Паміж папярэднім лонгплэем Naviband і
«Адлігай» шлях у доўгія пяць год. Не трэба пераказваць усё тое, што адбылося цягам гэтага часу: усе мы і так цудоўна ведаем падзеі, абставіны, кантэкст. З 4 снежня 2019 году (дата рэліза альбома Naviband) гурт пераўтварыўся ў адзін самых актыўных і паспяховых эмігранцкіх праектаў – настолькі, што ўжо другі год запар збіраюць варшаўскую Progresja.
І вось нарэшце гурт сфармуляваў і сфарміраваў новую праграму – канцэптуальны альбом «Адліга» з 16 трэкаў. Некаторыя мы з вамі ўжо чулі: пяшчотныя хіты «Мама» і «Лістапад» з далікатным гучаннем вяртаюць у мэйнстрым традыцыю лагоднай, шчырай беларускай песні з яскравай мелодыкай. Яны, нібы паштоўкі з дзяцінства, пераносяць слухача ў аналагавы ўтульны сусвет цёплага саўнда.
Скразны нумар «Адлігі» і галоўны мэсэдж альбома – разбітая на чатыры кавалкі песня «Загляне сонца». Яна і фарміруе кароткі змест сэнсавай часткі: цемра не назаўсёды, у нас ёсць надзея. Фактычна, «Адліга» – мудборд, у якім лірыка выконвае хутчэй функцыянальную ролю. Тэксты цудоўна спалучаюцца з музыкай фанетычна, але выходзяць на першы план зрэдку, калі ў песнях з’яўляецца канкрэтны лірычны герой.
На альбоме ёсць некалькі сапраўды шыкоўных песень. Тут можна вылучыць і хіты «Мама» і «Лістапад», пранізлівы лірычны сінгл «Прабач», цудоўную сваёй небанальнай аранжыроўкай «Стрэламі», атмасферную «Цёмную ваду». Але ў цэлым альбом вельмі роўны – гэта складанка з прыгожых лірычных кампазіцый, якая толькі ў канцы зрываецца ў танец пад назвай Life. А там, дзе музыкантам бракуе цікавых меладычных рашэнняў, песні пачынаюць гучаць і развівацца дзякуючы густоўным і дакладным аранжыроўкам Аляксандра Табольскага.
Цікава і вось што. На альбоме ёсць тры дуэты (Шура БИ-2, Palina, Mgzavrebi) і ў кожным з іх не хапае нейкай разынкі і адметнасці. Гэта роўныя, зразумелыя песні, якія добра кладуцца ў логіку альбома, але Арцём і Ксюша пачынаюць гучаць менавіта дуэтам – паміж імі цягам усяго альбома адбываецца сапраўдная хімія, і калі яны з’яўляюцца ў песнях паасобку, гэта нагадвае метафарычнае блуканне, пра якое шмат спяваецца на «Адлізе».
Naviband цяпер знаходзяцца ў цудоўнай студыйнай і канцэртнай форме. У Беларусі выпускаецца не так шмат падобнага гатунку музыкі: густоўнай, зразумелай, для ўсіх. І «Адліга» акурат падкрэслівае не толькі актуальнае гучанне гурта, але і яго сувязь з беларускай традыцыяй поп-музыкі. Хіба гэта не цудоўна?
https://band.link/NAVIBAND_adliga