🎄Успаміны Анэлі Катковіч пра святкаванне Калядаў у Будславе ў 1920-х гадах:
«З вялікай прыемнасцю ўспамінаю зіму й калядныя святы, а таксама запусты. Нейкі месяц да Каляд цэлымі вечарамі клеілі мы розныя цацкі на ёлку. У краме куплялі ўсялякія галоўкі анёлаў, Зюзяў, зоркі, каляровую паперу й пачыналі рабіць ланцугі, розныя цацкі, спяваючы пры гэтым калядкі.
Успамінаючы родны дом адразу перад вачыма бачу Каляды, асабліва куццю, калі ўбіралі мы ёлку й прыгатаўлялі ўрачыстую вячэру. На стол клалі сена й накрывалі белым абрусом. Калі на небе паказалася першая зорка, садзіліся мы за стол, ламаліся аплаткам і пачыналі вячэраць. Мусела быць дванаццаць страў. Найперш ішлі селядцы й рыба, далей боршч з вушкамі, потым куцця, сліжыкі, кісель белы, аўсяны й журавінавы, кампот і г.д. Пасля вячэры запальвалі на ёлцы свечкі й пачыналі спяваць калядкі. Апоўначы ішлі ў касцёл на пастэрку. На першы дзень святаў, пасля снедання, пачыналі йграць у арэхі, дзе трэба было адгадаць, ці хто мае ў руцэ цотку ці лішку.»