Страшная добрая казка


Kanal geosi va tili: Belarus, Beloruscha
Toifa: Kitoblar



Kanal geosi va tili
Belarus, Beloruscha
Statistika
Postlar filtri


Дарэчы, далёка ня ўсім падабаецца такое нехрэстаматыйнае (глядзі вышэй) фота класіка:) Усё яшчэ жывая колішняя традыцыя рабіць з жывых людзей лакіраваныя чучалы ў выхаваўчых мэтах:) У звязку з гэтым чарговы раз падзялюся маім любімым фактам з гэтай оперы: у музеі Максіма Багдановіча на стэндзе, прысвечаным Максімавай вучобе ў ліцэі, вісіць атэстат. Але не Максімаў:)) Там вісіць атэстат ягонага брата Льва. Справа ў тым, што Леў Багдановіч быў круглым выдатнікам, меў пяцёркі па ўсіх прадметах і прымерныя паводзіны, а вось Максім вучыўся блага, на тройкі, пра паводзіны наогул маўчым, бо ўвесь кандуіт Яраслаўскага ліцэю быў спісаны заўвагамі Максіму Багдановічу:) Сапраўдны атэстат нашага ўлюбёнага класіка таксама захоўваецца ў музеі, але яго я бачыла толькі аднойчы на часовай экспазіцыі.

Кажуць, так зроблена таму, што ў музей ходзяць школьнікі, а ім нельга паказваць (насамрэч - трэба паказваць!), што аўтар верша пра Зорку Вянеру і Слуцкія паясы быў не надта каб добры вучань:)

А пра Льва. Леў Багдановіч быў надзвычай таленавітым матэматыкам, распрацоўваў шахматныя задачы, у падручніках па шахматах ёсць некалькі ягоных цікавых задачак. Нажаль, як і старэйшы брат, загінуў ён зусім маладым, у 25 год (1893-1918), у Кіеве, падчас, як пішуць, "палітычных хваляванняў". Абставіны ягонай смерці пакуль не высветленыя.


Сто сорак гадоў дзядзьку Янку, нашаму Янку Купалу:) Вось вам імяніннічак у надзвычай нехрэстаматыйным выглядзе:)


Працягнем - зноў пра Анатоля Вольнага:) Ва ўспамінах Міколы Хведаровіча захаваўся адзін хвацкі пранк ад яго:)

Прыйшоў неяк да Міхася Чарота ў рэдакцыю тагачаснай "Савбеліі" адзін паэт. Прынёс чарговы вершык пра родную зямельку, лугі, бары і палі.

Сам Чарот, можа, вершык і ўзяў бы, але побач сядзеў Вольны ў надзвычай добрым настроі.

- Што ж ты, браток, ходзіш так сабе, а?" - сур'ёзна, з трагедыяй у голасе запытаўся ў паэта Чарот. - Ці ты не ведаеш, што ўчора памёр выбітны нямецкі пралетарскі паэт Цвібельклопс? Вось тэма! А не гэта вось усё.

- Э-э-э-э-э - паэт засмуціўся і паглядзеў на Вольнага, які сядзеў побач з Чаротам. - А што, сапраўды выбітны паэт?"

Вольны сур'ёзна сказаў: "Ну ты даў. Кожная афіцыянтка, кожны повар ведае Цвібельклопса... Ужо і Дудар, і Кляшторны папрыносілі вершы ягонай памяці. А ты тут пра бары цягнеш. Ніякай палітычнай свядомасці... А шчэ пралетарскі паэт...

Назаўтра паэт прыйшоў з вершам.

Запомніліся мемуарысту з яго такія радкі:

Колькі гора і бед перанёс
Наш таварыш і друг Цвібельклопс.

Чарот з Вольным ажно пападалі ад смеху.


Дарэчы) Бацька Вольнага-Ажгірэя некаторы час служыў начальнікам Мар'інагорскай пошты, дзяцей у яго было шмат, і думаецца, тамтэйшыя Ажгірэі так ці іначай Вольнаму сваякі. Будынак пошты, праўда, моцна дабудаваны, захаваўся, у ім пошта цяпер і ёсць.


