Кнігі. Казкі


Гео и язык канала: Беларусь, Белорусский
Категория: Книги


Канал прысвечаны выданню кніг на беларускай мове для дзяцей і дарослых.

Связанные каналы

Гео и язык канала
Беларусь, Белорусский
Категория
Книги
Статистика
Фильтр публикаций


ПІЛЬНА - гэтае прыслоўе мы найчасцей ужываем, калі хочам сказаць, што нешта робіцца старанна, уважліва, але слова мае яшчэ і такое значэнне - неадкладна.

Працяг слоўнічка да кнігі #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі будзе. Гэта першы надрукаваны твор з серыі #Гісторыя_Барнабаша. Пераклад з чэшскай.

Прошлы раз у #слоўнічак дадалі назоўнік ПАТЫЧКА.


ПАТЫ́ЧКА - гэта паядынак, змаганне двух чалавек. У прыкладзе з кнігі, што на выяве, Барнабаш вучыўся біцца з мячом і ў фехтавальнай патычцы зышоўся з Чэнкам.

Барнабаш - дванаццацігадовы хлопчык, галоўны герой прыгодницкай аповесці для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі. Кніга выйшла ў выдавецтве Fénix (Славакія), фармат B5, цвёрдая вокладка, 416 старонак.

Гэта першы твор з серыі #Гісторыя_Барнабаша. Другая частка называецца #Зніклы_алхімік, яе таксама ўжо пераклалі з чэшскай на беларускую мову, але пакуль што не друкавалі.

Працяг слоўнічка будзе. Прошлы допіс быў пра словы ПАНЦЫР і ПРАШЫВАНКА. #слоўнічак


ПА́НЦЫР некалі даўно павінны былі мець ваяры, каб абараніць цела ў часе бою ад мячоў, коп'яў, стрэл нападнікаў. Металічныя панцыры выраблялі кавалі, якіх называлі платнерамі. Слова "платнеръ" было ў старабеларускай мове, карані мае недзе ў нямецкай - ад Plattner.

Панцыр мог быць скураны, а таксама з прашытых слаёў тканіны - ПРАШЫВА́НКА. Французы называлі гэтую рэч gambison (гамбізон), слова перайшло і ў многія іншыя мовы. Але ў чэхаў бачым prošívanice. (З чэшскай мовы якраз перакладзена дзіцячая кніга #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі, да якой складзены гэты #слоўнічак.) Як гамбезон мог называцца ў нашых продкаў? Prošívanice + вышыванка = прашыванка. 🙂

Дарэчы, ёсць яшчэ і слова ПА́НЦЫРНІК. Гэта звер, цела якога пакрыта касцяным панцырам (броненосец), жыве на амерыканскіх кантынентах.

Працяг слоўнічка будзе. Раней даведаліся пра ПАМПУХ.


ПАМПУХ - круглая пухкая булачка (пончик).

Слоўца МАЛЖОНКА ў прыкладзе з кнігі ўжо было ў нашым слоўнічку - гэта "жонка". А тым разам разбіраліся з прыметнікам ПАЗЕМНЫ.

Працяг слоўнічка да аповесці #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі будзе. Гэта першая кніга з прыгодніцкай серыі для дзяцей #Гісторыя_Барнабаша, яе выдалі на паперы, а пачатак твора аўтар запрашае пачытаць на сваім сайце. #слоўнічак


Трохі пра ўласны досьвед перакладу "А і Ω" - ад "Альфа і Омэга" да "Альфа і Амэга" і назад.

Даўно тое было, калі грэкі дадалі ў свой альфабэт літару Ω - "О-мэга", што значыць "О вялікае". Таму спачатку не мела сумневаў наконт слова "Омэга". Але яны ўзьніклі потым, калі зазірнула ў нашы сучасныя слоўнікі, дзе толькі "амега". Адно ж у вядомай фразе "А і Ω" яно гучыць і выглядае надта недарэчна, не перадае сэнс пра пачатак і канец. Таму вярнулася ў кнізе да слова "Омэга", і мне вельмі палацвела, калі прыгоды Ω скончыліся ў маім перакладзе.

