НАВУМЧЫК


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Новости и СМИ


Сяргей Навумчык

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Новости и СМИ
Статистика
Фильтр публикаций


“Ну и что? И ничего. Выкинули как котят, лапки сложили. Слабаки” - камэнтуе жанчына галадоўку 19-ці дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам т.зв. рэфэрэндуму ў 1995-м. Пры гэтым на пытаньні, дзе былі ў тыя дні яе бацька/брат/муж/сын, якія, напэўна, зусім не слабакі, чаму яны не прыйшлі на Плошчу на заклік БНФ падтрымаць дэпутатаў, урэшце, ці была яна сама сярод тых некалькіх сотняў з амаль двухмільённага Менску, што прыйшлі (як мінімум палову зь якіх, па маім уражаньні, складалі жанчыны), і якім я буду ўдзячны да канца свайго жыцьця, — на гэтыя пытаньні яна не адказала.

Выглядае, сапраўдная мэта такіх камэнтатараў — зусім ня пошук ісьціны, а закідваньне ў публічную прастору пэўных сьцьвярджэньняў.

Можна было б (і варта было б) і не зьвяртаць на іх увагу, але ва ўмовах татальнай фальсыфікацыі найноўшай гісторыі гэта стварае цалкам скажонае ўяўленьне пра падзеі і іх удзельнікаў.

Дэпутатаў зьбівалі некалькі дзясяткаў людзей ў чорных трыко і чорных масках — па пазьнейшым прызнаньні тагачаснага 1-га намесьніка старшыні КДБ Валерыя Кеза, тое былі афіцэры групы КДБ “Альфа”. Іх трэніруюць гэтак, што кожны афіцэр здольны супрацьстаяць некалькім спэцназаўцам. Падобная трэніроўка і ў людзей, якія непасрэдна ахоўваюць дыктатара. Калі нехта адчувае ў сябе здольнасьць іх перамагчы ў непасрэдным фізычным змаганьні — што ж, месцы знаходжаньня аб’екту аховы вядомыя, як кажуць — “наперад і зь песьняй”. Можна і бязь песьні.

Акрамя “Альфы”, у зьбіцьці ўдзельнічалі спэцназаўцы той самай часткі МУС, якая пазьней забіла Ганчара, Красоўскага і Захаранку (пэўна, і Завадскага), усяго, паводде сьледства Генпракуратуры, у будынак Дому ўраду было ўведзена блізу 600 сілавікоў. Па 30 на кожнага дэпутата Апазыцыі БНФ.

Ня буду цяпер задавацца рытарычным пытаньнем, чаму кіраўніцтва ВС не падтрымала нашу прапанову аб неадкладным адхіленьні Лукашэнкі ад пасады за зьдзейсьненае на ягоны загад крымінальнае злачынства — тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў (Лукашэнка на ўсю Беларусь у той жа дзень заявіў на сэсіі ВС, што ўсё адбывалася па ягоным загадзе, і разам з кіраўніком адміністрацыі Сініцыным ён кіраваў апэрацыяй). Спробу аплявухі сэржанту міліцыі кваліфікуюць як тэрарызм — як тады ацэньваць зьбіцьцё, са зброяй, дэпутатаў парлямэнту?

Але скажу наконт “Ну и что? И ничего”.

Вельмі нават “чего”. Акт гвалтоўнага ціску на дэпутатаў парлямэнту (зафіксаваны Генпракуратурай) ў працэсе прызначэньня гэтым парлямэнтам рэфэрэндуму робіць яго (рэфэрэндуму) вынікі юрыдычна нікчэмнымі. Рэфэрэндум ня быў легітымным. Якія наступствы гэта будзе мець пасьля аднаўленьня дэмакратыі і вяршэнства права на тых, хто зьдзекваецца з дэ-юрэ дзяржаўныз сымбаляў - Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і “Паноні”, хто зачыняў і зачыняе беларускія школы — вы можаце пралічыць самі.

Нагадаю таксама, што, акрамя зьмены дўяржаўнай сымболікі і ліквідацыі статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, на рэфэрэндум выносілася эканамічная інтэграцыя з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт (што ён і зробіць увосень 96-га).

Як бачым, усе “вузлы”, якія паралізуюць Беларусь, завязваліся ў тую ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г.

“Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта” — сказаў нараніцу Васіль Быкаў. І не памыліўся.


Зь Зянонам Пазьняком, Радзімам Гарэцкім, Лявонціем Зданевічам, Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Галінай Сямдзянавай і Валянцінам Голубевым на мітынгу да 75-й гадавіны незалежнасьці БНР. 25 сакавіка 1993, парк Янкі Купалы, Менск.


Відэа з адразаньнем вуха ці “допытам” электрычнасьцю падазраваных у тэракце ў Маскве могуць шакаваць хіба тых, хто ня ведае пра катаваньні расейскімі вайскоўцамі і спэцслужбістамі мірных жыхароў Украіны і ваеннапалонных УСУ.

А вось рэакцыя значнай часткі расейскай публікі (ня хочацца ўжываць тэрмін “грамадзтва”) уражвае: як казалі ў часы Леаніда Ільіча, пачуцьцё глыбокага задавальненьня. Якое, акрамя іншага, зрывае з чалавека яшчэ адзін слой з і без таго ня надта вялікага пласту цывілізацыйнасьці, набліжаючы яго да часоў мамантаў, калі ўвогуле не аднаклетачных.

Падобна, што на гэта і разьлік: Пуціну (як і Лукашэнку) патрэбныя няздольныя ня толькі думаць, але і нешта чалавечае адчуваць. Такіх лёгка можна нацкаваць на ворага — зьнешняга ці ўнутранага.

Але калі жывеш доўга, можаш бачыць павучальныя трансфармацыі.

У 1995-м пасьля жорсткага, у кроў, зьбіцьця дэпутатаў БНФ у Авальнай залі адзін статусны (скажам гэтак) дзяяч далучыўся да тых, хто радасна паціраў рукі: “Маловато вам далі!”. Праз чвэрць стагодзьдзя, у 2020-м, ягоны ўнук быў бязьлітасна, да паўсьмерці, зьбіты на Акрэсьціна. Дзед не дажыў і, на сваё шчасьце, не ўбачыў выніку рэалізацыі тэорыі “З апанэнтамі і ворагамі дазволена ўсё”.

