Беларускі ПЭН


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian


Навіны культуры.
Аператыўная інфармацыя Беларускага ПЭНа.

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Statistics
Posts filter


Рэпартаж з незвычайнай імпрэзы: як Строцаў друкуе беларускія кніжкі ўручную 📚

У адным з папулярных культурных цэнтраў нямецкай сталіцы пры ўдзеле беларускага філіяла Інстытута Гётэ ў выгнанні толькі што прайшла незвычайная імпрэза: паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў паказаў публіцы, як ён друкуе зборнікі беларускіх паэтаў.

Па вялікім рахунку сёння ў Берліне Строцаў працягвае справу, запачаткаваную некалі Скарынам у Празе – уручную выдае кнігі на беларускай мове.

Дзмітрый прадэманстраваў аўдыторыі ўсе этапы выдавецка-друкарскага працэсу. Дапамагалі яму ў гэтым дзве аўтаркі, чые творы неўзабаве пабачаць свет, – Таццяна Нядбай і Сабіна Брыло.

Падрабязны рэпартаж з усімі друкарскімі цікавосткамі і сакрэтамі чытайце па спасылцы на нашым сайце 👀


Нашая каманда атрымала ў падарунак ад квір-фем актывіст:кі, пісьменні:цы, паэт:кі і сябры Беларускага ПЭНа тоні лашдэн дзве шыкоўныя кнігі:

- зборнік дэкаланіяльнага беларускага пісьма «Карані/Лісце»
- зборнік «Пакой» ад літстудыі «Sztuka»

Шчыры дзякуй, тоні!

Дарэчы, адкрыем вам таямніцу, неўзабаве выйдзе нашае вялікае інтэрв’ю з тоні лашдэн – пра беларускі фемінісцкі рух, права на бяспечнае жыццё ды любімую справу і пра беларускую жаночую літаратуру!


Cёння свой дзень народзінаў адзначае сябра Беларускага ПЭНа, філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка 💫

Шчыра віншуем Сяргея, зычым натхнення і поспехаў ва ўсіх справах🤗


Шукаеце больш кніг на беларускай мове? Падзяліцеся вашымі думкамі ў кароткім апытанні ад ініцыятывы Бел.Read тут🤍

✨Ініцыятыва Бел.Read праводзіць даследаванне, каб вывучыць стаўленне да беларускамоўнай літаратуры і актуальны статус беларускай мовы ў грамадстве.

Каманда ініцыятывы хоча даведацца, як часта беларусы і беларускі чытаюць кнігі і якія жанры і аўтары цікавяць людзей.

🔗Апытанне зойме не больш за 5 хвілін.


Forward from: Літархіў
📸 Стары здымак

Да 115-годдзя з дня нараджэння Валера Маракова (1909-1937) адшукалі для вас цікавы фотаздымак - паэт за сталом у шашлычнай. Здымак (1920-ых гг.)

#рарытэт


Каманда арганізатараў літаратурнага конкурсу "Шуфлядка" прадставіла першыя вынікі💫

Так як і ў папярэднім годзе, аб'ём дакументальнай прозы аказаўся найменшым, у той час як колькасць твораў для дзяцей і падлеткаў, а таксама рукапісаў у папулярных жанрах, была аднолькавай. Шмат удзельнікаў і ўдзельніц прадставілі па два тэксты на ацэнку.

🔗Гартайце вынікі і чытайце пра праект па спасылцы.


Конкурс грантаў на творчыя праекты «Spaceship Earth», прысвечаны ўзаемасувязі чалавека, тэхналогій і прыроды, запрашае дапамагчы візуалізаваць будучыню, дзе тэхналогіі і прырода зліваюцца, ствараючы ўстойлівы і інклюзіўны свет.

Удзельнікі могуць падаваць заяўкі на ўдзел у адным з напрамкаў: геасфера, біясфера, тэхнасфера і інш.

Арганізатары прапануюць:
вытворчы грант 15 000 еўра,
стыпендыяцкі ўдзел у праграме «Next Nature».

▪️Хто можа падаць заяўку: пісьменнікі/пісьменніцы, артысты/артысткі, дызайнеры/дызайнеркі, навукоўцы і ўсе зацікаўленыя ў сацыяльна-культурных наступствах тэхналогій.
▪️Што падаваць: заяўку з ідэяй праекта, рэзюмэ і партфоліа мінулых прац у PDF-фармаце. Максімальны памер файла – 4 МБ.
▪️Мовы заяўкі: англійская або галандская.

💫 Дэдлайн падачы: 31 сакавіка 2024 года.

Даведацца больш і падаць заяўку


Важнае паведамленне ад Беларускага ПЭНа❗️

Сябры, паведамляем, што паводле рашэння суда Маскоўскага раёна горада Мінска (у адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларусі) 18 сакавіка 2024 года нашая старонка ў Instagram прызнаная «экстрэмісцкай».

У сувязі з гэтым мы мусім заклікаць тых, хто застаецца ў Беларусі, адпісацца ад нашай старонкі ў Instagram.

На гэты момант Facebook і Telegram яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі платформамі ў Беларусі, але гэта можа змяніцца ў любы момант. Мы працягнем дзяліцца інфармацыяй і падтрымліваць сувязь праз гэтыя і іншыя каналы, аднак заклікаем да асцярожнасці пры выкарыстанні ўсіх сацыяльных сетак.

Беларускі ПЭН заўсёды застаецца адданы свабодзе слова і правам чалавека і будзе працягваць працу, нягледзячы на перашкоды з боку дзейнай улады.

