Сёння дзень роднай мовы.
Хоць нарадзілася я далёка ад Беларусі і, фармальна, яна не мая Радзіма, але я так не лічу ))
Мая сям’я пераехала ў Мінск, калі мне было тры. Мне з дзяцінства падабалася гучанне Беларускай Мовы і пасля школы я загаварыла на ёй асэнсавана. Дагэтуль, нават далёка ад дому, мы захоўваем нашую мову.
Гэты верш я напісала ў свае 19 год. Ён трохі наіўны, але ж… То мая гісторыя
Змянілісь пакаленні траваў
На ўзвышшы Замкавай гары.
А мы забыліся на славу,
Што мелі нашыя дзяды.
Зямля не захавала следу
Басой дзявочае нагі,
І памятаюць толькі дрэвы
Крананне князевай рукі.
Той князь на ворага йшоў першым
За ім у сечу йшла ўся раць
І кожны вой адну меў мэту –
Унучкам Радзіму захаваць.
Дзяды змагаліся бяз стомы,
Каб спадчыну нашчадкам даць
… А на палічках пласты пылу
Заповед продкаў бараняць.
А мы “ўдзячныя” нашчадкі
Схавалі ў музей пад шкло
Сваю культуру, мову, казкі,
Сваю пісьменнасць, рамяцтво.
Схавалі скарб той так надзейна,
Што больш няма чаго казаць,
І вельмі хутка навучылісь
Свае “рукамі не кранаць”
Чужую перанялі мову
Імя свае за так атдалі,
А ад таго, што мелі продкі,
Як ад агню цурацца сталі.
І вось стаіць Ліцвін панура,
Без каранёў з сухою кронай…
А я ўсё ж жадаю думаць,
Што прыме ён сваё былое.
А я ўсё ж жадаю верыць,
Што ён да роднага імкнецца
І тое, што пад шклом у музеі
Кране, хай не рукою –
Сэрцам!
❤️