Цалкам верагодна, што тым, хто сёньня радуецца адрэзаным вушам, ня трэба будзе чакаць аж чвэрць стагодзьдзя. Магчыма нават, спатрэбіцца і менш за год. Рэжым Пуціна робіцца ўсё больш рэпрэсіўным, любая незадаволенасьць уладамі ўжо цяпер трактуецца як экстрэмізм, а ад гэтага, як паказаў досьвед лукашэнкаўскага “правасудзьдзя”, паўкрокі да абвінавачваньня ў тэрарызме.

І прыёмы, якія сёньня сілавікі прымяняюць да падазраваных у тэрарызьме, хутка могуць — прычым у масавым маштабе — прыкласьціся да тых, хто ня знойдзе ў сябе сілаў зьмірыцца, напрыкоад, з труной забітага пад чарговай Аўдзееўкай сына.


(заканчэньне, пачатак вышэй) Пры вялізнай павазе да гераізму ім адданасьці тых, хто застаўся на радзіме і працягвае беларускую справу, трэба прызнаць, што ўжо цяпер ніякія паўнавартасныя (не падпольныя ці паўпадпольныя) нацыянальныя культурніцкія маштабныя праекты немагчымыя. Гэта тычыцца і адукацыі, і тэатра, і кнігадруку.

Значную частку (калі ня ўсё) ужо цяпер будзе вымушаная ўзяць на сябе дыяспара. Сыстэма адукацыі, інстытут нацыянальнай гісторыі з пэрыядычным выданьнем, пэрыядычны грамадзка-палітычны часопіс (хаця б адзін), нарэшце, нацыянальны архіў – вось толькі некалькі актуальных пазыцый, якія мусяць і могуць быць створаныя агульнымі (менавіта агульнымі) намаганьнямі.

У гэтым сэнсе добрым прыкладам ёсьць падтрымка «новай дыяспарай» ініцыятывы Рады БНР пра адзначэньне ў асяродках дыяспары 100-годзьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава – і тут, найперш, хачу падзякаваць прадстаўніцы Абʼяднагага кабінэту ў справе нацыянальнага Адраджэньня Аліне Коўшык і яе паплечнікам.

Ніякага іншага выйсьця, як ратаваць нацыянальную культуру, дапамагаць нашым творцам – літаратарам, мастакам, музыкам, акторам, спрыяць нашым навукоўцам – філёлягам і гісторыкам, у нас, прадстаўнікоў дыяспары, няма. Калі толькі мы ня хочам праз два, а то і адно пакаленьне растварыцца, асымілявацца і, у выніку -- зьнікнуць.


Атрымаў, як і іншыя сябры Рады БНР, запрашэньне на III Канфэрэнцыю беларусаў сьвету, які праводзіць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у Празе 23 сакавіка. Цягам дзесяцігодзьдзяў Рада БНР абапіралася на дыяспару, і было б памылкай не скарыстацца такім запрашэньнем. Паколькі я там госьць і выступаць не пляную, некаторыя думкі выкажу тут.

Цяпер можна акрэсьліць абрысы беларускай дыяспары, якой яна выглядае праз чатыры гады пасьля падзеяў 2020-га.

Гэта – «старая» (умоўна кажучы) дыяспара, якая фармавалася ў краінах Заходняй і Ўсходняй Эўропы дзесяцігодзьдзямі, яшчэ з часоў пасьля II Сусьветнай вайны і папаўнялася «новай хваляй» пасьля 1994 году. Далёка ня ўсе яны былі палітычна актыўнымі на новым месцы жыхарства, але большасьць тых, хто такую актыўнасьць выяўляў, уліваліся ў дыяспаральныя арганізацыі (такія, як Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) у ЗША, Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі, суполку беларусаў Чэхіі «Скарына» і г.д.). Палітычным цэнтрам для іх была і застаецца Рада БНР. Для гэтых людзей не існавала і не існуе пытаньня кшталту «какая разница, какой язык».

Ролю гэтай «старой» дыяспары цяжка перацаніць – у часы СССР яна (і больш ніхто) даводзіла да Захаду, што беларускі народ мае права на сваю незалежную дзяржаву. Існуе сьведчаньне Васіля Быкава, духоўнага лідэра нацыянальнага Адраджэньня, што сапраўдную беларускую гісторыю ён даведаўся дзякуючы, найперш, выданьням беларускай эміграцыі. Гэта ж могуць сказаць і тыя, хто быў ля вытокаў нацыянальнага руху 80-х гадоў, які трансфармаваўся ў Беларускі народны Фронт і меў вынікам абвяшчэньне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 г.

Але гэтая нацыянальна сьвядомая частка дыяспары складала, у лепшым выпадку 1/500 частку ўсіх беларусаў, якія эмігравалі. Лічба ўзятая не са столі: так, штогод 500 сем'яў зь Беларусі выйгравалі грын-кард і прыяжджалі ў ЗША. Але ў лепшым выпадку толькі адна сямʼя далучалася да беларускіх суполак. Іншыя 499 цалкам сабе спакойна адчувалі, калі ў Беларусі нішчылася культура і мова, праводзіліся рэпрэсіі, і не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасьці.

Гэтым беларускія эмігранты кардынальна адрозьніваліся ад украінцаў, армянаў ці палякаў.

Нічога дзіўнага тут не было. Нават тыя, каго можна назваць людзьмі сярэдняга ўзросту (40+), ня кажучы пра маладзейшых – сфармаваліся як асобы ўжо пры Лукашэнку, калі ў выніку «рэфэрэндуму» 1995 былі растаптаныя нацыянальныя каштоўнасьці, калі ў школах і інстытутах насаджаліся скажоныя ўяўленьні пра гісторыю, а сфэра ўжытку беларускай мовы была нагэтулькі прымусова звужаная, што многія маладыя ня ведаюць значэньня беларускіх слоў.

