Музей на Телеге


Channel's geo and language: Belarus, Belarusian
Category: Edutainment


Віртуальны музей беларускай народнай культуры 🏛
Сцісла, зразумела, наглядна пра помнікі этнаграфіі з музейных збораў, палявых даследаванняў і старых фотаздымкаў 🏺
Сядай да нас на калёсы, выпраўляемся ў падарожжа!

Related channels

Channel's geo and language
Belarus, Belarusian
Category
Edutainment
Statistics
Posts filter


Цюбецейка крэўскіх татар, 1920-я гг.


Сябры, у нас з’явілася ідэя калі-некалі выкладаць тут розныя цікавыя публікацыі, звязаныя з этнаграфіяй, якія малавядомыя альбо якія не так проста знайсці ў сеціве. Ці варта нам гэта рабіць, прагаласуйце, калі ласка!
Poll
  •   Варта
  •   Не варта
  •   Усё роўна
60 votes


Народныя майстры, безумоўна, натхняліся еўрапейскім мастацтвам. Вось, напрыклад, Мадонна ў крэсле Рафаэля.


100 год гісторыі ў ліштвах.


Фотаздымак са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Антаніна Іванаўна Дашкевіч за гатаваннем бруснічнага варэння на верандзе дома Дашкевічаў. 1914 г. Мінск. Аўтар: Леў Урбанавіч Дашкевіч.
На здымку - прымус, на якім стаіць таз для варкі варэння. Прымус быў вынайдзены ў 1892 г. у Швецыі, якая і была яго асноўным вытворцам. У пачатку XX ст. гэты награвальны прыбор стаў з’яўляцца ў заможных дамах у Расійскай імперыі і быў першапачаткова статуснай рэччу. У шырокі ўжытак у нас прымусы ўвайшлі толькі ў 1920-х гг. і да сярэдзіны стагоддзя практычна зніклі. Тазы для варкі варэння рабілі з медзі альбо латуні, яны маглі быць з доўгай драўлянай ручкай альбо без яе. Гэтыя пасудзіны былі даволі распаўсюджанымі ў гарадскім і местачковым побыце канца XIX – пач. XX ст. Масава карысталіся імі і ў савецкія часы.


Pottery_of_Belarus.pdf
18.8Mb
Сябры! Даўно нас было не чуваць... Пастараемся ў бліжэйшы час ажывіць суполку, напаўняючы яе больш-менш рэгулярна рознымі цікавосткамі. А пакуль прапануем азнаёміцца з каталогам выставы "Ганчарны посуд Беларусі", у стварэнні якога мы прымалі непасрэдны ўдзел. Сама выстава праходзіць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту і працягнецца да сярэдзіны восені.


Даволі часта можна сустрэць інфармацыю, што помнікі ў выглядзе дрэва з абрубленымі галінамі ставілі чалавеку, на якім спыніўся род. Магчыма, спачатку так і было, але далей гэтая форма проста стала моднай, прычым мода на такія помнікі пратрымалася каля 100 гадоў.

📍Палачаны, Маладзечанскі раён.


Ганчары ў вёсцы пражывалі даволі кампактна, у сувязі з чым узнікла назва адной з вуліц – Ганчарная. Пасля вайны ў Рэчках працавалі Мар’ян Доўнар, Захар Згерскі, Аркадзь Вошчанка, Аляксандр Пяркоўскі. Бацька Захара Згерскага – Паўлюк, таксама быў ганчаром. Відаць, гэта той самы P.Z., якога ў 1930-я гг. апытваў Галубовіч. Гліну капалі непадалёку, у Жукавічах і Путрычах. Рабілі паліваныя “жбанкі”, міскі, глякі, слоікі. Макатры (“чаропкі”) для расцірання маку і гатавання цеста на бліны былі ў выглядзе глыбокай непаліванай ці паліванай толькі звонку міскі. Таксама нам трапілася цікавая пляшка і нават, вытачаны на ганчарным крузе, комін. Адзін з ганчароў – Аляксандр Пяркоўскі ствараў цацкі-свісцёлкі ў выглядзе конікаў, а таксама попельніцы з птушкамі. Посуд адвозілі на кірмашы ў Куранец і Даўгінава. Вядома, што ў 1930-я гг. у Рэчках працавала ганчарня па вырабу кафлі, а ў пасляваенны час узнік промкамбінат, на які ўладкавалася большасць з ганчароў. Там яны працягвалі выточваць посуд, аднак не пакідалі працу і дома.


Працягваем допіс пра ганчарства ў Рэчках Вілейскага раёна, на гэты раз ужо па ўласных матэрыялах. Вялікі ўплыў на керамічную вытворчасць у мястэчку аказалі майстры з Івянца – бадай, найбольш высокаразвітага ганчарнага цэнтра ў Беларусі. З-за вялікай канкурэнцыі івянецкія ганчары вымушаны былі шукаць іншае месца жыхарства. Так, вядома, што ў Рэчкі пераехалі Іосіф Кільчэўскі і Райманд Судакевіч. Па сённяшні дзень у вёсцы добра памятаюць іншага перасяленца з Івянца – Мар’яна Доўнара, які прыехаў у Рэчкі, відаць, яшчэ перад вайной, у маладым узросце. Ён лічыўся лепшым ганчаром, вучыў сакрэтам рамяства мясцовых майстроў. Можна дапусціць, што менавіта з івянецкімі ганчарамі першапачаткова звязана вытворчасць у паселішчы паліванай керамікі. Да таго ж, “жбанкі” з Рэчак маюць пэўнае падабенства формы з івянецкімі, асабліва што датычыцца выгіну вуха.


