белым сьве-
це

можа быць і тут
нават тут
я яго знайду
кранусь

я йго ад усіх
захіну
горкі напамін
дым

дапаможа кроў
мне знайсьці
дзе стаяў мой дом
калісьці

попел пакладу
долу
і тады замкну
кола




Вось і маркотная восень, і зноў
Зоркі зьнікаюць адна за адной.
Воблакі ў небе такія цяжкія,
Што на мяжы пры ўваходзе ў краіну
Надпіс: "Зважайце на нізкую столь,
Будзьце ласкавы, ня рушце спакой".
Хто пакутуе на кляустрафобію -
Гэта нармальна, бо тут вам ня ўтопія.
Дыхаць спрабуйце на поўныя грудзі,
Покуль даюць. Бо потым ня будзе.
Вецер уносіць парэшткі паветра.
Хутка застанецца толькі ў пакетах.
Каб кіслароднае галадаваньне
Добрую волю знайшло для закланьня.
Тут усе ходзяць у запамароцы -
Нельга забыцца, устаць няма моцы.
Выпрастаць сьпіну бракуе прасторы.
Нехта укленчыў, а хтось ходзіць з горбам,
Крыж іхны цягнецца стаць надмагільлем.

І па-над усім, зь безуважным бясьсільлем,
Трывалай надзеяй узьняцца калісьці
Падае, падае, падае лісьце.


калі
кроў напаўняе нетры зямлі,
роднай, радзімай зямлі,
яна не расчыніцца ў чорнай вадзе,
а сягне крыніцы, ракою пайдзе.
подых апошні буранам падзьме.
паўстане зямля ў сваёй барацьбе.

закрытыя вочы ня бачаць нічога.
бога няма. але ёсьць падлога
ўтульная, мяккая, нібы пярына.
вітаю цябе. цяпер адпачынак.
чакай яшчэ трошкі.
ты не апошні.
нетры вялікія ў нашай зямлі.
яшчэ. бракуе. крыві.

але
час настане, праступіць сярод палей
чырвонымі ружамі боль людзей
нідзе
не схавацца чужацкім зграям.
вас падманулі. ня будзе рая.
калі хто спадзяецца на дараваньне,
то ведайце, каты:
аднойчы прыйдзе расплата.


Далёка. Далёка. Далёка. Далёка.
Бясконца. Бязвыхадна. Бездапаможна.
Я бачу мільёны шляхоў навокал,
І кожны вядзе ў тупік. Кожны.

Сутонны, яскравы, звычайны, рэдкі,
Кароткі, доўгі - ня мае розьніцы,
Калі лябірынт уяўляе сетку.
Калі па выніках кожны скончыцца.

Я бачу дакладна ўсё, як на мапе:
Адлегласьці, ростані ды ваколіцы.
Чаму так балюча тады бывае,
Калі, як чакана, шляхі разыходзяцца?

А я бы ўзьляцеў незаўважнай зоркай
Ды вечна лунаў па Птушыным Шляху.
Ды вечна ўсьміхаўся ўсім тым, хто помніць,
Прыходзіў да тых, хто чакаў на даху.

А я бы ўзьляцеў па-над лябірынтам,
Дзе выбар даюць між благім і кепскім.
Разблытаў сьцежкі. Муры абрынуў.
Нарэсьце знайшоў свае час ды месца.


Аднойчы я крочыў па восеньскім лесе,
Зьбіраючы фарбы сабе на палітру.
Раптоўна заўважыў пад коранем літару,
Што не існуе ні ў адным альфабэце.

Я доўга ня мог зразумець, а навошта
Мне літара зь дзіўнай няведамай мовы.
Пытаўся вучоных людзей, а ці можна
Ужыць яе ў нейкім прыдуманым слове.

Ніхто мне ня мог адказаць на пытаньне.
Казалі, што гэта пустыя забавы.
Казалі, ніколі ня даць мне зь ёй рады,
Казалі, яна наклікае закланьне.