Усё зьмянілася летам 2020-га, калі на вуліцы Прагі, Варшавы, Нью-Ёрку, Філядэльфіі, Лёндану, Бэрліну выйшлі тысячы і тысячы беларусаў.

Але такі маштаб актыўнасьці быў нядоўгім. І гэта таксама зразумела. Тут і расчараваньне тым, што рэжым не абрынуўся хутка, як тое некаторым здавалася, і зьмена стаўленьня да беларусаў пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай. Дыяспара папоўнілася "новымі" — сотнямі тысяч тых, хто вымушана пакінуў Беларусь, ратуючыся ад перасьледу – але ў большасьці зь іх цяпер праблема элемэнтарнага выжываньня: трэба шукаць жытло, на працу, уладкоўваць сямʼю. Папракаць неактыўнасьцю іх было б недарэчна.

Тым жа, хто застаўся актыўным, давялося на сабе спазнаць ці не галоўнае правіла палітыкі: вынік у ёй дасягаецца вельмі марудна і гіганцкімі высілкамі. Усьмешкі, прыязныя рукапацісканьні, прыгожыя словы салідарнасьці і натхняльныя абяцаньні, у 99,99% выпадках маюць нулявы вынік; добра яшчэ, калі не адмоўны. Сёньня вам паабяцаюць максымальнае спрыяньне – а заўтра прыраўняюць беларусаў да расейцаў і спыняць выдачу візаў (рэальны выпадак).

Ёсьць, аднак, істотная акалічнасьць. Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі, які і раней не выяўляў сымпатый да беларушчыны, сёньня імкнецца зьнішчыць усё, што хоць нейкім чынам нагадвае пра адрозьненьне беларусаў ад расейцаў, найперш – культуру і мову. Такога не было ні ў савецкія часы, ні ў часы нацысцкай акупацыі. (заканчэньні ніжэй).


Падобна, Захад, даўшы ацэнку «выбараў» у РФ як несвабодных, недэмакратычных і скарыстаўшы лексыку з набору «глыбокай занепакоенасьці», — усё ж прызнае Пуціна прэзыдэнтам РФ. З усімі драматычнымі наступствамі гэтага прызнаньня.

Для Беларусі гэта будзе азначаць яшчэ большае замацаваньне краіны ў сфэры інтарэсаў Масквы, у якую, назавем рэчы сваімі імёнамі, Захад аддаў Беларусь адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 25 жніўня 1991 г. Цяпер жа ўвогуле ўсё вырашае і ўсё вызначае Масква. Лукашэнку дазволена толькі рэалізоўваць свае комплексы ва ўсё больш бязьлітасных і маштабных рэпрэсіях супраць беларускага народа, які ён ненавідзеў заўсёды, а пасьля 2020 імкнецца проста зьнішчыць.

Для Пуціна прызнаньне яго прэзыдэнтам — аргумэнт на карысьць таго, каб беспакарана паспрабаваць Эўропу «на зуб». Для пачатку, напрыклад — атакай вайсковымі брыгадамі РБ у накірунку Вільні ці Варшавы. Так, NATO адкажа, але ж ударыць па Беларусі, а не па Расеі. Парыж ды Бэрлін традыцыйна баяцца Масквы. Вашынгтон — не баіцца, але Амэрыка ўжо ўвайшла ў паласу перадвыбарчай турбулентнасьці, ёй не да Эўропы.

І толькі Ўкраіна не на словах, а зброяй змагаецца з Расейскай імпэрыяй, і ўсё больш выцякае крывёю, плацячы жыцьцямі (у тым ліку і беларускіх герояў-добраахвотнікаў) за бязвольле і нерашучасьць заходніх палітыкаў.


ДА ДНЯ КАНСТЫТУЦЫІ

Як вядома, дэпутаты Апазыцыі БНФ, не галасавалі за прэзыдэнцкія артыкулы Канстытуцыі 2 сакавіка 1994 (і нават спрабавалі сарваць галасаваньне), і не галасавалі за ў цэлым за Канстытуцыю 15 сакавіка. Мы папярэджвалі, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Мы прапанавалі даць час (хаця б некалькі гадоў) на фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, замацаваньне дэмакратычных інстытуцый, фармаваньне партыйнай сыстэмы. Урэшце, гэтыя 5-7 гадоў былі патрэбныя да таго, каб атрымала права галасаваньня пакаленьне, якое ўступала ў сьвядомае жыцьцё ўжо ў незалежнай Беларусі.

Днямі ў дыскусіі шаноўны Анатоль Лябедзька папракнуў мяне ў тым сэнсе, што як гэта так – я не галасаваў за Канстытуцыю-94, а тым ня менш, прапаную яе вярнуць.

Насамрэч, у гэтым няма ніякай супярэчнасьці. І вось чаму.

Вяртаньне Канстытуцыі -94 (вяртаньне, умоўна кажучы, хоць на 10 хвілінаў) аўтаматычна дэлегітымізуе ўсе наступныя «канстытуцыйныя папраўкі» і «канстытуцыі», уведзеныя Лукашэнкам ягонымі «рэфэрэндумамі».

А значыць – і вяртаньне статусу беларускай мовы, і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і «Пагоні» у якасьці дзяржаўных сымбаляў, і скасаваньня «царскіх» (ацэнка Лукашэнкі) прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў (хоць бы ўжо і не Лукашэнкі, каго заўгодна), і вяртаньне абмежаваньня колькасьці тэрмінаў прэзыдэнцтва, і магчымасьці скасаваць (ці ўвесьці мараторый) на сьмяротнае пакараньне), і гэтак далей.

І толькі пасьля гэтага можна (і трэба) распрацоўваць і прымаць новую Канстытуцыю.

Што можа здарыцца ў іншым выпадку?

У 1994 годзе большасьць насельніцтва, не пазбаўленае савецкай мэнтальнасьці і пад уплывам штодзённага лямянту кебічаўскіх СМІ «Такую страну развалили!», магло прагаласаваць толькі за савецкага па сваёй сутнасьці чалавека (прычым абрала самага горшага з усіх магчымых).