Двайны колас (спарыш)
Хто знойдзе двайны колас, той шчасьлівы. Калі ў двайным коласе зярняты поўнасцю паспелі, то перамешваюць іх са збожжам, прызначаным на насенне, "штоб хлеб радзіў удвое", а калі не зусім даспелыя, тады гаспадыня зашывае ў палатняную анучку і трымае ў начынні з мукою, "штоб мука была спорная".
(Ч.Пяткевіч, Рэчыцкае Палессе)


Гаршчкі і міскі з Рэчак (малюнкі Ул. Галубовіча).


Былое мястэчка Рэчкі з’яўлялася найбольш буйным цэнтрам керамічнай вытворчасці на Вілейшчыне. Вядомы польскі археолаг Уладзімір Галубовіч падчас даследаванняў 1937-1939 гг. апытаў там 2 ганчароў: P.Z. 55 гадоў і M.P. 37 гадоў. У выніку апытанняў высветлілася, што ў Рэчках на той момант працавала 6 ганчароў, якія выточвалі посуд на нажным крузе з рухомай воссю. Да пачатку XX ст. карысталіся больш архаічным нажным кругам са спіцамі з нерухомай воссю. У 1930-х гг. ганчары рабілі паліваны посуд (нізкія міскі, міскі, макотры, гаршчкі з вушкамі, слаі, збаны), які абпальвалі ў двухкамерным горне. Адзін ганчар вырабляў непаліваныя пасудзіны, якія былі прыдатныя для гатавання ў печы. У гліну ён дадаваў дамешак пяску, абпал ажыццяўляўся ў звычайнай хатняй печы, пасля чаго посуд мог загартоўвацца ў абвары.
Цікава, што ў Рэчкі неаднойчы прыязджалі вучыцца тэхніцы тачэння вясковыя ганчары, якія стваралі посуд архаічным спосабам налепу.
Аб тым, што нам атрымалася даведацца пра ганчарства ў Рэчках падчас пражывання там гэтым летам распавядзем неўзабаве) #ганчарства


Клець - будынак для захавання ежы, перадусім збожжа. Магла быць як часткай 3-камернага жытла, так і асобным будынкам. Але ў любым выпадку канструкцыя страхі кляці рабілася закотам - суцэльным бярвенчатым скляпеннем. І ўжо паверх закота клалося традыцыйнае ў дадзеным рэгіёне пакрыццё страхі (чарот, дранка).
Рабіўся закот з мэтаю абароны запасаў ад дзікае жывёлы і птушкі. А як выглядае той закот, цудоўна бачна на нашых фатаздымках.

#дойлідства


На поўначы Беларусі сустракаюцца каменныя агароджы. Сярод нашых суседзяў яны пашыраны ў Латвіі і Эстоніі. Самае цікавае, што ў нас яны сустракаюцца ня толькі на памежжы з Латвіяй, але і на Віленшчыне, як гэтая агароджа з в. Навасёлкі, Астравецкага раёну.


Збор ягад. Фотаздымак часоў нямецкай акупацыі. Раней у якасці тары для ягад выкарыстоўвалі гліняныя пасудзіны (гладышы, збаны), якія для зручнасці маглі падвешваць да поясу (як у дзяўчынкі на пярэднім плане). Больш здымкаў побыту тых гадоў можна паглядзець па спасылцы: https://dapamoznik.blogspot.com/p/blog-page_66.html

#промыслыірамёствы


Набліжаецца сезон лясных ягад. Спецыяльна да яго публікуем прыстасаванне для збору чарніц. Яно складаецца з дашчанога корпуса і ўбітых цвікоў. У наш час падобныя прыстасаванні звычайна называюць плодазборнікамі ці камбайнамі. У 2019 г. было афіцыйна дазволена імі карыстацца пры выкананні пэўных правіл.

#промыслыірамёствы


3-D мадэль нецілатніцы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту https://sketchfab.com/3d-models/acb00adab3624982b5cf034d7d91aff5
Нецілатніца - 3D model by Belarusian skansen (@BSMOFAARL) [acb00ad]
Нецілатніца — кубак з дзвюма ручкамі для рытуальнага абмывання рук (нецілат ядаім), якое здзяйсняецца згодна яўрэйскай традыцыі зранку адразу пасля прабуджэння, перад ужываннем хлеба і ў некаторых іншых выпадках. Выраблена з медзі. Згодна ўліковым дакументам кубак бытаваў у в. Боханы Хоцімскага раён...


У гарадскім і местачковым побыце, а зрэдку і ў вёсках, карысталіся меднымі, лужонымі ўсярэдзіне, конаўкамі. Калі прыглядзецца, на многіх з іх можна заўважыць клёпкі альбо запаяныя адтуліны ад другой ручкі. Гэта сведчыць аб тым, што такія конаўкі - гэта пераробленыя нецілатніцы для рытуальнага амавення рук у юдаізме.

#медніцтва #промыслыірамёствы

18 last posts shown.

101

subscribers
Channel statistics