Тады я вярнуўся назад да карэньня
Ў спадзеве знайсьці там парэшткі, аскепкі
Таго, што дадась мне крыху разуменьня.
Але там таксама ніводнай зачэпкі.

І, каюся, ў сумны ды роспачны момант
Ёй здрадзіў ды кінуў я літару долу.
Але ўжо забыцца ніколі ня здолеў,
Хаця праміналі і тыдні, і годы...

І вось я вярнуўся, у самае жніва,
У лес, зь якім зьвязана столькі ўспамінаў.
Я крочыў углыб, я глядзеў - і о дзіва!
Расьлі мае літары з кожнай галіны.

Пачаў я зьбіраць іх у плецены кошык.
Адну да адной, асьцярожна, рупліва,
Нібы выбачаясь за тое, што была,
Удзячны за плённы у рэсьце рэшт пошук.

І неяк адвольна зьявіліся словы,
І неяк раптоўна зьявіліся сказы,
І неяк чароўна зьявіліся вершы
Ад літары роднай. Ад літары першай.


Доўгі шлях немінуча ідзе праз ноч,
Дзе зьнікаюць агні ў апраметным змроку.
Ты ня збочвай, а ўпэўнена прама кроч,
Калі бачыш дарогу каціным зрокам.

За тобою йдуць тыя, хто заблукаў.
На цябе азіраюцца, хто ня ведаў,
Дзе ляжыць наш нябачны супольны шлях.
Гартуй моц ды бясстомна ідзі наперад,

Не спыняйся на ростанях, у карчмах.
Вельмі лёгка кідацца з усім імпэтам
Ды высільвацца дзеля агульных спраў,
Як ня маеш ніякіх уласных мэтаў.

Не сьпяшайся, зважай на людзей наўкол.
Заўважай кожны твар, што паўстане поруч.
Цеплыня замяняе сабой сьвятло
Ў невыказна глухую начную пору.

"Дапаможаш чужым - адгукнецца лёс", -
Паўтараюць вандроўнікі вечнай мантрай.
Вельмі лёгка аддаць да астатку ўсё,
Як ня ведаеш, ці то настане заўтра.

І калі зрабіць трэба апошні крок,
Твой заплечнік пусты, ты стаіш самотны,
І жадаеш, каб зноўку вярнуўся змрок.
Адчуваньне
Сваёй
Свабоды.


З гушчароў, дзе ня бачна неба,
Зь белых хваляў імклівых рэчак,
З урадлівай пяшчотнай глебы
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

З чорнай роспачы ды адчаю,
Зь несьціхаючых гучных спрэчак
Мы вяртаемся да пачатку.
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Зь недасяжнай глыбі натхненьня,
Зь першых позіркаў закаханых,
З дасканалага разуменьня
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Ад чырвонай крыві й пажараў,
Са зьмярцьвела пустога стану,
Ад ракетнага гуду ў хмарах
Я вяртаюся
Да нармальнасьці.

Я вяртаюся да нармальнасьці,
Дзе пачуцьці пазьбеглі моды.
Не глядзець або прызвычаіцца
Шмат прасьцей як шукаць свабоды.
Я вяртаюся да нармальнасьці
І ня ведаю, ці прымушана.
Скамянець або прызвычаіцца
Ёсьць законам
Непарушным.

І ад вершаў, што не пабачаць,
І з кашмараў, што не забудзеш,
І са шчырых размоваў нашых
Мы вяртаемся
Ў абыякавасьць...