Калі ўявіць на хвіліну, што ў Беларусі сёньня адбудуцца свабодныя і дэмакратычныя выбары – асабіста я ні на сэкунду не сумняюся, што большасьць насельніцтва, якое тры дзесяцігодзьдзі апрацоўваецца прарасейскай, антыбеларускай прапагандай, абярэ прэзыдэнтам чалавека па прозьвішчу Безроссиинамнежить.

І такія выбары будуць імгненна прызнаныя Захадам, якому, па вялікім рахунку (не бяру асобныя, рэдкія выпадкі), глыбока начхаць на лёс беларусаў як этнасу. У 1994 Захад выбары, нагадаю, прызнаў адразу.

Гэты новы цалкам сабе свабодна і дэмакратычна абраны прэзыдэнт, напэўна, створыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, для IT, увогуле для разьвіцьця эканомікі. Але – з пазыцыяй «Какая разница, какой язык?» (я заўважыў, што аматары гэтай фразы чамусьці нязьменна аддаюць перавагу толькі рускай мове) і «Какая разница, какой флаг?» (прыхільнікі гэтай тэорыі, як мы ведаем, узяўшы ўладу, урэшце катуюць і кідаюць за краты тых, хто захоўвае вернасьць Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу.

Бясспрэчна, атрымаюць пэўныя правы і тыя, хто за беларускасьць. Але – толькі ў межах гета. Канешне, гета – лепей, значна лепей,, чым расстрэл ці газавыя камэры, – але роўна тое, што калісьці казаў ідэоляг «русского мира» палкоўнік Замяталін: беларуская мова ва ўсіх сфэрах а ні ў якім разе не павінна перавышаць 10%. Практыка сьведчыць, што рэалізацыя гэтай тэорыі лічбу 10 непазьбежна ператварае ў нуль.

Менавіта таму Канстытуцыя-94, без усялякіх лукашысцкіх зьменаў, павінна быць вернутая – як хай і кароткі, але неабходны этап у працэсе вяртаньня народу Беларусі ягоных канстытуцыйных і агульначалавечых правоў. Урэшце – правоў на ўласную беларускую дзяржаву, якой ён дамагаецца ўжо не адно стагодзьдзе.


Хачу падзякаваць шаноўнай пані Агнэшцы Рамашэўскай-Гузы за ўсё зробленае ёй на Белсаце (і за стварэньне самога Белсату). У 1996 іеў гонар пазнаёміцца зь яе маці і бацькам – легендамі польскага дэмакратычнага супраціву. Выдатна, што салідарнасьць перадаецца ў пакаленьнях.

Сёньня Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла накіравала ліст спадарыні Агнэшцы Рамашэўскай-Гузы наступнага зьместу:

«Шаноўная спадарыня Агнэшка,

дазвольце выказаць ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста ўдзячнасьць за Вашую такую даўгую працу на пасадзе дырэктаркі тэлеканалу «Белсат». Заўсёды ў захапленьні ад прафэсіяналізму «бялсатаўцаў», калі даводзіцца даваць інтэрвію. За семнаццаць гадоў калектыў «Белсату» стварыў тэлебачаньне, якое можа быць і, бясспрэчна, будзе ўзорам для журналістаў у будучай дэмакратычнай, вольнай Беларусі. Дзякуй Вам і Вашым цяпер ужо былым калегам за ўвагу да беларускай нацыянальнай гісторыі, да ідэалаў БНР, да дзейнасьці яе Рады. У Вашай асобе беларусы атрымалі добрага сябра, і колькі гадоў таму я з асаблівым пачуцьцём падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні Вас мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

Вельмі спадзяюся на тое, што Ваш сыход з Белсату не азначае адыходу ад справы дапамогі беларусам, якія сёньня змагаюцца за сваю Бацькаўшчыну, за яе пачэснае месца ў сям'і эўрапейскіх народаў.

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады БНР

12 сакавіка 2024»


(Заканчэньне, пачатак вышэй) Ну, а далей... Далей, 30 % усёй эканомікі СССР у 70-80 гады, на момант прыходу Гарбачова — быў ваенна-прамысловы комплекс у самым, так бы мовіць, чыстым выглядзе, то бок прадпрыемствы выпускалі толькі ваенную прадукцыю і ніякай іншай. Усяго ж на ВПК у той ці іншы спосаб было завязана 80% прамысловасьці. Пры гэтым касьмічная праграма была на ВПК завязаная цалкам.

Тут бы можна працягнуць разважаньнем, што паколькі савецкая касьмічная праграма працавала на ўмацаваньне савецкага камуністычнага рэжыму, а сам камуністычны рэжым быў у сваёй сутнасьці антычалавечы, таму...

Але лепей, паколькі «вуснамі немаўляці гаворыць ісьціна», узгадаю размову дачкі, калі яна вучылася ў школе, з маім бацькам — ён расказваў пра сустрэчы з Гагарыным, сярод іншага, і на пленумах ЦК камсамола, членамі якога абодва былі (пленумы гэтыя склікаліся два-тры разы на год у Маскве). Дачка папрасіла расшыфраваць «ЦК ВЛКСМ».

Маладыя, як вядома, ня любяць доўгіх тлумачэньняў ад старэйшых, здольныя ўлоўліваць сутнасьць імгненна і не цягнуць з высновамі.

— Ясна, дзядуля, я ўсё зразумела. Ты з Гагарыным быў у кіраўніцтве савецкага гітлерюгенд.


ГАГАРЫН. Споўнілася 90 гадоў з дня народзінаў Юрыя Гагарына. Гагарын цікавы мне найперш не сваім палётам, а пасьляпалётным жыцьцём, і не ў апошнюю чаргу — як унікальны прыклад асобы пад узьдзеяньнем вельмі неспрыяльных фактараў. Неспрыяльных у канцэнтрацыях, якія рэдка на каго выпадалі - бо на яго абрынулася слава , якую мелі, можа, 3-4 асобы за ўсю гісторыю чалавецтва. Па выніку, калі ў трох словах — ён ня скурвіўся. Пры тым што ўсе ўмовы для гэтага меў.

