Іграў на рыначным стракатым фоне заслужаны артыст на саксафоне. Яму было на золку не да сну – завейваў снег густую сівізну. Гучалі вальсы Штраўса і туш, і падалі рублі часамі ў капялюш. На лютай сцюжы ледзянелі пальцы, у кедах ногі стылі на асфальце, а ён іграў то маршы, то сюіты, як некалі, дзеля чыноўнай світы. І вось нарэшце атрымаў свабоду іграць, што хоча, простаму народу. Іграў натхнёна, як заўжды, перабіраў настылыя лады. Забыўся ён на колішняе званне і не сыходзіў з месца да змяркання. "Адзначыліся" сорак тры душы ў паношаным яго капелюшы. Я непрыкметна, быццам цень, яго прыходзіў слухаць кожны дзень. Але замоўк раптоўна саксафон... Міналі тыдні. Не прыходзіў ён. Стаяў базарны лямант, як бывала, а мне ўсё чагосьці не хапала. Расказвалі, што нават і на сконе ён ціхенька іграў на саксафоне, што засталася ў музыканта змена, што сын іграў жалобны марш Шапэна і не змаўкаў да самае імшы... Гудзе базар, ды пуста на душы.