З павагай,
Каманда Беларускага ПЭНа


Дваццаць пятага сакавіка —
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не з нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.

Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша свята,
Пароль
І прысяга!

Рыгор Барадулін, 25 сакавіка

- - -

Ліст Васіля Быкава Рыгору Барадуліну і Анатолю Грыцкевічу:
[25 сакавіка 2002 г.]

Сардэчна вітаю ўсіх, хто адзначае  Д з е н ь  В о л і — найперш на занядбанай Радзіме, а таксама ва ўсім сьвеце.
Пакуль будзем памятаць 25 сакавіка, датуль будзе жыць наша надзея на  в о л ю!
Ж ы в е  Б е л а р у с ь!

Васіль Быкаў

Са святам, сябры!

📸Фота Уладзіміра Кармілкіна


Сёння, 22 сакавіка, народзіны адзначае паэт, сябра Беларускага ПЭНа Артур Камароўскі💫

Дзякуем за творчасць, зычым натхнення, радасці і цяпла ў гэты дзень!

▪️Набыць кнігу Corpus Vile (Выдавецтва Skaryna Press)

▪️Чытаць на taubinpoetry


🔏Працягваем хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры.
На 15 сакавіка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 165.

📍Распачатае спецыяльнае вядзенне паводле крымінальнай справы (працэдура завочнага суда) да псіхолага Вольгі Вялічкі, аўтаркі кнігі пра дзяцей палітвязняў «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме».

📍Спецыяльнае вядзенне распачатае і ў дачыненні да Сяргея Верамеенкі, былога ўладальніка гродзенскай крамы сувеніраў «Адметнасць».

📍У Віцебску затрыманы вулічны музыка Аляксей Нябоська (псеўданім Лёха Павук).

📍Міністэрства культуры адмяніла ў Мінску паказы фільмаў з удзелам рэжысёраў Аляксандра Сакурава і Аляксандра Залатухіна.

🗝 Больш інфармацыі пра затрыманні і арышты дзеячаў культуры, арышты, умовы ў месцах пазбаўлення волі, звальненні за грамадзянскую пазіцыю, катаванні зняволеных па спасылцы.

Падтрымаць нашу дзейнасць на Patreon🔖


Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» запрашае да ўдзелу ў Пятым летніку разнастайнасці, які адбудзецца 1–5 траўня 2024 года каля Кутаісі, Сакартвэла🌞

Мерапрыемства прысвечана журналістам_кам, рэдактарам_кам, пісьменнікам_цам і квір-актывістам_кам.

Летнік прапануе ўнікальную праграму з інтэрактыўнымі методыкамі навучання, у тым ліку ларп, форум-тэатр і энерджайзеры. Удзельнікі_цы змогуць паглыбіцца ў тэму правоў чалавека, даведацца пра ксенафобію, талерантнасць, стэрэатыпы і ўразлівыя групы ў грамадстве.

Журналісты_кі, пісьменнікі_цы, блогеры_кі і квір-актывісты_кі, зацікаўленыя ў паглыбленні ведаў у галіне правоў чалавека і недыскрымінацыі, запрашаюцца да ўдзелу. Умовы ўдзелу ўключаюць актыўны інтарэс да тэматыкі, досвед працы ў журналістыцы ці творчасці, камандную працу і ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах летніка.

Арганізатары забяспечваюць харчаванне, пражыванне, пералёт да месца правядзення і трансфер.

🔗Больш інфармацыі тут
▪️Заяўкі прымаюцца да 4 красавіка.


Друк кніг з Дзмітрыем Строцавым і аўтаркамі Сабінай Брыло і Таццянай Нядбай💫

Выдавецтва «hochroth Minsk» працуе ў Берліне з пачатку 2023 года і спецыялізуецца на выданні сучаснай беларускай паэзіі. Асаблівасць працэсу выдання кніг «hochroth Minsk» у тым, што ўсе кнігі складаюцца ўручную.

У друкаваным перформансе з сябрам Беларускага ПЭНа Дзмітрыем Строцавым, паэткай Сабінай Брыло і старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай будуць створаны новыя кнігі – ад першых старонак да гатовага выпуску. Наведвальнікі і наведвальніцы змогуць прыняць удзел ва ўсім вытворчым працэсе. Пакуль іх кнігі друкуюцца, рэжуцца і клеяцца, Сабіна Брыло і Таццяна Нядбай будуць чытаць свае творы.

Падзея адбудзецца ў рамах міждысцыплінарнага культурнага фестывалю ў Kunsthaus ACUD у Берліне ад Інстытута Гётэ ў выгнанні (Goethe-Institut im Exil).

💫Пачатак – 23 сакавіка а 16:00.
🔖Падрабязнасці на старонцы Goethe-Institut im Exil.
📍Берлін, Veteranenstraße 21.


21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі.

📖З гэтай нагоды запрашаем усіх аматараў літаратуры і вершаў наведаць аўдыятэку Беларускага ПЭНа. Тут вы знойдзеце скарбонку аўдыязапісаў твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў і класікаў.

Асаблівая ўвага ў нашай аўдыятэцы прысвечаная паэзіі. Свае вершы чытаюць самі аўтары, а таксама таленавітыя перакладчыкі, якія дзеляцца з намі творамі сусветнай літаратуры, перакладзенымі на беларускую мову. У нашым сховішчы прадстаўленыя амаль 80 аўтараў і незлічоная колькасць прачытаных імі вершаў.

Няхай Сусветны дзень паэзіі стане для вас часам, калі можна знайсці новыя вершы, якія трапяць у сэрца🤍

Аўдыятэка

14 last posts shown.