Ў гэтым, пераднавагоднім пасце, хачу распавесьці тое, што трэба распавесьці.
Апошнім часам чым меньш ты кажаш ці пішаш, тым больш спакойна сябе адчуваеш – такое зараз жыцьце. Ня дзіва, што тое маўчаньне ператвараецца ва ўтульную звычку. Але такая адсутнасьць публічнасьці зусім не азначае адсутнасьці жыцьця ўвогуле.
Я не магу, да й не хачу зараз “падводзіць вынікі” ці “рабіць прагнозы” – ня ў тым месцы і ня ў той час жыву, каб дазваляць сабе такую раскошу. Але ёсьць тут у мяне адна справачка, пра якую мушу, скажам нават так, - справаздачыцца.
Ў пачатку гэтага году была інфармацыя, што я тут застаўся “на справах” распачатага сумесна з партнэрамі праекту па рэканструкцыі Нараўлянскага палацу Горваттаў. З таго часу збольшага падрабязнасьцяў я не публікаваў. Але яны былі, есьць і, ўпэўнены, будуць.
Фармат паста не дазволіць распавесьці ўсе тое, чым давялося займацца цягам гэтага году ў гэтым кірунку – ад ўласнаручнай касьбы травы на ўчастку да сустрэч з кіраўніцтвам райвыканкаму. На сеньняшні дзень мне есьць, чым пахваліцца, есьць, аб чым пашкадаваць, есць, на што паскардзіцца і есьць, каму падзякваць.
Галоўнае, што хачу сказаць: Палац не пакінуты, працэсы йдуць і нават намеру адмаўляцца ад плянаў няма.
Ў 2023 г., нажаль, пакуль што не ўдалося прыступіць непасрэдна да працаў па ўзвядзеньні кроўлі, што есьць найпершай мэтый, найпершай патрэбай і найпершым этапам будаўнічых прац. Нажаль, рэальнасьць такая, што ў працы з помнікам архітэктуры такога калібру, заканадаўчых абмежаваньняў столькі, што рабіць лішнія крокі, ня маючы ўсіх папераў – вельмі вялікія рызыкі.
Вядомыя дзесяткі выпадкаў, калі энтузіясты, набываючы “за базавую” нейкі аб’ект, думалі, што можна адразу кідацца ў будоўлю і расплочваліся потым за гэта канфіскацыяй. Бо найбольш складанае і адказнае ў такіх праектах, больш, чым непасрэдна будаўнічыя працы – гэта праектная дакументацыя і сотні розных ўзгадненьняў.
І вось гэта тое, што нам ў 2023 годзе нарэшце, па большай частцы, ўдалося зрабіць. Праз неймаверныя высілкі, але мы ўсе ж такі здолелі распрацаваць паўнавартасны праект рэстаўрацыі, ўзгадніць яго з мясцовымі ўладамі і атрымаць станоўчае заключэньне Дзяржэкспертызы.
Паспрабаваўшы гэтага занятку, я зараз дакладна разумею, што гэта быў сапраўды мо адзінг з самых складаных і адказных этапаў.
Зараз, каб непасрэдна прыступіць да будоўлі, нам трэба яшчэ атрымаць будаўнічую экспертызу і дазвол на працы, што, па прагнозах нашага праекціроўшчыка, зойме прыкладна 2 месяцы. І прыблізна з пачатку сакавіка мы зможам, нарэшце, пачаць накрываць Палац кроўляй.
Ў той жа час была зроблена гіганцкая праца па падрыхтоўцы да гэтага этапу. Ў нас есьць ўжо падрадчык для выкананьня працаў, закуплена шмат матэрыялаў, есьць дамоўленасьці шмат з кім з мясцовых арганізацыяў, якія гатовыя нам дапамагаць. І, зноў-такі, галоўнае ў падрыхтоўцы – стварэньне праекту – зроблена, што і есьць галоўным вынікам працы з Палацам ў 2023. Пэўна, можна было б зрабіць і больш, але, аб’ектыўна, гэта было вельмі цяжка: ў Нароўлі нават не засталося ніводнага чалавека, хто на месцы захоўваў бы ключы ад Панскага дому. Каб вырашыць любое, нават самае дробнае пытаньне, мне даводзіцца ехаць туды з Гомелю. Як, напрыклад, каб пакасіць на месцы траву.
Ў той жа час, хачу сказаць, што гляджу ў будучыню з аптымізмам. Ў самое Нароўлі вельмі шмат людзей, хто вельмі шчыра хоча, каб з Палацам, нарэшце, пачалі адбывацца станоўчыя змены. Вельмі шмат людзей, якія хочуць таго ж, звязваюцца са мной, не маючы самі ніякай простай з Нароўляй сувязі. Я абсалютна веру, што праз сінэргію і жаданьне мноства людзей і нягледзячы на тое, што ўсе павярнулася не зусім так, як бачылася адпачатку, ўсе ў нас атрымаецца.
Крыху пазьней, калі даробім апошнюю бюракратыю і пачнецца дынаміка, ў праекта зьявіцца новае публічнае аблічча – больш “зьнікаць з радараў” ня будзем, абяцаю дакладна. Пакуль праца йдзе з дакумантамі, а некаторыя моманты часам ня вельмі радавалі, гэта было складаней. Але далей будзе значна цікавей, абяцаю, будзьце на сувязі!
Застаюся тут. Застаюся сабой. Застаюся ў справе.