Хаця, як ні цынічна тое прагучыць, раньняя сьмерць пазбавіла яго шмат ад якіх, як цяпер бы сказалі, іміджавых стратаў. Ужо савецкія танкі ў жніўні 1968 у Празе былі б для яго выпрабаваньнем, хай бы нават і на ўзроўні ўзаемаадносінаў зь ягонымі чэскімі сябрамі (такія былі). Далей, «по мере обострения классовой борьбы», выпрабаваньні былі б яшчэ больш сур’ёзныя і маштабныя. Пры тым, што непазьбежна, нават нічога для гэтага ня робячы, ён, як і ўсе першыя касманаўты, атрымаў бы генэральскія зоркі, як і Церашкова, стаў бы членам ЦК КПСС (найвышэйшы рэальна кіруючы ворган СССР, куды ўваходзілі ня ўсе міністры і маршалы), — перакананы, што па шляху Церашковай зь яе «абнуленьнем» прэзыдэнцкага тэрміну Пуціна ён бы не пайшоў.

Лічу гэтак і на падставе ўспамінаў свайго бацькі, які ведаў абодвух; калі ў паводзінах Гагарына адчувалася імкненьне сысьці ад праяў «народнай любві», ад афіцыёзу, ад публічнасьці, увогуле ад увагі, — дык у Церашковай, што называецца, на лобе было напісана — «першая ў сьвеце жанчына-касманаўт, Герой Савецкага Саюза».

Паглядзеў па адным з расейскіх тэлеканалаў прысьвечаную Гагарыну перадачу — зроблена па актуальным Z-прапагандысцкім трафарэце. Ну і, канешне, кажучы пра касьмічную праграму ЗША — «американцы не побрезговали использовать помощь немецкого нациста фон Брауна».

І ні слова пра тое, што савецкія канструктары для першых ракет скарысталі менавіта напрацоўкі ракеты ФАУ-2, створанай ня кім іншым, як тым жа фон Браўнам. Хаця гэта сёньня агульнапрызнаны факт.

І нічога пра тое, чым насамрэч была савецкая касмічная праграма.

Цяпер ужо не сакрэт (не сакрэт ва ўсіх сэнсах),што касьмічная праграма СССР была часткай ваеннай праграмы — Маскве былі патрэбныя ракеты, здольныя паказаць «кузькину мать» ЗША. Палётам Гагарына Крэмль прадэманстраваў, што савецкія ракеты могуць абляцець зямны шар з грузам вялікай вагі (чытай: атамнай бомбы), а запускам Цітова, Мікалаева і Паповіча пацьвердзіў, што яны могуць абагнуць Зямлю не адзін дзясятак разоў. ЗША на той момант у гэтай справе адставалі, хаця ўжо ў лютым 1962 Джон Глен абляцеў Зямлю тройчы.

Насамарэч, тое быў грандыёзны блеф. На момант палёту Цітова (жнівень1961) у СССР было гатовыя толькі пяць такіх караблёў (па некаторых крыніцах — увогуле ніводнага даведзенага да канца: менавіта таму ў кастрычніку 1961 не адбыўся меркаваны палёт двух пілятуемых караблёў з трансьляцыяй размовы Хрушчова з касманаўтамі на арбіце непасрэдна з прэзыдыюму ў залі Крамлёўскага палацу, дзе праходзіў ХХII зьезд). Не нашмат больш было і ракетаносьбітаў. Адсюль- і разьмяшчэньне ракет на Кубе, паблізу ад ЗША, якое паставіла сьвет на мяжу атамнай вайны.

Паміж СССР і ЗША пачалася касьмічная гонка, кропка ў якой была пастаўленая высадкай у 1969 годзе экіпажу «Апалон» на Месяц.

Эканоміка Амэрыкі гонку вытрымала — адрозна ад савецкай.

Ужо сам палёт першага касманаўта па ягоным завяршэньні каштаваў, мінімальна, узьвядзеньня гораду ў 250-200 тысяч чалавек (тагачасныя Віцебск ці Горадня) — з жылымі дамамі і ўсімі абʼектамі сацкультбыту. Менавіта такой была цана працы дзясяткаў прадпрыемстваў, навукова-дасьледчых інстытутаў, будаўніцтва касмадрому і інфраструктуры, папярэдніх пускаў і г.д.

Уліваньні ў космас павялічваліся коштам элемэнтарных патрэбаў людзей — напрыклад, ростам цэнаў, які летам 1962 адгукнуўся расстрэлам мірных дэманстрантаў у Навачаркаску. На думку гісторыкаў, той расстрэл зрабіў немагчымым далейшыя, хай і вельмі нягеглыя, хрушчоўскія рэформы. (заканчэньне ніжэй)


«Вядома, што нацыянальная сымболіка — атрыбут нацыі. Сьцяг і герб не ствараюцца пад кожны палітычны момант, ці пад пэўнага ўладатрымальніка — яны вечныя і спрадвечныя. Калі ж на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага ў якой нацыі няма гэтай сымболікі, дык няма і нацыі, і наўрад ці ўжо будзе. Шчасьце беларусаў у тым, што гэткая сымболіка ў нас ёсьць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі — злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі, як да сьвятыні. Гэта ўжо падвойнае злачынства — перад нацыяй, перад гісторыяй, перад хрысьціянскай маральлю, таксама абрабаванай рабаўнікамі». (Васіль Быкаў, 19 верасьня 2001, у гадавіну наданьня ў 1991 годзе Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў).


Сёньня – трагічная дата ў гісторыі Беларусі, пра якую мне нагадалі журналісты Белсату, зьвярнуўшыся па камэнтар. 30 гадоў таму, 2 сакавіка 1994 году, Вярхоўны Савет прагаласаваў за ўвядзеньне ў Канстытуцыю пасады прэзыдэнта. Тым самым адкрыўшы шлях да дыктатуры.

Нагадаю, што тры гады – зь вясны 1991 – дэпутатам Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком удавалася блякаваць пытаньне пра прэзыдэнцтва, якое выносілася спачатку камуністамі, потым кебічыстамі. Прэзыдэнцтва не набірала належнай колькасьці галасоў (2/3). Як член Канстытуцыйнай Камісіі, дакладна ведаю, што яшчэ ў пачатку 1993 праект Асноўнага закону не прадугледжваў прэзыдэнцтва. А ў прэамбуле ўзгадаваліся ВКЛ і БНР як падмуркі дзяржаўнасьці сучаснай Беларусі.