Але ў Беларусі прыгоды тыя яшчэ трываюць. Зь дзевяці беларускіх перакладаў Бібліі Омэгу бачыла толькі ў трох. Напрыклад, у Яна Станкевіча:

І сказаў імне: "Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма".

Станкевіч адзіны, хто піша ў тым слове ґ - гэта значыць ён ведаў, што тут гук выбухны, чытаецца [omeGa], а не [omeHa].

Цяпер ґ няма ў нашым альфабэце, таму трэба запомніць, што і Омэга належыць да групы слоў, дзе агрэст, ганак, гонт.


ПАЗЕМНЫ - гэта гарызантальны. А вертыкальны - простастаўны, калі не лацінай, а па-свойму.

Слова ТАЦА, што ў прыкладзе з аповесці для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком, ужо было ў нашым слоўнічку. Прошлы раз разбіраліся з дзеясловам ПАДЛЯГАЦЬ. Працяг будзе.

Серыю кніг #Гісторыя_Барнабаша стварыў чэшскі пісьменнік Марцін Кунетка. Першую, пра якую тут ідзецца, ужо выдалі. Вялікі ўрывак з яе чытайце, калі ласка, на сайце аўтара. #слоўнічак


ПАДЛЯГАЦЬ - гэты дзеяслоў мае і такое значэнне: быць пад нечаю ўладаю, некаму падпарадкавацца.

Слова ЗАЛОГА, што ў прыкладзе з кнігі, ужо было ў нашым слоўнічку, значыць яно ГАРНІЗОН. А пра ВЫНЯТАК, што бачыце тамсама, мабыць, ужо ўсе ведаюць, што гэта - не звычайны, а рэдкі выпадак (исключение из правил), але не "выключэнне".🙂

Працяг слоўнічка да дзіцячай аповесці #Куфар_з_ільмавым_лістком з серыі #Гісторыя_Барнабаша, створанай сучасным чэшскім пісьменнікам Марцінам Кунеткам, будзе. Пачытаць урывак з кнігі і павітаць аўтара можна на яго сайце. #слоўнічак


МАСЯЖОВЫ - прыметнік ад старабеларускага слова мосяжъ (іншыя яго варыянты - мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ), так даўней называлі латунь, метал, складнікі якога - медзь і цынк.

Працяг слоўнічка да кнігі #Куфар_з_ільмавым_лістком будзе. Раней у яго папалі словы МАЛЖОНАК і МАЛЖОНКІ.

Серыю кніг #Гісторыя_Барнабаша стварыў чэшскі пісьменнік Марцін Кунетка. Першую ўжо надрукавалі, вялікі ўрывак з яе можна пачытаць на сайце аўтара. Там можна кнігу заказаць і падрымаць пана Кунетку добрым слоўцам. #слоўнічак






МАЛЖОНАК - жанаты мужчына або муж. МАЛЖОНКІ - малжонка з малжонкам. Словы гэтыя ідуць каранямі так далёка, што мовазнаўцы толькі заўважаюць там славянскія і германскія рысы, але дакладна пакуль што паходжанне не вызначылі.

Мінулы раз мы разбіраліся, хто такі ЛОТАР, а яшчэ раней - хто такая МАЛЖОНКА. Працяг будзе.

Гэта слоўнічак да дзіцячай кнігі #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі пра прыгоды хлопчыка Барнабаша і яго сяброў. Кніга перакладзена з чэшскай мовы, выйшла ў выдавецтве Fénix. #слоўнічак


Старонкі з дзіцячай аповесці #Куфар_з_ільмавым_лістком запрашае пачытаць на сваім сайце аўтар, Марцін Кунетка.

Гэта першыя пяць частак:

✅ Адшукваецца паж
✅ Купанне проці волі
✅ Князёўна на ўцёках
✅ Освальд
✅ Выгнаннікі

Усяго ў першай кнізе з серыі #Гісторыя_Барнабаша 15 частак, 416 старонак. Твор перакладзены з чэшскай мовы, выйшаў у выдавецтве Fénix (Славакія). Дасылка кнігі з Літвы па ўсім свеце.