Перад вачыма імгла пануе.
Не як у пекле. Як у чыстцы.
Як тут унікнуць імкненьня верыць,
Што лепшы шлях - гэта не ісьці.
Што лепшым шляхам ёсьць проста збочыць,
На брукаванцы стаць камянём.
Як не шукаць і знайсьці, што хочаш?
Як уцячы, каб вярнуцца зноў?
Я засынаю - там кроў ды лютасьць,
Я прачынаюся - дым, туга.
Я вар'яцею - там фарбы й думкі,
Што лепей сьмерць, толькі б не турма.
Турма пачуцьцяў, адсутнасьць прагі,
Дым над імкненьнем знайсьці свой лёс.
І я ўсё болей жадаю краху
Ўсяго, што толькі хвалюе нас.
Як гэта проста - на роўным полі
Пабудаваць сабе новы дом.
Як гэта страшна: ня будзе болей
Таго, што маеш з малых гадоў.
Я апрытомнеў - перада мною
Дарога тысячы камянёў.
Як мне заўважыць, як мне адрозьніць,
Якія зь іх шчэ гараць агнём?
Імгла разносіць сьвятло навокал.
Не наступаюць ні ноч, ні дзень.
І я зьліваюся разам зь ёю,
Ў адно сыходзяць агонь і цень.
І ў гэтым моры ўсеабыякавасьці
Ніхто ня сьмее зрабіць свой крок.
Мы ўсе чакаем - хто яшчэ можа -
Калі нарэсьце нам стане горш.
Калі зруйнуецца ўсё, што маем.
Падзеньне - гэта таксама рух.
Стагоддзі вымушанага маўчаньня
Заменіць доўгачаканы грук.
І з грудзяў вырвецца вокліч жальбы
Што назапасіў за шмат гадоў.
Я разумею, чаго каштуе
Ахвярнасьць роспачных матылькоў.
Калі ты ведаеш, што ўжо вечар,
Апошні, найдаражэйшы час.
А ты ня цешысься. Дзеля нечага
Ляціш у полымя. Іншы раз.
Як тут ня верыць, і ці патрэбна,
Што нашым лёсам - асьветліць шлях
Усім хто побач, і хто далёка...
Я прачынаюся ў камянях.


Дзесь на ўсходзе, на захадзе,
Ці на поўдні, на поўначы
Ад усіх вас. Мо ў цэнтры
Бязьмежнай зямлі?
Ціхі казачны край, дзе
Не халодна, ня горача,
Не бясьпечна, ня роспачна,
Ні забавы, ні горычы,
Ды цьмяны агні.

На балотавых выспах
Стаяць хаткі драўляныя.
Стаіць кожная з краю,
І болей нідзе.
Гэта ўсё не наўмысна.
Проста зручна ды звыкла.
Проста багна зьбірае
Сваё па чарзе.

А там сьпяць у калысках.
На падлозе ці ложку,
Беспрасыпна ці трошкі
І ў дзень, і ў начы.
Гэта ўсё не наўмысна,
А спакойна. Карысна.
Проста скрозь сон ня чутна
Крыкаў, як не крычы.

Але як выпадкова
Хто прачнецца ад нечага,
То ўжо потым ніколі
Ня можа заснуць.
Ён сядзіць абяздолены,
Паліць сьвечку за сьвечкаю
Ды глядзіць, што за вокнамі.
Чакае зіму.

Каб завея сьцюдзёная
Адчыніла вароты.
Каб закула болоты
Ільдзяным дываном.
Невядома, урэшце,
Ім чакаць колькі дзён яшчэ,
Невядома, канечне,
Ці ня ёсьць гэта сном.

Яны мараць, што нехта
Лёгкім ўпэўненым крокам
Завітае калісьці,
І сядуць яны.
Будуць цешыцца гукам
Чалавечага голасу,
Так чаруюча блізкім
І такім незямным.

А зімы ўсё ня мае.
Ды з кожным сьвітаньнем,
Ды з кожным заходам,
Ды на працяг дня
Хаты зьнікаюць.
Вера зьнікае.
Край занядбаны.
А людзі ўсё сьпяць.


Marcin Przybyłowicz - Lullaby of Woe

У лесе ваўкі сьняць дзіўны сон.
Іх не турбуе ціхі стогн.
І толькі адна ты чамусь ня сьпіш
Ды водзіш вачыма з акенка на крыж.