Але ў пэўны момант Кебіч у справе прэзыдэнцтва атрымаў саюзьнікаў. За прэзыдэнцтва выступілі дэпутаты Дэмклюбу («умераныя дэмакраты») на чале з Шушкевічам. За прэзыдэнцтва выступіў Карпенка (плюс 10-15 дэпутатаў ягонай фракцыі «Згода»). І нарэшце, каманда «маладых ваўкоў» – Ганчар, Булахаў, Шэйман, Сініцын, Шыпко, Кучынскі, якія зрабілі стаўку на Лукашэнку.

І хай бы яшчэ яны ня ведалі, што робяць – але ж мы, дэпутаты БНФ, прыводзілі аргумэнты, угаворвалі, хіба што ў нагах не валяліся ў Ганчара і Булахава, Шушкевіча і Карпенкі, пераконваючы, што нельга ўводзіць прэзыдэнцтва, што яно непазьбежна прывядзе да дыктатуры, што Беларусі трэба яшчэ пяць-шэсьць гадоў парлямэнцкай дэмакратыі, каб сфармавалася грамадзянскай супольнасьць, каб умацавалася партыйная сыстэма, каб вырасла (уступіла ў электаральны ўзрост) пакаленьне, пазбаўленае закладзеных камуністычнай сыстэмай рэфлексаў.

Але нічога гэтага не жадалі чуць яны.

Я перакананы, што, як бы яны не тлумачылі матывы сваіх дзеяньняў постфактум, рэальным фактам было і застаецца прэваляваньнем іх асабістых амбіцый. Імі кіравалі амбіцыі і себялюбства. Яшчэ раз: імі валодалі амбіцыі, больш -- нічога. Амбіцыі -- гэта натуральная якасьць палітыка, але ў гэтым выпадку пад іх абсалютна безадказна быў кінуты лёс нацыі, будучыня пакаленьняў беларусаў. І як мы бачым сёньня – магчыма, і сама Беларусь, якая проста можа зьнікнуць з геаграфічнай мапы і не аднавіцца на ёй ніколі.

І асаблівая адказнасьць – на «маладых ваўках», якія цягам чатырох гадоў бачылі (амаль штодня!) усю ублюдачнасьць і мярзотнасьць чалавека, якога яны вылучылі кіраваць нацыяй з тысячагадовай гісторыяй. І адзінае, што апраўдвае іх (калі такое можна апраўдаць) – што былі Ганчар, Булахаў, etc. толькі марыянэткамі ў руках антыбеларускіх сілаў, кіруемых Масквой. Толькі гэта хіба, хаця б часткова, можа іх апраўдаць – бо інакш няма ім дараваньня перад пакутным лёсам Беларусі і беларускай нацыі.

Горкі дзень, сумны юбілей, які, аднак, прымушае зрабіць урок: не паддавацца эфэктным словам і заманлівым абяцаньням. Шлях да свабоды, да вольнай Беларусі будзе няпростым – але нацыя з тысячагадовай гісторыяй пераадолее яго.


Пракамэнтаваў Радыё Свабода бенефіс Пуціна. Асноўныя тэзісы:

Толькі ў адным месцы Пуцін вымавіў слова «Белоруссия», гаворачы пра чыгуначную магістраль.  Пуцін успрымае Беларусь як частку Расейскай імпэрыі. Навошта ў свой час  Брэжневу на якім-небудзь зьездзе КПСС было асобна прыгадваць узаемаадносіны Масквы і Малдаўскай ССР ці Таджыкскай СССР? Ясна, што гэта частка СССР, ён ставіў агульныя задачы, абавязковыя і для тагачасных Малдавіі, і для Таджыкістану, і для Краснаярскага краю, і для Тульскай вобласьці. Гэтак і з Пуціным. Калі раней Пуцін казаў пра ўзаемадачыненьні Расеі і Беларусі, дык сёньня пра гэта няма патрэбы  ўзгадваць – бо справа зробленая: Пуцін цалкам кантралюе Беларусь.


Кіраўнік краіны, якая другі год вядзе вайну, у якасьці ваенных посьпехаў апошняга году можа назваць толькі Бахмут і Аўдзееўку. Канешне, Пуцін  мог бы ўзгадаць геапалітычны «посьпех»  -- з далучэньнем Фінляндыі да NATO мяжа Расеі з альянсам павялічылася на тысячу кілямэтраў, а з далучэньнем Швэцыі Балтыйскае мора зрабілася ўнутраным морам NATO з маленькім анклявам у выглядзе Калінінградзкай вобласьці. Але прадстаўляць такія «посьпехі» выглядала б непрэзэнтабэльна. Таму Пуцін канцэнтраваўся на эканоміцы.

Што да эканомікі, дык лічбы росту расейскай эканомікі зьвязаныя, найперш, з істотным павелічэньнем выпуску вайсковай прадукцыі. Зразумела, што ракета можа каштаваць столькі, колькі 50 дзіцячых садкоў. Але ў рэальнасьці жыхары Расеі пачалі адчуваць дэфіцыт нават элемэнтарных прадуктаў харчаваньня.

Пагаршэньне ўзроўню жыцьця зусім не абавязкова прывядзе да падзеньня рэжыму Пуціна, прыклад — Паўночная Карэя, тут дзесяцігодзьдзямі насельніцтва жыве ў жабрацтве і славіць дынастыю Кімаў.

Мяркую, большасьць расейскага насельніцтва пакуль усё ж за вайну, тут Пуцін недалёкі ад ісьціны. Дзейнічае матрыца імпэрскай сьвядомасьці. У пачатку вайны шмат хто чакаў, што калі ў расейскія сем'і пойдуць труны з загіблымі, стаўленьне да вайны расейскага насельніцтва зьменіцца. Але гэтага не адбылося.

