ПРЫГОДЫ НАТУРАЛІСТА 🦉


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Природа


Дзённік назіранняў і гісторый з чароўнага свету дзікай прыроды Беларусі. Фота, відэа і думкі аўтара.
Brest, Belarus

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Природа
Статистика
Фильтр публикаций


😳Другая палова лютага - пачатак сакавіка - гэта, без сумневу, час соў, час калі гэтыя птушкі актыўна вакалізуюць, знаходзяць сабе пару, занімаюць гнездавыя тэрыторыі.

У гэтым годзе, як і штогод, у пачатку вясны мы (пяць валанцёраў) праводзілі маніторынг гнездавых тэрыторый пугача (Bubo bubo) ў Брэсцкім, Маларыцкім, Жабінкоўскім і Кобрынскім раёнах.

Амаль кожны вечар на працягу некалькіх тыдняў мы выязджалі ў розныя кропкі на мапе Берасцейшчыны, якія гіпатэтычна маглі адпавядаць густам пугача, і па некалькі гадзін слухалі начны лес. Пра адну з такіх вандровак я пісаў раней. Некаторыя кропкі прыходзілася правяраць па некалькі разоў: альбо надвор'е не адпавядала, альбо пугач "маўчаў".

Такім чынам нам удалося дакладна адзначыць дзевяць гнездавых тэрыторый нашай самай буйной савы з Чырвонай кнігі РБ. Адно месца засталося пад пытаннем і патрабуе больш дэталёвага даследавання. У пяці месцах, дзе пугач адзначаўся раней, птушкі не вакалізуюць ужо 2-3 гады, што гаворыць аб тым, што хутчэй за ўсё, яны перамясціліся.

Уся гэтая праца - толькі першы этап. У другой палове красавіка трэба даследваць усё гэтыя дзевяць тэрыторый, знайсці гнёзды і ўсталяваць фотапасткі, каб даследваць паводзіны дарослых птушак і харчаванне птушанят.

#пугачыБерасцейшчыны

*падчас маніторынгу патэнцыйных гнездавых тэрыторый пугача фанаграмы голасу і галасавыя правакацыі не выкарыстоўваліся.

Фотаздымак пугача з птушанятамі - фотапастка Юрыя Янкевіча.


🔍Трошачкі занядбаў канал, а вясна набірае абароты. Самы час зрабіць актуальны агляд міграцыі птушак на Берасцейшчыне. Таму па чарзе.

Працягваюць ляцець гусі, але ўжо ў значна меншай колькасці. Часам адбываюцца цікавыя назіранні. Так у мінулую суботу на экасцежцы ў Берасьці затрымаліся на кароткі адпачынак восем белашчокіх казарак. Масава ляцяць качкі-свіцьвы, ныркі-сівакі, качкі-цыранкі, качкі-чыркі, качкі-шылахвосткі і першыя лапаноскі.

Таксама працягваюць ляцець жураўлі. Павярнуліся першыя чорныя і белыя буслы. Буханне вялікага бугая ўсё часцей чуваць ля вадаёмаў Берасцейшчыны. На экасцежцы ўжо можна пачуць вакалізацыю пастушка, а 21 сакавіка ўжо адзываўся нават малы пагоніч, што не тыпова рана для гэтага віда.

Павярнуліся першыя балотныя луні.

Вялікія галубы ўжо літаральна на кожным дрэве.

Працягваецца міграцыя чаек. Кожны вечар у Берасці на начоўку затрымліваецца вялікая колькасць чаек-рыбачак. Таксама з'явіліся першыя чайкі-чорнакрылкі.

Паволі набліжаецца час кулікоў і ўсё часцей на заліўных лугах вакол горада трапляюцца баталёны. Чацвёрты дзень на экасцежцы ў Берасьці можна назіраць 5 асобінаў кулікоў-случкоў.

Вераб'іныя птушкі ўжо радуюць першымі спевамі. На экасцежцы ў Берасьці кожны вечар можна пачуць шыкоўны канцэрт, які ладзяць чорны дрозд і дрозд-спявун. Часам можна пачуць і пабачыць больш рэдкага белабровага дразда. Масава ляцяць малінаўкі, трапляюцца белыя пліскі, рудахвосткі-чарнушкі, лугавыя свірстуны, рэмезы. На мінулым тыдні ў рэгіёне можна было назіраць першых чырвонагаловых каралькоў, чорнагаловых ерчыкаў, лясных завірушак, пячуравак-ценькавак і нават першага удода!