Глядзі, твая лялька ўжо заснула,
Не пакідай яе тут адну,

Каб ня скраў яе страшны стары вядзьмар,
Ня трэба глядзець яму ў твар.
Ён прыдзе ноччу,
Зірне у вочы,
І вып'е зь іх жыцьцё.
Вып'е жыцьцё.

Птушкі замоўклі, як зьнікла сьвятло.
Кожны, хто мог, вярнуўся дамоў.
І толькі адна ты чамусь ня сьпіш
Ды водзіш вачыма з акенка на крыж.

Калі ласка, хутчэй заплюшчы вочы,
Будзь ціхай, слухмянай, бо прыдзе аднойчы

Да прыгожай цябе жахлівы вядзьмар,
Ня трэба глядзець яму ў твар.
Ён каб сагрэцца
Зьясі тваё сэрца,
І пойдзе далей.
Пойдзе далей.


...В городе раннее утро.
Рассвета всё нет и нет.
Проходит которые сутки
Масштабный эксперимент.

Идёшь по пустым проспектам.
Никак не взойдёт заря.
Рассеянный свет прожекторов
Стремится достичь нуля.

На месте привычных бликов
Поблёклая пустота.
Я думаю, уже близко,
Но мы не достигли дна.

Сгустится ещё немного
Туман. И однажды днём
Увидим мы, как дороги
Неспешно исчезнут в нём.

Мы будем жить в океане,
И это предрешено.
Мне стоит начать заранее
Учиться дышать водой.

Я стану прекрасной рыбой,
Я буду быстрее всех.
Дельфины радушно примут
Меня и других к себе.

Я перениму их моду.
Я выучу их язык.
Пускай у меня нет Дома -
Давно я уже привык.

И вскоре под слоем тины
Исчезнет последний кров.
И поиски Атлантиды
Уже не дадут плодов.


Заснуць, не зважаючы на сьвітанак.
Прачнуцца, калі сонца ўжо пайшло.
Празрыстая лёгкасьць маіх фіранак
Надзейна захільвае шчыльны змрок.

За ёй не відаць ні імжы, ні сьцюжы,
Узоры вычварныя вабяць зрок.
За ёй не чуваць ні імшы, ні службы.
І мне так утульна. Па гэты бок.

Мне часам здаецца, навокал космас,
А я на прасторавым караблі
Лячу ў невядомасьць, лячу да зорак.
Далей ад людзей і усёй Зямлі.

Я бачу тады рэчаіснасьць нечым,
Падобным на казкі мінулых год.
Ніхто не штурхае цябе у плечы.
Ніхто не марудзіць твой шпаркі ход.

Ня ведаю, можа калі так будзе,
Што я абуджуся - а там сьвятло,
Паветра сьвежае ў поўных грудзях,
І па-над горадам сьпеў званоў.

Але неістотна ўсё насамрэч.
Бо покуль надзея яшчэ жыве,
Мы вольныя самі запальваць сьвечы,
Мы вольныя самі сьпяваць сабе.


Блакітным небам ахінае глебу.
Плывуць аблокі й недзе там высока
клін жураўліны над маёй краінай.

Краінай вечнага сярэднявечча.

Дзе кожны мроіць пагуляць ў герояў,
не разумеючы належным чынам,
што мужным сэрцам не адбіць ўсе стрэлы.

Дзе кожны дбае не патрапіць ў рай
заўчасна, прагне датрываць да ранку.
Баюся, промням не прасякнуць кроны.

Дзе пошасьць шэрая у кожным шэрагу.
Закон мяча даводзіць да адчаю
усіх, хто не прымае гэтых правіл.

А сьвеціць сонца гэтак жа лагодна.
А птушкі хочуць прыляцець на поўнач.
І крык адзіны над усёй краінай -

краінай вечнага сярэднявечча -

мой.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.

19

obunachilar
Kanal statistikasi