Цяпер можна паглядзець на ютубе кіно "Хвоі гамоняць", якое па-дырэктарску рабіў Вольны, а яшчэ паслухаць песню гурта Akute на ягоны верш "Я цябе пакахаў" - песня напісаная для праекта "Нерасстраляныя" у памяць творцаў, забітых 29 кастрычніка 1937 года. Анатоль Вольны (сапраўднае прозвішча - Ажгірэй) быў сярод іх.


Летняя байка пра Анатоля Вольнага)

Але спачатку - хто такі Анатоль Вольны. Імя ягонае цяпер шырока не вядомае, а між тым гэта адзін з першых беларускіх кінапрадусараў, сцэнарыст і дырэктар культавых беларускіх карцін, паэт, празаік, легендарны фельетаніст. Гэта калі пра "значэнне ў культуры". Калі прыватна - у Анатоля Вольнага быў прыгожы і драматычны раман з Верай Харужай, да яго сышла першая жонка Міхася Чарота, і гэта яму быў прысвечаны разгромны артыкул "Мярзавец", у якім у дым і попел былі разнесеныя маральныя норавы пісьменніцкай багемы.

Адным словам, прыгожы, таленавіты і харызматычны быў чалавек)

Дык вось. Неяк перажываў Вольны фінал чарговага рамана - кінула яго каханая дзяўчына. Боль быў такі моцны, што Вольны кінуў усё - працу, грамадскую нагрузку, кіно, абавязкі - і паехаў з сябрам у Крым лекаваць душэўную рану.

Але пакуль ехалі яны ў цягніку, раптам прыйшло яму ў галаву, што дзяўчына вернецца. Вернецца - а яго і няма.

На першай жа станцыі пасля гэтай думкі Вольны выскачыў на перон з чамаданам і аб'явіў сябру, што яны проста зараз вяртаюцца ў Менск.

Той, канешне, у шоку. Маўляў, мора, сонца, пуцёўкі, грошы, што ж ты робіш, сволач. Нарэшце - апошні аргумент: што мы скажам таварышам? Чаму вярнуліся?

На што Вольны рашуча адказаў:

- Скажам, што забылі зубныя шчоткі!


Калі нехта цяпер мае сілы на чытанне пра цяжкое - шчыра раю "Доўгую дарогу дадому" Быкава - найлепшае сярод лепшага ў яго.


Як сёння дзень народзінаў Васіля Быкава, дык узгадаю невялічкі, але вельмі прыгожы ўспамін Таццяны Мархель пра тое, як яна ў Быкава закахалася)

Яна піша, што аднойчы ёй трэба было тэрмінова паспець на цягнік, і Быкаў дапамагаў купіць білеты і дабегчы да вагона. Цягнік ужо адыходзіў, яны выскачылі на перон, дзяўчына не паспявала, Быкаў азірнуўся, шырока махнуў рукой, крыкнуў: "За мной!" - і пабег па пероне. Мархель піша: "І я падумала: Божа! Як быццам падымае ў атаку!"

І закахалася.


Пачытаць па тэме можна невялічкі зборнічак вершаў Фэрнанду Пэсоа, які быў выдадзены ў серыі "Паэты планеты": там творы самога Пэсоа і змістыфікаваных ім іншых аўтараў прыведзены ў перакладах Ганны Янкуты, Андрэя Хадановіча, Кацярыны Маціеўскай і іншых нашых перакладчыкаў. Серыя "Паэты планеты" ёсць у любой кнігарні, каштуюць кніжачкі зусім танна, а годных аўтараў у гэтай серыі вельмі шмат.


