Пошукі старога Гомеля


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Познавательное


Гістарычныя даследаванні Гомеля онлайн.
Нас цікавяць артэфакты і з'явы гарадскога асяроддзя мінуўшчыны.
Скрынка для зваротнай сувязі: https://t.me/poshuki

Связанные каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Статистика
Фильтр публикаций


Дык вось, што адбылося.

Жыхароў пасёлку Мірны напрыканцы сямідзясятых выселілі, каб пабудаваць Завод самаходных камбайнаў. Тады ж знеслі і вуліцу Ліцейную і шматлікія правулкі з простымі дамкамі.

Для пабудовы велічэзных завадскіх карпусоў прыйшлося засыпаць дзясятак кар'ераў, дзе здабывалася гліна для вырабу цэглы. Жыхарам гэтых вуліц прыйшлося пераехаць у буйнапанэльныя дамы побач.

Аб прыватных дамах цяпер толькі нагадваюць яблыні на вуліцы Фадзеева і ў дварах панэльных мікрараёнаў.


Пытанне на вечар!

На гэтым фотаздымку новенькія шлакабетонныя дамы для работнікаў заводу Гомсельмаш. У хуткім часе гэтыя дамы зніклі. Бясследна знікла і назва пасёлка Мірны. Аб іх існаванні нагадвае толькі гэты здымак 1957 году з газеты Савецкая Беларусь.

Спадарства, што сталася з гэтым пасёлкам, чаму ён знік?


І яшчэ адзін мосцік праз Гамяюк. Яго таксама праектаваў Адам Ідзкоўскі. У 1843 годзе польскі архітэктар хацеў стварыць каскад дамбаў, каб зрабіць з ручаю Гамяюка сапраўдную раку.

Мост павінен быў стаць упрыгожаннем рамантычнага парка Паскевіча. Высокі каменны мост у тры пралёты планавалася аздобіць двума парамі ліхтароў, балкончыкамі, з пашчаў ільвоў у падножжа маста мусілі ліцца струмені вады.
Мост на чарцяжу меркавалася пабудаваць перад упадзеннем Гямяюка ў Сож, прыкладна на тым месцы, дзе пазней пабудуюць сціплы мост з цэглы.

Чарцяжы знойдзены тут: https://polona.pl/item-view/a2ea09d0-87c1-45cb-a7d3-805adf80cbb8?page=55


Правільны адказ!

Той хто назваў Новую Беліцу – малайцы. Вы памятаеце пра тыя будынкі, якія не маглі пабачыць на свае вочы.

На фотаздымку сталоўка, што знаходзілася на галоўнай вуліцы Новай Беліцы на вуглу неіснуючага сёння перакрыжавання з вуліцай Мечнікава.

Будынак сталоўцы у стылі канструктывізм спраектаваў Станіслаў Шабунеўскі напрыканцы 1920-х гадоў. Адметнасцю гэтага будынку была ў тым, што галоўныя яго фасад глядзеў на цэнтр перакрыжавання. Больш простыя варыянты гэтага праекту былі ўзведзеныя ў Рэчыцы і Гомелі пра Гомсяльмашы. Да сёння ў значна змененым выглядзе захаваўся толькі апошні будынак на вуліцы Шашэйнай.


Яшчэ адзін раней невядомы фотаздымак Гомеля!

На гэтым фота 1930-х гадоў будынак і вуліца, якія сёння не існуюць. Складаны канструктывісцкі будынак пад назвай Сталоўка №3 Г.Ц.Р.К. спраектаваў самы вядомы гомельскі архітэктар.

Спадарства, паспрабуйце назваць, дзе знаходзілася гэтая сталоўка.


Правільны адказ!

На фотаздымках вуліца Паштовая (цяпер праспект Перамогі). Зразумець гэта можна было з дапамогай надпісу на вулічным указальніку і будынках на вуліцы Кірава. Вечаровая школа стаяла прыкладна на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца дом з крамай «Бярозка».

На момант здымкі ў 1960-х гадах старая Паштовая ўжо была перайменаваная ў вуліцу Перамогі (1957 год). На ёй заставаліся апошнія дарэвалюцыйныя будынкі, якія перажылі вайну.

У 1950-х на вуліцы меркавалася зрабіць ансамбль з пампезных жылых і грамадзянскіх будынкаў. Але пасля смерці Сталіна ў савецкіх горадабудаўнікоў не засталося магчымасці ствараць даражэзныя і не вельмі практычныя будынкі-палацы. Тры вуглавыя «сталінкі» (на старым фота бачная адна з іх) ужо былі рэалізаваныя ў спрошчаным выглядзе. Прастору вуліцы занялі сціплыя «хрушчоўкі» з крамамі і соцкультбытам на першых паверхах.