Мапку Баравой зямлі намалявала Анна Алекнавічэне. Галоўны герой аповесці, хлопчык Барнабаш, жыў у Аленевых Раўнінах, адным з сямі княстваў вялікай краіны.


ЛОТАР - гэта гультай, нягоднік, ашуканец, разбойнік. Рабаўнікі напалі на гандлёвы караван - так пачынаецца кніга для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком. А рыцар, які бараніў гандляроў, назваў нападнікаў лотрамі і паўшчуваў хлопчыка Барнабаша, што той пабег на іх з адною палкаю.

Гэтая прыгодніцкая аповесць Марціна Кунеткі - першая з серыі #Гісторыя_Барнабаша. Кнігу выпусціла славацкае выдавецтва Fénix.

Працяг слоўнічка будзе. Прошлы раз успомнілі, што такое КОРБА. #слоўнічак


КОРБА - гэта ручка ў розных прыладах; калі яе круцяць, механізм працуе. Напрыклад, корбу верцяць, каб выцягнуць ваду з калодзежа, каб іграла катрынка або ліра.

Раней у слоўнічку ішлося пра прыслоўе КАНЕЧНЕ. Працяг будзе.

Гэты #слоўнічак узнік, калі перакладалі на беларускую мову з чэшскай дзіцячую кнігу #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі. Яна ўжо выйшла. Наступны твор з гэтай серыі - #Гісторыя_Барнабаша - называецца "Зніклы алхімік", яшчэ не друкавалі.


КАНЕЧНЕ - абавязкова. У сучаснасці ёсць блытаніна і штучнасць вакол гэтага прыслоўя. Даволі часта пішуць і гавораць "канечне" або "канешне" як пабочнае слова або сцверджанне - калі перамяркоўваюць на беларускі капыл "конечно".

А гэтак размаўлялі натуральна: "Канешне пад кажным дажджом бегаць? Захварэеш!" "Канешне ў дранікі муку сыпаць?" - "Не канешне, але лыжачку можна". Яшчэ жывыя людзі, якія такое чулі, гаварылі так і гавораць. 🙂

Працяг слоўнічка да кнігі #Куфар_з_ільмавым_лістком будзе. Раней быў допіс пра дзеяслоў КАЛАНТЫРЫЦЬ.

Аповесць для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком першая з серыі #Гісторыя_Барнабаша. Аўтар кнігі - чэшскі пісьменнік Марцін Кунетка. Твор нядаўна надрукавалі, падрабязней даведацца пра яго можна на сайце выдавецтва Fénix. #слоўнічак


КАЛАНТЫ́РЫЦЬ - гэта значыць упрошваць некага, маліць (клянчить).

Працяг слоўнічка будзе. Ён патроху ствараецца ў часе перакладання кніг на беларускую мову з чэшскай. Апошняя з надрукаваных - аповесць для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі. Падрабязна пачытаць пра твор можна на сайце славацкага выдавецтва Fénix, якое яго выпусціла. Гэта пачатак серыі #Гісторыя_Барнабаша, а другая кніга называецца "Зніклы алхімік", яна яшчэ перакладаецца. #слоўнічак


Дванаццацігадовы Барнабаш больш за ўсё марыць, каб мог выправіцца з татам, гандляром, падарожаваць па далёкіх краінах. Хоць гэтае жаданне не спаўняецца, але затое яго чакае зусім іншая прыгода, калі рыцар Марэк з княскага замка зробіць хлопчыка сваім новым пажам. Барнабаш адразу пападае зусім у іншы свет: вучыцца фехтаваць, ездзіць на кані, аднак і мусіць адольваць крыўды ад старэйшых хлопчыкаў і дарослых. Да таго ж ён яшчэ не здагадваецца, што ў замкавым сутарэнні ёсць таемны куфар і што сам, дзякуючы яму, уцягнецца ў вір падзей, ад якіх залежыць лёс усёй краіны.