І яшчэ крыху пра містыфікацыі:)

Наогул пісьменнікі часта містыфікуюць: ствараюць прыдуманы свет не толькі пад вокладкамі кніг, але і ў рэальнасці. Адзін з самых захапляльных прыкладаў маштабнай літаратурнай містыфікацыі - гісторыя партугальскага паэта Фернанду Пэсоа, які напачатку дваццатага стагоддзя прыдумаў з дзясятак паэтаў, стварыў ім біяграфіі, даў кожнаму сваю стылістыку - і пачаў друкаваць вершы пад іх прыдуманымі імёнамі. З цягам часу гэтыя прыдуманыя паэты пачалі сварыцца адзін з адным на старонках газет, пісаць адзін на аднаго рэцэнзіі і пасквілі, потым пачалі паміраць і развітвацца адзін з адным некралогамі, адным словам, у чытача стваралася ўражанне, што партугальская літаратура надзвычай багатая на паэтаў, сваркі і плёткі. А гэта ўсё быў адзін Пэсоа:)

Нашы хлопцы таксама такое рабілі - не ведаючы пра партугальскі досвед, бо былі для Пэсоа сучаснікамі. Напрыклад, Цішка Гартны (сапраўднае ягонае імя - Зміцер Жылуновіч, цікава, што ў Менску ёсць адразу і вуліца Гартнага, і вуліца Жылуновіча, хаця гэта адзін і той жа чалавек), дык вось, Гартны перад самай рэвалюцыяй 1917 года выдаваў у Пецярбурзе беларускую газету "Дзянніца". Выдаваў фактычна адзін, але, каб стварыць уражанне буйной рэдакцыі і магутнага беларускага руху, меў з дзясятак псеўданімаў, якімі падпісваў артыкулы.

У 1925 годзе "Маладняк" адправіў у Воршу сваіх лепшых прадстаўнікоў, Кандрата Крапіву і Уладзіміра Дубоўку, наладзіць у горадзе літаратурны рух і выдаць сіламі новазнойдзеных паэтаў і празаікаў чыста аршанскі часопіс. Прыехаўшы ў Воршу і пагуляўшы па вуліцах, Дубоўка і Крапіва паэтаў не сустрэлі, і з гэтай прычыны закрыліся ў гасцінічным нумары і за тры дні стварылі нумар часопіса, у якім была безліч самых розных паэтаў, крытыкаў і празаікаў, і тым ліку нават адна дзяўчына, а насамрэч - Дубоўка і Крапіва.

Алесь Дудар падпісваў сваім амбітным псеўданімам вершы і кароткую прозу, як крытык выступаў пад іменем Тодар Глыбоцкі, як аўтар буйных празаічных форм - Арцём Яроцкі, а як літаратуразнаўца - апублікаваў даследванне па беларускіх казках пад сваім сапраўдным прозвішчам Аляксандр Дайлідовіч. У выніку ў рэдакцыйным савеце часопіса "Полымя" Дудар быў запісаны двойчы: як Алесь Дудар і як Тодар Глыбоцкі.

Традыцыя працягнулася і пасля вайны, і працягваецца і па сёння. Чаго вартая легендарная сатырычная паэма "Сказ пра Лысую гору", падпісаная Ведзьмаком Лысагорскім, у якой востра і злосна высмейваліся пісьменнікі семідзясятых. Доўга ніхто не ведаў сапраўдных аўтараў, а сёння шчэ працягваюцца спрэчкі аб тым, чый уклад у стварэнне знакамітай сатыры быў большы: Ніла Гілевіча ці Міколы Абрамчыка, у любым выпадку абодва "прыклалі руку" да паэмы.

Ці вось адносна нядаўна была выйшла мастацкая кніжка на трасянцы: "Я прыйду за табой у аўгусце". Аўтаркай значыцца нейкая Каміла Цень. Хто гэта - невядома, але кніжка нашумела ў публічнай прасторы, і відавочна, напісаў(ла) яе нехта з сучасных вядомых аўтараў.

А яшчэ гады з чатыры таму з'явіліся на фэйсбуку сёстры Колінз: адну звалі Саёрла, а другую - не памятаю ўжо. У іх былі харошыя, інфарматыўныя акаўнты, свае легенды, біяграфіі, Саёрла была моцна абазнаная ў беларускім літпрацэсе - і пісала вострыя агляды сучаснай літаратурнай сітуацыі. Хто схаваўся за гэтымі акаўнтамі, так канчаткова і не высветлена, хаця падазрэнні розныя былі)

Так што таямніцаў, і па сёння не разгаданых, у нас шмат:))


Верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы" вы лёгка знойдзеце на Беларускай Палічцы, прачытайце яго ўслых - гэта вялікая насалода (калі мне бывае сумна, я часта прычытваю сама сабе словамі з гэтага верша: "ой, кажАне, кажанЕ, чаму ж не сеў ты на мяне"). А для філалагічных гурманаў, якія не баяцца чытаць літаратуразнаўчыя працы, а таксама для дапытлівых падлеткаў, якім можна паказаць гэты допіс, даю спасылку на артыкулы Ігара Запрудскага - надзвычай цікавае чытво, скажу я вам:))

https://elib.bsu.by/bitstream/123456789/89590/1/Zaprudski.pdf


Яшчэ трохі пра аўтараў і аўтарства. У гісторыі беларускай літаратуры, як і ў гісторыі любой літаратуры, ёсць месца містыфікацыям: калі нехта свядома з розных прычын блытае чытача і стварае няіснага аўтара, ягоную біяграфію, абставіны творчасці, прыгожую легенду. Самая знакамітая містыфікацыя ў беларускай літаратуры - гэта, канешне, Паўлюк Багрым. Памятаеце з курса белліта гісторыю пра падлетка, якога саслалі ў салдаты за ўдзел у сялянскім паўстанні, і ад якога захаваўся верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы"? У Крошыне ёсць нават музей Паўлюка Багрыма:) Здаецца, і цяпер яшчэ малодшым школьнікам расказваюць усё тую ж легенду пра таленавітага крошынскага падлетка.

Насамрэч Паўлюк Багрым сапраўды існаваў, сапраўды жыў у Крошыне, вось толькі вершаў ніякіх не пісаў, а быў таленавітым кавалём, і нават неблага зарабляў, бо кавалі на вёсцы - людзі далёка не бедныя. Нават крошынскі пан быў вінен кавалю Багрыму пэўную суму грошаў.

Адкуль жа ўзялася хрэстаматыйная гісторыя пра няшчаснага таленавітага падлетка, пакрыўджанага панамі?

Ажно ў 1855 годзе (то бок праз 25 год пасля таго, як нібыта і быў напісаны "Зайграй, зайграй, хлопча малы") ананімны аўтар, эмігрант з беларускіх зямель, надрукаваў у Лондане мемуары "Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды". Там сярод іншага расказвалася і пра хлопчыка, і пра верш, пры чым аўтар сведчыў, што чуў гэты верш у выкананні аўтара аднойчы, запомніў і вось цяпер - друкуе ў сваіх успамінах. менавіта з гэтай кніжкі, выдадзенай маленькім накладам, легенда пра Паўлюка Багрыма і тэкст ягонага верша і пайшлі гуляць па шматлікіх падручніках. легенду пахапілі з вялікім натхненнем, бо і гісторыя была шчымлівая, і верш - файны (насамрэч вельмі файны).

І толькі ў апошні час наш скрупулёзны і вельмі абазнаны ў гісторыі літаратуры ХІХ стагоддзя даследчык Ігар Запрудскі высветліў і абставіны распаўсюду легенды, і верагоднае аўтарства верша. Прыдумаў гэтую містыфікацыю, хутчэй за ўсё, беларускі пісьменнік і журналіст, выпускнік школы бернардынцаў у Будславе, дзеяч беларускага руху - а таму эмігрант, вымушаны збегчы з імперыі з-пад арышту Юліян Ляскоўскі. Мэта ягоная была святая: беларускай літаратуры моцна быў патрэбны свой Тарас Шаўчэнка, свая шчымлівая гісторыя, з якой можна было б пачаць адлік дэмакратычнай літаратуры простага люду. Вось ён і стварыў Паўлюка Багрыма:)


Дарэчы:) Антон Францішак Брыль не толькі Вераніцыным займаецца. У кнігарнях можна набыць шыкоўныя выданні, сабраныя і падрыхтаваныя ім: збор народных казак "Вядзмар, які рабіўся ваўком" з малюнкамі Валера Славука і кніжачка казак Рузаліі Асьмак. А хто такая Рузалія Асьмак? Гэта - бабуля Максіма Багдановіча:) Знайсці яе казкі, запісаныя этнографамі і бацькам Максіма, аднавіць стылістыку, выбраць манеру рэдагавання і публікацыі - гэта сур'ёзная даследчыцкая праца. Кніжка прадаецца ў любой кнігарні:)


Калі я вучылася ў школе - а гэта было трыццаць год таму - паэма "Тарас на Парнасе" вывучалася як ананімная. Было вельмі шкада, што мы не ведалі аўтара, бо паэма была вясёлая, чыталася лёгка, лёгка і запаміналася, у адрозненне ад іншых, даволі панылых, твораў школьнага белліту.