А вы сустракаецца вясну? Што цікавага ўжо атрымалася пабачыць/пачуць?

#міграцыя24

354 0 1 10 60

😳 Пасля працоўнага дня зладзілі з Юрай спантанны шпацыр па начным лесе. Канец лютага-пачатак сакавіка найлепшы час каб слухаць соў. Беручы пад увагу вельмі цёплае надвор'е, якое ўсталявалася ў апошнія дні, умовы для пошука гэтых птушак вельмі спрыяльныя.

Вясновы вечар у лесе - проста суцэльная асалода. Яшчэ няма насякомых, прыемная тэмпература паветра. Першыя песні драздоў, гоман жураўлёў, крыкі гусей і качак.

Сонца на захадзе афарбоўвае неба ў цёплыя колеры. На шэрым небе запальваюцца першыя зоркі. Раз пораз у паветры пралятаюць першыя кажаны. З надыходам цемры ў лесе пачынае панаваць атмасфера вусцішнасці.

Першы пачынае крычаць вераб'іны сычык. З розных бакоў чуваць некалькі асобін. Калі становіцца яшчэ цямней да нас даносяцца рогат і завыванне шэрай кугакаўкі. Праз нейкі час з глыбіні лесу чуваць уладара мясцовага леса. Падае свой, прабіраючы да дрыжыкаў, голас пугач.

Птушку ледзь чуваць. Таму мы з Юрай вырашаем хутка ісці на голас. Абмінаючы падтопленую частку леса, праз два кіламетры выходзім на вырубку, дзе пугача чуваць вельмі добра. Птушка крычыць у сотні метраў ад нас і кожны яе крык узбуджае, застаўляе сэрца біцца хутчэй. Нечакана на другім канцы вырубкі адказвае другая птушка. Гэты голас па танальнасці больш глухі. Гэта крычыць самка пугача. Птушкі пачынаюць пераклікацца паміж сабой. Рэдка можна пачуць пугача, а каб пачуць "размову" паміж самцом і самкай - гэта ўвогуле удача. Мы стаім і слухаем гэты неверагодны канцэрт. Усміхаемся задаволеныя, бо ў рэшце знайшлі тэрыторыю гнездавання пугача, якога некалькі год запар слухалі ў гэтым месцы.

На працягу ўсяго шпацыру, мы ўвесь час чулі выццё ваўкоў, якое дадавала вусцішнасці нашаму мерапрыемству. Такога працяглага выцця я яшчэ ніколі не чуў. Я вельмі люблю начны лес, але часам станавілася нават неяк неўтульна, асабліва, калі мы вярталіся да машын. Нібы разумееш, што нічога яны табе не зробяць, але начны лес, выццё, бляск вачэй у святле ліхтара прабуджаюць унутры першабытныя інстынкты...

#прыгодынатураліста

581 0 3 13 83

🦢Што зараз адбываецца ў "палях"?

Працягваецца масавы пралёт гусей. У палове краіны на выходных яшчэ трымаўся лёд, таму неверагодныя чароды гусей у мінулым тыдні затрымліваліся на Берасцейшчыне і Гродзеншчыне. Больш за 10 000 гусей мы назіралі на поле каля в. Лавна ў Мастоўскім раёне. Сярод іх, ужо потым на фотаздымках, знайшлася белашчокая казарка. Такая ж агромністая чарада адпачывала на вялікай лужыне пад Берасцем каля в. Вістычы. У Скідзелі назіралі 2 асобіны нільскай гусі. Мажліва будзе гнездаванне. Нільская гусь стала маім 255 відам, які я назіраў на тэрыторыі Беларусі.

Апроч гусей пачалі ляцець ныркі-сівакі, качкі-свіцьвы і першыя шылахвосткі. Раз-пораз пачалі трапляцца першыя качкі-цыранкі.

Набірае абароты пралёт кнігавак, якія разам з сеўкамі ўтвараюць шматтысячныя чароды. Можна нават назіраць мурмурацыю ў севак. Сёння, на поўдні Брэсцкага раёна Наста Сяргеева назірала першую слонку!

Першы бугай ужо таксама адзначыўся ў Маларыцкім раёне. Тут, на поўдні краіны, пугач ужо прыступіў да гнездавання.