Імпэрскую сьвядомасьць магла б зрушыць толькі ваенная параза Расеі – гэткая, якую ў свой час атрымаў Трэці Райх. Але і на прыкладзе постнацысцкай Нямеччыны мы ведаем, што сьвядомасьць значнай часткі немцаў не зьмянілася за год ці за тры, спатрэбілася значна болей часу.

Калі заходнія палітыкі кажуць пра намеры Пуціна напасьці на краіны NATO, яны, безумоўна, карыстаюцца ў тым ліку і крыніцамі, разгалошваньне якіх з пэўных прычынаў немагчымае. Але гэта бачна і з адкрытых крыніцаў.

Нарошчваньне ваеннай вытворчасьці ў Расеі ёсьць ясным  індыкатарам таго, пра што думае Пруцін: ён думае пра вайну. Нязгодны з тымі, хто іранічна казаў: перш чым напасьці на Парыж ці Бэрлін, хай возьме Аўдзееўку. Калі ў часы Другой сусьветнай вайны ступень перамогі вымяралася працэнтам захопленай ці адваяванай тэрыторыі, дык сёньня войны маюць гібрыдны характар. І перамога вымяраецца іншым.

Уявім, што некалькі брыгадаў Узброены сілаў Беларусі кінутыя на Вільню ці Варшаву, і што нават нанесены тактычны ядзерны ўдар па польскай ці літоўскай тэрыторыі. Ясна, што гэтыя брыгады будуць разьбітыя. І вось пытаньне: у такой сытуацыі перамог Пуцін ці выйграў? Што Пуціну да таго, што загіне 30 тысячаў беларускіх вайскоўцаў, ці нават выбухне Астравецкая АЭС? Ён гатовы зьнішчыць сьвет, калі ў ім ня будзе Расеі, ён пра гэта сам заявіў.  Думаю, што тут Пуцін бы выйграў, бо падобнае надзвычай моцна дыстабілізавала б сытуацыю ў Эўропе. А гэта якраз тое, чаго Пуцін дамагаецца. 

Цяжка прагназаваць, ці сапраўды лідэры краінаў NATO дашлюць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў. Пакуль што падставаў гэтак лічыць няма. Ва ўсякім разе, мы ведаем, што два гады таму, калі Зяленскі прасіў Захад зачыніць неба, гэтага зроблена не было. Не былі прадстаўленыя Ўкраіне і ракеты, і авіяцыя.

Пуцін успрымае Беларусь як вайсковы пляцдарм на заходнім накірунку, як тэрыторыю для разьмяшчэньня ваеннай тэхнікі і магчымае месца ваенных дзеяньняў. І будзе трымаць Лукашэнку, пакуль той будзе яму падпарадкоўвацца і рабіць тое, што робіць ужо тры дзесяцігодзьдзі – зьнішчаць беларускую ідэнтычнасьць.


ЗАЯВА РАДЫ БНР У СУВЯЗІ З ТАК ЗВАНЫМІ ПАРЛЯМЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ

Рада БНР канстатуе, што акцыя, арганізаваная ў Рэспубліцы Беларусь 25 лютага 2024 году незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі выбарамі ў легітымны ворган заканадаўчай і прадстаўнічай улады.
Парлямэнтарызм у Беларусі праіснаваў толькі некалькі гадоў у першай палове 90-х і быў зьнішчаны з прыходам да ўлады прарасейскага стаўленіка Лукашэнкі. Менавіта на загад Лукашэнкі ў красавіку 1995 году ў залі парлямэнту былі зьбітыя дэпутаты Беларускага Народнага Фронту, а лістападзе 1996 пры непасрэднай падтрымцы Крамля Лукашэнка зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот, зламаўшы Канстытуцыю і ўсталяваўшы рэжым аднаасобнага кіраваньня.

Ад таго часу тое, што ў Рэспубліцы Беларусь лічыцца заканадаўчым і прадстаўнічым ворганам, увасабляе сабой зьдзек з самога прынцыпу парлямэнтарызму, бо так званыя дэпутаты не абіраюцца на свабодных выбарах і цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку і ягоным спэцслужбам. З гэтае прычыны ніякія законы і ніякія міжнародныя пагадненьні, прынятыя альбо ратыфікаваныя гэтым антыканстытуцыйным органам, ня могуць лічыцца легітымнымі.

Сёлетнія так званыя выбары адбыліся пры фактычнай акупацыі Беларусі Расеяй, ва ўмовах татальнага тэрору і поўнай ліквідацыі непраўладных палітычных і грамадзкіх інстытутаў. Прызначаныя адміністрацыяй «дэпутаты» ня могуць быць прадстаўнікамі беларускага народу. Усе пастановы гэтых «дэпутатаў» ня будуць мець легітымнай сілы.

Рада БНР перакананая, што толькі на свабодных, дэмакратычных, пазбаўленых фальсыфікацыяў выбарах у сапраўды незалежнай нацыянальнай беларускай дзяржаве, пры наяўнасьці грамадзкіх і міжнародных назіральнікаў, беларускі народ зможа ў поўнай ступені выявіць сваю волю.


НН напісала, як у калоніях спальваюць кнігі на беларускай мове — любыя, незалежна ад аўтарства і тэматыкі. Кнігі на беларускай мове (выключна з прычыны мовы, на якой яны выдадзеныя) ня спальвалі нават гітлераўскія акупанты. У справе нянавісьці да беларусаў Лукашэнка пераўзышоў свайго куміра.




ЗАЯВА РАДЫ БНР ДА ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Сёньня мы сустракаем яго ў жалобе з прычыны гібелі ў лукашэнкаўскай турме палітвязьня Ігара Ледніка, які, нягледзячы на інваліднасьць і цяжкія хваробы, быў кінуты за краты за выступы супраць антыбеларускага, антынацыянальнага рэжыму. Ён папоўніў мартыралёг нашых герояў.

Беларуская мова сёньня знаходзіцца ў стане, у якім яна не была апошняе стагодзьдзе. Працягваючы ўзяты пасьля антыканстытуцыйнага гэтак званага рэфэрэндуму 1995 г. курс на прымусовую русыфікацыю, рэжым Лукашэнкі ліквідуе беларускае школьніцтва. Практычна зьнішчаныя ўсе грамадзянскія ініцыятывы, уключна з Таварыствам беларускай мовы імя Скарыны.