Сёння аўтар паэмы вядомы - гэта Канстанцін Вераніцын, у час напісання паэмы - студэнт Горы-Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Гісторыя аднаўлення аўтарства "Тараса на Парнасе" - адзін з самых цікавых, сапраўды дэтэктыўных, сюжэтаў нашага літаратуразнаўства.

Першыя росшукі аўтара пачаліся яшчэ ў дваццатыя гады дваццатага стагоддзя, калі беларускае літаратурзнаўства пачыналася літаральна "з нуля", і канешне, аўтарства "Тараса на Парнасе" было пачэснай задачай для навукоўцаў. Шмат каму хацелася быць першаадкрывальнікам. Пашансціла прафесару Міхасю Піятуховічу: ён знайшоў падпісаны экзэмпляр паэмы і меў неабвержныя доказы, што подпіс належыць менавіта аўтару. Што праўда, гэты самы спіс з подпісам Піятуховіч нікому не паказваў, бо рыхтаваў вялікую публікацыю - сапраўдную навуковую "бомбу". тагачасныя студэнты педфака ўспаміналі, што ён нават дома не пакідаў гэты экзэмпляр, заўсёды насіў у сваім партфелі, і толькі іншы раз шматзначна ўказваў на патрфель і таямніча гаварыў аб знаходцы і будучай публікацыі.

Але падрыхтаваць "бомбу" Піятуховіч не паспеў: у 1937 годзе ён быў арыштаваны, а потым і расстраляны. Усе паперы былі выняты пры вобшуке, знік і той самы знойдзены рукапіс "Тараса".

Такім чынам росшукі трэба было пачынаць з самага пачатку. У шасцідзясятыя гады гэтым заняўся наш славуты літаратуразнаўца і архівіст Генадзь Кісялёў. Тут не буду спойлерыць: у яго ёсць шыкоўная кніга "Жылі-былі класікі", адна з самых цікавых літаратуразнаўчых кніг у беларускай навуцы. Там падрабязна, па кроках, распісаны пакручасты шлях пошукаў аўтара - праз памылкі, ілжывая сцежкі, цікавыя знаходкі на гэтых сцежках і, нарэшце, перамогу. Кніга чытаецца як дэтэктыў, і яе добра падсунуць для чытання на лета гуманітарна адораным падлеткам.

Але Кісялёў зусім мала ведаў пра самога Вераніцына: напісаўшы "Тараса" у студэнцтве, Кастусь больш да літаратурнай творчасці не звяртаўся і знік з культурнага поля. Таму наступнай задачай літаратуразнаўцаў стала аднаўленне ягонай біяграфіі. Самы плённы даследчык па гэтым пытанні - Антон Францішак Брыль, дзякуючы якому мы сёння ведаем Вераніцына фактычна ад "а" да "я" - біяграфія аўтара легендарнай паэмы адноўлена па крупіцах праз скрупулёзны росшук у архівах Менску, Масквы, Пецербурга, Вільні, Варшавы.


І ў дадатак па тэме "беларусы і кнігі": проста зараз можна прачытаць кароткае і вельмі файнае апавяданне Караткевіча "Кніганошы" - ёсць на сайце Беларуская палічка.


Шчэ пару слоў пра бібліятэкі нашых пісьменнікаў. Насуперак злачыннаму беллітаўскаму міфу пра белпісьменнікаў, якія адразу са свіных пастушкоў, крыху навучыўшыся чытаць, ішлі ў паэты, людзі, што стаялі напачатку новай беларускай літаратуры, былі людзьмі адукаванымі і начытанымі, дый і Менск быў горадам з кніжнымі магчымасцямі. Напрыклад, у кнігарні Фрумкіна, што месцілася на першым паверсе гатэлю "Еўропа", можна было набыць кніжкі на нямецкай, французскай, англійскай мовах, а ў букіністычнай кнігарні "Дешёвая книга" - сапраўдныя рарытэты, часцяком - з аўтографамі. Нашы пралетарскія паэты, сялянскія дзеці, выпасаліся там рэгулярна, для іх у падсобцы гаспадыня трымала самыя-самыя каштоўныя экзэмпляры.

