“Адкрываем пачатак зімы флэшбэкам з лета”. Так апісаў нам свой свежы мікс беларускі музыка і дыджей-ветэран, сябра Radio Plato Schmoltz.
Амаль гадзіна самых пазітыўных вібрацый ад гукаў Italo House, старанна адабранага дасведчаным селектарам. Аматар олдскульнай танцавальнай музыкі, ён намагаецца напомніць пра першасны сэнс і саўнд тэрміну 'хаўс', якім, паводле яго, апошнім часам называюць надта шмат чаго, "ледзь не ўсё, што не 'тэхна'".
Мікс мы ўжо паслухалі, і скажам вам, што гэта сапраўдны трып у часе і прасторы, а не проста ахапак трэкаў. Уявіце сэцінг: пачатак 90-х, італьянскія прадзюсары засвойваюць чыкагскія драм-машынныя грувы, бессаромна прыўносячы да іх свой міжземнаморскі геданізм. Балазе і слухачы, і танцоры, і клубы са студыямі ўжо ўзгадаваныя хваляй італа-дыска папярэдняй дэкады. Яшчэ трошкі – і гэты саўнд заваюе ўсю Еўропу, каб потым распусціцца ў еўрадэнсе, згубіўшы па дарозе амаль увесь свой шарм.
Сёння a 20:00 UTC+3 на
https://radioplato.by/ ☀️