Адныя з першых вераб'іных - палявыя жаўрукі ўжо такуюць на сваёй тэрыторыі, бароняць яе ад іншых самцоў. У Камянецкім раёне на выходных ужо было чуваць першую песню дразда-спявуна. Спяваюць таксама стрынаткі, чорныя дразды, шпакі і сініцы.

Траплялася інфармацыя, што хтосьці ўжо бачыў першых буслоў, але пакуль без пруфаў.

У нядзелю ўжо можна было назіраць першых матылёў: лімонніцу звычайную і паўлінава вока. Вылецелі першыя пчолы. І ўсё гэта ў лютым!

А якія праявы надыходзячай вясны бачылі вы? Пішыце ў каментарах.

#міграцыя24


☄️Божухна! Неверагодная навіна прыляцела ўчора ўвечары!

12.11.2023 у партугальскай акрузе Сантарэн у мясцовасці Бэнавентэ мясцовая бёрдуотчарка Isa Cabecinhas назірала чорных буслоў (Ciconia nigra) з кольцамі. Адной з акальцаваных птушак аказаўся бусел 3B53, якога мы з Юрай Янкевічам, Дзянісам Піпко, Настай Сяргеевай і Кацярынай Крупянковай акальцавалі птушанём 19 ліпеня 2022 непадалёк ад Дзівіна. З пункту гледжання эмоцый - гэта вельмі хвалюючая і неверагодная навіна, бо гэтае безброннае птушанё, якое ты трымаў у руках, ператварылася ў дарослага прыгожага бусла, які выжыў і быў знойдзены ў Партугаліі без малага ў 3000 км ад месца кальцавання.

З пункту гледжання навукі гэтае назіранне таксама вельмі цікавае і напэўна будзе патрабаваць дадатковага аналізу. Справа ў тым, што еўрапейскія чорныя буслы падчас сезоннай міграцыі ляцяць у Афрыку двума шляхамі. Мяжа выбару шляху ў вырай у буслоў пралягае дакладна па цэнтральнай Еўропе. Птушкі з Заходняй Еўропы ляцяць праз Гібралтар, чорныя буслы з Усходняй Еўропы праз Турцыю-Ізраіль. Беларускія птушкі вядома ляцяць другім маршрутам. Таму назіранне нашага 3B53 у Партугаліі дадаткова выклікае шмат пытанняў.

Вось такая добрая навіна, якая натхняе працягваць справу кальцавання буслоў яшчэ больш і марыць пра інфармацыю пра новыя сустрэчы з нашымі птушкамі ў іншых далёкіх краях.

На фота:
1. Я трымаю ў руках 3B53 яшчэ птушанём у ліпені 2022 г.
2. Фотаздымак 3B53 у Партугаліі. Аўтар: Isa Cabecinhas
3. Мапа маршрутаў адлёту чорных буслоў у вырай.

Аповед, пра тое, як мы кальцавалі чорных буслоў можна прачытаць па спасылцы:
https://telegra.ph/CHornyya-kryly-Palessya-07-08

#прыгодынатураліста

510 0 5 18 89

👍 Досыць часта на канале я распавядаю пра рэдкія віды птушак, або іншых істот, якіх засталося ў нас няшмат, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і якіх варта і трэба ахоўваць. Мае сябры працуюць амаль кожны дзень дзеля захавання хаця б часткі нашай неверагоднай прыроды для нашчадкаў. Я стараюся пра гэта распавядаць.

Аднак у штодзённай мітусьні, мы забываемся, што акрамя прыроды, нам яшчэ трэба памятаць і пра нашу мову, якую, нажаль, нам ужо таксама трэба ахоўваць, бо згодна з дадзенымі ЮНЕСКА, яна мае патэнцыйна ўразлівы статус. Гэта значыць, што мы можам яе згубіць.

Таму хаця б у Міжнародны дзень роднай мовы, які сёння святкуецца, давайце пра гэта ўспомнім і зробім што-небудзь карыснае для нашай мовы. Бо яна ў нас самая прыгожая ❤️.

Малюнак: штучны інтэлект

#прыгодынатураліста


🦔Ноч... Вуліца... Ліхтар... Вожык...

Берасце,
20 лютага 2024

#жывёльнысветгорада


Видео недоступно для предпросмотра
Смотреть в Telegram
🌿На Берасцейшчыну прыйшла вясна...