Арыгінальныя старыя здымкі Rihard Zorge для Гомель. История и Архитектура.: https://www.facebook.com/groups/365384210905114/user/100009552008307


Загадка на вечар.

На фота гомельская сярэдняя школа працоўнай моладзі і вуліца побач. Час здымкі - 1960-я. У школе вучаліся тыя, хто не змог своечасова атрымаць сярэднюю адукацыю, напрыклад, з-за вайны.

Паспрабуйце па двух здымках вызначыць вуліцу, дзе быў зроблены гэты здымак.


Вось некалькі старонак з гісторыі ратушы:

- Ратуша з’явілася каля 1825 году, як частка ансамбля галоўнай плошчы новага гораду, які з’явіўся на месцы сярэднявечнага Гомеля.

- Ратуша была атрыбутам еўрапейскай горадабудаўнічай традыцыі, але яна не мела функцыі гарадскога самакіравання.

- У ліставанні Мікалая Румянцава 1801 году існуе згадка, што для ратушы ў Гомель дастаўлены «баявы» гадзіннік з Буртніекаў (сёння Латвія) «калі каменную ратушу пабудуем». Але ці быў гадзіннік усталяваны, ніхто не ведае.

- У часы Мікалая Румянцава там праходзілі спектаклі, таму будыніну можна было б назваць першым гомельскім тэатрам.

- Гэты чарцёж 1839 году - адзіная выява збудавання. На ім праект прыстасавання будынку пад гаўптвахту.

- Напрыканцы 19 стагоддзя на месцы, дзе была ратуша, з’явіўся заможны трохпавярховы прыбытковы дом у цагляным стылі (на паштоўцы з правага боку).

- Будынак ратушы стаяў крыху правей уваходнага портыка ўпраўлення КДБ аўтарства архітэктара Аляксандра Касякова.


Сёння архітэктурная сенсацыя: аказваецца, гомельская ратуша ў выкананні архітэктара Джона Кларка была зусім іншай!

Цяпер зразумела, што ад пачатку ратуша замест портыку з чатырох квадратных калон мела фантастычны портык з 10 калон.

Гэта добра бачна на плане рэканструкцыі будынку. На ім красляр аранжавым колерам пазначыў змены, якія неабходна зрабіць: прыставіць пілястры, закласці частку вокнаў, і пабудаваць новы портык.

На жаль, гэтай інфармацыі недастаткова, каб зрабіць рэканструкцыю першапачатковага выгляду ратушы. Вельмі цяжка ўявіць ці знайсці аналогію будынку з мезанінам і шырачэзным на ўвесь фасад портыкам у дзясятак калонаў.

Усё гэта стала вядома, дзякуючы намаганям гомельскага папулярызатара гісторыі — Аляксандру Какошы. Архіўныя дакументы ён знайшоў у архіве РГВІА.


Калі вы зараз прагуляецеся па вуліцы Севастопальскай, можаце пабачыць «распранутым» дарэвалюцыйныя карпусы лікёра-гарэлачнага заводу Радамір.

Апошнія дзесяцігоддзі дэкор быў схаваны пад ПВХ сайдынгам.
Гэта прыклад прамысловай цаглянай архітэктуры. Такая архітэктура была распаўсюджаная ад сярэдзіны 19 стагоддзя да 20-х гадоў 20 стагоддзя. Завод узводзіць сваю гісторыю да Навабеліцкага казёнага віннага складу, заснаванага ў 1897 годзе. Магчыма, менавіта тады і была ўзведзеная гэтая пабудова (яе першы паверх).


Правільны адказ!

На гэтым фотаздымку будынак каля вялікай сінагогі на вуліцы, якая ў розныя часы насіла назву Лугавой, Магілёўскай, Кааператыўнай, Кірава. Фота было зроблена недзе на мяжы 1920-1930-х гадоў.

Раней на яго месцы знаходзіўся будынак малой драўлянай сінагогі, яна вядомая па фотаздымку 1918 года.

Каменны будынак з порцікам таксама мог належыць гомельскім яўрэям. На гэта намякае адсутнасць уваходных дзвярэй з боку вуліцы. Менавіта так рабілася ў традыцыях яўрэйскіх малельных дамоў, бо з усходняга боку будынку па каноне былі шафы са скруткамі торы.

Падобна, што бальшавікі, пасля таго як рэквізавалі будынак, не змянялі планіроўку, а па просту павесілі новую шыльду.

Будынак вялікай сінагогі на заднім плане крыху пазней рэканструююць у стылі «канструктывізм». У ім размесціцца клуб фабрыкі Камінтэрн. Вайну гэтыя збудаванні не перажылі. Сёння на месцы сінагог знаходзіцца вольная ад забудовы пляцоўка перад Дарожна-будаўнічым каледжам.

Показано 11 последних публикаций.