За беларускае слова, вымаўленае ў прысутнасьці лукашэнкаўскіх сілавікоў, людзі могуць быць падвергнутыя рэпрэсіям. Робіцца ўсё, каб беларусы забыліся на родную мову, на сапраўдную сваю гісторыю. Замацаваньне ў новых пакаленьнях каляніяльнай, залежнай ад Масквы мэнтальнасьці мае на мэце і ўвядзеньне адзіных з Расеяй падручнікаў па гісторыі.

У такіх умовах вартасьць кожнага вымаўленага беларускага слова, кожнай беларускай кнігі, кожнага беларускага сьпеву, спэктаклю, кінастужкі – павялічваецца шматкроць.

Сёлетні Дзень роднай мовы супадае са 100-годзьдзем з дня народзінаў вялікага беларускага пісьменьніка, аднаго з лідэраў нацыянальна Адраджэньня Васіля Быкава. Памятайма ж апошнія ягоныя словы, сказаныя ў абарону зьнішчанага ўладамі беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — «Трэба змагацца за родную мову!».


(Окончание, начало выше). Возможно, впоследствии какие-то части нынешней России захотят объединиться в конфедерацию, а какие-то останутся независимыми. Это уже решать самим народам нынешней РФ— но только после того, как осмыслят то, что с ними произошло и приобретут навыки элементарной политической ответственности.

Считать, что стоит лишь удалить Путина, прекратить войну с Украиной, и всё постепенно образуется — опасная иллюзия, которая гарантирует повторение страданий соседних с Россией народов. И, возможно, не только соседних. (Перевод с беларуского).


Западные лидеры, ещё вчера искавшие дружбы с Кремлём, смотревшие сквозь пальцы на ползучее поглощение Москвой Беларуси, на агрессию против Грузии, аннексию Крыма, заклинавшие «не раздражать» Путина, – сегодня всё чаще говорят о военном противостоянии с Россией. Не исключая и «горячую» его фазу, иными словами — непосредственное боевое столкновение России и НАТО. Североатлантическому альянсу, понятно, отводится роль оборонительная — атакующей стороной будет Москва. С этим, похоже, смирились как с неизбежностью.

Называются разные сроки: от двух до семи лет. Наиболее оптимистичным выглядит сценарий руководителя оборонного ведомства Германии: он не говорит о неизбежном боевом столкновении, но зато саму продолжительность военного противостояния Запада и России определяет в несколько десятков лет.

Такие прогнозы, надеемся, наконец-то ставят точку в благодушном восприятии России и надеждах на скорую её демократизацию, которые с 1991 года совершенно безосновательно владели умами абсолютного большинства тех, кто определял политику западного мира.

Но открытым остаётся вопрос: а что хотел бы видеть Запад на месте нынешней России?

И вот здесь мы по-прежнему сталкиваемся то ли с непониманием сущности России, то ли с нежеланием произнести вслух то, что не раз и не два подтверждалось Историей. А именно: в имперском (или, как это красиво определено в конституции, «федеративном») состоянии Россия никогда не будет ни правовым, ни демократическим государством – но всегда останется угрозой ближайшим соседям,

Кто бы ни пытался за последнее столетие переделать страну, – и у большевиков, и у демократов итог был один и тот же: диктатура. Причин этому хватало, но главная – сформированное столетиями имперское сознание.

Следует, наконец, признать, очевидную вещь: имперская ментальность не позволила и не позволит русскому народу самостоятельно построить государство, которое не являлось бы угрозой существования человечества. И какую же непростительную ошибку сделал Запад в начале 90-х, не поставив полную ликвидацию ядерного оружия условием экономической помощи России! Отдельная тема — согласие на членство России в Совете безопасности ООН, куда Москва пролезла путём банального шарлатанства; напомним, что основным претендентом на место СССР в Совбезе была демократическая Япония.

Мировые лидеры не врут ни секунды, когда уверяют Кремль, что Запад не хочет распада России — да, действительно, те, кто нынче управляет цивилизованным миром, не желают этого. Они не видят, не хотят замечать прямых параллелей между Россией и Третьим Рейхом.

А ведь невозможно представить, чтобы Черчилль или Рузвельт заверяли Гитлера, что не хотят уничтожения Третьего Рейха, и что их цель - только лишь освободить завоёванные нацистами территории. Вспомним: в 1945 произошёл не просто крах нацистского режима — был уничтожен и Третий Рейх.

Причём уничтожен не только как государственное, но и как территориальное образование. Германия была разделена между союзниками на четыре зоны ответственности. Формирование новых государственных институтов взяли на себя другие государства. Оставим за пределами темы тот факт, что одна из них перешла под контроль не менее бесчеловечного, чем нацистский, режима — важен исторический и правовой прецедент.

Сейчас всё чаще пишут о неизбежном распаде России — как говорится, «хорошо, но мало». Лучшим решением было бы внешнее управление демократическими государствами зонами ответственности, по примеру послевоенной Германии. Срок — минимум одно, а лучше два поколения, чтобы успела выветрится из сознания вся эта фашистская дурь вроде «великой России» и «исторической миссии русского народа». И как жителей немецких городов принудительно обязывали хоронить тела замученных в концлагерях — так и москвичи, и питербуржцы должны будут отработать положенное время на восстановлении разрушенных украинских городов.


На жаль, заклікі да заходніх лідэраў, што такія, як Пуцін і Лукашэнка, разумеюць толькі сілу, – застануцца хаця і слушнымі, але толькі словамі. Тыя, хто здольны быў пайсьці на сілавыя дзеяньні, як Чэрчыль, як Рэйган, – у магілах. На чале расслабленага Захаду – карыкатурныя нікчэмнасьці. Вечная памяць ахвярам фашысцкага рэжыму Пуціна-Лукашэнкі (гэта адно цэлае), салідарнасьць з палітычнымі вязьнямі і іх сем'ямі.

Показано 20 последних публикаций.