Выйшаў беларускі пераклад аповесці для дзяцей чэшскага пісьменніка Марціна Кунеткі #Куфар_з_ільмавым_лістком, першай з серыі #Гісторыя_Барнабаша. Выдавецтва Fénix (Славакія), фармат B5, цвёрдая вокладка, 416 старонак, ISBN 978-80-89847-47-1.

ДАСЫЛКА з Літвы ў Беларусь і па ўсім свеце. Хто хацеў бы сваім дзецям такую кнігу або жадае падарыць яе сябрам ці бібліятэкам, паведаміце, калі ласка, у выдавецтва.

Аўтар ілюстрацыі - Здэнек Йірку.


ÍСТА або існасць - гэта самае галоўнае ў нейкай падзеі, рэчы, іх цымус - яшчэ можна сказаць. Некаторыя ўжываюць у такіх выпадках слова "сутнасць", але не ўсе спецыялісты тое вітаюць, як і выраз "па сутнасці". Таксама бачыла меркаванне, што паспяхова можна зусім унікаць гэтай канструкцыі, замяніць сінонімамі. Але часам "у ісце" акурат на сваім месцы, і замена выглядала б штучна. Увогуле, гэта штучнасць, на маю думку, выкідаць нармальныя словы з ужытку, толькі каб дзе не схібіць.

Выраз "у ісце" спаткаеце ў кнізе, да якой гэты слоўнічак, усяго два разы. А твор - аповесць для падлеткаў #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі. Кніга перакладзена з чэшскай мовы, скора выйдзе з друкарні. Гэта першы твор з серыі #Гісторыя_Барнабаша пра прыгоды дванаццацігадовага хлопчыка і яго сяброў.

Працяг слоўнічка будзе, раней разбіраліся з прыметнікам ІЛЬМАВЫ. #слоўнічак


ÍЛЬМАВЫ- прыметнік ад слова ІЛЬМ. А ільм - гэта ліставое дзерава, мае каштоўную драўніну, належыць да сямейства Ulmaceae (ільмавыя альбо вязавыя).

Ільмавы лісток - гэта сімвал Баравой зямлі, вялікай краіны з сямі княстваў, пра якую ідзецца ў аповесці для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі. У гэтай кнізе расказваецца пра прыгоды дванаццацігадовага хлопчыка Барнабаша, пажа аднаго з рыцараў княжыцкай дружыны. Твор пераклалі на беларускую мову з чэшскай і неўзабаве надрукуюць.

Кніга ў цвёрдай вокладцы, 416 старонак, фармат 17*24 см; выдавецтва Fénix (Славакія). Дасылка будзе з Літвы па ўсім свеце. #слоўнічак


Аповесць для дзяцей #Куфар_з_ільмавым_лістком Марціна Кунеткі з серыі #Гісторыя_Барнабаша рыхтуюць да выдання. У кнізе 416 ст., вокладка цвёрдая, 17*24 см; выдавецтва Fénix (Славакія).

Марцін Кунетка - сучасны чэшскі аўтар, творы якога не толькі захапляюць сваім сюжэтам - яны нясуць светлыя вобразы і прыклады паводзін для дзяцей і дарослых, але гэта не агітацыя, не прымус, а стварэнне такіх сітуацый, калі сам чытач прыходзіць да адказаў, што значыць - жыць годна.

Пісьменнік, паэт, мастак - гэта пра тых, хто адкрывае перад людзьмі шляхі ў свет радасці і хараства. Не званні і прэміі даюць права называцца творцам. Творца - той хто здольны перадаць у свет дабро, нясе надзею знявераным.

Як хацелі б мець новую кнігу - для сябе або падарыць іншым людзям ці бібліятэкам,, напішыце, калі ласка, выдавецтва далічыць у наклад.

З іншымі творамі Марціна Кунеткі можна пазнаёміцца на яго сайце. Чытайце казкі з кнігі #Пра_чарадзейную_скрыначку і пачатак аповесці #Падарожжа_за_падснежнікам.

Аўтар малюнка - Здэнек Йірку.

Показано 20 последних публикаций.

79

подписчиков
Статистика канала