Хоць раніцай лужыны яшчэ кранае лядок, а на траве бялее іней, у палях у перарывах паміж дажджамі ўжо процьма палявых жаўрукоў, якія спяваюць сваю вясновую песню.
Наваколле разрываецца ад крыкаў шэрых жураўлёў. Гэта ўжо не тужлівыя восеньскія гукі падчас адлёту ў вырай, а сапраўдны гімн вясне! У небе час ад часу пралятаюць невялікія чародкі гусей. У Польшчы ўжо назіралі першых белых буслоў!

У лесе чуваць спеў валавокі, вясновыя песні сініц і крыкі дзятлаў. Часам нават сярод дня можна пачуць і пугача, які, калі яшчэ не сеў на гняздо, то ў хуткім часе гэта зробіць.

Мажліва яшчэ будзе мароз, а можа нават і снег, але паволі пачынаецца і набірае абароты адзін з самых цікавых цудаў прыроды - вясенняя міграцыя птушак!

Відэа абавязкова глядзець з гукам.

#прыгодынатураліста


🌧 Шэрыя аднолькавыя дні змяняюць адзін аднаго, вільгаць паўсюль. Яна падае з неба ў выглядзе бясконцага дажджу. Вада хлюпае пад нагамі, глеба не паспяшае яе ўвабраць. У цёплым паветры ўвесь час ці то імгла, ці то імжа... Люты без бою скарыўся вясне.

А ў крэпасці птушкі паводзяцца зусім па-вясноваму. Сёння, 11 лютага, было чуваць першую песню чорнага дразда! Так рана яшчэ ніколі не чуў. Таксама поўную песню спявалі валавокі і сініцы. Увесь час, не звяртаючы ўвагі на дождж, пераклікаліся розныя віды дзятлаў. Ажно тры самцы зялёнай жаўны з крыкамі ганялі адзін аднаго па таўсценных ствалах старых дрэў, якіх поўнасцю атачыла вада. Самцы качак-крыжанак такуюць і таксама высвятляюць адносіны паміж сабой.
Сапраўдную рэпетыцыю вясны давялося сёння назіраць у крэпасці...

люты 2024
#прыгодынатураліста


🧤Радзік, калега з працы, папрасіўся ў зімовы лес. Я не мог адмовіць, тым больш, што сам збіраўся наведаць Мяднянскія востраўныя ельнікі, ды паслухаць вераб'інага сычыка, якога мы там назіралі ў мінулым годзе.

🌲У суботу зладзілі кароткую вандроўку. Цудоўны зімовы лес сустрэў нас магутнымі дубамі і разлапістымі ялінамі, укрытымі снежнай коўдрай, і "спевамі" шэрай кугакаўкі. А потым надвор'е сапсавалася. Узняўся вецер і пачалася амаль завея. Час ад часу чуваць было розных сініц, дзятлаў, папаўзня і каралькоў.
Негледзячы на прамоклыя ногі Радзіка, яму ў зімовым лесе спадабалася. Я быў крышачку расчараваны, што надвор'е сапсавала нашыя планы.

🫐Падсілкаваўшыся і выпіўшы кавы, я вырашыў яшчэ праверыць старыя могілкі, памятаючы, што там ёсць некалькі старых дубоў. У іх дуплах маглі быць кугакаўкі. Соў я так і не знайшоў, але маю ўвагу прыцягнулі шэрыя дразды, гаманлівае стракатанне якіх было чуваць здалёк. Мяне зацікавіла, што гэтыя птушкі, якія харчуюцца амялой, робяць у соснах, бо іншых дрэў паблізу не было. Я здагадваўся у чым можа быць прычына, і пайшоў упэўніцца. Канешне, дразды гаманілі ў амяле аўстрыйскай (Viscum austriacum). Так птушкі падказалі новае месца знаходжання расліны з Чырвонай кнігі Беларусі. Запісаўшы каардынаты і зрабіўшы ўсе неабходныя фотаздымкі, мы накіраваліся да дому, разлічваючы па дарозе знайсці яшчэ штосьці цікавае. Але завея не заставіла нам шансаў. Толькі хворая ліса трапілася нам на полі каля в. Знаменка.

❄️Цудоўная, амаль сапраўдная, зіма ў гэтым годзе!

#чароўнысветраслін

419 0 1 13 52


Показано 11 последних публикаций.