Дом, дзе знаходзілася "Дешёвая книга", ёсць і цяпер, і памяшканне ёсць, там цяпер аптэка. Гэта самы пачатак вуліцы Валадарскага, адразу за гатэлем "Мінск", насупраць легендарнай "Чабурэчнай". Белы дом з прыгожай ляпнінай па фасадзе.

З тых бібліятэк да нашых часоў дажыла, акрамя Глебкавай, бібліятэка Алеся Дудара. Яна налічвала некалькі тысяч тамоў, сярод іх - дзясяткі кніжак па-французску і па-нямецку, з ягонымі паметамі, то бок - чытаныя ў арыгінале.

Дарэчы. Калі цяпер пры вобшуках людзі ў пагонах цікавяцца "Нашто вам столькі кніг" - тады кнігі вывозілі машынамі для сябе. Па ўспамінах маці Дудара, з сынавай бібліятэкі пасля вобшуку вывезлі шэсць машын кніг (думаю, канешне, не грузавых, але тым не менш). Кніга была ў цане.

Дарэчы, ёсць цудоўная кніга нашага маладзечанскага краязнаўцы Міхася Казлоўскага "Пра кніжнікаў і кніжкі: нататкі бібліяфіла" - пакручастыя прыгоды збіральніка кніжных рарытэтаў) Сама гэта кніга - бібліяграфічная рэдкасць, я набывала яе ў букіністычнай краме, а так трэба ісці па яе ў бібліятэку.


Забылася дадаць, што бібліятэка Пятра Глебкі мемарыялізавана: яе можна пабачыць у ягоным мемарыяльным кабінеце ў бібліятэцы Акадэміі Навук, паслухаць экскурсію і разгледзець кніжкі. А ўспаміны Ларысы Глебкі надрукаваны ў кнізе "Вакол Пятра Глебкі" (прадаецца ў Акадэмкнізе).


У гэты дзень 85 год таму, 3 чэрвеня 1937 года, выйшаў загад НКВД БССР аб знішчэнні забароненых кніг. У спісе шмат пазіцый, дзесьці - некаторыя кніжкі асобных аўтараў, дзесьці - пазнака побач з прозвішчам: "Усе кнігі". Дубоўка - усе кнігі, Дудар - усе кнігі, Бабарэка - усе кнігі і гэтак далей.

Вядома, што і з прыватных бібліятэк гэтыя кнігі знікалі, бо захоўваць іх было смяротна небяспечна.

Між тым некаторым удавалася захаваць дома ці не поўны збор забароненай літаратуры. Напрыклад, у бібліятэцы Пятра Глебкі асобнікі, унесеныя ў спіс, перажылі і трыццатыя, і акупацыю, і паваенную русіфікацыю.

І гэта надзвычай цікавая гісторыя - якім чынам захавалася бібліятэка.

Глебка быў аматар кніжак: шмат набываў, атрымліваў у падарунак і нават, было, краў) не мог утрымацца. Бібліятэка ў яго была агромністая. Паколькі Глебка быў вялікі майстра кампрамісаў і лавіравання паміж небяспекамі свайго часу - яго не арыштоўвалі і ў доме ягоным вобшукаў ніколі не было. Бібліятэка знаходзілася ў працоўным кабінеце, і побач з кнігамі расстраляных ягоных сяброў стаялі там, канешне, і Ленін, і Сталін.

Калі Менск акупавалі немцы, Глебка апынуўся за лініяй фронта, а жонка ягоная Ніна сысці не паспела - і засталася пад акупацыяй. Бібліятэку, бітма набітую савецкімі кніжкамі, закрылі ў кабінеце і павесілі на дзверы вялікі цяжкі дыван, быццам там глухая сцяна.

А потым здарылася вось што.

Ніна Глебка забрала з гета габрэйскую дзяўчынку, дачку сваёй суседкі. Ужо былі падазрэнні, што гета будуць знішчаць, і маці дзяўчынкі ратавала хаця б малую. Ніна навучыла Ларысу не гаварыць нікому сваёй нацыянальнасці, не адпускала адну на вуліцу, берагла, як родную. Але страшна было, канешне: раптам хто данясе ці патруль пабачыць выразную габрэйскую знешнасць дзяўчынкі.

А тут у Менск назначылі гаўляйтара - таго самага Кубэ. Ён ехаў да месца прызначэння, і горад мусіў сустракаць яго кветкамі. Сталі шукаць дзіця, якое падарыла б гэтыя кветкі. Якую-небудзь прыгожую маленькую беларускую дзяўчынку.

Гэта быў выдатны момант! Легалізаваць Ларысу як беларуску раз і назаўсёды. Ніна, якая працавала тады на радыё, прапанавала ўладам сваю прыёмную дачку: і дзяўчынка прыгожая, і вышыванка ёсць, і сукеначка каларытная.

Так і выйшла, што кветкі Кубэ ўручала габрэйская дзяўчынка, уратаваная з гета. Вялікае фота Кубэ, які трымае на руках Ларысу, узялі ў рамку - і павесілі на той дыван, які закрываў уваход у бібліятэку. Цяпер ніводны паліцай, ніводны даносчык не мог нашкодзіць ані сям'і, ані бібліятэцы.

Вы спытаецеся, як Ніна і Ларыса пазбеглі паваенных разборак наконт букета Кубэ?

А Ніна, працуючы на калабарацыянісцкім радыё, была сувязной у партызанскім атрадзе. Да таго ж Глебка за час вайны моцна пасябраваў з самім Панамарэнкам, то Ніну не кранулі. Што праўда, фота з гаўляйтарам ўсё ж пасля перамогі знішчылі. А кнігі ўратавалі ўсе.

На гэтым, дарэчы, гісторыя Ларысы не вычэрпваецца, у ёй яшчэ шмат горкага і прыгожага, але гэта ўжо раскажу іншым разам.


І - паведамленне:))

Канал працягне працаваць) Мне цяпер хочацца дзяліцца тут казкамі з жыцця (прывітанне Якубу нашаму Коласу, які вынайшаў гэты жанр і які мне будзе цікава мадыфікаваць). Думаю, што буду расказваць тут нейкія містычныя гісторыі з архіўных пошукаў і росшукаў, сюжэты, на якія я набрыла падчас працы ў бібліятэках і архівах, адным словам - з гісторыі беларускай літаратуры, дзеля якой мы з вамі тут усе і сабраліся:)


І тут, сябры, аўтарка ўстае з прыступак, на якіх яна сядзела побач з Агатай - і адыходзіць у бок. Мне хочацца шчэ пабыць на беразе гэтага возера, паблукаць па могілках, падумаць над надпісам, зробленым маёй Агатай, занатаваць унутры сябе высокага прыгожага хлопца, які не схацеў браць сабе ніякага імя. А галоўнае - мне шчэ трэба пагутарыць з ценем рыбака. Дый Кот і Сойка застаюцца ў нас без дагляду - магчыма, я змагу ўгаварыць іх пайсці са мной куды-небудзь у іншую казку.

Я паспяваю толькі заўважыць, як Агата падымаеца з ганку, некалькі хвілінаў стаіць у задуменні - і ідзе да машыны, якая стаіць за домам. Я ведаю, што яна сюды яшчэ вернецца - яна мусіць заступіць на варту ў гэтай хаце, у якой несупынна зло пераўтвараецца ў дабро. Як той казаў, мы вымушаны рабіць дабро са зла, бо болей яго няма з чаго рабіць.

Агата паварочвае ключ, машына ціха гудзіць - але пакуль не кранаецца з месца. Кіроўца дастае з кішэні жалуды, усміхаецца, закрывае імі вушы і слухае сябе.

Там, у ёй, няма ніякай музыкі пакуль што. Толькі два словы: памятай пра мяне.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.

1 001

obunachilar
Kanal statistikasi